Вы здесь

Мастацкі “эксклюзіў”

З’яднаць жывапіс з архітэктурай – адна з найцікавейшых і таямнічых спроб у гісторыі мастацтва. І сапраўды, калі карціна ў раме ўпрыгожвала толькі прастору памяшкання, жывапіс, што клаўся на мур, здавалася, будзе мець падвойную мастацкую моц, бо выйдзе за абмежаванасць сцяны. Такія спробы мелі месца і ў Грэцыі, і ў Егіпце, і ў Рыме, але не заўсёды завяршаліся паспяхова. Толькі перыяд італьянскага Рэнесанса зрабіў мастацтва “мураванага жывапісу” сапраўды вялікім. І Рафаэль, і Леанарда, і Джота стварылі геніяльныя творы насценнага мастацтва і таленавіта з’ядналі архітэктуру з жывапісам.

Аднак гэта быў пераважна жывапіс унутранай прасторы – інтэр’ераў. Калі мастак спрабаваў зрабіць тое ж самае ў экстэр’еры, на фасадзе будынка, – ён не дасягаў патрэбных вынікаў. Толькі грэка-візантыйскае мастацтва храмавай архітэктуры мела ў дадзеным накірунку пэўныя поспехі, але жывапіс “абмяжоўваўся знутры” – гэта быў часцей за ўсё іканапіс.

У ХХ стагоддзі, калі архітэктура страціла свой дэкор і канструкцыйная плоскасць мураў набыла гладкасць і лаканічнасць, мастакі зноў прыйшлі ў дойлідства. Так узнікла група “муралістаў” – мексіканскіх мастакоў – Ріверы, Ароска, Сікейраса. Гэта быў час рэвалюцыйных змен – у грамадстве, свядомасці, мастацтве.

Нашы мастакі таксама імкнуліся да сінтэзу з архітэктурай: віцебскі авангард пачатку ХХ стагоддзя зараз вядомы ўсяму свету менавіта за “імкненне да паветра”. Аднак далейшае развіццё пайшло іншым шляхам – архітэктура “супакоілася”, яна ўвайшла ў традыцыйныя неакласічныя берагі. І ўсё ж жаданне мастакоў маляваць свае творы на мурах засталося. І прыклад такой працы, дзякуй богу, захаваўся дасюль – у нашым Мінску.

На пачатку ХХ стагоддзя на вуглу вуліц Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава) і Пецярбургскай (цяпер зав. Міхайлаўскі) была пабудавана гімназія Рэймана. Адкрытая цагляная паверхня сцен, напластаванасць стыляў (FUSION, як кажуць сёння), эстэтычная вытанчанасць мадэрну – усё з’ядналася ў гэтым будынку.

Надышлі новыя, савецкія часы, гімназія стала жаночай школай № 9. Аднойчы сюды прыйшоў сапраўдны мастак і выканаў на сценах цудоўны фрэскавы роспіс, які захаваўся і да сёння. Паглядзіце ўверх, і ў нішах машыкуляў паміж трэцім і чацвёртым паверхамі вы ўбачыце невялічкія фрэскавыя карціны. Тэмы іх традыцыйныя для савецкага мастацтва – вера ў росквіт жыцця, у веды, тэхніку, навуку, у гонар працы.

На жаль, нам невядома, хто стварыў гэтыя маленькія шэдэўры – своеасаблівы “мастацкі эксклюзіў”. Яны, хутчэй за ўсё, належаць да мастацкай школы Майстэрні манументальнага жывапісу, што працавала ў СССР у 30–40-я гады мінулага стагоддзя і была звязана з імёнамі Л. Бруні і В. Фаворскага.

Магчыма, сёння ў Беларусі і не засталося больш такога цікавага архітэктурнага жывапісу. І ад нас залежыць, каб гэтыя творы захаваліся і жылі далей.

 

 

 

 

 

Читайте также
14.04.2005 / просмотров: [totalcount]
“Быть или не быть” промышленным предприятиям в центральной части города? Этот вопрос, на первый взгляд, решается однозначно –...
21.10.2005 / просмотров: [totalcount]
Посвящается Н.С. Национальные традиции в монументальном искусстве Беларуси в 20—30-е годы ХХ столетия …И памятник как будто ожил, Как...
23.05.2008 / просмотров: [totalcount]
Трудно переоценить значение художественных открытий авангарда в развитии модернистской архитектуры первой половины ХХ в., экспериментальных поисках...