Вы здесь

Замак – знак барацьбы

На жаль, гісторыя чалавецтва – гэта заўсёды гісторыя войнаў, гвалтаў, насілля і крывавай барацьбы. І ў беларускай гісторыі шмат, можа нават занадта, старонак, палітых крывёю. Але так здарылася, што тутэйшаму народу, які, дарэчы, сам ніколі не нападаў на іншых, трэба было бараніць сябе ад прышлых ворагаў. Таму і паўсталі тут калісьці каменныя вежы, якія і дасюль глядзяць на наваколле праз свае вокны­байніцы…

Усё пачалося ў старажытныя часы: дзядзінцы першых паселішчаў мелі земляныя валы і драўляныя заплоты. Вельмі добрымі месцамі для першых гарадоў былі сутокі рэк – таму што водныя шляхі таксама баранілі ад ворагаў.

Але ўсё ж сапраўдныя абарончыя мерапрыемствы пачаліся з будаўніцтвам і ўжываннем менавіта каменю, валуноў, якія заўсёды вадзіліся на землях Беларусі. Калі зірнуць на карту – бачыш, што нашы замкікрэпасці стваралі як бы мяжу, што праходзіла з поўначы на поўдзень: Трокі, Меднікі, Гродна, Ліда, Навагрудак, Крэва… Чаму так адбылося? Літоўскія князі, таксама як і беларускія, вялі барацьбу і з крыжакамі, і з Польшчай, і з татарамі, і нярэдка паміж сабой.

 

 

Мы вельмі ганарымся, што нашы, беларускія замкі адыгралі вялікую ролю ў стварэнні колішняй дзяржавы – менавіта тут, у Навагрудку, у ХІІІ ст. каранаваўся вялікі князь Міндоўг, менавіта тут, у Крэве, загінуў у XIV ст. сапернік Ягайлы – Кейстут. Але сівыя крэўскія муры памятаюць яшчэ і іншае вялікае здарэнне – унію паміж Літвою і Польшчай, якія аб’ядналіся потым у Рэч Паспалітую. Знаходзячыся пасярод нямых сцен і вежаў, адчуваеш, быццам сапраўды чуеш груканне гармат і аркебузаў, свіст стрэлаў і куль, крыкі нападаючых і лямант абаронцаў.

Гісторыя нашых замкаў – гэта і гісторыя развіцця беларускага каменнага будаўніцтва. Тэхналогія бутавай кладкі, якая ўжывалася ў першых пабудовах, з часам пачала чаргавацца з цаглянай кладкай. Нярэдка вялікія валуны закладваліся ў цагляныя муры, што павінна было ўзмацніць сцены. Але так нарадзіўся і нейкі эстэтычны вобразсімвал беларускага замка – спалучэнне цаглянай кладкі з валунамі – вобраз, які і зараз трымае вока і хвалюе сваёй сапраўднай сілай. І калі глядзіш на гэтыя сівыя муры, разумееш, што гістарычная рэстаўрацыя – гэта не толькі новая вапна і цэгла, але і захаванне саміх старажытных каменняў і цэглы з іх трэшчынамі, асыпаннямі і нават імхамі.

І ўсё ж галоўнае, што замкі і зараз з намі – нямыя сведкі, якія пануюць над часам і нагадваюць нам, што мы з’явіліся не зараз, а існуем у гэтым свеце ўжо стагоддзі…