Сімвалам, “прыкметай Рыма” назваў Калізей
Эдгар Алан По. Сапраўды, няшмат захаваных пабудоў так увасабляюць сам дух Рымскай імперыі, яе моц і сілу, жорсткасць (тут, на гэтай арэне, цякла людская кроў) і асабліва вялікае інжынернае майстэрства. І калі іншыя шматлікія “прыкметы Рыма” адышлі ў мінулае, знішчаныя часам, то галоўная – Калізей – захавалася да сёння: гэта самая вядомая, самая вялікая пабудова для масавых відовішчаў.
Дарэчы, мінскі стадыён “Дынама” (ды і іншыя сучасныя пабудовы такога кшталту) мае тыя ж архітэктурна-планіровачныя і канструкцыйныя ідэі: авальная форма ў плане, прынцып амфітэатра – рады крэслаў, якія ўступамі спускаюца да арэны.
Безумоўна, відовішчы зараз іншыя, на арэнах б’юцца не гладыятары, але “бойкі” спартсменаў ці канцэрты поп-зорак, як і на світанку цывілізацыі, выклікаюць у гледачоў такія ж бурлівыя эмоцыі: ад моцных крыкаў да свісту і тупання нагамі.
Рымляне, якія добра разумелі важнасць, неабходнасць масавых відовішчаў, пабудавалі ў шматлікіх кутках сваёй імперыі некалькі соцень амфітэатраў, вядомых у свой час. Але ўсё ж менавіта Калізей і праз тысячагоддзі сімвалізуе гэтую архітэктурную з’яву.
Сваю назву Калізей – калізеум (colosseum) – атрымаў не за памеры, а ў гонар статуі бога Сонца –
Калоса, што калісьці стаяла на гэтым месцы. Аднак агромністасць, “каласальнасць” у нас асацыіруюцца не са скульптурай, а менавіта з Калізеем – гіганцкай каменнай пабудовай, якая змяшчала амаль 50 000 гледачоў.
Тут вельмі добра пралічаныя канструкцыі – ярусы сядзенняў абапіраюцца на моцныя ўнутраныя пілоны і скляпенні, сцяна вакол амфітэатра ўзвышаецца на 52 м, і асабліва складаная для тых часоў форма эліпса ў плане з гіганцкімі памерамі: 188х156 м.
Ярусы сцен, падымаючыся ўсё вышэй, змяняюцца па сваіх ордэрных сістэмах: дарычная, іанічная, а потым карынфская. Знутры глухі верхні атык з карнізам адкрываецца цудоўнай лёгкай каланадай.
Па сутнасці, архітэктура Калізея, а дакладней амфітэатра Флавія, пабудаванага амаль 2000 год таму, стала абсалютна універсальнай для спартыўных спаборніцтваў. І зараз нас уражвае майстэрства дойлідаў, якія здолелі замкнуць высокай сцяной складаную форму эліпса. І бярэ ў палон высокамастацкае спалучэнне лёгкіх аркад і брутальная апрацоўка квадраў траверціна.
...Калі падыходзіш да муроў Калізея, здаецца, што чуеш прыглушаныя часам крыкі рымлянаў, захопленых самым крывавым спартыўным спаборніцтвам усіх часоў – боем гладыятараў.