Вы здесь

Конкурс прафесійнага майстэрства PROdecor-2015

Завершаны конкурс прафесійнага майстэрства ў дэкаратыўным аздабленні PROdecor-2015, які быў заарганізаваны салонам PREMIUM Decor пры ўдзеле Саюза дызайнераў Беларусі, прадстаўніцтва канцэрна DAW у Беларусі (гандлёвыя маркі Caparol, Alpina, Disbon і інш.), беларускага вытворцы лакафарбавых матэрыялаў кампаніі МАV. Партнёрамі конкурсу выступілі кампаніі «А-100» і «Атлант Тэлекам».

У конкурсе PROdecor-2015 бралі ўдзел майстры, што прафесійна працуюць у галіне дэкаратыўнага аздаблення, а таксама дызайнеры і мастакі. Мэта конкурсу – падвышэнне культуры стасавання дэкаратыўных і аздобных матэрыялаў у Рэспубліцы Беларусь, падтрыманне таленавітых майстроў-апрацоўшчыкаў і рэпрэзентацыя іх твораў для шырокага абмеркавання.

30 верасня аўтарытэтнае журы ў складзе вядомых беларускіх архітэктараў і дызайнераў Аляксандра Трусава (старшыня журы), Дзмітрыя Сурскага, Льва Агібалава і Аляксандра Дашко падвялі вынікі творчага спаборніцтва майстроў.

Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі твораў ўдзельнікаў былі крэатыўны погляд, унікальнасць тэхнікі нанясення, мастацкі эфект.

У намінацыі «Лепшая фактура» лепшымі працамі прызнаны: «Ракушачнiк» Паўла Васіленкі (кампанія «Интерьерстрой») і «Кветка шыпшыны» Ігара Тавалжанскага (MAV).

У намінацыі «Лепшае эмацыянальнае адлюстраванне» – «Смак эндарфiнаў», рэпрэзентаваны адмыслоўцамі PREMIUM Decor, і «Блакiт хваляў» Марыны Казюк (MAV).

Пераможцамі ў намінацыі «Лепшае каляровае вырашэнне» сталіся творы «Эвалюцыя скарбу» і «Венецыянскае захапленне» – PREMIUM Decor.

Спецыяльныя прэміі журы:

«Лепшае выяўленчае адлюстраванне» – «Капiтэль» Ірыны Бараноўскай.

«Мінімалістычнае вырашэнне» – «Геаметрыя» Уладзіміра Галубоўскага.

Узор «Стары замак» Марыны Казюк быў асабліва адзначаны старшынёй журы Аляксандрам Трусавым і чальцом журы Аляксандрам Дашко.

Спецыяльныя прэміі арганізатараў конкурсу атрымалі творы «Сацін» Алега Аўсіенкі, «Агрэст» Наталлі Шапавалавай,

«Вугаль» Віталя Худабердыева, «Каньён» Віктара Мурашкі, «Сакавiк» Паўла Крука і «Старое золата» Андрэя Ашмянца.

Конкурсныя ўзоры ўжо актыўна выкарыстоўваюцца на аб'ектах Мінска.