Вы здесь

Беларуская кветка Сярэднявечча…

Нам продкаў кемкасць захавала

Шмат весцяў дзіўных з быўшых год,

Хоць гэтых весці ўжо нямала

Ў няпамяць кінуў сам народ.

Усё ж яшчэ штось засталося

Унукам з прадзедаў жыцця...

Няхай жа гэтыя калоссі

Мінуць скаранне небыцця!

Янка Купала

 

На скрыжаванні шляхоў, на знітаванні часоў ляжала краіна…

Краіна, мінулае якой схавалася ў курганах, векавых пушчах, магутных замках...

Краіна, на зямлі якой стагоддзі застылі ў бездані азёр і рэк, у сівізне старажытных муроў…

Краіна, якая выракалася гэтых стагоддзяў і руйнавала памяць пра іх...

Рухаючыся наперад, людзі гэтай краіны забыліся пра тое, што, выракаючыся мінулага, чалавек выракаецца сябе.

Чалавек заўсёды ідзе наперад – гэта закон жыцця. А мінулае глядзіць на чалавека і чакае ад яго адказнасці, годнасці, мужнасці. Мужнасці быць сынам сваёй зямлі не толькі ў часы велічы і славы, але найперш у часы выпрабаванняў. Каб заставацца верным сабе, сваім караням, чэрпаючы у сваіх вытоках моц ісці наперад...

Як нам прыйсці да міру з сабой, прыняць сваё мінулае, ягоныя супярэчнасці, пераасэнсаваць іх і рухацца далей? Спробай такога "перамір’я" са сваёй сутнасцю становіцца абарона і аднаўленне гістарычных помнікаў – матэрыяльнага ўвасаблення нацыянальнай памяці. Іх рэстаўрацыя – накшталт прагаворвання комплексаў і праблем цэлай нацыі. Гэта як люстэрка ўзаемаадносін з уласнай гісторыяй, яе усведамленнем, прыняццем і пошукамі свайго месца ў свеце. Аднаўляючы старадаўнія муры – сімвалічнае, знакавае месца нашай гісторыі – на самой справе мы найперш павінны аднаўляць сябе. Адраджаць як сапраўдных жыхароў гэтай зямлі, годных сваіх продкаў.

Паважаны чытач!

Чарговы нумар нашага часопіса мы прысвяцілі Мірскаму замку. Гэтае непаўторнае збудаванне, якое не мае аналагаў на землях Прыбалтыкі, Польшчы, Расіі, увасабляе нашу гісторыю, мужнасць, майстэрства, самабытны талент людзей, што спрычыніліся да яго стварэння, – дойлідаў, мураляў, землякопаў…

Сёлета Мірскаму замку спаўняецца 590 гадоў, калі лічыць пачаткам яго будаўніцтва год 1522 – менавіта тады Юры Іллініч уступіў у правы наследавання, ці 585, калі браць пад увагу першае ўпамінанне пра замак – 1527. Некаторыя даследчыкі датуюць час узвядзення 1506–1510 гг.

Чым старэйшы замак, тым больш ён набліжае нас да гістарычнага мінулага. У архітэктуры Мірскага замка знайшла яскравае адлюстраванне эпоха Сярэднявечча: за магутнымі сценамі і вежамі, здольнымі абараніць ад любога непрыяцеля, стаяў багаты палац – рэзідэнцыя магната. Выкананы з каменя і цэглы, замак сваёй манументальнасцю і непрыступнасцю дэманстраваў сілу і неабмежаваную ўладу гаспадара. Мастацкая дасканаласць фасада асабліва падкрэслівалася прадуманасцю і злітнасцю арнаментальных паясоў вежаў. Іх арганічна працягваюць ідэнтычныя па малюнку і тэхніцы выканання паясы на праслах сцен і паўцыркульныя нішы. Дзякуючы гэтаму ўсе элементы замка звязваюцца ў цэласную архітэктурную кампазіцыю, прыгажосць і велічнасць якой быццам адхіляюць магутнасць сцен на другі план, ствараючы цудоўны, непаўторны вобраз. Сапраўдная кветка Сярэднявечча…

Замак і сёння зачароўвае нас архітэктурнай гармоніяй, злітнасцю з прыродай, прастатой і лаканізмам формаў. А ўявіць сабе яго ўнутранае ўбранне таго часу даюць магчымасць інвентары. Вось адно з апісанняў за 1688 г.: "У шматлікіх пакоях і залах палаца ўсё ззяла чысцінёй і багаццем, на якое са здзіўленнем глядзела сонца, што заглядвала сюды праз каляровае шкло вакон, увабраных у алавяныя і драўляныя рамы дзівоснага вырабу: на паркетную падлогу, высокія печы, складзеныя са шматкаляровай кафлі, каваную медзь вісячых падсвечнікаў, знакамітыя карэліцкія шпалеры, дарагую зброю на сценах…" (цыт па: Ткачев М. Замки Белоруссии. Мн., 1987). На жаль, сёння мала што засталося ад сапраўдных прадметаў ужытку, і рэстаўратарам давядзецца прыкласці шмат намаганняў, каб гісторыя жыцця некалькіх родаў-уладальнікаў не толькі выглядала, але была праўдзівай…

…"Людзі глядзяць у будучыню, мінулае – на людзей", сказаў паэт. Як глядзіць мінулае Мірскага замка на нас? З дакорам – за неаднойчы зруйнаваныя вежы, парушаны жыццёвы быт? З удзячнасцю – за магчымасць кожны раз паўстаць, як птушка Фенікс, пасля чарговага разбурэння? З верай і надзеяй – у тое, што мінулае і сучаснае нарэшце здолеюць дасягнуць паразумення? Гэта залежыць ад нас…

Першая чарга рэстаўрацыі Мірскага замка, якая доўжылася больш чым 4 дзесяцігоддзі, завяршылася. Яшчэ адзін помнік гісторыі і культуры Беларусі адрадзіўся да жыцця і знітаваў ў адзінае цэлае ўчарашні і сённяшні дзень. Снежань 2010 г. пачаў адлік новага часу.

Запрашаем вас у гістарычнае падарожжа па адноўленым замку.

 

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Традиционный взгляд на сущность туризма — обязательное посещение музеев, осмотр памятников архитектуры и археологических раскопок. Очень часто...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Коллеги и друзья поздравляют Владимира Дмитриевича с юбилеем, желают здоровья, счастья, радости и благоденствия на этой прекрасной земле, которую он...
01.09.2003 / просмотров: [totalcount]
Ключ к равновесию и гармонии Жизнь человека проходит в окружающей его среде, включающей как природу, так и архитектуру в широком смысле этого...