Вы здесь

Тыпалогія дзвярэй ў Беларускім дойлідстве: канструкцыі і дэкор

УДК 72.04.05

Беларускія сталярныя дзвярныя вырабы мінулых стагоддзяў маюць мноства разнастайных рашэнняў. У першую чаргу яны падзяляюцца па наступных пазіцыях: размяшчэнне, прызначэнне і асноўныя элементы. Паводле асноўных элементаў дзверы адрозніваюцца па матэрыялам выканання, суцэльнасці шчыта, ліку створак, спосабу адкрывання і па канструктыўных рашэннях. У якасці асобнага крытэрыя для класіфікавання вылучаецца дэкаратыўнае аздабленне паверхні дзвяры.

Carpentry door products have got a wide variety ofsolutions in the past centuries in Belarus. First of all they are classified in the following positions: location andfunction as well as basic elements. It is division according to the material for making, wholeness of the the shield, number of wings, way of opening, construction solutions. Detached criteria of the divergence is a decorative finishing of the door surface.

Уводзіны

Дзверы - праём у сцяне будынка, а таксама створка або некалькі створак, якія закрываюць гэты праём. Яны прызначаны для рэгляментаванага ўваходу i выхаду з памяшкання, ўплываюць на камфорт і якасць перабывання людзей у будынку і ў вялікай ступені на эстэтыку пабудовы ў цэлым. Значнасць дзвярэй, асабліва ўваходных, судзейнічала разнастайнасці і развіццю сродкаў іх дэкаратыўнай апрацоўкі. Праз характэрныя для будаўнічай культуры мінулага непаўторнасць кожнага вырабу і індывідуальнасць трактоўкі асобных дэталяў праглядаюцца агульныя прынцыпы, па якіх стваралі дзверы нашыя продкі.

Асноўная частка

У мінулыя стагоддзі разнастайнасць рашэнняў дзвярных сталярных вырабаў залежала у першую чаргу ад ад іх размяш- чэння, прызначэння і асноўных элементаў. Паводле размяшчэн- ня і прызначэння дзверы падзяляюцца на вонкавыя, ўнутраныя, балконавыя, ляжачыя, парадныя і чорныя. Апошнія часцей выкарыстоўваюцца ў гаспадарчых пабудовах (хлявах, гум­нах, адрынах і г.д.), дзе дзверы вялікіх габарытаў называюц- ца варотамі. Ляжачыя дзверы выконвалі функцыю люка над лесвіцамі ў храмах (вялі ў крыпту) і замках. Такія дзверы ў XVI ст. знаходзіліся на дзяцінцы Нясвіжскага замка над падзем- ным ходам. Дзверы рабіліся глухія (цалкам з дрэва ці метала), з продухамі, часткова зашклёныя, з фрамугай. З XIX ст. шыро- ка распаўсюджваюцца дзверы, дзе ў фрамугу устаўлялі шкло і мацавалі яе наглуха ў каробку.

Паводле асноўных элементаў дзверы адрозніваліся па на- ступных пазіцыях: падзел па матэрыяле, ліку створак, споса­бу адкрывання і па канструктыўных рашэннях. Важным было дэкаратыўнае аздабленне палатна: рэальнае багацце дзвярных формаў выяўляецца менавіта ў мастацкай прапрацоўцы пластыкі і яе стылістычных асаблівасцях, многія з якіх могуць быць параўнаныя з рашэннямі мэблі [1, с. 269]. Таксама дэкаратыўную і функцыянальную ролю гралі скабяныя вырабы: петлі, ручкі, цвікі і г.д.

Па-рознаму ў дзвярах вырашаліся вулічная і ўнутраная паверхні, толькі ў філянговых канструкцыях абодва бакі паступо- ва сталі падобнымі. Тыльны бок (рэверс), як правіла, паказваў кан- струкцыйную будову. Франтальны бок (аверс) паказваў тып упры- гожвання, "накладзенага" на гэту структуру. Сістэматызаваць дзверы, іх канструкцыйныя вырашэнні і дэкор варта паводле прынцыпу ўвагі да абодвух бакоў [1, с. 269].

Абсалютная большасць дзвярэй была драўлянаю са скабянымі элементамі. Радзей сустракаліся цалкам драўляныя дзверы на бегунах і цэльнаметалічныя. Падзел па ліку створак выглядае наступным чынам: адна-, паўтара-, двухстворкавыя (гэтыя падзяляюцца на тып з палотнамі роўнымі па габарытах і няроўнымі). Вялікія дзверы, якія ставіліся ў замкавых брамах, таксама падзяляюцца на аднастворкавыя і двухстворкавыя - з форткай ці без. Фортка прызначалася для праходу чалавека без неабходнасці адчыняць цяжкую асноўную дзвер. На тэрыторыі Беларусі сустракаюцца дзверы з наступным спосабам адкрыван- ня: распашныя (такіх абсалютная большасць) і распашныя, якія складваюцца (Мал.1).

На працягу стагоддзяў было распрацавана некалькі канструктыўных рашэнняў драўляных дзвярэй. Вылучыліся два асноўныя тыпы: з дошак і філянговыя.

I. Дзверы з дошак

Утвараюцца, калі састыкаваць тарцамі некалькі тарцінаў (піленых дошак) ці цясніцаў (цясаных). Спосаб іх злучэння вы- значае канструкцыйны варыянт рашэння. Адносна прынцыпу рухомага мацавання створкі дзверы з дошак падзяляюцца на дзверы на бегунах і дзверы на завесах і петлях.

I.I. Дзверы на бягунах (пятках)

Аднымі з самых старажытных з’яўляюцца дзверы на бегунах. Ёсць сведчанні, што яны выкарыстоўваліся ў замках, напрыклад у Лідзе, ў XIV ст. [3, с. 118]. Таксама адразу некалькі такіх дзвярэй, у тым ліку галоўныя, былі ў браме Мірскага замка другой паловы XVI ст. [4, с. 52]. Дзверы на пятках вядомы ў гарадскім жытле Мінска ў XVI ст. [5, с. 169]. Яны сустракаліся нават у шляхецкіх сядзібах XVII-XVIII стст. [6, с. 52]. Часцей за ўсё гэта тычылася гаспадарчых пабудоваў, напрыклад брама стайні ў Беліцы на пачатку XVII ст. была “на ўкапаных у зямлю драўляных бягунах” [7, с. 79]. Дзверы мелі ўжытак у народным будаўніцтве да пачатку XIX ст., а ў гаспадарчых пабудовах аж да XX ст.

Галоўны канструктыўны элемент гэтага тыпу - бягун - тоўстая бакавая дошка, якая мае падаўжэнні ўверх і уніз у выглядзе выступаў, якія ўваходзяць у пазы, высечаныя ў шуле. На іх паварочваецца дзвярная створка. Гэтыя выступы называлі “пяткамі”. Дошкі злучаюцца з бегуном з дапамогай рэек і фігурнай дужкі, якая выконвае ролю падкоса. Для народнага будаўніцтва ўласцівыя бегуны, якія вырабляліся з цэльнага ствала з натуральным адгалінаваннем - суком. Яго ўстаўлялі ў адмысловы паз у касяку, або прыкручвалі да касяка лазой, што дазваляла абысціся без скабяных вырабаў [6, с.52].

Паводле спосабу злучэння дошак дзеляцца на:

  1. Дзверы на бегунах дошкава-брусковыя. Утвараюцца праз злучэнне дошак набітымі на іх перпендыкулярна асноўнаму накірунку дошак палатна, брускамі [1, 273].
  2. Дзверы на бегунах дошкава-шпонкавыя. Дошкі трывала аб’яднаныя з дапамогай шпонкі - гэта брус або брусок, які злучае шчыт шляхам папярочнай урэзкі. Каб уставіць шпонку, у дошках рабілі паз “ластаўчын хвост”, - канструкцыя вядома з XII ст. [8, с.115]

І.ІІ Дзверы з на завесах і петлях

Створкі пры дапамозе завесаў, якія пазней трансфармуюцца ў петлі, мацуюцца да вертыкальных вушакоў, злучаных уверсе перакладзінай - вершніком (за выняткам ляжачых дзвярэй - тады ўся абвязка будзе гарызантальнаю). Дзверы на завесах вядомы на нашай тэрыторыі з XV ст. Яны шырока распаўсюдзіліся ў XVII ст. у гарадскіх мяшчанскіх і сельскіх шляхецкіх дамах і паступова замянілі дзверы на бегунах [2, с. 32-33].

Паводле спосабу злучэння дошак у шчыт вылучаюцца некалькі канструктыўных рашэнняў:

  1. Найбольш простае - аб'яднанне дошак паміж сабою шляхам набівання дэкору розных тыпаў, які ў той жа час выконвае канструктыўную ролю.
  2. Дзверы дошкава-брусковыя даволі лёгка абвісалі пад уласнай вагой, таму выкарыстоўваліся час ад часу [1, с. 273]. Самі дошкі злучаліся адным з наступных спосабаў: ўстык, шыпамі, ў чвэрць, грэбнем у шпунт [9, с. 33].
  3. Дзверы дошкава-брусковыя з клямарам (дыяганаль- ным бруском паміж гарызантальнымі). Канструкцыя эфектыўна засцерагае палатно ад абвісання.
  4. Дзверы дошкава-шпонкавыя. Гэта адно з лепшых рашэнняў адначасова для трываласці злучэння і засцярогі ад абвісання створкі [1, с. 273].
  5. Дзверы з верхняй і ніжняй абвязкай, якая злучае дошкі пры дапамозе выступаючых з іх шыпоў, якія ўваходзяць у паз, часам наскрозь. Абвязка рабілася адной таўшчыні з дошкамі палатна або троху шырэйшай [9, с. 34].
  6. Падвоеныя дзверы ўтвараліся двума пластамі дошак, звычайна размешчаных пад прамым кутом.
II. Філянговыя дзверы

Маюць адзіны прынцып навешвання: на завесах або петлях. Палатно філянговай дзверы складаецца з абвязкі, якая ўяўляе з сябе злучаныя гарызантальныя і вертыкальныя брускі, і запаўняльніка з больш тонкіх дошак (філёнгі). Элементы заўсёды прафіляваныя. Філёнгі “утопленыя” па перыметры рамы, так што драўніна можа свабодна «працаваць», а дзвярное палатно не будзе мець перакосаў. Аснова канструкцыі - жорсткая рама, якая патрабуе дакладна падагнаных складаных кутовых злучэнняў; цяслярная праца змяняецца сталярнай. Петлі ў такіх дзвярах рабіліся шарнірнымі, уколатымі або накладнымі. Папулярнасць на тэрыторыі Беларусі філёнгі атрымліваюць ў XVII ст., у асноўным для ўнутраных дзвярэй, а для вонкавых - толькі ў другой палове XIX ст. [1, с. 273]. У парадных пабудовах XVIII ст. палотны з дошак на шпонках саступаюць месца філянговым. З канца XIX ст. пад уздзеяннем гарадской будаўнічай культуры філянговыя дзверы з’яўляюцца ў дамах заможных сялян [3, с.117].

Панэлі часам узмацняюцца шпонкамі, дадатковымі абвязкамі, або патаўшчаюцца. Апошняе характэрна для дзвярэй XVIII ст. Дадатковыя абвязкі распаўсюджваюцца ў XIX ст. [1, с. 273] Філянговыя дзверы падзяляюцца адпаведна колькасці панэляў на створцы на адна-, двух-, трох-, шматфілянговыя і адпаведна памерам - на аднолькава- і рознафілянговыя.

Вонкавы выгляд дзвярэй вызначаецца колькасцю створак і канструкцыяй, але пазнаецца перадусім па разнастайным дэкоры. Упрыгожванні, незалежна ад іх стылістычна-часавых прыкметаў, варта класіфікаваць галоўным чынам суадносна звязанасці з тыпам канструкцыі [1, с. 273].

І. Дэкаратыўныя прыёмы, якія ўжываліся для дзвярэй з дошак:

  1. Абіванне металічнымі элементамі (бляхай, палосамі жалеза, завесамі, цвікамі). Самай простай формай аз- добы было набіванне на вонкавы бок дзвярэй арку­ша бляхі. Іншы спосаб - на драўніну, альбо паверх бляхі накладаліся завесы - дэкаратыўна раскаваныя і ўпрыгожаныя кавальскімі арнаментамі. Наступная форма - дзверы, абітыя пляскатымі кавалкамі бляхі і палосамі ліставога метала, якія ўтваралі рамбавідныя, радзей прастакутныя краты. Палі паміж палосамі былі запоўненыя гладкай бляхай, або дэкаратыўнымі элементамі, часам цэлымі кампазіцыямі, выкананымі экструзіяй. Такое ўпрыгажэнне сустракаецца ва ўсе пе- рыяды ад готыкі да барока [1, с. 273].
  2. Шалёўка (дошкамі простымі ці прафіляванымі, па­латно з рамай ці без рамы). Дзверы атрымліваліся двухслойнымі, верхні слой звычайна рабілі з кароткіх дошчачак, якія складалі разнастайныя ўзоры (елачку, квадраты, ромбы, сонца і г.д.). Дэкаратыўнасць дзвярэй узбагачалася профілямі дошчачак, каванымі цвікамі, выгібам вершніка [10, с. 170]. Шалёўка надавала ўваходу параднасць і адначасова павялічвала трываласць. (Мал.Л) Дзверы, палотны якіх набраныя з вузкіх дошча- чак-шалёвак, атрымалі распаўсюджванне ў XIX - пачат- ку XX ст. [2, с. 36].
  3.  Шалёўка звонку псеўдафілёнгамі і філёнгамі (у тым ліку з імітацыяй архітэктанічных формаў).
  4. Выразанне псеўдафілёнгаў у палатне.
  5. Разьба (у дрэве палатна ці накладзеная на яго звонку), якая магла быць паліхромнай, - як на заходніх дзвярах Свята-Траецкай царквы Маркава кляштара ў Віцебску [11, с. 92].
  6. Шалёўка драўлянымі кратаўніцамі (прастакутнымі, рамбавіднымі, унутры поля мог быць дэкор). (Мал. 2.)
  7. Запаўненне асвятляльнага праёма і фрамугі (краты, шкло).
  8. Роспісы па драўніне: у сталовай ізбе замка ў Койданаве (цяпер Дзяржынск) былі размаляваны драўляныя дзве- ры нямецкай работы, якія мацаваліся на трох белых за­весах [12, с.116].

II. Дэкаратыўныя прыёмы, якія ўжываліся для дзвярэй з філянговай канструкцыяй:

  1. Падзел на панэлі (у адзін ці некалькі шэрагаў па вертыкалі і па гарызанталі).
  2. Прафіляванне краёў абвязкі і краёў філёнгі.
  3. Закрыванне стыкаў абвязкі і філёнгі прафіляванымі брускамі.
  4. Накладанне гатовых металічных элементаў (Мал. 3).
  5. Інтарсія (шпаніраванне). Ужывалася ў асноўным для каштоўнай мэблі.
  6. Запаўненне асвятляльнага праёма і фрамугі (краты, шкло).
  7. Дэкор з імітацыяй архітэктанічных формаў (Мал. 4.).
  8. Разьба. Магла выконвацца ў драўніне канструктыўных элементаў ці накладацца на іх звонку. З XVIII ст., калі ў дэкоры дзвярэй назіраюцца рысы эпохі ракако, разь- ба робіцца больш дробнаю, часам асіметрычнаю (двух- створкавыя дзверы кармеліцкага касцёла ў Глыбокім, 1735-1755 гг.) [3, с. 122]. Напрыканцы стагоддзя у дэко­ры з’яўляюцца сухія сіметрычныя формы класіцызма [2, с. 33]. Аздабленне дзвярэй глухой разьбой - характэрная з’ява для камяніцаў Віцебска канца XVIII - пачатку XIX стст. [12, с. 158].

Дзвярны праём таксама перажыў трансфармацыі. У ранніх варыянтах абвязка дзвярэй магла складацца толькі з двухвушакоў. Ролю верхняй перакладзіны выконвала бервяно зруба. У XVIII-XIX стст. у манументальнай і сядзібнай архітэктуры шырокае распаўсюджванне атрымалі фігурна апрацаваныя пад- косы, якія ўжывалі пры аздобе дзвярных праёмаў. З канца XIX ст. з’яўляюцца дзвярныя ліштвы, якія, асабліва прафіліраваныя, выкарыстоўваліся спачатку для ўнутраных дзвярэй, а потым і для вонкавых [8, с. 116-117].

Заключэнне

Для вырабу дзвярэй у мінулыя часы выкарыстоўваліся драўніна і метал. Абсалютная большасць дзвярэй была драўлянаю з металічнымі скабянымі элементамі. Вылучаюц- ца два асноўныя канструктыўныя тыпы: з дошак і філянговыя. Адносна прынцыпу рухомага мацавання створкі дзвярэй з до- шак падзяляюцца на дзверы на бегунах і дзверы на завесах і петлях, для якіх у сваю чаргу існуе шэраг канструктыўных рашэнняў паводле спосабу злучэння дошак у шчыт. Дзякуючы значнасці дзвярэй, іх дэкаратыўная аздоба адрозніваліся багатай разнастайнасцю, у якой прасочваецца выкарыстанне практыч- на поўнага арсенала сродкаў выразнасці пануючых мастацкіх стыляў. Упрыгожванні дзвярных палотнаў, незалежна ад іх стылістычна-часавых прыкметаў, варта класіфікаваць галоўным чынам суадносна звязанасці з тыпам канструкцыі. Таму вылуча- юцца дэкаратыўныя прыёмы для дзвярэй з дошак і дэкаратыўныя прыёмы для дзвярэй з філянговай канструкцыяй.

Літаратура

  1. Tajchman, J. Drewniane drzwi zabytkowe na terenie polski (Systematyka i problematyka konserwatorska) / J. Tajchman // Ochrona zabytkow. - 1991. - № 4. - s. 269-277.
  2. Трусов, О.А. Двери и их атрибуты на примере памятни­ков белорусского зодчества / О.А. Трусов // Строитель­ство и архитектура Белоруссии. - 1988. - № 3. - C. 32-36.
  3. Трусаў, А.А. Манументальнае дойлідства Беларусі XI-XVIII стст. Гісторыя будаўнічай тэхнікі / А.А. Трусаў - Мінск : ТАА “Лекцыя”, 2001. - 204 с.
  4. Ярашэвіч, А.А. Археаграфічныя звесткі пра Мірскі замак з архіва Радзівілаў/ А.А. Ярашэвіч //Мірскі замак і замкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Праблемы рэстаўрацыі і музеефікацыі: міжнар. навук.-практ. канф., г. п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, 4 чэрвеня 2005 г.: у рамках фестывалю мастацтваў "Мірскі замак - 2005” /рэдкал. : Н.М.Усава (галоўны рэдактар) [і інш.]. -Мінск : Белпрынт, 2006. - С. 51-61.
  5. Загорульский, Э.М. Возникновение Минска / Э.М. Загорульский. -Мінск : БГУ им. В.И. Ленина, 1982. - 356 с.
  6. Сергачев, С.А. Белорусское народное зодчество / С.А. Сергачев. - Мінск : “Ураджай”, 1992. - 254 с.
  7. Якимович, Ю.А. Зодчество Белоруссии XVI - середины XVII вв.: Справ. пособие / Ю.А. Якимович. - Мінск : На- вука і тэхніка, 1991. - 368 с.
  8. Трацевский, В.В. История архитектуры народного жили­ща Белоруссии: Учеб. пособие для вузов /В.В. Трацевский. - Минск : Выш.шк., 1989. - 191 с.
  9. Краутъ, Ф. Плотничныя и столярныя работы при вну­тренней отделке зданій. Полы, двери, окна, обшивка и украшеніе стенъ. Потолки, лестницы / Ф. Краутъ, Фр. Мейеръ. - С-Пб. : Изд.-во Г.В. Гольстена, 1901. - 208 с.
  10. Сергачоў, С.А. Дзверы / С.А. Сергачоў // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя /рэдкал.: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. -Мінск : БелСЭ, 1989. - С. 375.
  11. Русецкий, А.В. Художественная культура Витебска с древности до 1917 года / А.В. Русецкий, Ю.В. Русецкий. - Мінск : БелЭн, 2001. - 288 с.
  12. Бохан, Ю.М. Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV-сяр. XVIII стагоддзя / Ю.М.Бохан, А.А.Скеп’ян. -Мінск : Беларусь, 2011. - 271 с.

 

Мал. 1. Парадныя дзверы былой сядзібы Булгакаў ў Жылічах, Кіраўскі раён.

Мал. 2. Абшыўка варотаў драўлянымі кратаўніцамі. Этнаграфічны музей в. Гудзевічы, Мастоўскі раён.

Мал. 3. Капліца ў в. Івашкаўцы Смаргонскага раёна, 1901 г. Дзверы з накладнымі металічнымі элементамі. Агульны выгляд і фрагмент.

Мал. 4. Філянговыя дзверы з імітацыяй архітэктанічных элементаў. Вул. Карбышава, г. Гродна.

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
В последние годы среди различных изданий о деятелях науки, культуры и искусства, стали заметны книги, посвященные белорусским зодчим. В 1988 году...
02.09.2003 / просмотров: [totalcount]
Внутриквартальная территория, прилегающая к нескольким недавно выстроенным архитектурным комплексам, расположенным у перекрестка улицы Немига (точнее...
04.03.2004 / просмотров: [totalcount]
По сложившейся традиции большая часть юбилейных публикаций начинается с перечня высоких званий, титулов и регалий. Наверное, это и правильно, но не...