Вы здесь

Насуперак стэрэатыпам: Працы на Крэўскім замку

27.12.2004 10:28
Просмотров: 6 489
Версия для печати
Славутае мястэчка

Крэва — невялікае мястэчка пад Смаргонню ў Гродзенскай вобласці. Чаго толькі не бачыла яно ў сваім жыцці: крывавыя ахвяры літоўцаў-язычнікаў і хрысціянскія набажэнствы, каралеўскае братазабойства і падпісанне эпахальнага для Еўропы пагаднення, кровапралітныя войны, паўстанні і працоўныя будні. На працягу свайго існавання мястэчкам кіравалі літоўскія князі (Альгерд, Ягайла), самі мясцовыя жыхары-беларусы (пасля атрымання Крэвам магдэбургскага права ў 1559 г.). Крэва, якое стала ў XIII ст. цэнтрам балцкага Нальшанскага княства, уваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага (дзяржавы з беларускай дамінацыяй), Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Польшчы, БССР, знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Кожная эпоха штосьці пакінула пасля сябе на Крэўскай зямлі. Старажытнае гарадзішча (XIII ст.), язычніцкае капішча і культавыя камяні (яшчэ больш даўніх часоў), касцёл (XX ст.), царква (1854 г.), нямецкія дзоты 1-й сусветнай вайны, брукаваныя вулачкі (з польскага часу), старыя могілкі, абеліск у гонар крэўскіх жыхароў, якія ваявалі падчас 2-й сусветнай вайны, сінагога і ...

Замак

Менавіта замак перш за ўсё нагадвае нам сёння пра былую веліч Крэва. Гедымін пачаў будаваць яго ў канцы XIII ст. Большая вежа (так званая Княская, ці вежа Кейстута) на паўднёвым рагу крэпасці мела тры (па некаторых дадзеных — чатыры) ярусы і была каля 25 м у вышыню. Яна выступала за сцяну грузным масівам, што павялічвала яе абарончае значэнне. Таксама яна служыла жыллём. Пакоі князя размяшчаліся на другім паверсе. Сцены тут былі распісаны фрэскамі. У ніжэйшым ярусе знаходзілася сутарэнне для вязняў. У плане вежа амаль квадратная (10ґ11,5 м). На вышыню трох метраў яна складзена з валуноў, а ў верхняй частцы — з цэглы. Другая вежа была крыху ніжэй Княскай — 16 м. Ад яе да брамы ў паўночнай сцяне (цяпер амаль цалкам разбурана) вяла брукаваная дарога.
Замкавыя сцены стваралі ў плане няправільны прамавугольнік. Фундамент паглыблены на 5–7 м, бо з-за балоцістай глебы дакопваліся да цвёрдай мацерыковай пароды. Даследчык замка археолаг Ігар Чарняўскі заўважыў, што пры будаўніцтве роў пад замкавы фундамент быў абязводжаны — камяні цесна і акуратна падагнаныя адзін да аднаго, што было б немагчыма, калі б валуны проста пакідалі ў ваду. А грунтавыя воды каля замка знаходзяцца вельмі высока. Застаецца здзіўляцца, якім чынам старажытныя муляры здолелі абязводзіць роў глыбінёй у некалькі метраў. Першапачатковая таўшчыня сцен была больш за два метры. Некаторыя валуны ў муры маюць метр у дыяметры. Вышыня замкавых сцен дасягала 13 м, а на ўзроўні 10 м уздоўж сцен цягнулася баявая галерэя, якая яднала вежы замка. У замкавым двары знаходзілася паселішча. Акрамя сажалкі, тут былі драўляныя хаты, разнастайныя гаспадарчыя пабудовы. У замку пастаянна жылі княскія ваяры, а падчас аблогі ўсё мясцовае насельніцтва хавалася за яго сценамі.
Калі б гэтыя сцены маглі гаварыць, яны распавялі б шмат цікавага і таямнічага. Бо яны бачылі, як быў задушаны князь Кейстут, як з яго сутарэнняў уцёк вялікі князь Вітаўт, уратаваўшыся ад гэткай жа долі, тут вялікі князь Ягайла ў 1385 г. падпісаў Крэўскую ўнію, гістарычнае значэнне якой успрымаецца неадназначна і сёння. Замак штурмавалі мяцежны князь Свідрыгайла (1433 г.), крымскія татары (1503– 1506 гг.), маскоўскае войска (1519 г.), яго выкарыстоўвалі ў якасці фартыфікацыі падчас 1-й сусветнай вайны.

Легенды і паданні

Мясцовыя жыхары распавядуць вам мноства легенд, звязаных з Крэвам і Крэўскім замкам: пра царкву, што правалілася пад зямлю з-за грахоў людскіх; падземныя лазы, якія вядуць да самай Вільні; пра зачараваную прыгажуню, замураваную ў замкавай сцяне. Як сцвярджаюць тутэйшыя насельнікі, пасля заходу сонца замак ажывае. Можна пачуць удары молата па кавадле, каля ўваходу ў замак чуваць бразганне ланцугоў пад’ёмнага моста, які даўно ўжо не існуе. Калі прыкласці вуха да сцяны, чуецца конскае ржанне і пошчак капытоў. А калі ўладарыць ноч, можна ўбачыць дзіўныя цені на замкавых сценах. Таямніцы сівой даўніны замак хавае і дагэтуль.

Перспектывы

Акрамя вялікага гістарычнага і культурнага значэння замак і іншыя помнікі ў Крэве з’яўляюцца прадметам інтарэсу шматлікіх турыстаў. Мястэчка знаходзіцца ў цэнтры “культурнага трохвугольніка” Вільня–Мінск–Гродна. Часам сюды прыязджаюць па 15 турыстычных аўтобусаў на дзень, у тым ліку і замежных. Аднак інфраструктура Крэва пакуль не адпавядае статусу турыстычнага цэнтра: некалькі крамаў з невысокім узроўнем сервісу, пошта і поўная адсутнасць кавярняў. Але галоўнае тое, што ад замка застаецца ўсё менш і менш. Дождж, снег i вецер не шкадуюць старых муроў. Разбураюць замак i турысты, якiя дзеля лепшага фотаздымка стараюцца забрацца як мага вышэй на старыя сцены цi адколваюць каменьчык сабе на памяць. Становішча замка патрабуе тэрміновай кансервацыі. Апошняя была праведзена ў 1929–1930-я гг. польскімі спецыялістамі.
Ламанне стэрэатыпу
Каб зрабіць Крэва сапраўдным турыстычным цэнтрам, які б прыносіў прыбытак, вярнуць замку былую веліч, неабходна прыкласці шмат намаганняў. Перш за ўсё трэба было зламаць стэрэатып — стэрэатып аб нядбайных беларусах. Маўляў, “літоўцы — малайцы, клапоцяцца пра сваё, не тое, што мы, беларусы, якім і справы няма да розных там замкаў на сваёй зямлі” (словы жыхаркі Крэва).
Першы крок ужо зроблены. Створаны прэцэдэнт — рэстаўрацыя замка XVI ст. у Любчы, якую распачалі два гады таму студэнты архітэктурнага факультэта БДПА. Ужо амаль адрэстаўравана галоўная вежа і ў бліжэйшы час пачнецца аднаўленне сцен. У замку плануецца стварыць музей.
Гэты прыклад даў свой плён, і летась студэнты БДУ культуры (гісторыка-краязнаўчае таварыства “Этна”) і БНТУ (Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў) распачалі кансервацыю Крэўскага замка і працы па стварэнні музея. На працягу адзінаццаці дзён у Крэве працавала каля 50 валанцёраў. Усё неабходнае набывалася на ўласныя сродкі. Дапамагалі таксама мясцовыя ўлады, жыхары Крэва. Але самае галоўнае тое, што людзі, папрацаваўшы на карысць роднай культуры, адчулі сябе здольнымі змяніць сітуацыю з архітэктурнымі помнікамі ў лепшы бок без гучных слоў пра фундатараў і замежныя гранты, паверылі ў магчымасць вяртання былой спадчыны.
Праект адраджэння Крэўскага замка, як і іншыя, падобныя на яго, — доўгачасовы. Працы плануецца праводзіць кожны год. Шмат хто са студэнтаў ужо зразумеў, што з падобнай дзейнасцю ён звяжа сваё жыццё. Няварта збочваць, толькі стаўшы на дарогу. Стэрэатып ужо зламаны. Заржавелая машына рушыла з месца. Час збіраць камяні і... цягнуць на замак!


comments powered by HyperComments
Читайте также
02.09.2003 / просмотров: 5 933
 Вехи жизни и творчества Родился в Минске 1 мая 1932 г. Окончил архитектурное отделение Белорусского политехнического института в 1959 г....
02.09.2003 / просмотров: 6 997
Подведены итоги 1-го республиканского конкурса "Дизайн интерьеров. Идеи и реализации", организованного салоном итальянской мебели "...
02.09.2003 / просмотров: 14 479
В преддверии очередного, XVIII съезда Белорусского союза архитекторов, который состоится 6–7 июня текущего года, мысли всех, кто так или иначе...