Вы здесь

Апакаліпсіс мясцовага значэння: жыццё і смерць Мсціслаўскага замка (1135–1660)

Версия для печати

Ах, як сёння прыемна прыязджаць у гэтыя мясцiны! Мсціслаўскія горы ўсё прыгажэюць... Гарадскія ўлады зразумелі вялікі турыстычны патэнцыял помнікаў даўніны, на якія багаты Мсціслаў, і актыўна ўзяліся за іх добраўпарадкаванне. Такім чынам нядаўна была ўпарадкавана Замкавая гара, з якой пачынаецца гісторыя горада. Хмызы былі высечаны, вялікі абшар засеяны газоннай траўкай, а па перыметры ўзведзены завостраны паркан. Не хапае толькі важнай дэталі па цэнтры Замчышча – надмагільнай пліты з гадамі жыцця Мсціслаўскага замка: 1136–1660 – ад моманту яго нараджэння да дня, які стаў малым апакаліпсісам для гэтага месца.

Тыя пяць гор, што спрадвеку стаяць на беразе Віхры (прыток Сожа), чалавеку немагчыма было скарыць раптоўна, у адначассе. Спачатку паселішчы з'яўляліся непадалёк ад гэтых вышыняў. І толькі ў сярэдзіне XII ст., калі княства Смаленскае дасягае заможнасці, князь смаленскі Расціслаў Мсціславіч будуе на адной з гор умацаваную драўляна-земляную крэпасць, жадаючы абараніць сканцэнтраваныя тут паселішчы свайго княства ад нападаў суседніх палачанаў. І, верагодна, у гонар свайго бацькі, якога ён глыбока шанаваў, называе крэпасць Мсціславам.

Гара была абрана невыпадкова. Замак узрос на той, што была адной з самых высокіх тут – яна ўзвышалася на 20 м над ярамі-нізінамі і мела авальную форму (гэта лічылася выгадным у абарончым сэнсе). Высокае плато ў паўтара гектара (105х145 м) было абнесена земляным валам, які ашчэрыўся завостраным парканам. Верагодна, замак меў тую ж канструкцыю, што і Менская крэпасць, і таксама ўвесь час заставаўся дзяржаўным, але аб мсціслаўскіх умацаваннях вядома значна меней, нягледзячы на праведзеныя тут грунтоўныя археалагічныя даследаванні ў 1960–1970-х гг. знакамітым расійскім навукоўцам Леанідам Аляксеевым. Дакладна толькі вядома, што на замкавай тэрыторыі, у самым высокім месцы, на велізарнай глінянай падушцы стаяла васьмікутная драўляная вежа-данжон – пра яе Аляксееў пісаў у свой час як пра ўнікальную з'яву для тэрыторыі Беларусі. Тут жа, на замку, знаходзілася царква св. Міколы і, магчыма, менавіта ад яе ў зямлі засталася старажытная плінфа XII–XIII стст. – плоскія цаглінкі, так папулярныя ў будаўніцтве цэркваў гэтага перыяду. Ужо ў першыя стагоддзі свайго жыцця працоўна-будзённы горад шумеў кавальскімі молатамі і залатарскімі (рус. ювелирными) малаточкамі, касцярэзнымі скрабкамі, ганчарнымі коламі, пах дубленымі скурамі. Ад замкавых валоў вуліцы, як радыусы, беглі ў цэнтр Замчышча, але не мелі строгіх ліній і хаатычна перапляталіся ў цэнтры з дапамогай іншых завулкаў. Археолагі знайшлі тут вялікую колькасць гаспадарчых і некалькі жылых будынкаў. Усе – мізэрнай формы (3х3 м, не болей чым 4х4 м) дзеля ашчаджэння ўнутранай замкавай прасторы.

Ужо з XII ст. пад сценамі замка сяліўся люд. Пасады падступалі да Замкавай гары з некалькіх бакоў, у тым ліку з глыбокіх нізінаў паміж гарамі. Але цэнтрам магдэбургскага Мсціслава было наканавана стаць высокаму плато, што суседнічае з Замкавай гарой і мае плошчу ў 5 га. Калісьці да яго як да аднаго з пасадаў вёў пад'ёмны мост. А пазней з'явілася земляная дамба шырынёй у 5 м. На гэтым плато горад размяшчаецца збольшага і сёння.

Нягледзячы на вайсковыя канфлікты ўжо ў першыя стагоддзі свайго існавання, горад шпарка развіваўся. З цягам часу ён не толькі выйшаў з-пад улады Смаленска, але і стаў цэнтрам ваяводства, падобна Менску (XVI ст.). Але ад самага пачатку над усімі, хто нараджаўся на гэтых гарах, вісеў навостраны да бляску меч.

«Тата, зачыняй вокны ў хату, каб маскаль не ўлез» – я перакананы, што гэтая прымаўка нарадзілася менавіта тут. І яшчэ адна: «Мсціслаўцы не паміраюць на сваёй лаўцы». У 1386 г., прама пад Пасху, пад сценамі Мсціслава з'явіліся ўсходнія «вызваліцелі» (праўда, гэта яшчэ былі не маскоўскія войскі, а толькі смаленчукі). Але ў тыя дні адважныя князі Вітаўт і Лугвен, не паспеўшы дапіць чырвоненькае ў Кракаве на вясельным піры Ягайлы, спешна прыбылі да Мсціслава і яшчэ змаглі адбіць горад, які 11 дзён іх чакаў і самастойна трываў аблогу. Гэтая ж смелая пара праз дваццаць год з лішкам на Грунвальдскім полі будзе рубіць бязлітасна такіх жа «дабрадзеяў» з захаду. Сямён Лугвен, правадыр адной з самых стойкіх у Грунвальдскай бітве харугваў – Мсціслаўскай, стане героем той баталіі. Ён жа – цвёрды прыхільнік праваслаўя незалежна ад палітычных вятроў часу, фундатар праваслаўных манастыроў на Мсціслаўшчыне.

Пачынаючы з XVI ст. усходнія «госці» сталі завітваць сюды значна часцей. Толькі з 1500 па 1514 г. Мсціслаў пяць разоў быў штурмаваны рускімі войскамі. У адной з бітваў, як паведамляецца ў данясенні маскоўскаму цару, было забіта сем тысячаў літвінскіх ваяроў (хоць гэтыя звесткі хутчэй за ўсё перабольшаны). А калі замак ім не ўдавалася браць, то яны бязлітасна выпальвалі прылеглыя прадмесці.

Падобныя чароды штурмаў чаргаваліся з невялікімі перыядамі цішыні і спакою. Менавіта ў такія перыяды замак рэгулярна падвяргаўся строгай рэвізіі з боку прадстаўнікоў дзяржаўнай улады на прадмет яго падрыхтаванасці да абароны. У Мсціслаў перыядычна паступала новая, сучасная зброя з пушкарскіх двароў Вільні і Кракава. І хоць паводле закону абаронцы замка маглі хавацца ў замку разам са сваімі сем'ямі і майном у час нападу, але мясцовая шляхта часам не вытрымлівала цяжару дзяржаўных абавязкаў і адмаўлялася даглядаць за замкавымі ўмацаваннямі. Аднак гаспадары-дзяржаўцы былі няўмольнымі: на іх загад замак мусіў знаходзіцца ў найлепшым стане, у тым ліку і сродкамі мясцовых жыхароў. І як ні дзіўна, з Вільні і Кракава было відаць лепш – каралі мелі рацыю.

У 1633 г. маскоўцы захапілі Крычаўскі замак, забраўшы ў рабства жыхароў. Адразу па вызваленні Мсціслаўшчыны, каб даць палёгку Крычаву і Мсціславу ў пастаянным жыцці ў небяспецы, княская ўлада даруе ім магдэбургскае права. Пачынаюцца апошнія дваццаць год мірнага жыцця... не, проста апошнія дваццаць год жыцця мсціслаўцаў. Верагодна, адчуваючы небяспеку, у 1652 г. літвіны сцягваюць у Мсціслаў нямецкіх наёмных салдат. І гэта не было памылкай. З вясны 1654-га маскоўскія шпегі пачынаюць таемныя назіранні за Мсціслаўскай крэпасцю, за велічынёй вайсковых атрадаў, што прыходзілі або пакідалі горад. У Крычаве ў гэты час дзейнічае закон аб тым, што кожны, хто прыбывае або з'язджае з горада, мусіць паведаміць пра гэта гарадскім уладам. Хутчэй за ўсё, такі ж закон-перасцярога, вельмі характэрны для памежных «рэжымных» аб'ектаў, дзейнічаў і ў Мсціславе. Ужо ў ліпені 1654-га 18-тысячнае маскоўскае войска на чале з А. Трубяцкім стаіць пад мсціслаўскімі гарамі...

Археолаг Леанід Аляксееў у сваёй справаздачы аб раскопках на Замчышчы адзначаў, што ўвесь культурны слой тут дзеліцца на тры часткі:

– рэшткі жыццядзейнасці горада да 1654 г.;

– слой папялішча, якое датуецца 22 ліпеня 1654 г.;

– і паверх усяго гэтага – агароды, агароды, агароды...

22 ліпеня 1654 г. Мсціслаў пасля чатырохдзённага гарматнага абстрэлу і чатырох штурмаў быў узяты арміяй А. Трубяцкога. Калі верыць данясенням маскоўскаму цару, то ў той дзень было забіта каля 10 000 мсціслаўцаў. Асаблівую ўвагу рускія надалі забойству ксяндзоў – пра іх сказана ў данясенні асобна. Такая вялікая колькасць забітых тлумачыцца яшчэ тым, што ў гэты момант у сценах замка хаваліся жыхары з розных куткоў Мсціслаўскага ваяводства. На наступны дзень не магло не быць летняга праліўнога дажджу. А хто яшчэ, калі не сілы нябесныя, мог патушыць у пустым замку полымя, запаленае салдатамі Трубяцкога? Як iнакш можна было вымыць апусцелыя вуліцы, дамы, храмы ад густых крывавых лужынаў?..

Л. Аляксееў, гаворачы пра «тры часткі культурнага слою», быў недакладны. Бо гэта быў толькі першы «метэарыт», што прынёс смерць цывілізацыі Мсціслава. Горад яшчэ некалькі разоў быў вызвалены прышлымі на дапамогу літвінскімі войскамі і, адпаведна, некалькі разоў зноў узяты рускімі. На працягу пяці гадоў мсціслаўцы ўпарта змагаліся, засеўшы па закутках паўразбуранай крэпасці. Узяўшы горад у 1660-м, рускія не змаглі яго ўтрымліваць, ведаючы аб набліжэнні літвінскіх палкоў, і таму замак быў дапалены канчаткова, а апошнія 46 жыхароў Мсціслава (іх сталі называць «недасекамі») выведзены ў Яраслаўль на пасяленне. Па дарозе некаторыя з іх сталі паміраць ад голаду. Але ў адказ на просьбу застацца ў больш блізкай Вязьме мсціслаўцы атрымалі адмову ад самога цара. Маскоўскі ўрад публічна абвесціў, што будзе караць смерцю тых, хто асмеліцца пасяліцца на мсціслаўскім папялішчы. Гэтым скончыўся апакаліпсіс мясцовага значэння, у крэпасці на самым усходнім ускрайку айчыны канчаткова знік жыццёвы пульс.

Гістарычныя дакументы яшчэ паведамляюць аб рашэнні Сойма Рэчы Паспалітай 1676 г. аднавіць замак. Але апошнія яго рэшткі былі ўзарваны войскамі Пятра І падчас Паўночнай вайны (1700–1721). У гэтую кампанію горад не толькі страціў фізічныя рэсурсы, але і памяць: выконваючы загад расійскага імператара, салдаты забіралі ўсе дзяржаўныя дакументы з ратушы і іншых гарадскіх устаноў, якія тычыліся правоў на ўласнасць.

На працягу XIX ст. колькасць жыхароў у Мсціславе – правінцыйным мястэчку – не перавышала 8 тыс. чалавек. Жыхары гэтага часу яшчэ сустракалi ў горадзе брацкія магілы ў выглядзе курганных насыпаў, поўных костак, што вытыркаліся з зямлі падчас вясновых дажджоў. Горад зжываўся з новай рэгулярнай сеткай вуліц, што, як цуглі на каня, была накінута на яго ў канцы XVIII cт. новай дзяржаўнай адміністрацыяй. І толькі горы, што стаяць тут спрадвеку – Замкавая, Панівойская, Кладбішчанская, Траецкая і Дзявочая, – не скарыліся новай планіроўцы. Да сёння яны чаруюць крутымі вулічнымі спускамі, нечаканымі паваротамі ды пад'ёмамі амаль да аблокаў...

Маскоўскія ўладары так і не прывялі ў выкананне свой загад 1660 г., і горад дажыў да нашых дзён. Сёння ён, абдзелены чыгункай і вялікімі дарожнымі магістралямі, нібыта застыў у часе. Ён мае ўсё той жа старажытны ландшафт, які дзякуючы бездарожжу ў наваколлі і амплітуднай рэльефнасці не хутка забудуюць бізнес-цэнтрамі і гіпермаркетамі. Яго жыхары (а іх не стала значна больш, усяго каля 11,5 тыс. чалавек) дагэтуль вітаюцца на вуліцах з усімі прахожымі. Яго храмы і манастыры пакрытыя векавым, а можа нават яшчэ тым, апакаліптычным пылам. На сцяне аднаго з іх – кармеліцкага – унікальныя для храмавага жывапісу фрэскі: «Разня Трубяцкога» і «Забойства ксяндзоў». Але ці хутка возьмуцца рэстаўратары за аднаўленне хоць аднаго з гэтых касцёлаў, пад якімі апроч усяго – шматузроўневыя падземныя хады? Відаць, адказ на гэтае пытанне прыходзіць, калі заўважаеш, што драўляны паркан на ўпарадкаваным Замчышчы нізкаваты і не абмазаны глінай. Ці магчыма было за такім вытрымаць двухмесячную аблогу, як гэта зрабілі мсціслаўцы, напрыклад, у 1659 г.? Не выглядае на тое. Але не будзем спяшацца расчароўвацца ў саміх жа сабе. Усё сапраўднае не робіцца хутка.

Літаратура

1. Алексеев, Л. Смоленская земля в IX–XIII вв. – М., 1980. – 260 с.

2. Аляксееў, Л. Старажытны Мсціслаў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. –1971. – № 1. – С. 25–31.

3. Краснянский, Вл. Мстиславль (Могилевской губернии). – Вильна, 1912. – 99 с.

4. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў XII–XVIII стст. – Мн., 2010. – 664 с.

5. Ткачев, М. Замки Беларуси. – Мн., 2002. – 200 с.


comments powered by HyperComments
Читайте также
23.07.2003 / просмотров: 19
Что уж тут говорить, серьезную конкуренцию многим странам в сфере туризма мы если и составим, то, очевидно, не скоро. По вполне понятным объективным...
23.07.2003 / просмотров: 10 434
Одесса… Удивительный город! Даже не знаю, с чего начать рассказ о нем… С того, что почти вся его старая часть построена 160—200...
03.09.2003 / просмотров: 18 421
Генеральный план г. Могилева Опорный план г. Могилева Транспортная инфраструктура г. Могилева Город и его архитектурно-художественный образ Город...