Першапачаткова замкi ўзнiклi як магутныя абарончыя пункты. Развiццё фартыфiкацыйнаiнжынернай думкi прывяло да таго, што ў канцы IX – пачатку X ст. у Еўропе пачалося будаўнiцтва мураваных замкаў. З’яўленне першых мураваных абарончых пабудоў на тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага даследчыкi адносяць да другой паловы XIII ст. Натуральна, што iх узнiкненне было падрыхтавана фартыфiкацыйнымi дасягненнямi папярэднiх часоў, бо будаўнiцтва разнастайных земляных i драўлянамураваных умацаванняў, такiх, як валы i равы, астрогi, парканы, гароднi i iнш., вялося i раней.
Стварэння надзейных пунктаў абароны вымагала геапалiтычнае размяшчэнне земляў Вялiкага княства Лiтоўскага. Каб не стаць лёгкай здабычай для татар, крыжакоў i iншага ворага, трэба было выкарыстоўваць самыя апошнiя дасягненнi ваеннаiнжынернай справы. Суседства з еўрапейскiмi краiнамi аказала значны ўплыў на развiццё абарончага дойлiдства ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, што праявiлася ў распаўсюджаннi раманскага i гатычнага стыляў у архiтэктуры гэтага рэгiёна.
Узровень тагачаснай ваеннай навукi дазваляў лiчыць магутную мураваную пабудову дастаткова эфектыўным сродкам абароны ад варожых нашэсцяў. Да часоў распаўсюджання пораху i з’яўлення артылерыi асноўнымi вiдамi атакi замкаў былi аблога i штурм. Падчас аблогі нападаўшыя пераразалi шляхі забеспячэння замка ежай i чакалi, калi знясiленыя абаронцы здадуцца на мiласць пераможцы. Нярэдка аблогі суправаджалiся падкопамi i стральбой з трэбушэтаў. Наступным крокам у стратэгii i тактыцы ваенных дзеянняў стала замена “тактыкi пасiўнай аблогi актыўным штурмам з дапамогай новай ваеннай тэхнiкi – камнямётных машынпарокаў” [7, 9].
Даволi падрабязнае апiсанне шматлiкiх аблог прыведзена ў “Хронiцы Лiвонii” (1224–1227) Генрыха Латвiйскага. Напрыклад, вось як пачыналася аблога замка Мезiётэ аб’яднаным войскам тэўтонцаў, лiваў i лэтаў у лютым 1220 г.: “Адны пабудавалi асадную вежу, другiя ўстанавiлi сценабiтныя машыны, трэцiя дзейнiчалi балiстамi, чацвёртыя зрабiлi вожыка (разнавiднасць асаднай машыны. – С.П.) i сталi знiзу падрываць вал, пятыя запаўнялi роў, зносячы туды бярвенне, паверх якога паставілі асадную вежу, а ўнiзе вялi падкоп…” [3, 189]. Як бачым, iснаваў значны арсенал прыладаў i прыёмаў аблогі, таму пры будаўнiцтве замкаў выкарыстоўвалiся ўсе магчымыя сродкi абароны.
Першымi самастойнымi мураванымi пабудовамi, якiя з’явiлiся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, сталi магутныя вежыданжоны. Распаўсюджанне гэтага тыпу iшло з Заходняй Еўропы (назва паходзiць ад французскага donjon – замкавая вежа). Данжон уяўляў сабой шмат’ярусную вежу, абкружаную магутнымi сценамi. Адзначым, што ў выкарыстаннi дадатковых умацаванняў вакол яго праявiўся прынцып паэтапных лiнiй абароны, характэрны для абарончага дойлiдства ў цэлым. Данжон выконваў адразу некалькi функцый: абарончую (назiральны пункт, самастойны рубеж абароны), жыллёвую (размяшчэнне жылых памяшканняў), гаспадарчую (склад разнастайных запасаў i ваеннага рыштунку). Камянецкая вежа – яскравы ўзор данжона на нашых землях была ўзведзена памiж 1276 i 1288 гг. Паступова будаўнiцтва вежаўданжонаў распаўсюдзiлася па ўсёй тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага: яны былi пабудаваны ў Брэсце, Гродне, Навагрудку, Тураве, Полацку i iнш.
Наступным этапам развiцця абарончага дойлiдства ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм стала з’яўленне замкаў тыпу “кастэль” (ад лацiнскага castellum). Яны ўяўлялi сабой замкнёныя 4вугольныя збудаваннi з магутнымi сценамi i адной цi дзвюма мураванымi вежамi ў процiлеглых вуглах. На ўнутраных пляцоўках узводзiлiся разнастайныя драўляныя збудаваннi ваеннага, жылога i гаспадарчага прызначэння, выкопвалiся студнi. Такiя замкi былi вядомы ў Германii, Данii, на поўднi Скандынавii з XII ст. Тып “кастэлi” актыўна выкарыстоўваўся крыжакамi i лiвонскiмi рыцарамi. У першай палове XIV ст. на тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага ўзнiклi Лiдскi, Крэўскi i Меднiцкi замкiкастэлi. Узводзiлiся яны сярод балот на невялiкiх пясчаных выспах. З найбольш небяспечных бакоў дадаткова выкопвалiся равы.
Акрамя вышэйадзначаных у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм будавалiся разнастайныя па абрысах мураваныя замкi, якiя размяшчалiся на ўзвышшах (Навагрудскi, Гродзенскi Стары). Часцей за ўсё планiроўка такiх пабудоў – некалькi вежаў, злучаных памiж сабой сценамi, – паўтарала канфiгурацыю рэльефу.
Абарончае дойлiдства вельмi чуйна рэагавала на пастаяннае ўдасканаленне зброi. З’яўленне ў сярэдзiне XV ст. у Еўропе асаднай артылерыi выклiкала канструкцыйнапланiровачныя змены ў замкавым будаўнiцтве, што праявiлася ў пераносе асноўнай агнявой нагрузкi на знешнiя ўмацаваннi – валы i равы. Пераходным этапам у працэсе пераносу асноўнага цяжару абароны з вежаў на бастыёны стала будаўнiцтва замкаў з бастэйнай фартыфiкацыяй. Бастэi – земляныя насыпы або 2ярусныя мураваныя збудаваннi круглай цi падковападобнай у плане формы – выступалi за лiнiю замкавых сцен i фланкiравалi падыходы да iх. Да гэтага тыпу можна аднесцi пабудаваны ў канцы XV – XVI ст. замак у Геранёнах.
Апагеем развiцця абарончага дойлiдства сталi замкi з бастыённымi ўмацаваннямi. У канцы XV ст. iтальянскiя ваенныя iнжынеры вынайшлi бастыённую фартыфiкацыйную сiстэму, з’яўленне якой М.А. Ткачоў назваў “сапраўднай рэвалюцыяй” [7, 51]. Яе прынцып заключаўся ў абнясеннi на даволi вялiкай адлегласцi замкавага будынка курцінамi – валамi з бастыёнамi (ад познелацiнскага bastillio – будую ўмацаванне) – пяцiвугольнымi ўмацаваннямi па вуглах для абстрэлу мясцовасцi перад валамi i равамi. Пры гэтым земляныя валы ўмацаванняў на значную вышыню абмуроўвалiся каменем. Пазнейшыя ўдасканаленнi еўрапейскiх майстроў замянiлi каменную муроўку землянымi ўмацаваннямi. У XVI–XVII стст. у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм быў узведзены шэраг замкаў з бастыённай сiстэмай умацаванняў: Заслаўскi, Нясвiжскi, Быхаўскi i iнш.
Прыкладна з XVI ст. на замкавых дварах пачынаюць будавацца асобныя карпусы для прадстаўнiкоў вышэйшага саслоўя – палацы. На тэрыторыi Навагрудскага замка вялiкакняжацкi палац размяшчаўся памiж вежамi Шчытоўка i Касцельная (дакладны час яго пабудовы невядомы, але ў канцы XVI цi пачатку XVII ст. да яго ўжо рабiлiся прыбудовы). Палац у Мiрскiм замку ўзнiк у першым дзесяцiгоддзi – другой палове XVI ст. У 1580 г. у Гродзенскiм замку ўзвялi палац Стэфана Баторыя. У канцы XVI ст. быў пабудаваны палац у Геранёнскiм замку i iнш. Так што з канца XVI ст. замкавае будаўнiцтва паступова трансфармуецца ў палацавазамкавае.
Паступова задачы абароны саступалi месца рэпрэзентатыўнай значнасцi, i ўжо ў XVII ст. некаторыя замкi пачалi абкружацца штучна створаным ландшафтам – паркамi, “iтальянскiмi садамi”, вадаёмамi i iншымi формамi ландшафтнага дызайну. У XVIII ст. гэтая тэндэнцыя яшчэ больш сцвердзiлася на землях Вялiкага княства Лiтоўскага i прывяла да ўзнiкнення новага тыпу палацавапаркавага ансамбля. Ён значна адрознiваўся ад папярэднiх замкавых пабудоў i ўяўляў сабой адкрытую кампазiцыю, неад’емным элементам якой выступала навакольная прырода. Будынак палаца размяшчаўся памiж парадным дваром i вялiкiм паркам. Такiм чынам, на працягу XVIII ст. са з’яўленнем палацаў у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм спынiлася ўласна замкавае будаўнiцтва.
У працэсе развiцця замкавай архiтэктуры адбыўся паступовы пераход ад будаўнiцтва ваенных пунктаў да стварэння рэзiдэнцый. Для гэтага мелася некалькi прычын. Паколькі самай галоўнай задачай першых замкаў была абарона, пры будаўнiцтве ёй надавалася асноўная ўвага. Жылыя часткi адрознiвалiся невялiкiмi памерамi i нязручнасцю. У XIV – пачатку XV ст. у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм значна ўзрасла iнтэнсiўнасць жыцця ў замках, у вынiку ўзнiкла патрэбнасць у павелiчэнні жылых плошчаў.
Аднак у найбольшай ступенi развiццё абарончага дойлiдства залежала ад палiтычнай i эканамiчнай сiтуацыi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Умовы XIII–XV стст. былi такiя, што iнiцыятарам замкавага будаўнiцтва ў гэты перыяд выступала дзяржава. Папершае, замкi з’яўляліся важнымi стратэгiчнымi пунктамi агульнадзяржаўнага ўзроўню. Падругое, утрыманне вялiкай замкавай гаспадаркi патрабавала значных выдаткаў. З перамогай у Грунвальдскай бiтве (1410 г.) для краiны на некаторы час знiкла непасрэдная ваенная пагроза, што дало гарадам магчымасць свабодна развiвацца. Гэта ў сваю чаргу паспрыяла ўзмацненню эканамiчнага становiшча магнатаў. У вынiку дзяржаўныя замкi пачалi губляць значэнне моцных абарончых пунктаў i прыходзiць у заняпад.
З гэтага часу пачынаецца актыўнае будаўнiцтва прыватнаўласнiцкiх замкаў – прадстаўнiчых рэзiдэнцый феадалаў. Галоўнымi патрабаваннямi заможных магнатаў сталi камфорт i рэпрэзентатыўнасць, знешняе ўвасабленне якiх прынесла эстэтыка новай эпохi Адраджэння. Змены ў аб’ёмнапланiровачнай структуры замкаў i асаблiва перанос у далейшым абарончай нагрузкi на знешнiя ўмацаваннi прывялi да павелiчэння замкавай тэрыторыi i пазбавiлi жылыя карпусы выразных рысаў абарончых пабудоў.
У працэсе даследавання архiтэктурных формаў абарончага дойлiдства Вялiкага княства Лiтоўскага мы звярнулi ўвагу на наступную акалiчнасць. У сучаснага чалавека складваецца ўражанне, што наяўнасць цылiндрычных вежаў з’яўляецца зусiм нехарактэрнай рысай для беларускага замкавага будаўнiцтва (за выключэннем Камянецкай вежы). Усе вежы тых нешматлiкiх замкаў, якія дайшлі да нашых часоў, – вежы кубiчнай, прызматычнай цi iншай формы. Тым не менш даследаваннi археолагаў сведчаць, што на тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага iснавалi мураваныя замкi, якiя мелi цылiндрычныя вежы. Так, аснову Гродзенскага замка Вiтаўта ў канцы XIV–XV ст. складаў “двухпавярховы палац з мураванымi контрфорсамi, стромкiм, ламанай канфiгурацыi дахам i круглай трох’яруснай вежай, завершанай зубцамi i высокiм, канiчнай формы дахам” [2, 115]. Мядзельскi замак (XV–XVI стст.) меў тры цылiндрычныя вежы, дыяметр самай вялiкай з якiх – 17,5 м пры таўшчыні сцен 3,5 м [1, 81]. У канцы XV–XVI ст. у Геранёнах быў узведзены замак, па вуглах якога стаялi “цылiндрычныя вежы дыяметрам 8 м, пабудаваныя ў тэхнiцы “лусковай” муроўкi” [4, 144].
Звернемся да гiсторыi будаўнiцтва замкаў на тэрыторыi Еўропы. Традыцыю будаўнiцтва цылiндрычных вежаў у XII–XIII стст. прынеслi крыжаносцы са Святой Зямлi. З ваеннага пункту гледжання цылiндрычныя вежы былi больш эфектыўныя, чым кубiчныя: яны мелi менш “сляпых” кропак абстрэлу. Аднак цылiндрычныя вежы аказаліся вельмi нязручнымі для жыцця: круглая форма памяшкання i адсутнасць вуглоў не дазвалялi належным чынам размяшчаць вакол сцен мэблю, што рабiла выкарыстанне жылой плошчы вежы надзвычай праблематычным. Змяншэнне i без таго не вельмi вялiкай жылой плошчы, нязвыклая жыллёвая прастора прывялi да адмаўлення ад іх будаўнiцтва. Праўда, з эстэтычнага пункту погляду замак з цылiндрычнымi вежамi прыйшоўся даспадобы еўрапейцам, таму ў далейшым вежы цi вежачкi такой формы актыўна выкарыстоўвалiся ў якасцi дэкаратыўнага элемента, паступова ператварыўшыся ў сiмвал замка.
Хочацца звярнуць асаблiвую ўвагу на наступную характэрную асаблiвасць замка. Яму ўласцiвы фiксаваны набор элементаў, архiтэктурнае вырашэнне якiх настолькi дасканалае, што яны фактычна зрабiлi замак архетыпам. Звычайна ў нашай падсвядомасцi слова “замак” выклiкае вобраз вежы з зубцамi (бланкаванай вежы). Такое ўвасабленне вобраза было характэрна i для больш раннiх часоў. Так, даволi схематычныя выявы замкаў з зубчастымi вежамi цi проста вежаў з зубцамi неаднаразова паўтараюцца на гравюрах Францыска Скарыны, на гербах некаторых беларускiх гарадоў. Напрыклад, герб Астрыно змяшчае выяву сярэбранай двухпавярховай вежы з чырвоным канiчным дахам, завяршэнне кожнага паверха аформлена зубчастай стужкай; на гербе Барысава – выява мураванай брамы з дзвюма мураванымi вежамi па баках, у вежаў зубчастае завяршэнне i чырвоны канiчны дах; на гербе Высокага – сярэбраная мураваная двухпавярховая вежа з зубчастым завяршэннем i канiчным дахам; вежы адзначанага тыпу прысутнiчаюць на гербах Любчы, Камянца, Магiлёва i iншых гарадоў. Аднак важна падкрэсліць, што калi Скарына i стваральнiкi гербаў былi сучаснiкамi адлюстраваных пабудоў і маглi бачыць такiя вежы на ўласныя вочы, дык людзi нашага часу, якiя сёння практычна не маюць магчымасцi на тэрыторыi Беларусi назiраць падобныя архiтэктурныя формы (за выключэннем Камянецкай вежы), усё ж уяўляюць замак менавiта такiм чынам. На нашу думку, гэта з’яўляецца спецыфiчным праяўленнем генетычнай памяцi, архетыпам, закладзеным у нашу падсвядомасць.
Iснаванне ў беларускай культуры сiмвала зубчастай вежы – з’ява, якая выразна дэманструе непасрэднае ўключэнне гэтай культуры (як часоў Вялiкага княства Лiтоўскага, так i сучаснай) у агульнаеўрапейскi кантэкст. Пацвярджэнне гэтага ўключэння можна адшукаць у падабенстве архiтэктурных формаў замкавага дойлiдства Вялiкага княства Лiтоўскага i краiн Заходняй i Цэнтральнай Еўропы. Прычым сувязi не абмяжоўваюцца геаграфiчна блiзкай нямецкай архітэктурай цi прыкладамi архiтэктуры краiн Скандынавii. Геаграфiя значна шырэйшая. Адзiная агаворка – несiнхроннае iснаванне тых цi iншых з’яў у часе, а менавiта адставанне вялiкакняжацкiх зямель на дватры стагоддзi. Разглядаючы эвалюцыю архiтэктурных формаў замкавых пабудоў, асобныя паралелi можна правесцi памiж замкамi Вялiкага княства Лiтоўскага i Чэхii, Францыi, Iталii i нават Брытанii. Iснуе вялiкая колькасць варыянтаў еўрапейскай замкавай архiтэктуры, якiя залежаць ад асаблiвасцяў i традыцый канкрэтнай мясцовасцi, аднак асноўныя прынцыпы будаўнiцтва i набор элементаў з’яўляюцца агульнымi для ўсiх.
Узнiкшыя як стратэгiчныя абарончыя пункты замкавыя пабудовы з часам эвалюцыянавалi да прадстаўнiчых рэзiдэнцый. Адбылося гэта таму, што з самага пачатку замак уяўляў сабой элiтарнае жыллё – жыллё, прызначанае для арыстакратаў. Нездарма Ж. Дзюбi называе замак “найпершым атрыбутам феадальнай улады” [5, 18]. Менавiта прадстаўнiкi ўлады – самыя ўплывовыя i заможныя людзi ў краiне – маглi дазволiць сабе пастаяннае пражыванне ў замках у адрозненне ад iншых груп насельнiцтва, якiя неслi службу цi хавалiся там у выпадку варожага нашэсця.
Варта адзначыць, што замак уяўляе сабой сапраўдны культуралагiчны феномен. Гэта культурная прастора, аб’яднаная не толькi адзiнствам тэрыторыi, але агульнасцю матэрыяльнага i духоўнага жыцця. Галоўная яго iдэя – цвярдыня ў прасторы i часе. Валоданне замкам давала чалавеку магчымасць адчуць сваю ўладу не толькi над наваколлем, але i над такiмi унiверсальнымi катэгорыямi, як прастора i час. Магутныя мураваныя пабудовы ўзводзіліся з разлiкам не на адно стагоддзе. Сiмвалiчна, што i матэрыял, якi выкарыстоўваўся пры будаўнiцтве, нёс у сабе адценне вечнасцi: вялiзныя камянi, умураваныя ў сцены замкаў, надавалi ім маналiтнасць і цэльнасць.
Замак ахоўваў жыхароў i адначасова спрыяў стварэнню i захаванню ў сваiх межах асаблiвай атмасферы. Замкнёнасць пабудовы давала iлюзiю iснавання ўласнага унiкальнага мiкракосму, адасобленага ад астатняга свету. Умовы жыцця былi такiя, што праявы знешняга ўспрымалiся пераважна як негатыўныя. Тым больш каштоўным i значным уяўлялася стварэнне, канструяванне, а потым – iснаванне ва ўласнай, iндывiдуалiзаванай прасторы замка.
У гэтым iснаваннi для арыстакрата адначасова спалучалiся грамадскi абавязак i абарона ўласных iнтарэсаў. Трэба адзначыць, што ў самых першых замках задачы абароны пераважалi, аднак ужо ў канцы XIV ст. яны ўраўнаважвалi адна адну. Прыкладам з’яўляецца замак у Троках (сучасны Тракай у Лiтве). Размешчаны на лiнii абароны заходнiх межаў Вялiкага княства Лiтоўскага, з выдатнай фартыфiкацыяй i цудоўнай гатычнай архiтэктурай, ён быў сапраўдным гонарам як гаспадарафеадала, так i ўсёй краiны. Пабудаваны на востраве пасярод возера, магутны цагляны волат уражваў сваёй прыгажосцю i непрыступнасцю.
З эканамiчным i палiтычным узмацненнем вышэйшага саслоўя ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у асяроддзi арыстакратыi ўзрасла цiкавасць да ўласнай асобы. Лепшым доказам асабiстай значнасцi i наяўнасцi багацця было ўзвядзенне рэзiдэнцыi.
Замакрэзiдэнцыя стаў неад’емным атрыбутам прадстаўнiка вышэйшага саслоўя. Праз яго арыстакрат паказваў сваё месца ў соцыуме, а сама пабудова выступала як індыкатар прэстыжу. У гэтым кантэксце задачай замкарэзiдэнцыi была дэманстрацыя таго месца ў грамадстве, якое займаў яго ўладар. “Знешнi выгляд мураванага дома ў прасторы ёсць для знатнага вяльможы… сiмвал становiшча, значэння, рангу яго “дома” ў часе, сiмвал яго перажываючага пакаленнi рода – а тым самым i яго самога як жывога прадстаўнiка дома” [9, 70].
Са з’яўленнем прыватнаўласнiцкага будаўнiцтва абарона ўласных iнтарэсаў стала вырашальнай пры пабудове замкаў. Пачынаючы з XV ст. у арыстакратычных колах Вялiкага княства Лiтоўскага ўзнiкла своеасаблiвая мода на ўзвядзенне ў сваiх уладаннях замкаўрэзiдэнцый. Пры выбары жылля перад магнатам стаялi дзве задачы: першая – гэта павiнен быць замак, другая – такi замак, якi б належным чынам адлюстроўваў узровень значнасцi ўладара. Апошняе патрабаванне выдатна сфармулявана ў надпiсы, размешчаным на прадстаўнiчым жыллi Пацаў у Езна: “Wart palac Paca, а Pac palaca” [6, 168] (“Варты палац Паца, а Пац – палаца”).
У 80х гадах XVIII ст. арыстакратычныя двары ў былым iх значэннi перажывалi крызiс, вынiкам якога з’явілася адмаўленне магнатаў ад будаўнiцтва вялiзных мураваных замкавых комплексаў, утрыманне якiх зрабiлася эканамiчна нявыгадным. Больш важную ролю пачалi адыгрываць гарады – гандлёвыя i прамысловыя цэнтры, у якiх стала канцэнтравацца багацце. Прыватнаўласнiцкiя замкi пачалi прыходзiць у заняпад, калi адышла патрэба ў iх як у магутных сродках рэпрэзентацыi. Так, у свой час разбурэнне агульнадзяржаўных замкаў пачалося тады, калi яны страцiлi значэнне стратэгiчных абарончых пунктаў.
Новыя замкi не будаваліся, а старыя, пакiнутыя гаспадарамi, ператваралiся ў руiны. Пустыя замкi, як агульнадзяржаўныя, так i прыватнаўласнiцкiя, не iмкнулiся аднаўляць цi перабудоўваць. Адны павольна разбуралiся самi, а тыя, што ацалелi, выклiкалi камерцыйны iнтарэс i разглядалiся ў якасцi прыдатнага да продажу будаўнiчага матэрыялу. Яшчэ ў сярэдзiне XVII ст. з будаўнiчага матэрыялу адной з вежаў Навагрудскага замка быў складзены мураваны млынвятрак. У 1802 г. гродзенскi губернатар даў дазвол разабраць рэшткi замкавых вежаў для забрукоўкi вулiц Навагрудка. Вежы Гальшанскага замка ўзарвалі з мэтай продажу цэглы на пабудову карчмы. На цэглу быў разабраны Смалянскi замак i iнш.
На вялiкi жаль, гiстарычныя ўмовы склалiся так, што нават магутныя каменныя сцены не змаглi зберагчы i захаваць тыя шматлiкiя духоўныя i матэрыяльныя каштоўнасцi, якiя збiралi i назапашвалi iх былыя ўладары. Беларусы не могуць пахвалiцца такой колькасцю адрэстаўраваных старажытных замкаў, як жыхары любой еўрапейскай краiны. Тым не менш мы маем прыгодны для наведвання Мiрскi замак, у апошнiя гады з’явiлася надзея на аднаўленне замкаў у Нясвiжы i Лiдзе. Наша грамадская свядомасць паступова звяртаецца да багатага гiстарычнага мiнулага краiны, i хто ведае, можа, праз колькi дзесяцiгоддзяў Беларусь зноў стане “краiнай замкаў”.
Лiтаратура
1. Археалогiя Беларусi: У 4 т. Т. 4. Помнiкi XIV–XVIII стст./ Пад. рэд. В.М. Ляўко i iнш. Мн.: Беларуская навука, 2001. 597 с.
2. Беларусы: У 8 т. Т. 2. Дойлiдства / А.I. Лакотка; Iнт мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору. Мн.: Тэхналогiя, 1997. 391 с.
3. Генрих Латвийский. Хроника Ливонии / Пер. С.А. Аннинского. 2е изд. М.: Издво АН СССР, 1938. 351 с.
4. Гiсторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Мн.: Навука i тэхнiка, 1987. Т. 1. 303 с.
5. Дюби Ж. Европа в средние века / Пер. с франц. В. Колесникова. Смоленск: Полиграмма, 1994. 316 с.
6. Живописная Россия. Литовское и Белорусское Полесье / Репринтное воспроизведение издания 1882 года. Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1993. 496 с.
7. Ткачоў М.А. Замкi Беларусi. Мн.: Полымя, 1977. 83 с.
8. Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок. Вильно, 1905. 142 с.
9. Элиас Н. Придворное общество. Исследования по социологии короля и придворной аристократии / Пер. с нем. А.П. Кухтенкова и др. М.: Языки славянской культуры, 2002. 368 с.