Вы здесь

Паэтыка дзедаўскіх сцежак...

Навагрудак і Навагрудчына, Навагрудчына і Панёманне. У чым іх сэнс і сутнасць, агульнае і суадноснае, асноватворнае і вытворнае? Якое значэнне для сённяшняга дня і будучай бытнасці мае гэты гісторыка-культурны рэгіён і яго цэнтр?

Ужо прыродна-ландшафтныя стасункі вылучаюць гэты край як незвычайны, адметны для Беларусі. Навагрудскае ўзвышша і прамянямі злучаныя з ім Ваўкавыская і Капыльская грады натуральна абазначаюць мяжу паміж суседнімі прыродна-ландшафтнымі і гісторыка-культурнымі рэгіёнамі: Панёманнем і Палессем. Навагрудскае ўзвышша падзяляе і дзве унікальныя прыродныя правінцыі: Налібоцкую пушчу на ўсходзе і Ліпічанскую — на захадзе. Налібоцкая пушча — гэта прасторная нізіна поплаваў Заходняй Бярэзіны і Нёмана. Гэта прасторы ад Міра да Валожына, ад Вішнева да Іўя. Ліпічанская пушча абмежавана з поўначы і захаду Лідскай раўнінай. Гэта поплаўныя нізіны Моўчадзі і Шчары, Гаўі і Дзітвы. Перапад вышынь паміж поплавам Нёмана і гарою Замкавай у Навагрудку — больш за сто метраў. Узвышша і водападзельныя грывы, надпоплаўныя тэрасы і поплаўны дол ствараюць чароўныя краявіды. На даляглядах, нібы зялёныя астравы, поплаўныя гаі і дубравы, сінеюць занёманскія бары.

Мясцовыя тапонімы прасякнуты назвамі, вытворнымі ад жывой прыроды. Сярод лясных урочышчаў ёсць Лісіныя Норы, Дубрава, Забаброўе, Паддуброва, Голы Бор, Папковіцкі Лес, Пасека, Карчы і г.д. Сярод назваў вёсак — Ператокі, Паўбераг, Забалаць, Стары Лес, Залясоўцы, Налібокі, Масцішча. Звяртаюць увагу назвы Гарадзечна і Сялец, Слабодка і Навасёлкі, Будныя і Рудка.

Таямічыя сцежкі Налібоцкай пушчы. На паўночны ўсход ад Шчорсаў — суцэльныя лясы. Дарогі са Шчорсаў і Панямоння да Налібок ідуць праз урочышча Графская пушча, памерамі 10 на 14 кіламетраў. Сосны ды бярозы, балоцістыя імхі, цёмная вада рэчкі Чорнай з хiсткім мастком. За рэчкай — урочышча Чырвоны Бор, крыху водбач — урочышча Свяшчэнны Калодзеж. Ніводнай вёскі. Толькі праз пяць кіламетраў, за лясным балотам — хутар Прудзішча з двух двароў. Рэчка Блюшка ўпадае ў возера Крамень, з якога выцякае рэчка Краменька. Кіламетры за тры, на поўнач ад Прудзішча, на лысым лясным пагорку— адзінокі двор без назвы. За ім — грэбля, кіламетры чатыры, і нарэшце дарога да мястэчка Налібокі.

Мястэчкі Шчорсы, Налібокі, Любча і Забярэзь пазначаюць межы найбольш глухой часткі Налібоцкай пушчы. Рэдка, там-сям бачны глухія лясныя хутары Казлоў Барок, Броднае, Боркі, Шубін, Галяндзерня, Барысаўка. Амаль у цэнтры гэтых суцэльных лясоў, ля сутоку Жоўці — Нёманскага і Шубіна-Нёманскага каналаў, вёска Клецішча, на скрыжаванні лясных дарог з Налібок на Любчу і з Рудні Налібоцкай на Клецішча. Рудня Налібоцкая — два двары ля ўрочышча Гразнае Балота. На захад — урочышча Рыгораў Барок, за ім — хутары Гадзень, Дзяруны, Барсучча. Далей урочышча Голае Балота, хутар Сухі Барок. Навокал, на топкай дрыгве — сасна з альхою. Ля сутоку Іслачы і Бярэзіны, за Каралёвым урочышчам — мястэчкі Бакшты і Забярэзь.
Паміж Шчорсамі і Гурцом, абапал поплаву Сервечы, наадварот, вёскі часам цягнуцца суцэльнай лініяй: Лясок, Краснае, Балотца, Лозкі — на 12 кіламетраў. Ля сутоку Нёмана і Ушы — Яромічы, Сіняўская Слабодка, Вялікая і Малая Абрына, Балоцічы, Спарычы, Зарэчча — у адну нітку кіламетраў на дзесяць. А паміж імі — урочышчы Зялёны Груд, Бераг, Коўчына, Забабкіна, Азнішча.

Тапаніміка Навагрудчыны — сапраўдны скарб гістарычных назваў, з яркімі этнаграфічнымі, фальклорнымі, патранімічнымі, міфалагічнымі і прыроднымі прыкметамі. Гэта невычэрпная крыніца для краязнаўства, мясцовых падарожжаў школьнікаў і моладзі па сцежках хутароў і засценкаў, урочышчаў і гаёў, лясных азёр і крыніц.

У Навагрудку скрыжоўваецца павуцінне дарог: з Руды, Бярозаўкі, Уселюба, Любчы, Карэліч, Воўкавіч, Валеўкі, Наваельні, Сяцевіна. Многія з іх ляжаць на буйных старажытных, далёкіх і блізкіх транзітных шляхах. У сярэдзіне XVI ст. тут перасякаліся прамыя шляхі з Гародні, праз Скідаль, Шчучын, Жалудок на Мір, Свержань, Магільна і далей на Мiнск, Свіслач — Рагачоў, Нясвіж, Клецк, Пінск, а таксама з Вільнi праз Ашмяны, Геранёны, Іўе на Слонім, Кобрын, Брэст. Гэта быў буйны стратэгічны трансеўрапейскі шлях з Лівоніі на Валынь, які і сёння звязвае Прыбалтыку і Балканы (сучасная магістраль Рыга — Вільнюс — Ліда — Дзятлава — Слонім — Пружаны — Камянец — Брэст).

Навагрудак, у мінулым рэзідэнцыя вялікіх літоўскіх князёў, сталiца княства з буйным замкам дзяржаўнага значэння, доўгі час быў цэнтрам, да якога сыходзіліся дарогі з Гальшан, Трабаў, Геранён і Ліды; з Мышы, Слоніма і Здзяцёла; з Міра, Свержаня, Магільна, Нясвіжа і Клецка. Кампактнае размяшчэнне на Навагрудчыне такой колькасці замкаў тлумачыцца яе важным стратэгічным значэннем.

Кожная гістарычная эпоха для Навагрудчыны — векапомная, адметная гераічнымі здзяйсненнямі. Тут разгарнуліся грандыёзныя і драматычныя падзеі першых тыдняў Вялікай Айчыннай вайны. У лясах Налібоцкай пушчы мужна змагаліся воіны Чырвонай Арміі, прабіваліся з акружэння з упартымі і жорсткімі баямі. Гэта быў сапраўды партызанскі край.

Навагрудчына сёння — унікальнае комплекснае прыродна-ландшафтнае і гісторыка-культурнае асяроддзе, лакальны эколага-культурны рэгіён. Мэтазгодна стварэнне тут дзяржаўнай ахоўваемай тэрыторыі, скажам, “Навагрудскі край”. Тэрыторыя, у сваю чаргу, можа мець пэўныя ландшафтна-тэрытарыяльныя зоны: Налібоцкая i Ліпічанская пушчы, Навагрудскае ўзвышша, рэкі і азёры Навагрудчыны. У сістэме зон магчыма стварэнне комплексных турыстычных маршрутаў: прыродных, мемарыяльных, гістарычных, архітэктурных, краязнаўчых.
Прыродна-ландшафтныя маршруты будуць натуральна арыентаваны на возера Свіцязь, Нёман і яго прытокі, поплаўныя дубравы, узвышшы з прыгожымі відарысамі, таямнічыя паляны і глухія куткі пушчаў.

Гістарычныя маршруты — гэта дарогі краю, дарогі замкаў, сцежкi векапомных падзей, помнікі і памятныя мясціны Вялікай Айчыннай вайны.

Мемарыяльныя маршруты ўмоўна могуць скласці шляхі Адама Міцкевіча, сцежкі Храптовічаў і Нарбутаў, Чачота і Сыракомлі.

Помнікі горадабудаўніцтва і дойлідства Навагрудка, Любчы, мястэчак і сёл краю абазначаць архітэктурны маршрут (дарогі замкаў; помнікі готыкі рэнесансу і барока; палацы і паркі Навагрудчыны, Навагрудскія святыні і г.д.).

Надзвычай цікавымі могуць стаць краязнаўчыя сцежкі. Іх утворыць сістэма новых тэм: тапонімы і ўрочышчы, прошчы і ростані, месцы спаткання, стары млын і “шведская гара”, “дуб Міцкевіча”, хутары сярод пушчаў, сцежкі міфаў і паданняў, вобразаў міцкевічаўскіх паэм.
Асобнай увагі заслугоўвае стварэнне маршрутаў па гістарычных вёсках і мястэчках краю. Гэта будзе мець вялікае асветніцкае, выхаваўчае і пазнавальнае значэнне.


 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Гольшаны, пожалуй, единственное в Беларуси местечко, которое сохранило свое архитектурное лицо. Что ни дом — то бывшая мастерская, или лавка, или...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Одесса… Удивительный город! Даже не знаю, с чего начать рассказ о нем… С того, что почти вся его старая часть построена 160—200...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
История безжалостна к мелочам. В области архитектуры она, в лучшем случае, оставляет следы отдельных наиболее капитальных и значительных сооружений...