Вы здесь

Феномен і агульнаславянскія традыцыi беларускага дойлiдства

Архитектура — это величайшее свидетельство
человеческого величия.
Ф. Райт

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў мінулым годзе распачаў фундаментальнае шматтомнае навукова-папулярнае выданне “Архiтэктура Беларусi: нарысы эвалюцыi ва ўсходнеславянскiм i еўрапейскiм кантэксце”. Аўтарамі з’яўляюцца вядомыя вучоныя Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору НАН Беларусi (А. Лакотка, А. Кулагін, Т. Габрусь), Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта (Ю. Чантурыя, А. Сардараў). Нягледзячы на акадэмiчнасць, усе тамы “Архiтэктуры Беларусi” аформлены даволi дэмакратычна, з выкарыстаннем вялiкай колькасці архiўных i iлюстрацыйных матэрыялаў i, безумоўна, будуць карыстацца попытам не толькi сярод навукоўцаў, але i шырокага кола чытачоў.

У выдавецкiм доме “Беларуская навука” выйшлi з друку першыя два тамы чатырохтомнай серыi (у шасці кнігах), прысвечаныя феномену беларускага дойлiдства – перыядам готыкi IX–XIV стст., Рэнесанса i барока XV – сярэдзiны XVIII ст., а таксама яго ўкладу ў еўрапейскую i сусветную архiтэктуру. На падставе іканаграфічнага і іншых матэрыялаў аргументавана паказана, што выключна на падставе разумення нашымi продкамi агульных тэндэнцый у культуры ўсходу i захаду Еўропы, творчых адносiн да iх, а таксама працэсу фармiравання будаўнiчай культуры i зарадзiлася беларускае дойлідства.

Першая кніга трэцяга тома будзе прысвечана беларускай архiтэктуры прыгожага i неардынарнага перыяду – класiцызму (канец XVIII – сярэдзiна ХIХ ст.). У другой кнізе тома распавядаецца пра перыяд эклектыкi i мадэрнiзму (2-я палова XIX – пачатак ХХ ст.). Чацвёрты том таксама складаецца з дзвюх кнiг i адлюстроўвае архiтэктуру ХХ – пачатку ХХI ст. Першая з іх прысвячаецца горадабудаўнiцтву, грамадскай архiтэктуры і архітэктуры дарог, другая – народнаму дойлідству.

Цiкава адзначыць, што Х–ХІІІ стст. сталi перыядам станаўлення, уздыму i развiцця беларускiх i iншых усходнееўрапейскiх зямель, перыядам вялiкiх падзей i змен у iх лёсе. Хрысцiянiзацыя Кiеўскай Русi зрабiла вялiкi ўплыў на развiццё матэрыяльнай i духоўнай культуры суседнiх Полацкага, Смаленскага і Тураўскага княстваў. Агульнаславянскiя традыцыi горадабудаўнiцтва (замак – торг – пасад) захоўваюцца ў раннiм сярэднявеччы ў большасцi гарадоў-крэпасцяў Белай Русi – Полацку, Тураве, Навагрудку, Гародні, Менску. Найбольш яскрава рамана-германскiя гатычныя традыцыi адлюстраваны на беларускiх землях у сакральна-манументальным i замкавым дойлiдстве. Да нашага часу захавалiся яскравыя зоркi старажытных полацкай i гарадзейскай архiтэктурных школ – Сафiйскi сабор i Барысаглебская (Каложская) царква, пабудаваныя ў ХІ–ХІІ стст. Захаплялi сучаснiкаў сваёй прыгажосцю i непаўторнасцю першы ў ВКЛ каталiцкi мураваны касцёл фара Вiтаўта ў Гародні (пабудаваны ў ХІV ст., знiшчаны ў 1961 г.), навагрудскi Стары замак XI–XVI стст. (зруйнаваны ў XVIII ст.) і шмат іншых помнікаў сярэдневяковага сакральнага дойлідства, якія былі знішчаны шматлікімі войнамі.

Невыпадкова старажытныя гандляры i вандроўнiкi называлi Белую Русь краiнай замкаў. У перыяд Вялiкага Княства Лiтоўскага па беларуска-лiтоўскiх землях праходзiў гандлёвы шлях “з варагаў у грэкi”, што значна спрыяла актыўнаму горадабудаўнiцтву. Акрамя гэтага, каб пазбегнуць экспансii крыжаносцаў на Усход, вялiкi князь Гедымiн у XIV ст. пабудаваў магутны абарончы “мураваны пояс” з замкаў у Лiдзе, Навагрудку, Крэве, Гародні, Вiльнi, Троках i iншых мясцiнах. У сярэднявеччы замкi – гэта асяродкi актыўнага дзяржаўнага ваенна-палiтычнага, культурнага i гаспадарчага жыцця. За iх сценамi бурлiлi палiтычныя баталii, рыцарскiя турнiры i раскошныя пiры. Акрамя таго, Навагрудскi замак у ХІІІ–ХІV стст. з’яўляўся рэзiдэнцыяй вялiкiх князёў ВКЛ, а ў Крэўскiм замку ў 1385 г. была падпiсана гiстарычная Крэўская унiя, па вынiках якой вялiкi князь Ягайла пасля шлюбу з польскай каралевай Ядзвiгай быў абвешчаны польскiм каралём. Унiя дала пачатак аб’яднанню дзвюх дзяржаў у барацьбе супраць рыцарскiх ордэнаў i спрыяла каталiзацыi лiтоўска-беларускiх земляў.

Па сутнасцi, гiсторыю агульнаеўрапейскага горадабудаўнiцтва можна адлiчваць ад узнiкнення замкаў i крэпасцяў, вакол якiх пачалi фармiравацца буйныя паселiшчы. Напрыклад, планiровачную структуру Навагрудка вызначае замак; ад яго адыходзiлi вулiцы, назвы якiх адпавядалi прафесiям рамеснiкаў, якія тут жылі: Рыцарская, Кавальская, Сядлярская. Каля сцен замкаў традыцыйна ўтваралiся рынкi i праводзiлiся кiрмашы.

Асаблiва буйны росквiт беларускiх гарадоў – каля 42 і больш за 425 мястэчкаў – назiраецца ў канцы XV – XVIІІ ст. у эпоху Рэнесанса i барока. Гэтаму працэсу спрыяла таксама распаўсюджванне магдэбургскага права. Адным з першых беларускіх гарадоў у 1390 г. па прывілеі караля Уладзіслава Ягайлы яго атрымаў старажытны Бярэсце, у 1441 г. – Полацк, у 1444 г. – Гародня, а ў 1499 г. гарадское самакіраванне было падаравана Менску.

У канцы XV – пачатку XVI ст. на змену ўсходнеславянскай традыцыi горадабудаўніцтва: град – торг – пасад прыходзiць новая, заходнееўрапейская рэнесанская схема: град – пасад з торгам у цэнтры. У планiроўцы гарадоў прыярытэт быў аддадзены грамадска-адмiнiстрацыйным i культавым забудовам. У вялiкiх гарадах, такiх, як Менск, Клецк, Бярэсце, Гародня, Ліда, Пiнск, Давыд-Гарадок, Слонiм, Навагрудак, Слуцк, Віцебск, Бабруйск, Барысаў, фармiруюцца новыя цэнтры развiцця: гандлёвая плошча, ратуша, гандлёвыя рады, будынкi гарадскога самакiравання, сядзiбная забуда з комплексам жылых i гаспадарчых будынкаў i ворных земляў. Узнiкаюць паняцці “Стары горад” (з замкам) i “Новы”, рэнесансны горад.

Найбольш цiкавым для даследчыкаў з’яўляецца прынцып забудовы Нясвiжа, адной з жамчужын беларускага дойлiдства. Асаблiва бурны рост горада пачаўся з 1533 г., калi яго гаспадарамi сталi магнаты Радзiвiлы. Планiроўка горада мела дакладны квартальны характар, тыповы для большасці заходнееўрапейскіх гарадоў, з размешчанымi ў цэнтры гандлёвымi радамi i будынкам ратушы. Па запрашэнні князя Мiхаіла Радзiвiла Сiроткi ў Нясвіж прыехаў iтальянскі дойлiд Ян Марыя Бернардонi, езуіт з альпійскай правінцыі Кома. У 1580–1590-я гг. ён пачаў будаўніцтва першых помнiкаў беларускага барока – фарнага касцёла i Нясвiжскага палацава-паркавага комплексу. Італьянскі архітэктар, па сутнасці, рэалізаваў на славянскай зямлі ідэальны рэнесансны горад, спланаваны па прынцыпу рымскага абарончага лагера: плошчы, скрыжаванні галоўных вуліц, кварталаў, знешніх абарончых збудаванняў. У хуткiм часе гэтыя шэдэўры дойлiдства разам з iншымi нацыянальнымi помнiкамi эпохi готыкi, Рэнесанса i барока па рашэнні ЮНЕСКА ўвойдуць у “залатую скарбонку” сусветнай спадчыны чалавецтва.

Увогуле, чатырохтомнае выданне ў шасці кнігах “Архiтэктура Беларусi” з’яўляецца сапраўднай энцыклапедыяй беларускага дойлiдства i найбольш дакладна адлюстроўвае яго нацыянальныя i агульнаеўрапейскiя рысы на працягу амаль тысячагадовага развіцця.


 

 

 

 

Читайте также
21.10.2005 / просмотров: [totalcount]
Есть прогресс!? Похвальна сама идея проведения конкурса на обширную территорию исторического центра Минска. Прежде конкурсы объявлялись на отдельные...
22.02.2006 / просмотров: [totalcount]
Тамара Габрусь прошла большой творческий и жизненный путь, во многом характерный для послевоенного поколения людей нашей страны. Даже беглое...
22.02.2006 / просмотров: [totalcount]
Вот уже на протяжении целого ряда лет я систематически занимаюсь сбором информационного материала, раскрывающего творческие тайны ушедших поколений....