Вы здесь

Прывід сталінскай эпохі ажыў у самым цэнтры Мінска!

Дарагі чытач, ты клікнуў па загалоўку, бо пабачыў здымак з цікавым наватарскім дызайнам? Я цябе падмануў. Наўмысна. Гэты матэрыял пра тое, чаго ў Сталічным універсаме акурат няма.

Доўга паглядалі жыхары горада-героя на рамонтныя занавесі на адрэзку Філармонія-ЦУМ. Бачылі, як з'явілася інтрыгуюча-салодкая вывеска «Радзівілаўскі» (прыемна ж, што айчынная гісторыя такім вось чынам вяртаецца на цэнтральныя вуліцы), доўга хадзілі ўзджоўж і ўпоперак мінчукі каля даўно знаёмай крамы. Ды раптам – бац! Адкрыццё універсама «Сталічны»! Ласкава запрашаем! Крамны комплекс (з бістро і дзіцячай кавярняй), выцягнуты на даўжыню ўсяго жылога дома на праспекце Незалежнасці, нарэшце адчыніў дзверы.

Ужо падчас рамонту мяне напружваў замагільна чорны, цяжкаважны мармур у афармленні фасада. Выглядала як гіпермаркет рытуальных паслугаў, стацыянарны катафалк. Але я забраў гэтыя словы назад... узімку. Так, нечакана маналітныя бліскуча-чорныя панэлі знешняй аддзелкі кантрастам зайгралі з белым покрывам, са сняжком, што так шчодра пакрыў наш край у бягучым годзе. Але вось, прыспеў час мне наведацца і ўнутр, зайсці па кефір і каўбаскі у сей Калізей. Пасля другога наведвання з'едлівы нарыс ужо быў гатовы ў маёй галаве. І вось чаму.

Вы глядзіце тэлевізар на Новы год? Вы можаце не глядзець тэлевізар на Новы год, але вы ўсё адно ведаеце што там будзе: Старыя Песні На Новы Лад. Сем з дзесяці каналаў будзе паказваць, як артысты розных сузор'яў выпяваюць шлягеры мусліма-магамаеўскай эпохі. Гэта іх конь, гэта іх хлеб, гэта іх... параза. Дробная перамога ў сэнсе навагодняга заробку (спяваць савецкія хіты – гэта «стабільняк»), і параза ў перспектыве вечнага, параза іх як артыстаў. Савецкія шлягеры публіка «злопае», можна не сумнявацца. Дык нашто ж рызыкаваць, спяваючы сваё, яшчэ мала вядомае? А раптам - не спадабаешся ў такі святочны для ўсіх момант? Сімвалічна, што я, плюнуўшы на гэтыя танныя выкрунтасы, стаў у навагоднюю ноч глядзець«Броненосец «Потёмкин» - савецкі прапагандысцкі фільм Сяргея Эйзенштэйна 1925 г., прызнаны адным з лепшых кінафільмаў у свеце. І вось жа кантраст: між пустатой шматкаляровага тэле-экрана – і напоўненасцю чорна-белага кіна-палатна, між абрыдлым да немагчымага бляяннем «Надежда — мой компас земной!..» у новым 2013-м - і свежым, эксперыментатарскім кадрам «Браненосца» ў 1925-м. Некаторыя сцэны гэтага фільма – можна пераглядаць як асобны твор мастацтва. І не толькі праглядаць. Розныя пакаленні кінематаграфістаў, а таксама сучасныя «муві-» і «кліп-» мэйкеры, не раз «цытавалі» гэтыя сцэны ў сваіх кіна-пастаноўках. Большасць сучасных гледачоў часам нават не падазрае, што каляска з дзіцём, якая ў фільме выслізвае з рук маці і доўга коціцца з высокай лесвіцы – ужо кацілася ў 1925-м годзе паводле прыдумкі Эйзенштэйна; што салдаты, якія ў кадры няўмольна спускаюцца ўніз па лесвіцы роўным бескампрамісным шэрагам і расстрэльваюць хаатычна бегаючых дэманстрантаў, - ужо ішлі так без малога сто год назад па ўзмаху чараўніцкай палачкі рэжысёра-наватара. І хто б мог падумаць, што чырвоны, палаючы сцяг рэвалюцыі ператворыцца ў... шкадобную, вартую жалю барвовую анучу? Яркую да пошласці, бліскучую – толькі б асляпіць на секунду, ненатуральную – ад першага ўздыха артыста, да апошніх скачкоў па сцэне. Як патлумачыць гэтую дыстанцыю – паміж ідэямі Лангбардта і - дачамі сучасных, «прыбліжаных» да цара баяраў? Паміж вершам Маякоўскага – і сучаснымі гора-літаратарамі, якія стаяць за вяртанне «старога, добрага, савецкага»? Паміж плакатамі ЛЕФа на вытворча-гандлёвую тэматыку - і крамай «Советский» у незалежнай БеларусіXXI стагоддзя? Дзе палягае тая мяжа, што дзеліць жывое, арганічнае ў мастацтве і культуры – ад амярцвелага, коснага? У якім годзе, у якой пяцігодцы, гарачыя, веруючыя ў рэвалюцыю сэрцы раптам ператварыліся ў гранітныя або яшчэ горш - пластыкавыя груша-падобныя артэфакты? Аб гэтым так прыўкрасна напісаў Уладзімір Паперны ў сваім бестсэлеры «Культура 2», што я нават не бачу сэнсу паўтараць тут яго знаходкі, выдаючы за свае. Але думка ў яго простая: любая творчая ідэя – выдыхаецца з цягам часу і становіцца перашкодай для новага дыхання. Любы арганізм з цягам часу касцянее і не дае прабіцца новаму парастку. Гэтым мяне і напужала новае афармленне інтэр'еру Сталічнага універсама.

Фундаментальныя мармуровыя калоны з раслінавымі капітэлямі, масіўныя жырандолі а-ля «па-багатаму», гастранамічны жывапіс на сценах у духу махровага сац-рэалізму, міні-выстава плакатаў на гастранамічную тэму беларускіх мастакоў-афарміцеляў савецкай эпохі, - усё гэта цалкам трапляе ў атмасферу 1930-х гг., калі, як заўважаў Ул. Паперны ў сваёй кнізе, пераважалі менавіта такія, раслінавыя, натуралістычныя матывы, блізкія да жыцця, зразумелыя завадчаніну і сяльчаніну, бо гэтага ад мастака патрабавала партыя. Гэтым мяне і прыбіў, і ўдарыў універсам, так что я з купленай там Кока-колай, адчуў сябе здраднікам радзімы, адэптам загніваючага захаду. Я ўжо было падрыхтаваўся ісці здавацца, ды дай, думаю, напішу апошні нарыс у АіС, аб асаблівасцях сучаснай архітэктурнай эстэтыкі на прыкладзе Сталічнага. Запытаў дазволу сфатаграфаваць інтэр'ер, і - вы ўжо маглі здагадацца - прайшоўшы праз тры ўзроўні адміністрацыі крамы (адзін асабісты кантакт і два – па тэлефоне) – канешне ж, атрымаў адмову. «Рэжымны аб'ект?», - злосна запытаў я на развітанне. Што ж, вельмі заканамерна. Але спадабалася пытанне аднаго з начальнікаў: «А як вы збіраецеся пісаць пра нашу краму?». Я думаю, сказаў бы я «толькі станоўча», усё б у нас склалася са «Сталічным», і замест майго «хлуслівага» фотаздымка ў пачатку, ты, мой чытач, сузіраў бы сам пекноты новага універсаму. Але лёс склаўся так, што хрусь... Не, не хрусь. Яшчэ раз зайшоўшы у бістро «Сталічнага» на гарбатку і прашмыгнуўшы з аднаго канца крамы ў другі, я падумаў, што дызайнер меў рацыю ў тым, што ён патрапіў у стыль самога праспекта Незалежнасці з пануючым тут сталінскім ампірам. Магчыма, у гэтым была яго задума (як я даведаўся ўжо пасля напісання артыкула, мастак Сяргей Еўлампіеў са сваімі хаўруснікамі сапраўды меў мэту аднавіць атмасферу сталінскай эпохі). Што ж тады да яго не адносяцца выказаныя прэтэнзіі, ён справіўся з задачай. Ды, зрэшты, левае крыло гэтага комплекса, засталося пазбаўленым канатацый з савецкім мінулым і прадстала звычайнай сучаснай піцэрыйкай тыпу «Макдональдз», а ў правым крыле – бістро – хоць і пакінуты сталінска-ампірскі пафас і прэстыж, але ў астатнім выглядае даволі прымальна для рэстарану на цэнтральнай менскай вуліцы, які хоча выглядаць прэстыжным, без асаблівых творчых знаходак.

Але нават калі ўлічыць, што неа-сталінскі ампір – гэта свядомая задума дызайнера, то ці здымаецца сама праблема? Давайце пашукаем штосьці прынцыпова новае ў нашым горадзе, у яго афармленні. Ці не ёсць архітэктурная спадчына незалежнай Беларусі спрэс - «перапяваннем» старых надакучлівых шлягераў, апроч рэдкіх выключэнняў? Ці не настаў сёння зноў час «папяровай архітэктуры», якая з-за сваёй навізны і арыгінальнасці, не мае шанцаў на жыццё ў гэтых шыротах? Аднак у вачах у мяне ўжо круцяцца махі цуда-млына, што нядаўна «прызямліўся» пасярод Камароўскага рынку. Новы гандлёвы цэнтр у выглядзе вежы-млына выпраменьвае пазітыў, блішчыць яркімі фарбамі, выдзяляецца формамі, незвычайнымі для Камароўскага балота з яго аднатыповымі паркоўкамі і ўбогімі сваім архітэктурным выглядам гандлёвымі цэнтрамі. Хочацца верыць, што праектаваў не замежнік. Але гэта ўжо тэма для новай размовы.

Фотаздымак – інтэр'ер крамы Stuart Weitzman у Рыме, 2006 г.

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Давайте попутешествуем во времени, «пробежимся» по разным уголкам Земли и пристально вглядимся в свои родные места, полюбуемся и восхитимся...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Туризм – одно из наиболее динамичных явлений современного мира. В последнее время он приобрел колоссальные темпы роста и масштабы влияния на...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
В ряде стран Западной и Центральной Европы формируются природные парки регионального и местного значения, аналогов которым в Беларуси пока нет. Так...