Назіраючы за нарастаннем горадабудаўнічай актыўнасці на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі “Гістарычны цэнтр г. Мінска”, сёння можна без перабольшвання казаць аб пераломным этапе ў дачыненні да захаванасці якасных характарыстык названай каштоўнасці як “...найбольш адметнага выніку і сведчання гістарычнага і духоўнага развіцця народа Беларусі” (закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, арт. 20; далей па тэксце — Закон).
Вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі ўпершыню прымаюцца cпробы комплекснага вырашэння праблем горадабудаўнічага характару, што ўзніклі ў сувязі са стратамі, нанесенымі Вялікай Айчыннай вайной, і праблемамі пасляваеннага планавання. Спецыялісты і грамадскасць добра разумеюць сутнасць таго, што адбываецца, і высока ацэньваюць захады па навядзенні парадку ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны і рэгенерацыі гістарычнага цэнтра сталіцы Беларусі, які налічвае амаль тысячагадовую гісторыю.
Без карэктнага вырашэння гэтых праблем не можа быць гаворкі ні пра развіццё Мінска як еўрапейскай сталіцы, ні пра развіццё тут у агульнапрынятым сэнсе турызму, ні пра рашэнне задач ідэалагічнага характару і патрыятычнага выхавання.
Рашэнню гэтых праблем прысвечаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2004 г. № 330 “Аб развіцці гістарычнага цэнтра г. Мінска” і зацверджаная “Канцэпцыя рэканструкцыі гістарычнага цэнтра г. Мінска”, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2004 г. № 36/100-296 і 12 кастрычніка 2004 г. № 1271. Задачы, пастаўленыя кіраўніцтвам краіны, акрэслены гранічна канкрэтна і выразна і сфармуляваны ў адпаведнасці з Законам і ўсімі вядомымі нам дакументамі нарматыўна-прававой і метадалагічнай базы.
Аднак сёння на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці адбываюцца адначасова два ўзаемавыключаючыя працэсы: пошук рашэнняў для ажыццяўлення гарманічнай рэгенерацыі і развіцця гістарычнага цэнтра і працэс будаўнічага асваення асобных пляцовак гісторыка-культурнай каштоўнасці, які груба супярэчыць заканадаўству і прынятым рэстаўрацыйным методыкам.
Для адэкватнай ацэнкі гэтай дзейнасці зробім кароткі агляд гісторыі развіцця метадалогіі і нарматыўнай базы, што прымяняюцца пры рабоце з аб’ектамі, якія маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Заўважым, што ўся наяўная айчынная нарматыўна-прававая база аховы гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь — гэта вынік шматвяковай агульнаеўрапейскай традыцыі. Менавіта гэтая традыцыя стала дамінуючай у свеце і лягла ў аснову развіцця ўсяго кола пытанняў захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія выпрацоўваюцца сёння наднацыянальнымі спецыялізаванымі міжнароднымі інстытуцыямі і каардынуюцца UNESCO. Прафесійна карэктнае вырашэнне асобнымі краінамі гэтых задач у кожным канкрэтным выпадку прыносіць неацэнны міжнародны прэстыж і прызнанне, з’яўляецца бездакорнай інвестыцыяй, якая шматкроць вяртаецца ў грашовым выражэнні праз развіццё турызму і агульнае павышэнне культурнага ўзроўню. А гэта заўсёды з’яўляецца чыннікам эканамічнага развіцця і спрыяе далейшаму паляпшэнню інвестыцыйнага клімату.
Абмяжуемся спасылкамі на некаторыя фрагменты гісторыі названай традыцыі, каб выразней зразумець сэнс палажэнняў, зафіксаваных у сучаснай нарматыўна-прававой базе Рэспублікі Беларусь, і мажлівыя наступствы горадабудаўнічай актыўнасці ў гістарычным цэнтры сталіцы Беларусі, якая назіраецца сёння.
Роўна 260 гадоў таму, у красавіку 1745 г., дэкрэтам, падпісаным Марыяй Тэрэзіяй, аўстрыйскі манаршы двор прадпісвае членам Міланскай акадэміі жывапісу, скульптуры і архітэктуры следаваць працэдуры, якая пазней будзе распаўсюджана на астатнія часткі імперыі. Гэты эдыкт меў вялікае значэнне ў гісторыі мастацтва і да сёння вызначае ідэалагію і базавыя прынцыпы абыходжання з помнікамі: “...ні адзін мастак, скульптар ці архітэктар, незалежна ад таго, з’яўляецца ён настаўнікам і акадэмікам ці не, ні адзін майстар ці прафесіянал, які мае дачыненне да аб’ектаў спадчыны ці сучаснага мастацтва, што з’яўляюцца грамадскім здабыткам і могуць быць пашкоджаны ў працэсе рамонтных работ, не могуць праводзіць работы без папярэдняга вывучэння сутнасці як прапанаваных работ, так і самога твора членамі Акадэміі. Сутнасцю і мэтай гэтага эдыкта з’яўляецца атрыманне гарантыі, што добрыя творы, вартыя таго, каб існаваць у будучыні, будуць абаронены ад разбурэння...”
У 1877 г. у Вялікабрытаніі пад уплывам руху па захаванні спадчыны, які ўзначальваў Джон Раскін, Вільямам Морысам быў апублікаваны Маніфест і створана Асацыяцыя абароны антычных будынкаў (SPAB). Мэтай дадзенай арганізацыі аб’яўлена задача супрацьстаяць “губіцельнай рэстаўрацыі” старых будынкаў і спыненне выразнай тэндэнцыі іх разбурэння “пад выглядам і ў імя рэстаўрацыі”. Маніфест прапаноўваў мінімальнае і вельмі далікатнае ўмяшальніцтва ў структуру гістарычных будынкаў пры правядзенні аднаўленчых работ — акцэнт пераносіўся на штодзённую прэвентыўную падтрымку гістарычных аб’ектаў. Цікава, што ўжо ў нашы дні нарматыўным актам “Аб гарадскім планаванні...” (1974 г.) Асацыяцыя прызнана адказнай за прыняцце рашэнняў у дачыненні да зарэгістраваных гістарычных будынкаў Англіі і Уэльса.
У 1883 г. у Рыме ІІІ Нацыянальная канферэнцыя архітэктараў і інжынераў прымае рэзалюцыю, падрыхтаваную Каміла Баіто, добра абазнанага ў заканадаўстве і практыцы абыходжання з гісторыка-культурнымі аб’ектамі Англіі і Францыі таго часу. Дакумент налічваў сем параграфаў і падкрэсліваў, што пры правядзенні любых відаў работ архітэктурныя помнікі “...павінны хутчэй узмацняцца, чым рамантавацца; хутчэй рамантавацца, чым рэстаўравацца, і з найвялікшым стараннем павінны пазбягацца ўсялякія дадаткі да помніка ці яго рэнавацыя...” Сучасныя тэхналогіі і новыя матэрыялы павінны ўносіцца толькі ў мінімальна неабходных колькасцях і ў кожным выпадку адрознівацца ад гістарычнай тканкі помніка, але не канфліктаваць з ёю. Адбіткі ўсіх гістарычных перыядаў павінны безумоўна шанавацца і могуць быць выдаленыя толькі ў выключных выпадках, калі іх важнасць непараўнальная з фрагментамі, якія яны хаваюць. Стан помніка і ўсе віды новых работ сфатаграфаваныя і цалкам задакументаваныя, павінны быць затым перададзены на далейшае захаванне ўпаўнаважанай адміністрацыі. Дадзены дакумент знаходзіўся ў абарачэнні ва ўсіх урадавых установах, якія мелі дачыненне да гістарычных будынкаў, і сёння прызнаны першай сучаснай дэкларацыяй палітыкі аховы гісторыка-культурнай спадчыны Італіі.
Афінскія Хартыі (1931 і 1933 гг.) лічацца першымі міжнароднымі дакументамі, спецыяльна арыентаванымі на захаванне архітэктурнай спадчыны. Важным унёскам у развіццё нарматыўнай базы і новым яе элементам стала палажэнне Хартыі 1931 г. аб безумоўнай важнасці аховы атачэння гістарычных помнікаў і пазбягання іх камерцыялізацыі. Хартыя 1933 г. упершыню закранула пытанне аб неабходнасці абмежавання руху транспартных сродкаў на тэрыторыях размяшчэння гістарычных аб’ектаў, стварэнні спецыяльных ахоўных зон.
Італьянскія “Нормы рэстаўрацыі помнікаў”, прынятыя ў 1932 г., акцэнтуюць увагу на важнасці правядзення навуковых даследаванняў, якія павінны папярэднічаць прыняццю любых рашэнняў у дачыненні да гісторыка-культурных аб’ектаў.
Другі Міжнародны кангрэс архітэктараў і тэхнічных спецыялістаў гістарычных помнікаў у Венецыі (май 1964 г.) прымае Міжнародную Хартыю захавання і рэстаўрацыі помнікаў і гістарычных тэрыторый, агульнавядомую як Венецыянская Хартыя. Дадзены дакумент падпісаны прадстаўнікамі 16 краін, UNESCO і ICCROM (Міжнародны цэнтр вывучэння пытанняў аховы і аднаўлення культурнай спадчыны, ці Рымскі цэнтр). Ва ўступе сфармулявана галоўная мэта — агульная адказнасць і адказнасць кожнай краіны ў кантэксце ўласнай культуры і традыцый за перадачу культурнай спадчыны будучым пакаленням “ва ўсім багацці яе аўтэнтычнасці”. Сёння Венецыянская Хартыя прызнана міжнароднай супольнасцю фундаментальным дакументам, які фарміруе палітыку нацыянальных урадаў у пытаннях абыходжання з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі ва ўсім свеце.
Вось далёка не поўная храналогія падзей, спроба вярнуцца да вытокаў, якія за стагоддзі развіліся ў дасканалую нарматыўна-прававую базу. Менавіта на ёй грунтуецца палітыка нацыянальных урадаў адносна гісторыка-культурных аб’ектаў, і яна з’яўляецца прыярытэтам у пытаннях прэстыжу на міжнароднай арэне. У нашай краіне дадзеная традыцыя лагічна аформілася ў закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” і шэраг прынятых у поўнай адпаведнасці з ім нарматыўна-прававых дакументаў, будаўнічых норм, інструкцый Міністэрства культуры і інш.
Як бачым, створаны ўсе ўмовы прававога забеспячэння гуманнага абыходжання з аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны, унесенымі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Але дастаткова нават павярхоўнага аналізу сучаснай горадабудаўнічай актыўнасці на ахоўваемай законам тэрыторыі ў рэчышчы зробленага намі экскурсу, каб зразумець, што хваляванні нашы на гэты конт небеспадстаўныя. Здавалася б, пытанні метадалагічнага характару, даўно вырашаныя на тэарэтычным узроўні 200 год таму, якія скурпулёзна і бездакорна прымяняюцца сёння міжнароднай супольнасцю і гарантаваны дзейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, не павінны ігнаравацца. Што ж адбываецца на практыцы?
На тэрыторыі гістарычнага цэнтра, не зважаючы на прынятыя дакументы аб яго рэканструкцыі, у парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь і нарматыўных актаў, якія рэгламентуюць горадабудаўнічую дзейнасць, вядзецца актыўнае размяшчэнне і будаўніцтва буйных гандлёвых комплексаў, офісных збудаванняў і іншых новых аб’ектаў камерцыйных арганізацый.
Гэта датычыць у першую чаргу аб’ектаў новага будаўніцтва на вул. Няміга ад пр. Машэрава да вул. Гарадскі Вал; у квартале вуліц Рэвалюцыйная — Камсамольская — Інтэрнацыянальная — Гарадскі Вал; новага гатэльнага комплексу, інтэрпрэтуемага як аднаўленне гасцініцы “Еўропа”, на скрыжаванні вуліц Інтэрнацыянальная і Леніна, на месцы, дзе раней знаходзіліся гарадскі палац-рэзідэнцыя Радзівілаў, а затым будынак першага мінскага гарадскога тэатра — нашмат больш каштоўнага ў гістарычным сэнсе аб’екта.
Паказальным з’яўляецца прыклад размяшчэння гаража-стаянкі на вул. Няміга, што стварыў юрыдычны прэцэдэнт, без карэктнага вырашэння якога апеляваць у будучым да прававой і нарматыўнай базы пры размяшчэнні іншых аб’ектаў на тэрыторыях і ў дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны не ўяўляецца магчымым.
Немажліва пералічыць усе неадпаведнасці па канкрэтных аб’ектах, дапушчаныя ў дачыненні да гісторыка-культурнай каштоўнасці, і парушаныя палажэнні нарматыўна-прававой базы. Вось толькі некаторыя з іх:
- закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, арт. 5, п. 1-6; арт. 8, п. 1, 2; арт. 48;
- закон “Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, арт. 4.1; 4.2; 4.3; 4.6; 6;
- БНБ 3.01.01-96 “Склад, парадак распрацоўкі і ўзгаднення горадабудаўнічых праектаў”;
- БНБ 3.01.04-02 “Горадабудаўніцтва. Планіроўка і забудова населеных пунктаў”, п. 7.2.8; п. 10.3.
А да гэтага яшчэ трэба дадаць інструкцыю Міністэрства культуры “Аб складзе, парадку распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях”; рэгламент Мінгарвыканкама, рэзалюцыі па размяшчэнні аб’ектаў новага будаўніцтва ў гістарычным цэнтры; экспертныя заключэнні спецыялізаваных прадпрыемстваў і арганізацый, якія раней ва ўстаноўленым парадку выдавалі адпаведныя заключэнні; палажэнні метадалагічна-нарматыўнай базы аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны міжнародных арганізацый і г.д.
Больш таго, ужо пасля выяўлення фактаў парушэнняў дзеля забеспячэння “праходжання” названых аб’ектаў палажэнні нарматыўна-прававой базы пачалі адпаведным чынам карэктавацца і падганяцца пад параметры канкрэтных аб’ектаў.
Як бачым, парадаксальнасць сітуацыі ў рэчышчы зробленага намі кароткага экскурсу развіцця прававой і метадалагічнай базы не патрабуе каментарыяў.
Дапушчаныя метадалагічныя і працэдурныя парушэнні прывялі да парушэнняў прававога характару, прыводзяць да дэвальвацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ў выніку — да невыканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2004 г. “Аб развіцці гістарычнага цэнтра г. Мінска”.
Між тым уважлівы падыход да гістарычнай планіровачнай структуры дасць магчымасць не толькі захаваць наяўныя кампаненты гістарычнага цэнтра Мінска, але і задаць вектар на гарманічнае вырашэнне задач па развіцці генеральнага плана сталіцы ў будучым.
Сённяшняя ж будаўнічая дзейнасць на тэрыторыі гістарычнага цэнтра не толькі не спрыяе захаванню, аднаўленню, рэканструкцыі ці паэлементнай рэстаўрацыі названых кампанентаў, але разбурае наяўныя часткі ці фальсіфікуе іх ва ўсім аб’ёме ўнясення зменаў у гісторыка-культурную каштоўнасць “Гістарычны цэнтр г. Мінска”. Яна не мае нічога агульнага з дзеяннямі і відамі прац, якія маюць дачыненне да гісторыка- культурных каштоўнасцей (Закон, арт. 48).
На наш погляд, адной з прычын узнікшых непаразуменняў з’яўляецца шмат у чым штучна створаная сітуацыя “звышхуткага” вырашэння ўсяго кола праблем гістарычнага цэнтра сталіцы, якія на працягу дзесяцігоддзяў не толькі не спрабавалі вырашацца, але нават і вывучацца. Ніколі не шукалася альтэрнатыва дадзенай няпростай горадабудаўнічай сітуацыі хоць бы на ўзроўні фармулёўкі задач, нягледзячы на тое што наяўная нарматыўна-прававая база не дапускае іншага прачытання.
Гістарычны цэнтр — неад’емная частка планіровачнага ядра Мінска ў цэлым, і без папярэдняй распрацоўкі агульнай горадабудўнічай канцэпцыі прыняцце рашэнняў аб забудове канкрэтных фрагментаў з’яўляецца не толькі нічым не абгрунтаваным, акрамя жаданняў канкрэтных інвестараў, дзеяннем, але і напрамую супярэчыць заканадаўству. Прычым не толькі ахоўнаму, але і руцінным палажэнням БНБ 3.0.01-96 “Склад, парадак распрацоўкі і ўзгаднення горадабудаўнічых праектаў”, якія чамусьці ў прымяненні да іншых тэрыторый бездакорна выконваюцца. Адказ на пытанне, чаму гэтага не адбываецца ў дачыненні да гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й, найвышэйшай у нацыянальным масштабе катэгорыі, верагодна, звязаны з тым, што ў выпадку выканання дзейнага заканадаўства і ўстаноўленай працэдуры пры прыняцці рашэнняў па фарміраванні горадабудаўнічай палітыкі на гэтай тэрыторыі ні адзін з пералічаных аб’ектаў у сённяшнім варыянце не меў бы ніводнага шанцу на рэалізацыю. І спроба “ўпакаваць” заведама незаконныя дзеянні ў дакументы, што прымаюцца на самым высокім узроўні, — гэта спроба прыкрыцца аўтарытэтам улады і легалізаваць такім чынам сваю дзейнасць, якая ў выніку прыводзіць да знішчэння гісторыка-культурнай спадчыны.
Прыкладаў падобных адносін да сваёй гісторыі няма не толькі ні ў адной еўрапейскай сталіцы, але і ні ў адным гістарычным горадзе свету.
Адзіна мажлівым выйсцем з крызісу, якое гарантуе ад дапушчэння памылак, бачыцца безумоўнае выкананне дзейнага заканадаўства і ўстаноўленай працэдуры пры прыняцці далейшых рашэнняў у адносінах да гісторыка-культурнай каштоўнасці і вяртанне ўсяго працэсу ў прававое поле. У адваротным выпадку дадзеную сітуацыю давядзецца карэктаваць у будучым, і нашым наступнікам прыйдзецца плаціць значна большую цану. Думаецца што менавіта цяпер, калі праблема аднаўлення гістарычнага цэнтра сталіцы краіны ўпершыню ставіцца так комплексна і аб’яўлена прыярытэтнай на нечуваным раней за ўсе пасляваенныя дзесяцігоддзі ўзроўні, самы час урэшце пачаць вырашаць пытанні гісторыка-культурнай каштоўнасці, прымаючы за прыярытэтныя патрэбы менавіта каштоўнасці. І як ні банальна гэта гучыць, пачаць выконваць заканадаўства, чаго раней ніколі не рабілася.
Важнасць гэтага кроку, спадзяемся, будзе адпаведна ацэненая нашчадкамі, таму што гістарычны цэнтр Мінска належыць усім пакаленням, якія яго стваралі на працягу стагоддзяў, жывуць сёння і будуць жыць заўтра.
Ці выкарыстаем мы унікальную магчымасць прафесійнага вырашэння пытанняў захавання, рэканструкцыі і развіцця гістарычнага цэнтра сталіцы нашай краіны, абапіраючыся на дасканала распрацаваныя рэстаўрацыйныя методыкі і заканадаўства і ўлічваючы вопыт і памылкі далёкіх і блізкіх суседзяў, а таксама свае ўласныя? Гэта залежыць ад прынятых сёння рашэнняў. І калі яны будуць карэктнымі, то дазволяць нам не толькі захаваць і аднавіць гісторыка-культурную каштоўнасць, але і выведуць нашу краіну на іншы культурны іміджавы ўзровень сусветнага маштабу.