Вы здесь

ІМКНЕННЕ ДА ПРЫГАЖОСЦІ

Версия для печати

Імкненне да прыгажосці – адна з найважнейшых асаблівасцяў духоўнага жыцця чалавека. Гэта самая вялікая таямніца чалавечай душы, не высветленая дасюль, хоць заўсёды займала лепшыя розумы чалавецтва. Вялікі практык і тэарэтык архітэктуры Л.-Б. Альберці лічыў: "Судить о красоте позволяет тебе не мнение, а некое врожденное душам знание" (Десять книг о зодчестве. ІХ, 5). Гэта значыць, ён не прымаў асэнсаванае разуменне прыгажосці і адносіў яе да таго, што сёння мы называем генетычнай памяццю чалавека. Аднак праблема існуе – перш за ўсё ў тых эстэтычных стратах, якія адчуваюцца ў нашым жыцці, у тым ліку і ў архітэктурным асяроддзі. Прычым стратнай гэтую сітуацыю можна назваць таму, што ў гісторыі нашай архітэктуры існавалі перыяды росквіту (дакладней, эстэтычнага росквіту), хоць імкненне да прыгажосці прысутнічала не толькі ў лепшыя часы. Таму сёння важна зноў звярнуцца да тэмы прыгажосці ў мастацтве, архітэктуры і наогул у жыцці чалавека.

1. Прыгажосць як інстынкт

Чалавек на працягу свайго гістарычнага развіцця быў неад’емнай часткай прыроды. Ён адчуваў прыроду не асобна ад сябе, а як нешта агульнае. "Tat tvam asi" ("Я – адно з тым") – гаворыць ісціна старажытнай індыйскай філасофіі (фота 1, а, б).

Аднак прырода не заўсёды была да чалавека добрай – яна не толькі давала цяпло, ежу, прытулак, але і магла адняць усё гэта, калі холад ці спякота, навальніца ці прыход вялікай вады разбуралі звыклы жыццёвы лад. І ўсё ж многія з'явы прыроды, яе візуальныя вобразы ўваходзяць у свядомасць менавіта як прыкметы прыгажосці: "Народное представление о благе и красоте связывается с вечным солнцем, излучающим свет и блеск, дающим вечное цветение и вечную жизнь..." [1, с. 16].

Так узнікаюць першыя штучныя вобразы, якімі ўпрыгожвае чалавек сваё жыццё (фота 2, а–в). Вытворчыя рамёствы беларусаў (рамёствы – яшчэ не прафесійнае мастацтва) даюць шмат прыкладаў, дзе вобразы сонца, кветак з'яўляюцца асноўнымі і перманентнымі ў аздабленні быту чалавека, яго жыццёвага асяроддзя. І ткацтва, і ганчарства, і кавальства не былі асэнсаванай мэтай таго, што мы разумеем як творчую дзейнасць. Хутчэй за ўсё прадметы быту ствараліся ў працэссе рэалізацыі жыццёвай неабходнасці як звычайная штодзённая дзейнасць. Менавіта тут нараджалася не толькі душэўнае імкненне, але і спосабы, прыёмы, першародныя якасці прыгажосці: кантрасты колеру і формы, выкарыстанне рытму і нават першы падыход да мастацкіх сімвалаў (такім традыцыйным сімвалам з'яўляецца сонечны (салярны) знак, зорка, крыж). Прыкладныя рамёствы, можна сказаць, "вынайшлі" дэкор* і надавалі яго развіццю вялікую ўвагу.

Жыццё беларуса было цяжкім, напоўненым бесперапыннай працай. Таму імкненне да прыгажосці выходзіла за межы штодзённага і звычайнага – чалавеку хацелася свята. Яно ўвасаблялася і ў святочным жаночым строі, і ва ўпрыгожванні хаты, рытуальных, сакральных мясцін (напрыклад, прыдарожных капліц і крыжоў) (фота 3). Нават прыняцце хрысціянства, гэтай знакавай з'явы ў цывілізацыі ўсходніх славян, было актам, звязаным з тым самым імкненнем да прыгажосці, жаданнем духоўнага свята. "Аповесць мінулых гадоў" гаворыць пра гэта: "И пришли к Немцам и видели в храмах их различную службу, но красоты не видели никакой... и пришли мы в Греческую землю... ибо нет на земле такого зрелища и красоты такой"... [2, с. 97].

Утылітарнасць – уласцівасць штодзённасці і хутчэй за ўсё не ўспрымалася як хараство і прыгажосць, тым не менш менавіта ў рамеснай, вытворчай дзейнасці нараджалася тое, што можна назваць прыгажосцю зручнага, утульнага, функцыянальнага. Яшчэ Платон у сваім творы "Дзяржава" пісаў: "...так или иначе этим полна и живопись, и всякое подобное мастерство – ткачество и вышивание, и строительство, и производство разной утвари, и, вдобавок, даже природа тел и растений – здесь во всем может быть благообразие и уродство" [3, с. 180]. Вялікі філосаф добра разумеў сувязь створанай рукамі чалавека прыгажосці з жывой прыродай. Хараство чалавека (перш за ўсё жаночае) было таксама асаблівасцю разумення прыгажосці і ў старажытных грэкаў, і ў беларусаў. Таму там і тут абагаўлялі хараство – у вобразах багіняў Афрадзіты і Лады.

Прыгажосць прадметаў асяроддзя і ўнутраная ўтульнасць аб'ектаў архітэктуры хоць і разумеліся як неабходныя, аднак не асэнсоўваліся ў якасці асаблівых эстэтычных катэгорый. Не было яўнай супярэчнасці паміж функцыянальнай прыгажосцю (напрыклад, у творах рамяства ці дойлідства) і дэкаратыўным упрыгожваннем гэтых твораў, але не было і агульнага адчування адзінства "утылітарнае – прыгожае", "штодзённае – святочнае". Цудоўныя прыклады драўлянага дойлідства Беларусі сведчаць, што калі функцыянальнасць і канструкцыйны ўзровень дасягалі вышыні – гэта не было мастацкай, эстэтычнай мэтай, а толькі сведчаннем практычнай ментальнасці і майстэрства творцаў (фота 4, а–в). Тое самае можна сказаць і пра раннюю мураваную архітэктуру, якая мела ў сваёй аснове дзве крыніцы: фартыфікацыйную, абарончую патрэбу і ўзоры мураваных храмаў, што прыйшлі з грэка-візантыйскага Усходу. Аднак і тут мы бачым тое ж імкненне ўпрыгожваць храмы, якое дасягае геніяльнага мастацкага ўзроўню ў гродзенскай Каложы (фота 5, а–г). З часам гэта становіцца эстэтычнай традыцыяй мураванага дойлідства, асабліва ў будынках вытворчага характару, там, дзе працавалі народныя майстры. Прыгажосць народных архітэктурных твораў дасягаецца ў тым ліку і вельмі дасканалым пачуццём месца, прыроднага асяроддзя, ландшафту. Асабліва гэта тычыцца храмаў – яны заўсёды размяшчаліся ў вельмі вабных мясцінах, на ўзгорках, з выкарыстаннем дрэў як візуальных акцэнтаў і фонаў, са зручнымі падыходамі і магчымасцю перспектыўных аглядаў (фота 6).

2. Прыгажосць як прафесія

Калі мастацтва і архітэктура сталі прафесійнымі – а гэта безумоўна звязана з гістарычным перыядам узвядзення магнацкіх і шляхецкіх палацаў і сядзібаў, а таксама храмаў, тады ўзнікаюць новыя абставіны ўжывання эстэтычных прынцыпаў, не пазбаўленых, аднак, традыцыйных ці "інстынктыўных" прыёмаў і падыходаў.

Асноўныя рэлігійныя канфесіі на Беларусі, якія актыўна будавалі храмы з удзелам прафесійных дойлідаў і мастакоў, – праваслаўе і каталіцызм выкарыстоўвалі ў цэрквах і касцёлах для ўпрыгожвання многія вобразы святочнасці, выходзячы за межы штодзённасці. Алтары касцёлаў і царскія вароты цэркваў вабяць вока яскравасцю, каляровасцю, паліхроміяй, мудрагелістай арнаментыкай (фота 7, а, б) – усім тым, што ператварае зямлю ў "блестящий дворец из золота, серебра и драгоценных камней" [1, с. 16]. Тут на паверхню выходзіць тое, што звязана з разуменнем прыгажосці як багацця. Гэта асабліва выяўляецца ў перыяд узвядзення "шляхецкіх гнёздаў" з разнастайнымі прадметамі раскошы (хоць і досыць сціплымі ў параўнанні з іншымі краінамі). Гэтыя сімвалы заможнасці стваралі вобразы прыгажосці як матэрыяльнага дабрабыту, лепшага жыцця.

Безумоўна, у прафесійным мастацтве і архітэктуры важную ролю ігралі не толькі традыцыйныя і інстынктыўныя сімвалы прыгожага, але і стылёвыя прыкметы, якія дамінавалі ў той ці іншы гістарычны час. Майстры працавалі ў межах прынятых стыляў з рознай доляй індывідуальнасці. Менавіта ў шляхецка-арыстакратычны перыяд нашай культуры нарадзілася тое, што трывала ўвайшло ў наша жыццё – спажыванне мастацтва, і тое, што пачало ўплываць на мастацкую культуру – густ спажыўца. "Не тое хораша, што хораша, але тое, што каму даспадобы" – гаворыць беларускае выслоўе. Асаблівасці людзей, іх псіхалогія ўлічваюцца майстрамі як асэнсаваная мэта, дасягненне якой прынясе поспех.

Наша недалёкае мінулае таксама сведчыць аб прэваліраванні ўстойлівых эстэтычных патрэбаў. Так, у савецкія часы былі адхілены лаканічныя формы канструктывісцкай архітэктуры і афіцыйна прыняты неакласічныя, якія ўспрымаліся не толькі ўладамі, але і грамадствам як лепшыя, багацейшыя, святочныя.

3. Прыгажосць і сучаснасць

Сучасны перыяд развіцця нашай культуры носіць адбітак вялікага наплыву так званай масавай культуры, характэрнай для спажывецкага грамадства і рынкавай эканомікі. Асаблівасцямі гэтага напрамку з'яўляецца тое, што менавіта масавая культура дае кожнаму абяцанне "вечнага свята", вечнай забавы. Штучнае, арганізаванае свята ўрываецца ў штодзённасць музычнымі і забаўляльнымі ТВ-праграмамі, зменамі ўзораў модных вопратак, а таксама яскравымі каляровымі фасадамі архітэктурных "твораў". Усеагульная "гламурызацыя" быццам гаворыць нам: сумнае, цёмнае, старое – дрэнна, а новае, бліскучае, каляровае – добра! Гэтыя стэрэатыпы, на жаль, накладваюцца на некаторыя спецыфічныя для нашай ментальнасці якасці прыгажосці (глядзі п. 1 гэтага артыкула). Яны ўплываюць на архітэктурныя вырашэнні новых аб’ектаў, на рэстаўрацыю гістарычных будынкаў, нават выдатных помнікаў архітэктуры. Фасады дамоў фарбуюцца ў неймаверныя адценні (каб толькі было "калярова"), а кампазіцыйныя формы нацэлены толькі "вабіць вока", а не раскрываць унутраную сутнасць таго ці іншага будынка, яго функцыянальнае прызначэнне. Рынкавыя, "гламурныя" тэндэнцыі не зберагаюць тое, што з'яўляецца неад'емнай часткай архітэктурных і мастацкіх эстэтычных традыцый беларусаў: сціпласць і рацыянальнасць формаў, прыродную мяккасць колераў, вялікую ўвагу і павагу да ландшафту і прасторы асяроддзя. Аднак,хочацца верыць, глыбіннае адчуванне прыгажосці з часам усё ж возьме верх…

 

Літаратура

1. Дорошевич, Э.К., Конон, В.М. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. – М.: Искусство, 1972.

2. Средневековая Русь в текстах и документах. – Мн.: РИВШ, 2005.

3. Древнегреческая философия от Платона до Аристотеля. – М.: Изд-во АСТ, 2003.

 

Полная версия материала (иллюстрации) представлена в журнале "Архитектура и строительство"


comments powered by HyperComments
Читайте также
23.07.2003 / просмотров: 20 715
Целевые ориентиры. Многие малые и средние городские поселения Беларуси имеют богатую историю и обладают ценным историко-культурным наследием,...
23.07.2003 / просмотров: 9 690
Гольшаны, пожалуй, единственное в Беларуси местечко, которое сохранило свое архитектурное лицо. Что ни дом — то бывшая мастерская, или лавка, или...
01.09.2003 / просмотров: 55 262
Архитектура и градостроительство не терпят суеты. Литературное произведение можно переписать, живописную картину вновь загрунтовать и написать заново...