Міністэрствам культуры Беларусі прыняты загад «Аб правядзенні конкурсу на стварэнне эскізнага праекта помніка Янку Купалу і Якубу Коласу ў г.Варшаве». Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі саюз мастакоў.
Мэта конкурсу – пошук найлепшага варыянту праекта помніка, які плануецца ўсталяваць у парку «Марское вока» ў Варшаве. Эскізны праект павінен найбольш выразна і дакладна перадаваць вобразы Янкі Купалы і Якуба Коласа на аснове гістарычных звестак пра жыццё і творчасць пісьменнікаў.
Удзельнікі конкурсу – скульптары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю.
Помнік павінен адпавядаць наступным патрабаванням:
- кампазіцыйнае і пластычнае выкананне помніка павінна быць выканана ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва;
- матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца пры стварэнні помніка – бронза, граніт.
Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены на цвёрдым планшэце, мець сціплую тлумачальную запіску з абгрунтаваннем прапануемага праекта, візуалізацыю архітэктурна-пластычнага рашэння помніка і мадэль помніка ў маштабе.
У мэтах захавання ананімнасці аўтараў матэрыялы прадстаўляюцца пад трохзначным нумарам, які ўказваецца на ўсіх матэрыялах, а таксама на аўтарскім канверце.
Для прыняцця ўдзелу ў конкурсе ў тэрмін да 29 кастрычніка 2010 года ўключна падаецца заяўка па адрасе: г.Мінск, прасп.Пераможцаў, 11 ці на электронны адрас з пазначэннем тэмы «Заяўка на конкурс».
Да заяўкі абавязкова павінна быць дададзена фота мадэлі помніка, выкананага ў фармаце ipg памерам не больш 800-600 dpi.
Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены аўтарамі 8 лістапада 2010 года не пазней 17:00 гадзін па адрасе: г.Мінск, прасп.Незалежнасці, 81, галерэя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Даведкі па тэл. (017) 203-91-31, (044) 737-39-15.
Конкурсныя матэрыялы разглядаюцца членамі конкурснай камісіі на закрытым пасяджэнні 10 лістапада 2010 года.
Пераможца конкурсу атрымлівае права на стварэнне помніка.
]]>www.kultura.by]]>