Ці можа стары будынак атрымаць новае жыццё? Якія ідэі здольныя ўнесці свежы подых у старыя муры? Адказ на гэтыя пытанні мы бачым на ўласныя вочы на прыкладзе будынка па вуліцы Ціміразева, 3.
Гэта быў звычайны двухпавярховы дом эпохі сацыялізму, калісьці адзіная мураваная пабудова ў квартале драўляных дамоў. У ім размяшчалася “Служба быту”. Новае прызначэнне будынка – гандлёва-адмiнiстрацыйнае. На першым і другім паверхах размяшчаецца салон керамічнай пліткі “Сквірэл” (агульная плошча 475 м2, у мансардзе — офіс (плошча 410 м2). Уваходы ў офiс i гандлёвую залу паасобныя, арыентаваныя па вул. Цiмiразева. Будынак добра прагледжваецца. Не ўваходзячы ў канфлiкт з наваколлем, ён фарміруе фронт забудовы вул. Цiмiразева пасля яе перакрыжавання з пр. Машэрава. У ходзе рэканструкцыі была надбудавана мансарда. Муры абтынкавалі i пафарбавалі, месцамi аблiцавалі палiраваным керамагранiтам. Ганак таксама аблiцаваны шэрай керамагранiтнай плiткай. Вiтражы зроблены з алюмiнiю, скатны дах — з ацынкаванай дахавай сталi з палiмерным пакрыццём. Перад уваходам — скульптура К. Селіханава, якая сталася своеасаблівым акцэнтам уваходнай групы.
“Сквірэл”Архiтэктару належала спраектаваць iнтэр’ер крамы i дапаможных памяшканняў з улiкам павелiчэння колькасцi персаналу i падключэння ў будучым кампутарнай сеткi. Зараз на двух паверхах будынка знаходзяцца тры залы.
Плітка — матэрыял своеасаблівы. З аднаго боку, прыгажосць і разнастайнасць, з другога – зададзеная геаметрычнаць формы і утылітарнасць. I ўсё гэта неабходна спалучыць з iнтэр’ерам i прадэманстраваць такiм чынам, каб зацiкавiць наведвальнiка. Акцэнтаваныя светлавыя камунікацыі ў гандлёвых залах дазволiлі ў поўнай меры перадаць пластыку i фактуру керамiкi, што прапаноўваецца пакупніку. Яна “выступае” сама па сабе, без варыянтаў магчымага прыстасавання, у так званым чыстым выглядзе. Такая прэзентацыя дае прастору для гульні фантазіі. Можна бясконца фантазіраваць, ствараць разнастайныя ўзоры выкарыстання керамікі, цешачы сваё ўяўленне.
Дэмакратычны характар гандлёвай залы першага паверха змяняецца эксклюзіўнасцю другога. Вырашэннем пераходу з паверха на паверх з’явілася перабудаванне плiт памiжпавярховага перакрыцця. Асноўным прынцыпам дызайну стала знітаванне гандлёвай прасторы з узорамi калекцый матэрыялаў. Тут пакупнік трапляе ў сапраўдны музей пліткі. Керамічныя пано, выстаўленыя ў салоне, — быццам каштоўныя творы мастацтва ў дарагім абрамленні святла.
ОфісНайбольш складаным у распрацоўцы інтэр’ера камерцыйнага памяшкання з’яўляецца стварэнне канцэпцыі офіса, якая адпавядала б характару яго ўладальніка. У дадзеным выпадку ім была маладая перспектыўная фiрма, якая пакуль яшчэ не выпрацавала свайго асобнага карпаратыўнага стылю. Тым больш адказнай і цікавай уяўлялася праца па стварэнні вобраза офіса, які б суадносіўся з амбіцыйнасцю і энергічнасцю памкненняў яго супрацоўнікаў.
Галоўнае тут, на думку аўтара праекта, — стварэнне камфортных памяшканняў для працы і гарманічнай атмасферы ў іх. Пры ажыццяўленні ідэі ў майстра атрымалася выкарыстаць у iнтэр’еры структурныя элементы будынка. Напрыклад, нахiленыя вiтражы ператварылiся ў дах над лесвiцамi i над пакоямi для перамоў. Ядром запланаванай структуры стала зона абслугоўвання клiентаў. Звязаная празрыстай галерэяй з прыёмнай i дырэкцыяй, яна развiвае дэмакратычны i функцыянальны характар прасторы.
І наогул, функцыянальнасць і практычнасць — самыя адметныя рысы гэтага інтэр’ера.