Вы здесь

Камень у прасторавым асяроддзі беларуса

Працэс жыццядзейнасці чалавека – гэта гістарычны працэс арганізацыі прасторы. Яшчэ на самых ранніх (першабытных) этапах свайго развіцця homo sapiens імкнуўся прыстасаваць прыроднае асяроддзе, перш за ўсё калі шукаў ежу і ахову ад знешніх небяспек. Безумоўна, гэтыя пошукі былі б немагчымыя без інстынктыўнага запамінання дзеянняў, г. зн. фактычна мысленнага мадэлявання прасторы. Напэўна, працэс гэты пачаўся яшчэ ў эпоху палеаліту, калі шукалі зручныя мясціны паляванняў, вадапояў, прыстанішчаў і запаміналі іх. Прынамсі, у свядомасці старажытнага чалавека часткі прасторы маглі ўспрымацца як “варожая” і “неварожая”. Першая – калі можна было сустрэць ворага і не знайсці здабычу, другая – калі паляванне было паспяховым і вораг не сустракаўся.

Такое ўяўленне ўваходзіць з часам у псіхічную свядомасць першабытнага чалавека і фарміруе яго далейшыя паводзіны. Але мысленнае мадэляванне прасторы выклікае неабходнасць і яго матэрыяльнага ўвасаблення, г. зн. свядомага стварэння відавочных вобразаў (элементаў асяроддзя), якія б паказвалі характар прасторы, яе магчымы ўплыў на паводзіны homo sapiens. Напэўна, першыя матэрыяльныя сведчанні гэтага – узоры малюнкаў, зробленыя першабытнымі людзьмі на сценах пячораў, якім ужо больш за 25 тысяч гадоў.

Палеаліт, ці старажытны каменны век, атрымаў сваю назву менавіта за ўжыванне ў жыццядзейнасці прыроднага каменя, перш за ўсё ў выглядзе каменных рубілаў і нажоў. Магчыма, менавіта ў гэтую эпоху фарміруюцца асаблівыя адносіны да каменя, успрыманне яго фізічных якасцяў: цвёрдасці, цяжару, даўгавечнасці. Чалавек каменнага веку пачынае выкарыстоўваць камень, каб зачыняць уваходы ў пячоры ці зрабіць сабе нейкі прытулак унутры іх.

Неаліт характарызаваўся ўжо далучэннем чалавека да вызначанай прасторы, і гэтаму паспрыялі ў першую чаргу заняткі земляробствам. Менавіта тады ўзнікла ўстойлівая патрэба перамяшчэння камянёў з мэтай падрыхтоўкі палёў, уладкавання мясцін да жылля ці ўстройвання прасцейшых абарончых прыстасаванняў. Прастора пры гэтым спецыяльна функцыянальна падзяляецца і застаецца ў свядомасці ў выглядзе візуальных вобразаў: напрыклад, апрацаванае поле адшуквалася па каменнях, вынесеных з яго паверхні і пакладзеных уздоўж мяжы.

Родаплемянная арганізацыя насельніцтва абумовіла падзел прасторы на “сваю” альбо “чужую”, хоць гэтыя інстынкты ў генетычнай памяці, як ужо адзначалася, пачалі закладвацца значна раней. Камяні з іх фізічнымі характарыстыкамі ўстойлівасці і цвёрдасці былі найбольш зручным матэрыялам для “маркіроўкі” прасторы. Асабліва гэта датычыць межавых сітуацый: “сваё – чужое” (г. зн. належыць твайму племені ці іншаму), “апрацаванае – неапрацаванае”.

Далейшае развіццё першабытных грамадстваў пацвярджае гэтую тэндэнцыю. Да прыкладу, адна з першых пісьмовых крыніц чалавецтва дае такое межавое вызначэнне: “Вось камяні, якія я паклаў паміж намі…” (Кніга Быцця, 31, 51–52).

Утылітарная роля каменя ў якасці будаўнічага матэрыялу – далейшы крок у развіцці чалавецтва. У калысках цывілізацый – на Бліжнім Усходзе, Міжземнамор’і матэрыяльнае яго ўжыванне было досыць шырокім. Усё гэта (дабудаўнічае і будаўнічае выкарыстанне) таксама з’явілася падставай, каб камень як важная частка чалавечага асяроддзя ўвайшоў у яго духоўнае жыццё.

Вядома, што на ранейшых стадыях развіцця чалавек адухаўляў (анімізіраваў) жывую прыроду. Гэты “язычніцкі этап” пачаўся тады, калі чалавек, з аднаго боку, не ўяўляў сваю асобаснасць і не аддзяляў сябе ад Прыроды, з другога – калі многія з’явы прыроды яшчэ немагчыма было лагічна зразумець і растлумачыць. Такім чынам, аб’ектам навакольнага асяроддзя надаецца статус жывых, а некаторым нават статус надчалавечых істот – бостваў. Чалавек звяртаецца з малітвамі да Сонца, дрэў, рэк ці каменя. Вось што пра гэта гаворыцца ў Старым запавеце: “Вы любіце пакланяцца рачному каменю…” (Ісайя, 57, 6. Даецца ў сучасным перакладзе).

У многіх народаў на вызначальным этапе развіцця ўзнікае культ каменя [1, 2, 4, 6, 7, 8]. Ён анімізіруецца, абагаўляецца, з’яўляецца аб’ектам пакланення, рытуалаў старажытных людзей. Шырокавядомыя, напрыклад, каменныя свяцілішчы, такія як Стоўнхэндж у Англіі ці Карахунч у Арменіі, іншыя мегалітычныя творы (г. зв. менгіры, крамлехі) у розных кутках Еўропы.

Гэты адметны працэс, безумоўна, адносіцца і да продкаў сучасных беларусаў – старыжытнаславянскіх і балцкіх плямёнаў, якія калісьці жылі ў Падзвінні і Падняпроўі. Вызначэнне карыстання валунным каменем у арганізацыі асяроддзя жыццядзейнасці беларусаў заснавана на асаблівасцях тутэйшых прыродных умоў. Паўночныя і цэнтральныя беларускія землі знаходзіліся пад моцным покрывам леднікоў, якія пакінулі марэнныя адклады. Геамарфалагічны фактар значна паўплываў на формы і спосабы прыстасавання прыроднага асяроддзя да патрэб чалавека, на фарміраванне яго жыццёвай прасторы.

Менавіта камяні былі прыродай дадзенай тыповай формай (прызнакам) тутэйшага ландшафту, з якой сутыкаліся продкі сучаснага беларуса і з якой ён павінен быў мець далейшыя стасункі (мал. 1).

Раскіданыя паўсюль камяні, марэнныя валуны шкодзілі сельскагаспадарчай дзейнасці, таму ўзнікала патрэба перамяшчаць іх, выдаляць з палёў. Так стыхійна нарадзіліся дзве штучныя прасторавыя формы аранжыроўкі камянёў – рады ўздоўж палявой мяжы і кучы на межах ці пасярэдзіне апрацаванай зямлі. Цікава, что гэты традыцыйны прасторавы сімвал камень ля поля мог быць ужо не толькі спосабам вымярэння дыстанцыі (чалавек візуальна ацэньваў і задумваўся: колькі яшчэ яму ісці да таго канца поля?), але і вымярэння часу (які час патрэбны, каб закончыць працу?).

Да традыцыйных прасторавых каменных сімвалаў беларусаў адносіцца таксама камень ля дарогі. Сама па сабе палявая мяжа з камянямі ўздоўж была першабытнай дарогай, па якой чалавек штодзённа абыходзіў сваё поле. Але гэтая сітуацыя яшчэ і спецыяльна стваралася, калі чалавек у час вандроўкі прыбіраў камень са сцяжынкі, каб зручна было рухацца. Камянямі таксама адзначалі месцы раздарожжаў, паваротаў (мал. 2). Сфарміраваўся прасторавы візуальны вобраз “камень – мяжа”, і камень, па сутнасці, стаў універсальным межавым сімвалам-знакам.

Безумоўна, такія дзеянні маглі адбывацца з каменнямі невялікіх памераў і вагі, бо фізічных сіл нават групы людзей ці жывёлы не хапала, каб перамясціць некаторыя з іх – валуны маглі важыць да некалькіх тон. Аднак існавалі прыродныя камяні, што сваімі фізічнымі характарыстыкамі адрозніваліся ад усіх астатніх, звярталі на сябе асаблівую ўвагу, напрыклад вялікія валуны ці так званыя валуны-следавікі (мал. 3).

Вялікія валуны менавіта сваімі фізічнымі якасцямі ўплывалі на свядомасць першабытных людзей. Нерухомасць, цвёрдасць каменя прымушалі адчуваць яго ўнутраную сілу, моц. Так узнікае патрэба ўстрымання каменя як надчалавечай істоты, часам яго абагаўлення. Адсюль заўважаная многімі даследчыкамі традыцыя на беларускіх землях: наданне каменю імёнаў язычніцкіх багоў – Перуна, Дажджбога, Вялеса [2]. Калі гэта і не боства, то ўсё ж жывая істота – адсюль асабістыя імёны (Сцяпан, Дзям’ян, Мар’я), назвы прафесій (кравец, ткач, князь) ці жывёлы (бык, кабыла, змей) [3]. Здавалася: камяні жывыя, надзеленыя душой, – яны “растуць”, робяць добрыя ці злыя ўчынкі, нават працуюць. Камяні ў Беларусі старажытных часоў, як у іншых народаў, з’яўляюцца аб’ектамі магічных дзеянняў, рытуалаў, напрыклад рытуалу выклікання дажджу. Узгадваюцца дзеянні па выкліканні дажджу праз рытуалы з каменем, якія вядомы вучоны Дж. Фрэзер адносіць да розных плямёнаў Аўстраліі, Афрыкі, Японіі [4].

Няма дакладных сведчанняў аб транспарціроўцы вялікіх камянёў для ўладкавання сакральных зон, але, безумоўна, фактычнае знаходжанне каменных свяцілішчаў, капішчаў паблізу жылля прымушалі ствараць шляхі руху людзей да іх, іншымі словамі, шляхі рытуальных паломніцтваў. Па сутнасці, гэтыя дзеянні былі таксама аднымі з першых этапаў фарміравання прасторавага асяроддзя старажытнага беларуса.

Ёсць указанні на непасрэдную аранжыроўку каменя ў рытуальных мэтах, што таксама вядома з гісторыі іншых народаў. Пра гэта гавораць, напрыклад, даследаванні М. Мялешкі [1] і Э. Ляўкова [2]. Магчыма, камяні, зложаныя ў акрэсленым парадку (рады, кругі, прамавугольнікі), былі часткай сакральных прастораў, прызначаных спецыяльна да рытуальных, магічных дзеянняў. Некаторыя такія каменныя свяцілішчы маглі быць аранжыраваны ў сувязі з назіраннем за астранамічнымі з’явамі (мал. 4).

Фактычным спосабам арганізацыі прасторы было і стварэнне могільнікаў (старажытных могілак). Санітарныя патрабаванні і вераванні з’ядналіся разам, калі нябожчыкаў выносілі за межы жыллёвых зон. Людзі верылі, што душа нябожчыка можа непакоіць жывых, і таму клалі над месцам пахавання вялікі камень. Гэты звычай таксама меў і практычны сэнс, бо камень ахоўваў магілу ад дзікага звера. Так узнікалі цэлыя каменныя зоны могільнікаў, часам на могілках фарміраваліся рады камянёў, напрыклад уздоўж дарогі, бо дарога была нейкім геаметрычным узорам па стварэнні суседніх участкаў прасторы (мал. 5).

Культавыя, магільныя камяні і камяні, складзеныя ўздоўж палёў, самі па сабе былі значнымі візуальнымі арыенцірамі ў навакольным асяроддзі. Форма, маса марэнных валуноў, іх колер ужо вылучалі гэтыя аб’екты з прыроднай прасторы. Ружовыя граніты, паласатыя шэра-чорныя гнейсы, больш вуглаватыя бураватыя даламіты кантраставалі з зелянінай раслін, травы ці з белым зімовым покрывам. Менавіта гэтыя якасці, а таксама “нерухомасць, устойлівасць” камянёў стваралі ўмовы да ўспрымання іх як зручных аб’ектаў “маркіроўкі” прасторы, запамінання розных ладшафтных сітуацый. Не апошнюю ролю ва ўжыванні каменя ў легалізацыі жыццёвай прасторы Беларусі іграла сама эстэтыка каменнай паверхні, яе разнастайнасць са складкамі, трэшчынамі, бліскучымі ўкрапленнямі кварцу ці слюды. Асаблівую ўвагу звярталі на сябе камяні з невялікімі паглыбленнямі, г. зв. следавікі, якія, згодна з вераваннямі, былі пакінуты (“маркіраваны”) надчалавечымі істотамі. Менавіта яны часта з’яўляліся аб’ектамі розных рытуалаў і пакланенняў [7]. Але калі разглядаць ужыванне прыродных валуноў у якасці надмагільных, можна заўважыць, што спачатку існаваў штучны падбор камянёў па формах і памерах – адбіраліся больш-менш аднолькавыя (невялікія), асабліва зручнымі былі конусападобныя формы, якія можна паставіць вертыкальна. З часам пачынаецца спецыяльная апрацоўка камянёў – падкрэсліваецца іх конуснасць ці падрыхтоўка (выраўноўванне) ліцавой часткі.

Патрэбныя былі і штучныя візуальныя знакі, зробленыя на камянях. Безумоўна, яны маглі ўзнікаць яшчэ ў дапісьмовую, дахрысціянскую эпоху ў выглядзе разнастайных засечак, крыжоў, салярных ці родавых знакаў, разнастайных графічных сімвалаў-абярэгаў. Гэтыя петрогліфы (ад грэч. “петрос” – камень, “гліфос” – разьба) вядомыя ў шматлікіх народаў свету. Такія выявы рабіліся на камянях, каб візуальна падкрэсліць прыналежнасць тэрыторыі, як паказчыкі на шляхах руху (арыенціры), ці мелі магічнае прызначэнне як ахова людзей і жывёлы.

Старажытнабеларускія камяні-артэфакты таксама належаць да гэтых напрамкаў чалавечай дзейнасці. Распаўсюджаныя салярныя знакі (у тым ліку дахрысціянскі чатырохлопасны крыж) маглі мець дваякае прызначэнне: паказваць прыналежнасць да той ці іншай родавай групы або служыць паказальнікамі маршруту руху. Таксама магло мець месца аб’яднанне гэтых функцый сімвалу на той ці іншай стадыі развіцця. Нанясенне крыжападобных засечак на дрэвах і камянях было распаўсюджана тутэйшым спосабам вызначэння маршрутаў руху, асабліва ва ўмовах густых лясоў. Сімвалічныя знакі, лічбы і надпісы таксама ўжываліся дзеля прасторавай арыентацыі. Вось, напрыклад, што мы знаходзім у Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага пад 1542 г. у дакуменце, які датычыць вызначэння межаў паміж Ліфляндыяй і ВКЛ: “…а вширки до Радивиловы границы до камена Кобылы, который лежит в Двине реце, выбит кобылий кшталт пять мил” [5, с. 37]. Знамянальная назва валуна – Кобыла, што таксама пацвярждае адносіны да каменя як да жывой істоты.

Магільныя камяні пасля прыняцця хрысціянства на большай частцы ўпрыгожваліся крыжамі разнастайных формаў і памераў: ад прымітыўных скрыжаваных засечак да крыжоў правільных узорных малюнкаў (мал. 6).

Шырока вядомыя ў нашай гісторыі Барысавы камяні, якія таксама знаходзіліся на рацэ Заходняя Дзвіна каля Полацка. Безумоўна, яны, як і Рагвалодаў камень каля Оршы, прасторава былі звязаны з транспартнымі шляхамі старажытнасці. Яны мелі арыентуючае прызначэнне, але дзякуючы таму што на іх былі высечаны імёны старажытнабеларускіх князёў (Рагвалода, Барыса), маглі выконваць ролю і мемарыяльных знакаў – паказвалі, хто з’яўляецца ўладальнікам гэтых зямель.

Хрысціянства прынесла сюды ўніверсальны сімвал – крыж, які пачаў выкарыстоўвацца як на магільных камянях, так і на межавых знаках-арыенцірах (мал. 7).

У XIX – пачатку ХХ ст. вялікія і адметныя валуны маглі ўжывацца ўжо разам у якасці мемарыяльных і дэкаратыўных формаў у сядзібных парках, як гэта было ў Залессі (Касцюшкаў камень, мал. 8) ці Радзівілмонтах. Гэта адпавядала агульнаму рамантычнаму настрою тагачаснай паркавай архітэктуры.

У ХХ ст., у савецкі перыяд беларускай гісторыі, прыродныя камяні амаль без апрацоўкі таксама ўжываліся як мемарыяльныя знакі, але часта з дадаткамі ў выглядзе літых дошак з надпісамі. Нажаль, шмат цудоўных валуноў атрымалі штучную раскаляроўку.

Падсумоўваючы гістарычны агляд карыстання камянямі на Беларусі ў якасцi сродку арганізацыі асяроддзя, можна зрабіць наступныя высновы:

1. Камяні выкарыстоўваліся продкамі сучасных беларусаў у арганізацыі прасторы жыццядзейнасці яшчэ з дабудаўнічага часу.

2. Камень меў як утылітарнае, так і сімвалічнае прызначэнне ў прыстасаваным асяроддзі беларуса.

3. З дапамогай каменя ствараліся межавы і сакральны тыпы асяроддзя.

4. У сваім культавым (сімвалічным) прызначэнні камень выкарыстоўваўся ў арганізацыі свяцілішчаў і могільнікаў, у межавым (утылітарным) – дзеля вызначэння маршруту руху, уласнай ці функцыянальнай (палявая мяжа) прыналежнасці тэрыторый.

5. У якасці спосабаў дзейнасці па арганізацыі прасторы выкарыстоўвалася простае перамяшчэнне каменя, збіранне ў рады ці груды, укладанне ў геаметрычныя узоры, спецыяльны падбор, прымітыўная апрацоўка і маркіроўка.

6. Каменетворчасць старажытнасці фактычна з’явілася пачаткам развіцця мемарыяльнай архітэктуры на Беларусі.

Лiтаратура

1. Мялешка, М. Камень у вераннях і паданнях беларуса. – Менск, 1929.

2. Ляўкоў, Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. – Мн.: Навука і тэхніка, 1992.

3. Романов, Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. – Витебск, 1891.

4. Фрезер, Дж.Дж. Золотая ветвь. – М.: ИПЛ, 1984.

5. Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кн. № 560 (1542 г.). – Мн.: Беларуская навука, 2007.

6. Штернберг, Л.Я. Первобытная религия в свете этнографии. – Л., 1936.

7. Ледавіковыя валуны Беларусі: эксперыментальная база вывучэння валуноў. – Мн.: Навука і тэхніка, 1993.

8. Klinger, W. Kamen´ w praktykach i zabobonach ludowych. Mies. Ilustr. “WISŁA”. t. XIX. 1905. Zeszyt 4. – S. 473–480.

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Развитие цивилизации происходит только при сохранении преемственности традиций и с постоянным общественным чувством «связи времен»....
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Что уж тут говорить, серьезную конкуренцию многим странам в сфере туризма мы если и составим, то, очевидно, не скоро. По вполне понятным объективным...
02.09.2003 / просмотров: [totalcount]
 Вехи жизни и творчества Родился в Минске 1 мая 1932 г. Окончил архитектурное отделение Белорусского политехнического института в 1959 г....