Гродна – напэўна, адзіны горад ва ўсёй Беларусі, дзе гісторыя яшчэ жыве на плошчах, вулачках і ў храмах, а не ў музейных сховішчах і архівах. Гэтаму гораду шанцавала: яго менш пляжыла авіяцыя падчас вайны, тут з нейкай прычыны не набылі шырокага размаху ідэалагічныя чысткі помнікаў архітэктуры. І як вынік – кожны з нас можа назіраць зараз амаль цэльны комплекс старажытнага горада з замкамі, касцёламі, цэрквамі і жылой забудовай.
Аднак не заўсёды старое лёгка ўжываецца з сучасным. А іншы раз такое суседства ўвогуле перарастае ў барацьбу за існаванне, што і даказала планавая рэканструкцыя Гродна, найбольш актыўны этап якой пачаўся з вясны 2006 г. За гэты час было зменена аблічча Савецкай плошчы, адрамантаваны мост паміж двума замкамі, вядзецца работа па стварэнні транспартнай развязкі, плануецца рэстаўрацыя Каложскай царквы. Справа, здаецца, добрая – большасць старых і гістарычна важных будынкаў у Гродне патрабуюць дагляду і рэстаўрацыі. А пытанне аўтамабільнай развязкі ўвогуле стаіць вельмі востра: горад расце, расце і колькасць машын. Ужо звыклымі сталі вялікія пробкі на гарадскіх дарогах. Такім чынам, перад мясцовымі ўладамі паўстала пытанне суіснавання двух вельмі розных сусветаў: старажытнага горада і сучаснага абласнога цэнтра. Аднак, гледзячы на ўжо зробленае, ствараецца ўражанне, што работы вядуцца па прынцыпу: “Старое павінна саступіць новаму”, і на гістарычную памяць амаль не звяртаюць увагі, задаволіўшыся вырашэннем надзённых, прагматычных пытанняў.
Найперш, па Савецкай плошчы. Тое, як яна зараз выглядае – гэта пытанне эстэтычнага густу (яе павялічылі за кошт дарогі, высеклі цэлы сквер, што зрабіла плошчу непамерна вялікай), і тут навязваць нейкія меркаванні няправільна. Але як праводзілася добраўпарадкаванне – ужо пытанне іншае. Гэта самы цэнтр горада. На гэтай плошчы горад жыў з часоў сярэднявечча, пакінуўшы пасля сябе ў зямлі безліч каштоўных артэфактаў. А будаўнічыя работы на ёй праводзілі без належных археалагічных раскопак. І багацейшы гістарычны матэрыял больш чым пяці стагоддзяў горада знік у нікуды. Будаўнікі самі прыносілі гісторыкам кафлю XVII ст., якую знаходзілі пад каўшамі сваіх бульдозераў. А калі б не ўмяшальніцтва грамадскасці, то ў друз пераўтварыўся б і падмурак палаца Радзівілаў, які некалькі дзесяцігоддзяў хаваўся пад асфальтам Савецкай плошчы. Праекціроўшчыкі чамусьці не ўлічылі унікальнасці аб’екта, і адзін з пешаходных пераходаў павінен быў прайсці якраз па рэштках палаца. Аднак у гэтай сітуацыі ўдалося спыніць разбурэнне, і пешаходны пераход праклалі трохі наўзбоч. Падмурак збольшага захаваўся, а гэта значыць, што ёсць магчымасць аднаўлення будынка. А вось старой брукаванай дарозе XIX ст. пашанцавала меней (яна таксама шмат часу ляжала пад асфальтам). Яе разабралі. Наконт гэтых і іншых парушэнняў гарадзенскім будаўнікам была зроблена афіцыйная крытычная заўвага ў выглядзе прадпісання № 001 ад 17.04.2006 г. Міністэрства культуры за подпісам першага намесніка міністра культуры У.П. Рылатка.
Яшчэ больш груба праводзіліся работы ў іншых частках Гродна: знесена пажарнае дэпо XIX ст. (таксама моцна парушаны культурны слой), разабралі стары млын, у парку імя Жылібера знішчана значная колькасць старых дрэваў, разбурана некалькі дамоў XIX ст. у розных частках горада.
Вялікія пярэчанні выклікаюць таксама і будаўнічыя работы па вуліцы Горкага. Там да нядаўняга часу захоўвалася вельмі цікавая забудова 30х гадоў XX ст. у стылі канструктывізма. Цагляныя і драўляныя дамы ўтрымлівалі памяць пра асобную эпоху з гісторыі горада, хоць і не былі па розных прычынах уключаны ў Спіс гісторыкакультурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Што самае галоўнае, будынкі разам з прылеглымі вулачкамі ўтваралі цэласны архітэктурны комплекс. Увесну бягучага года некалькі будынкаў было зруйнавана для пашырэння праезджай часткі, а восенню знеслі найбольш яскравы, характэрны для сваёй эпохі і свайго стылю дамок (крама “Гарачы хлеб”, 1928 г.), хоць за яго прасілі і краязнаўцы Гродна, і мясцовыя жыхары, і адпаведныя дзяржаўныя ўстановы, і грамадскія арганізацыі. Дом нібыта ствараў небяспечную сітуацыю для вадзіцеляў, што паварочвалі з вуліцы 17га верасня на вуліцу Горкага. Абсалютна не адмаўляючы ўсіх праблемаў гэтага раёна (старая, малапрыдатная для рамонта забудова, сапраўдная небяспека на скрыжаванні дзвюх вуліц), усёткі цяжка прыняць такія дзеянні мясцовых уладаў, калі дзеля задавальнення сучасных патрэбаў знікае цэлая эпоха з жыцця горада.
Але самае галоўнае – будаўнікі плануюць правесці новую шматпалосную дарогу па вуліцы Давыда Гарадзенскага, засыпаўшы частку унікальнага ландшафту старажытнай ракі Гараднічанкі. Новазбудаваная дарога разам з іншымі транспартнымі аб’ектамі (гарадзенскімі ўладамі запланавана пашырэнне старога моста і інш.) утвораць такую транспартную сістэму, пры якой галоўныя транспартныя развязкі будуць знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, павялічыцца транспартная нагрузка на старыя вузкія вулачкі. Папершае, гэта – парушэнне Закона аб ахове гісторыкакультурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, артыкул аб ахоўных зонах. Падругое, Генеральны план г. Гродна 2003 г., падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, прадугледжвае разгрузку гістарычнага цэнтра ад транспарту, паступовае ператварэнне старых вулачак у пешаходныя зоны, як гэта зроблена ў Вільні, Кракаве, Брэмене...
Таксама БелНДІПгорадабудаўніцтва неаднаразова даваў афіцыйную негатыўную ацэнку ўжо зробленым працам і планам, якія хочуць рэалізаваць гарадзенскія ўлады ў будучыні:
“Намеченное строительство противоречит требованиям Закона об охране историкокультурного наследия”;
“Ни в одном из названных выше проектов, разработанных УП “БелНИИПградостроительства”, не предусматривается осуществлять “коренную реконструкцию” исторической площади ради упорядочения движения по ней автотранспорта”;
“Движение общественного транспорта (автобуса и троллейбуса) должно быть снято с исторической площади и направлено в обход центрального исторического ядра”;
“В нынешней ситуации старый мост провоцирует загрузку центра транзитным транспортом, что недопустимо. …Расширение этого моста приведет только к ухудшению транспортной ситуации, а кардинальным решением является строительство моста через р. Неман в створе ул. Буденного параллельно железной дороге”
(вытрымкі з ліста № 04/1018 НП РУП “БелНДІПгорадабудаўніцтва” да Міністэрства культуры ад 23.08.2006 г.).
Па словах старшыні гарвыканкама г. Гродна сп. А.І. Антоненкі, сённяшняя рэканструкцыя Гродна – часовае вырашэнне транспартнага пытання ў горадзе, і прыкладна праз 20 год гістарычны цэнтр Гродна будзе адпавядаць генеральнаму плану (сп. А.І. Антоненка апеліруе да таго, што генеральны план горада мае стратэгічны характар). Але, як сцвярджае практыка, новазбудаваныя дарогі і развязкі ўжо назаўсёды застаюцца, і “выправіць” гістарычны цэнтр горада ў адпаведнасці з разумна прапрацаваным і зацверджаным генеральным планам вельмі складана. Таму пасля ўжо выкананых прац робіцца яго “карэкціроўка”. Такім чынам узаконьваюцца ўсе навабуды і так званае “часовае вырашэнне” становіцца канчатковым.
Пытанне новай дарогі і транспартных развязак зараз найбольш хвалюе людзей, зацікаўленых у захаванні гісторыкакультурнай спадчыны Гродна. Вырашальным момантам у гэтай гісторыі будзе разгляд дадзенага пытання на Беларускай рэспубліканскай навуковаметадычнай радзе па пытаннях гісторыкакультурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Намеснік старшыні Упраўлення па ахове гісторыкакультурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сп. І.М. Чарняўскі паведаміў, што паседжанне рады па гэтым пытанні адбудзецца ў студзені 2007 г.
Гісторыю ў Гродне можна забіць, бо там яна яшчэ жыве. І тыя рэчы, якія недасведчанаму чалавеку здаюцца дробязямі (аскепкі кафлі з будаўнічай яміны, пашарпаны цагляны дамок 1930х гг.), насамрэч уяўляюць сабой вялізнае значэнне для захавання сутнасці месца. Бо Дух Горада – гэта не велізарныя плошчы і шырокія вуліцы, а тыя месцы, якія набрынялі гісторыяй стагоддзяў. І менавіта ў гэтым горадзе яны павінны захоўвацца як мага ашчадней. Бо Гродна – наш білет у еўрапейскую цывілізацыю, які мы, на вялікі жаль, паціху губляем.