Вы здесь

Плошча Святога Марка

Архітэктура Венецыі – гэта рукатворны дыялог Каменя і Вады – дзвюх вечных стыхій, якія майстэрства дойлідаў уздымаюць да вышыні самой Прыроды…

Гармонію Венецыі ўжо 5 стагоддзяў увасабляе плошча Святога Марка – дзіўнае спалучэнне розных стыляў, эпох, культур і асобаў будаўнікоў. Плошча, закончаная як архітэктурная агульнасць 500 гадоў таму, стваралася на працягу 5 стагоддзяў перад гэтым.

Знаходзячыся тут, на плошчы, усведамляеш, якое гэта геніяльнае ўмельства – стварыць ансамбль, і чаму ён валодае такой мастацкай сілай. Недастаткова пабудаваць арыгінальную і нават дасканалую архітэктурную форму – “працаваць” яна будзе толькі ва ўзаемадзеянні, у дыялогу з іншымі формамі, з асяроддзем, з прасторай. Напэўна, гэта добра разумелі таленавітыя венецыянскія будаўнікі.

Безумоўна, жамчужынай плошчы з’яўляецца сабор у гонар Святога Марка. Згодна з павер’ем, менавіта тут пахаваны астанкі аднаго са спадарожнікаў Ісуса Хрыста, першаапостала і аўтара Евангелля – Марка.

Скрозь мудрагелісты і вытанчаны дэкор сабора выступае яго візантыйская першааснова, і гэта сапраўды хвалюе сэрца – працінае думка пра моц першай хвалі хрысціянскай архітэктуры, якая пакінула свой след не толькі там, на берагах Адрыятыкі, але і на Беларусі – у?полацкіх саборах у гонар святых Сафіі і Спаса і, безумоўна, у гродзенскай Барысаглебскай царкве (Каложы).

Усё, што акружае сабор Святога Марка, дапаўняе яго, але так, каб не страціць сваю, прыватную архітэктурную асабістасць.

Галоўная прастора плошчы па перыметры забудавана так званымі Старымі і Новымі Пракурацыямі – будынкамі ўладаў Венецыянскай рэспублікі. Усе гэтыя формы ў сваёй архітэктоніцы маюць дасканалае пачуццё рытму (вокны, аркады) і маштабу (вышыня пабудоў). Аднак вялікі дойлід Якопа Сансавіна зразумеў, што плошчы цесна ў сваім “архітэктурным карэ”, і таму стварыў “маленькую плошчу” – Пьяцэту, “адпусціўшы” асноўную прастору плошчы Святога Марка ў бясконцасць марскіх даляглядаў. І тут таксама выявілася сапраўднае майстэрства, якое стаіць па-за часам: плошча, яе будынкі задуманы і створаны з улікам іх візуальнага ўспрымання – карціна змяняецца бясконца і кожны яе новы ракурс – непаўторны і ўражвальны.

Асаблівая зона ўспрымання – само мора, з якога адчыняюцца велічныя краявіды “марскога фасада” плошчы: вось бібліятэка, якую пачаў будаваць Сансавіна і закончыў Скамоці, вось Палац Дожаў, а вось вялікі стары маяк – 100-метровая Кампаніла. Калі сузіраеш іх архітэктуру, усведамляеш, што сапраўдны талент і майстэрства могуць яднаць розныя стылі: раманскі, готыку, рэнесанс. І гэта не змяншае іх эстэтычны ўзровень. А над усімі еўрапейскімі мастацкімі стылямі лунае няўлоўны прывід Усходу. І нездарма. Венецыянцы былі заўзятымі падарожнікамі, добрымі гандлярамі і ў вандроўках маглі пазнаёміцца і зразумець культуру іншых народаў. Убачыць і ўспрыняць гэтую культуру, натхніцца мастацтвам Усходу. Пра гэта сведчаць і “малыя формы” – дзве калоны на Пьяцэце з сірыйска-армянскімі капітэлямі.

Сапраўды, розныя культуры (калі яны арыгінальныя) могуць не супернiчаць паміж сабой, а толькі ўзбагачацца, узвышаць адна другую. Таксама як і сапраўдныя майстры, якія прыходзяць і адыходзяць, змяняючы адзін аднаго, але кожны адносіцца да свайго папярэдніка і яго творчасці з павагай…

Толькі тады ствараецца сапраўдны ансамбль, вечным прыкладам якога з’яўляецца плошча Святога Марка ў Венецыі.


 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Туризм – одно из наиболее динамичных явлений современного мира. В последнее время он приобрел колоссальные темпы роста и масштабы влияния на...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Мядельщина. Никакими словами не передать величие и красоту этого прекрасного уголка белорусской земли, воистину края голубых озер. Живописные берега...
01.09.2003 / просмотров: [totalcount]
Архитектура и градостроительство не терпят суеты. Литературное произведение можно переписать, живописную картину вновь загрунтовать и написать заново...