Вы здесь

Піранэзі – венецыянскі архітэктар

Ёсць архітэктары, творы якіх застаюцца толькі на паперы. Ніколі не ўздымуцца муры таленавіта запраектаваных будынкаў, не ўвасобяцца ў цэглу і шкло мроі, разбуджаныя фантазіяй аўтараў праектаў. У гістарычную скарбніцу сусветнага дойлідства назаўсёды ўвайшлі імёны італьянца Сант-Элія, паляка Наакоўскага, рускага Леанідава, творчасць якіх, кажучы сённяшняй мовай, была толькі “віртуальнай архітэктурай”. Але ж ці толькі?..

Адным з першых архітэктараў-фантастаў лічыцца італьянец Джавані Батыста Піранэзі, які жыў у XVIII стагоддзі. Гэтая эпоха добра вядомая як эпоха Асветніцтва, хоць яно, асветніцтва, закранула тады толькі вузкае кола людзей – эліту грамадства. У краінах Еўропы ўсё яшчэ панаваў дэспатызм, грукаталі гарматы і большасць людзей жыла толькі рэлігійнай верай, а меншасць цешылася багаццем і раскошай.

Аднак менавіта ў гэты час узняліся парасткі Асветніцтва. Сярод яго прадстаўнікоў-гуманістаў – Вальтэр, Русо, Дзідро. Вольнасць думкі не магла не закрануць і архітэктуру. Таксама як і філосафы, што звярталіся ў мінулае, каб вышукаць там ідэалы – у Арыстоцеля, Платона, Сакрата, так і мастакі, архітэктары пачалі вывучаць руіны старажытных Грэцыі і Рыма. І там, у “мудрасці стагоддзяў”, яны знаходзілі тое, што не маглі знайсці ў тагачасным, – святло ісціны і прыгажосці.

Піранэзі шмат маляваў, яго захаплялі руіны антычнага Рыма, ён практычна навукова вывучаў камяні Форума і Калізея. Ад гістарычных вышукаў нарадзілася цудоўная серыя гравюр “Vedute di Roma” (“Відарысы Рыма”), якая мела і мае дасюль не толькі мастацкую, але і навуковую каштоўнасць.

Аднак вялікае майстэрства і фантазія аўтара не маглі быць задаволены толькі капіяваннем рэчаіснасці. Піранэзі пачаў сам ствараць цудоўныя палацы і храмы, якіх ён не бачыў. Так з’явіліся альбомы гравюр неіснуючых будынкаў, так нарадзілася знакамітая серыя “Carceri” (“Астрогі”), у якой аўтар увасобіў свае патаемныя фантазіі. У гэтых творах Піранэзі карыстаўся формамі антычнай, класічнай архітэктуры, але ж ён ствараў кожны раз нешта новае, чаго ніколі не было, дэманструючы багатыя магчымасці свайго натхнення і майстэрства.

Перш за ўсё яго праекты (а гэта менавіта праекты па дасканаласці дэталяў і яснасці бачання) уражваюць сваёй манументальнасцю. Сапраўды, у часы, калі ў дойлідстве шмат што было камерным, інтымна-галантным, Піранэзі марыў пра іншае. На яго гравюрах архітэктура паўстае гераічна-эпічнай, яна нараджае высокія пачуцці і думы. І можа, гэтыя творы так і засталіся б толькі цудоўнымі гравюрамі, калі б яшчэ стагоддзі пасля жыцця Піранэзі тысячы архітэктараў не захапляліся яго ідэямі, каб ствараць архітэктуру манументальнага, Вялікага Стылю. Магчыма, ён ведаў пра гэта, прадчуваў будучыню, бо заўсёды падпісваў свае творы “Піранэзі – венецыянскі архітэктар”...

 

 

 

 

Читайте также
04.03.2004 / просмотров: [totalcount]
Архитектура и реклама — как две хозяйки на одной кухне — то спорят и ссорятся, то молчаливо “терпят” друг друга, то...
23.04.2004 / просмотров: [totalcount]
В последние годы стекло находит все большее применение в различных сферах деятельности человека, став неизменным атрибутом современности. Этот...
12.11.2004 / просмотров: [totalcount]
Навагрудак і Навагрудчына, Навагрудчына і Панёманне. У чым іх сэнс і сутнасць, агульнае і суадноснае, асноватворнае і вытворнае? Якое значэнне для...