Неад’емны атрыбут любой крэпасці – калодзеж на дзяцінцы, і натуральна, што Нясвіжскі замак не стаў выключэннем. Калодзежаў тут у пэўны момант налічвалася нават пяць: акрамя згаданага на дзяцінцы былі яшчэ студні на малым падворку каля англійскай стайні (за паўднёвай галерэяй), у кожным з двух рызалітаў камяніцы (адна шахта захавалася да сённяшніх дзён, другая засталася нераскрытай), а таксама, калі роў быў сухім, некаторы час існаваў калодзеж каля моста ля галоўнай брамы.
У інвентары 1658 г. чытаем: «Пасярод замкавага двара калодзеж з цёсаных камянёў, спаяны жалезнымі сцяжкамі. Месцамі пашкоджаны, і камяні выпалі з сваіх месцаў; патрабуе рамонта і ачысткі... Над калодзежам калаварот у выглядзе простага кола. Два дубовых вядра, абсталяваных жалезам з дужкамі, таксама жалезнымі. Гэтыя вёдры выцягваюцца дротавым тросам… Сам калодзеж абстаўлены слупкамі закручанай («zalamana») працы. Верх пад купал пачалі будаваць, але не скончылі. Самі слупкі пакасіліся, некаторыя падгнілі, патрабуюць рэстаўрацыі». Паколькі з вышэйсказанага вынікае, што да 1658 г. тэхнічны стан драўляных і часткова каменных канструкцый паспеў моцна пагоршыцца, відавочна, яны праіснавалі даволі доўга. Верагодней за ўсё, калодзеж з драўлянай шахтай, але каменным агалоўкам быў пастаўлены адначасова з самім замкам – каля 1583 г. і таму вонкава адпавядаў узорам італьянскага рэнесансу, які энергічны нясвіжскі ўладар узяў за абсалютны будаўнічы канон. Хутчэй за ўсё агаловак быў складзены з цвёрдых пародаў пясчаніку – самага распаўсюджанага ў рэгіёне прыроднага будаўнічага каменю. Дарэчы, з яго зроблены фактычна ўсе вонкавыя прафіляваныя дэталі замка XVI ст. (мал. 1).
Інвентар 1673 г. апісвае калодзеж, «збудаваны з дрэва на восем граней, з двума акаванымі вёдрамі, падвешанымі на жалезных ланцугах. Дубовае кола на жалезным горне, сцягнутае жалезным кальцом («antaba»), праведзеным праз бэльку. Пакрыты гонтамі, вакол апаясаны ганкам, зробленым з балясінаў. Каля калодзежа драўляны пад’ёмнік для пад’ёму бэлек».
Што магло здарыцца за 15 гадоў, чаму зніклі цясаныя камяні, якія, паводле папярэдняга інвентара, варта было пачысціць і адрамантаваць? Будаўніцтва новага калодзежа не было танным, і без неабходнасці гаспадары гэтым не займаліся б. Хутчэй за ўсё, першы калодзеж быў знішчаны ці непапраўна пашкоджаны пасля другой аблогі маскоўскімі войскамі 1659 г. падчас так званай руска-польскай вайны 1654–1667 гг. Цікава, што адна з самых вядомых выяваў Нясвіжскага замка – гравюра XIX ст., якая дэкларуе выгляд двара у XVII–XVIII стст., на месцы калодзежа паказвае дзвюхстворкавыя дзверы, што ляжаць на доле (мал. 2). Такімі, напрыклад, зачынялі выйсце на дзяцінец з падземнага хода. Сёння мы можам убачыць іх каля правай галерэі, побач з уваходам у музей. Верагодна, што некаторы час, пакуль калодзеж не надбудоўваўся, шахту прыкрывалі гэтымі дзвярыма.
Пра наступныя змены распавядае інвентар за 1767 г. «На дзяцінцы калодзеж у акруглым распісным ганку на слупах, пакрыты белай бляхай; над калодзежам кола на вале, вялікі ланцуг з акаваным вядром для выцягвання вады». Потым перапынак у апісаннях аж да сярэдзіны XIX ст. У маі 1850 г. дах калодзежа пакрылі гонтамі. У 1861–1863 гг. быў зроблены новы вал пад’ёмніка, у 1864–1865 гг. – ашалёўка зруба пры калодзежы. Дакументы 1869–1871 гг. сведчаць пра абнаўленне бруку на прылеглай тэрыторыі і з’яўленне пафарбаванай помпы. Хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе той калодзеж, які мы бачым на малюнку Напалеона Орды. Гэтая пабудова з высокім цокалем, карнізам і зубцамі наверсе мае падабенства з альтанкамі ў рамантычным стылі (мал. 3).
Апошняя траціна XIX – пачатак XX ст. прайшлі для Нясвіжскага замка пад знакам добрага генія княгіні Марыі Дароты дэ Кастэлян Талейран Радзівіл, жонкі ардыната Антонія Вільгельма Радзівіла. Княгіня выступіла ініцыятарам адраджэння замка, вяртання яму былой пышнасці і рэліквіяў. Дзейнасць яе была надзвычай паспяховай. Цікава, што ў 1905 г. атрымалася нават вярнуць з Эрмітажа некаторую частку звезеных туды нясвіжскіх каштоўнасцяў. Калодзеж на дзяцінцы таксама перажыў чараду трансфармацый. Так, у 1881–1882 гг. планавалася ўсталяваць новую помпу на «галоўным дзяцінцы» і набыць 33 стопы трубы. Тады ж меркавалася перарабіць помпу на двары каля англійскай стайні. У 1895–1896 гг. праводзілася каналізацыя дзяцінца, а на 1898–1899 гг. прыпадае рэстаўрацыя замкавага вадаправода.
Як вынікае з дакументаў, знойдзеных гісторыкам У. Пярвышыным, 26 красавіка 1901 г. Варшаўскае тэхнічнае бюро «Матэцкі і Абрэмбовіч» інфармавала «будаўнічага» Ф. Венцэля пра дасылку «эскіза будынка для помпы і рэзервуара ў Нясвіжскім замку». На жаль, сам эскіз не знойдзены. Магчыма, размова ішла пра помпу на галоўным замкавым двары, рэзервуар якой захаваўся да нашых часоў. Хаця больш верагодна, што гэта тычылася падворку ля англійскай стайні, помпа для якога выраблялася ў варшаўскім бюро па праекце архітэктара Галоўнага кіраўніцтва маёнткамі князя Антонія Радзівіла Ф. Венцэля. Больш позніх звестак пра пераробку калодзежа гаспадарамі замку няма. На фатаздымках пачатку ХХ ст. бачны той варыянт, які дайшоў да пачатку рэстаўрацыі (мал. 4). Прынамсі, гэта тычыцца дэкаратыўнага каванага наверша калодзежа (мал. 5, 6). Вядома, што захавалася сама шахта, якая была зладжана з маналітнага бетону ў 1908 г., у перыяд апошняга буйнога абнаўлення замка. Прыблізна тады ж афармляюцца падпорная сцяна каля ледніка (1906 г.) і галоўны мост (завершаны ў 1915 г.).
Працы па аднаўленні калодзежа пачаліся напрыканцы 2008 г. У сувязі з паніжэннем агульнай адзнакі плашчыні двара да ўзроўню XVII ст. падземная водапрыёмная частка вертыкальнай шахты – ствол – апынулася вышэй паверхні зямлі (мал. 7). Гэта тлумачыцца тым, што ў 1908 г., калі быў усталяваны апошні варыянт канструкцый, узровень дзяцінца амаль дасягнуў вышыні двара перад пачаткам рэстаўрацыі. З гэтай прычыны было вырашана захаваць на 90% існуючы, зроблены класічна ў сярэдзіне зруба бетонавы ствол, зняўшы верхнюю частку, каб панізіць да ўзроўню зямлі. Фрагмент з датай будаўніцтва «1908» і лацінскай літарай «R» захаваны на ўнутранай паверхні шахты (мал. 8). Дадаткова быў умацаваны фундамент пад сцены калодзежа.
Многіх наведвальнікаў замка цікавіць пытанне, ці функцыянуе калодзеж сёння. Большасць часу ён стаіць закрыты. На самой справе вада ў ім ёсць. Перад пачаткам аднаўленчых працаў зумпф калодзежа (ніжняя частка шахты) быў моцна засмечаны і падлягаў расчыстцы. Да таго ж на дне старых, доўга не эксплуатуемых калодзежаў збіраюцца газы і іншыя шкодныя рэчывы. Каб ваду можна было піць і нават даставаць без пагрозы здароўю, спатрэбіліся адмысловыя расчышчальныя працэдуры.
Наземная частка, агаловак, уяўляла сабою маналітную жалезабетонавую канструкцыю, пакрытую некалькімі слаямі тынку і фарбы. Застаўся агаловак з пачатку ХХ ст. ці падвяргаўся пазнейшым пераробкам, невядома, але да нашых дзён гэтая канструкцыя дайшла моцна дэструктыраванаю і аднаўленню, на жаль, не падлягала. Цікава, што абрысы цокаля і карніза агалоўка ў агульных рысах падобныя да профіляў знойдзеных падчас рэстаўрацыі асобных фрагментаў цвёрдага пясчаніку. Паводле дыяметра акружнасці і матэрыялаў навуковых даследаванняў, яны, відавочна, належалі самаму першаму з існуючых на дзяцінцы калодзежу. На падставе гэтага было прынята рашэнне аб замене агалоўка на каменны. Па перыметры маналітнага бетону былі зафіксаваны тры роўнааддаленыя адтуліны аднолькавай формы: нахілены ўглыб паралелепіпед, у сярэдзіне якога знаходзіліся рэшткі драўніны (мал. 9). Хутчэй за ўсё яны трымалі абсталяванне калодзежа – кансольна выступаючыя бярвенні, на якія мацаваўся ланцуг, а таксама вешалі пустыя вёдры. Паколькі калодзеж быў эксплуатуемы, шахта заўсёды прыкрывалася, каб у ваду не трапляла смецце.
Праектам прадугледжваліся захаванне і рэстаўрацыя існуючага наверша з чорнага металу. Дэталі ачысцілі ад слаёў фарбы, бруду, рыхлай карозіі і іржы, апрацавалі супрацькаразійнай грунтоўкай і паверх яе – спецыяльнай зберагальнай фарбай пад колер чорнага металу. Дадаткова было выраблена некалькі страчаных дэкаратыўных элементаў (мал. 10). Напрыклад, не дайшла да нас верхняя дэталь наверша, сілуэтна заўважная на ўсіх старых выявах. А вось на фатаздымку савецкіх часоў, калі ў Нясвіжскім замку размяшчалася санаторна-аздараўленчая ўстанова, добра бачна, што кампазіцыю завяршае чаканная птушка. Была зроблена яе копія (мал. 11). Тры вертыкальныя апоры напалову аўтэнтычныя, на другую палову былі прывараны з квадратнага металічнага профіля (сляды рамонту ў час санаторыя). Іх выявілі моцна пашкоджанымі і таму яшчэ раз замянілі.
Каванае наверша выконвала не толькі дэкаратыўную функцыю. У яго цэнтры мы бачым вялікі круг (мал. 12). Гэта блок – галоўная частка механізма, які дапамагаў без асаблівых высілкаў напоўніць вядро вадою і падняць яго. Сёння гэты механізм, вядомы на нашых землях з даўніх часоў (мал. 13), рэканструяваны – дапоўнены ланцугом і вёдрамі (мал. 14). Абавязкова звярніце на яго ўвагу – ён захоўвае на сабе адбітак часоў ліхалецця: металічныя бакі шматкроць прабіты кулямі. Відавочна, нехта зрабіў гэта дзеля пустой забавы – ці то немцы з люфтвафэ, ці савецкія салдаты, ці польскія жаўнеры – усё гэта чужыя людзі, тысячы тысяч якіх увайшлі ў муры Нясвіжскага замка і зніклі за шэрым пылам часу.
У культурах еўрапейскіх народаў, яшчэ ад Грэцыі, калодзежы атаясамляліся не толькі з жыватворнай сілай вады, але з паміраннем і ўваскрасеннем. Праз калодзеж з прыходам новага года вяртаецца ад спадарыні Мяцеліцы шчодра адораная падчарка, падымаецца вясною з падземнага царства мёртвых Персефона да сваёй шчаслівай маці Дземетры, выходзіць, пераадольваючы смерць, герой, які здабыў у іншасвеце багацце і жывую ваду. Калодзеж на дзяцінцы, расстраляны і нанова ўваскрэслы – адзін з маленькіх сімвалаў адраджэння старога Нясвіжскага замка (мал. 15).