Яшчэ імкнуцца да неба велічныя вежы і франтоны, яшчэ стаяць, як вартавыя вакол нас, каланады, яшчэ палымнеюць кветкі на гірляндах архітэктурнага дэкору, але тамсям ужо асыпаецца тынкоўка і ззяюць трэшчыны… А дзесьці толькі фундаменты ды ацалелая сцяна нагадваюць пра тое, што тут калісьці віравала жыццё. І ўсё ж яны, гэтыя муры, яшчэ не страцілі свайго колішняга хараства, гонару і сілы...
Магнацтва – вышэйшы арыстакратычны пласт Рэчы Паспалітай (ад лацінскага magna – вялікі). Магнацкія сем’і пакінулі шмат цікавых і слаўных старонак у айчыннай гісторыі, у тым ліку ў галіне мастацтва і архітэктуры: Радзівілы, Сапегі, Агінскія, Тышкевічы…
Іх гонар, багацце, паходжанне сумяшчаліся з сілай улады, да якой яны заўсёды імкнуліся: гетманы, маршалкі, падскарбіі. Да таго ж яны валодалі вялізнымі “скарбамi”: землямі, гарадамі, мястэчкамі, вёскамі. Родавыя гнёзды іх, як правіла, знаходзіліся ў асаблівых мясцінах, дзе ўзнікалі велічныя збудаванні – палацы. Гэтая назва прыйшла да нас з далёкай Італіі: так зваўся дом вялікага гаспадара, правіцеля – palazzo.
Спачатку гэта былі абарончыя пабудовы, бо багацце заўсёды вабіла суседзяў і яго трэба было абараняць. Тут былі і бастыёны, і равы, і вежы. Потым, калі ўлада стала трывалай, пачалі будаваць дамы больш дзеля таго, каб уразіць, увасобіць моц у сімвалічных архітэктурных формах. Сапраўдны прыклад таму – наш Нясвіж з яго напалову замкам, напалову палацам, дзе замкавыя ўмацаванні паступова становяцца толькі дэкорам.
Гонар і веліч – вось асноўныя архітэктурнамастацкія ідэі, якія закладваліся ў праекты гэтых пабудоў. Вядома, гэта былі вельмі вялікія будынкі – 100 і нават больш жылых пакояў, унутраныя капліцы, тэатры, нават зімовыя сады і аранжарэі.
Цалкам штучнае асяроддзе, у якім жылі, кахалі, сустракалі гасцей. Паміралі і хавалі таксама побач – у сямейных пахавальняхкапліцах.
Магнаты шмат чаго разумелі не толькі пра ўладу, але і пра архітэктуру – яны наведвалі еўрапейскія краіны і добра ведалі, што такое архітэктурныя стылі. Таму зараз мы бачым цуд барока ў палацы Сапегаў у Ружанах, дасканаласць класіцызму ў Рдутлоўскіх у Снове, вытанчаную стылізацыю ў Пуслоўскіх у Косаве.
На жаль, гучныя імёны магнатаў больш вядомыя, чым імёны цудоўных архітэктараў, якія працавалі тут, на беларускай зямлі: Я. Бернардоні, Ф. Яшчолд, Я. Бекер, К. Спампані, Б. Тычэцкі, К. Подчашынскі – нашы з вамі калегі...