Дарога, быць можа, найбольш “натуральнае” з усіх стварэнняў чалавецтва. Жыццю заўсёды неабходна рухацца і дакранацца да іншага жыцця. Патрабаванні чалавека ў сувязях матэрыяльна ўвасобіліся ў шляхах, сцяжынках, пуцявінах, вуліцах… І ўзніклі дарогі.
Дарогі служаць не толькі руху людзей, жывёлаў і матэрыяльных рэчаў. Яны, па сутнасці, арганізуюць прастору, фарміруюць і адначасова структуруюць ландшафт мясцовасці. Але, можа быць, найбольш важнае ў ролі дарогі – яе духоўны сэнс і магчымасць змяняць чалавечыя пачуцці:
Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзях пачала кроў кіпець.
М. Багдановіч
Менавіта “кіпенне крыві”, а кажучы сучаснай мовай, “упрыск адрэналіну” – сэнс хуткага руху. А калі мы гаворым наогул пра чалавечыя пачуцці – гэта першая стадыя іх эстэтычнага, мастацкага развіцця. Усё ж такі ў момант руху чалавек як бы паўстае валадаром над Часам і Прасторай.
Для беларусаў дарогі заўсёды мелі першачарговае значэнне – менавіта ў гэтым краі гістарычна ўзнікала скрыжаванне плямён, рэлігій і цывілізацый. Аднак “скрыжаванне” – гэта не толькі разыходжанне, але і злучэнне, якое патрэбна людзям.
Беларусы даволі рана пачалі ствараць дарогі, а калі мы гаворым прынамсі пра будаванне – менавіта тут упершыню ўзніклі грэблі і гаці, бо вільготная глеба патрабавала стварэння сухіх участкаў. Потым пачалі складаць дарогі з каменю – “рабіць брук”, абсаджваць дрэвамі, каб вылучыць іх на мясцовасці і яшчэ больш дрэнажаваць грунт.
Неверагодна, але менавіта дарогі, што ідуць ад жылля да жылля, стварылі структуру беларускіх паселішчаў з іх “лінейнымі” вёскамі і гарадамі, з вуліцамі, якія радыяльна разыходзіліся ад цэнтра.
Важна і тое, што дарогі сталі “вектарамі развіцця” – вось гэты шлях на родную Вільню, вось гэты да Кароны – Варшавы, а вось у Вялікую Расею. За гэтымі маршрутамі стаяў гістарычны выбар, магчымасць змяніць лёс не толькі аднаго чалавека, але нават і ўсяго краю.
Аўтамабіль, што з’явіўся ў пачатку мінулага стагоддзя, цалкам змяніў характар руху, але не яго сэнс. Дарогі, іх карыстанне сталі даступныя для вялікай колькасці людзей, а радасць прасторы – яшчэ больш жаданай.
Аўтамабільныя дарогі адкрылі небывалыя магчымасці пазнаёміцца з “жывой” гісторыяй, культурай і прыродай свайго краю, у той жа час яны паўплывалі на нацыянальны ландшафт. І зараз дарога не толькі прыводзіць нас у неабходнае месца, але і дапамагае адчуваць прыгажосць краіны, успрымаць гармонію яе асяроддзя, веліч храмаў і майстэрства дойлідаў…Армэн Сардараў