Помнікісведкі старадаўніх і не зусім аддаленых падзей часта сустракаюцца на беларускай зямлі. Спачатку гэта былі звычайныя камяні з выбітымі на іх словамі “ў гонар...” ці “ў памяць...”, затым з’явіліся крыжы, каплічкі, помнікі і мемарыялы... Іх шмат, таму што жахлівых і разам з тым велічных падзей за стагоддзі адбылося нямала. Адна з іх – Першая сусветная вайна.
У мінулым годзе Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт Гродзенскай вобласці правёў адкрыты конкурс на распрацоўку эскізнага праекта мемарыяльнага ансамбля ў памяць абаронцаў Айчыны ў гады Першай сусветнай вайны. І гэта невыпадкова...
Крыху гісторыі
Факты сведчаць, што дзякуючы гераізму салдат расійскай арміі фронт трымаўся на захад ад Мінска, і далей Смаргоні германскія войскі не здолелі прайсці. Акупацыя Беларусі пасля перамір’я ў Солах звязана з іншымі абставінамі.
Праца ў накірунку мемарыялізацыі тых далёкіх падзей, што адбываліся на Смаргоншчыне, вядзецца даўно і мае пэўныя вынікі. Трэба адзначыць, што ў СССР, які стаў спадкаемцам Расійскай імперыі, не назіралася належнай цікавасці да ўшанавання гісторыі гэтай вайны, а таксама памяці яе ўдзельнікаў. У адрозненне ад большасці дзяржаўудзельнікаў вайны ў СССР памяць пра Першую сусветную была прынесена на ідэалагічны ахвярнік, і, паводле трапных слоў паэта, яна засталася ў гісторыі “незнаменитой той войной”. Іншы падыход да яе існаваў у Заходняй Еўропе, дзе адразу пасля заканчэння вайны пачаліся працы па мемарыялізацыі месцаў пахаванняў яе ўдзельнікаў на тэрыторыях былога Заходняга і Усходняга франтоў.
У Беларусі стварэнне мемарыяльных помнікаў праходзіла ў параўнальна кароткі міжваенны перыяд. Развіццё гэтага працэсу было прыпынена Вялікай Айчыннай вайной, а пасля яе заканчэння – актуальнымі патрэбамі ўпарадкавання магіл загінуўшых воінаў Чырвонай Арміі і партызан.
На тэрыторыях, дзе ў 1914–1918 гг. праходзіў Заходні фронт, сітуацыя складвалася зусім іншая. Пра Першую сусветную вайну там памяталі заўсёды. Гэта можна растлумачыць яшчэ і тым, што, напрыклад, Францыя ў Першай сусветнай вайне панесла больш чалавечых ахвяр, чым у Другой. І цяпер 11 лістапада – дзень афіцыйнага заканчэння вайны – адзначаецца там як дзяржаўнае свята. Таму зразумела, чаму ў гэтай краіне рэстаўруюцца старыя помнікі, праектуюцца і ўзводзяцца новыя мемарыяльныя аб’екты.
У СССР праектаванне і добраўпарадкаванне помнікаў і мемарыяльных ансамбляў у гонар загінуўшых у Першую сусветную вайну было хутчэй выключэннем, чым правілам. Ушанаванне подзвігу яе ўдзельнікаў падпарадкоўвалася ідэалогіі, якая нічога агульнага не мела з гісторыяй. Сёння, калі старая ідэалогія саступае месца новай, надыходзіць час хоць часткова выправіць несправядлівасць у дачыненні да вядомых і невядомых герояў і ўдзельнікаў ваенных бітваў.
У міжваенны перыяд у мастацтве ўладарылі мадэрн, артдэко, канструктывізм, таму і помнікі таго часу мелі ў асноўным прыкметы гэтых стыляў. Характэрнай асаблівасцю беларускіх мемарыялаў было выкарыстанне для іх узвядзення мясцовага матэрыялу – гранітных валуноў. Гэта надавала помнікам адметнасць і звязвала іх з народным мастацтвам. Самымі простымі з’яўляюцца помнікі з бетону ў выглядзе крыжа ці пліты з надпісам. Некаторыя з іх выкананы ў форме капліц у 1920я гады. Такі архітэктурны помніккапліца захаваўся на германскіх могілках у в. Дзесятнікі Валожынскага раёна. Ён з’яўляецца цэнтрам кампазіцыі мемарыяла, вакол якога размешчаны бетонныя пліты з прозвішчамі тых, хто тут пахаваны. Ансамбль фіксуе памяць пра загінуўшых вайскоўцаў, і ў гэтым асноўнае яго прызначэнне.
Вобразы памяці
Арганізатары конкурсу ў Смаргоні адразу паставілі некалькі ўмоў. Першая тычылася месца ўстаноўкі мемарыяла – парк на ўскраіне горада. Яго абмяжоўваюць штучнае возера, якое з’яўляецца месцам адпачынку, канал, лесапаркавая зона, прыватны сектар. Прапаноўвалася размясціць комплекс у цэнтры парка і стварыць мемарыяльную зону з улікам правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных памяці абаронцаў Айчыны. Памеры кампазіцыі і габарыты пляцоўкі праектуемага ансамбля павінны быць сумаштабныя і ўвязвацца з горадабудаўнічай і планіровачнай сітуацыяй. Таксама прадугледжвалася ўстаноўка дзевяці памятных знакаў вышынёй да 2 м з тэкстамі.
Смаргонь вядомая з 1503 г., і кожнае стагоддзе пакінула ў ёй свой след. Матэрыяльныя сведчанні Першай сусветнай вайны сустракаюцца тут паўсюль. Смаргонь – гэта Сталінград Першай сусветнай вайны на Усходнім фронце, і ў гэтым яе адметнасць. Праз горад 810 дзён праходзіла лінія фронту. У выніку пазіцыйных баёў 16тысячны горад ператварыўся ў пустэльню. Пасля вайны там засталіся ў жывых толькі 154 жыхары. Цяпер гораду, нягледзячы на тое што буйныя транспартныя камунікацыі знаходзяцца ўдалечыні ад яго, наканавана стаць адным з турыстычных цэнтраў, прысвечаных падзеям Першай сусветнай вайны.
На конкурс было пададзена дзевяць праектаў, якія ў залежнасці ад формы выяўлення можна падзяліць на тры асноўныя групы.
“Анёлы”
Сюжэты гэтай групы адлюстроўвалі пераважна анёлаў, якія трымаюць меч ці крыж. Напрыклад, пераможцы конкурсу скульптар А. Арцімовіч і архітэктар А. Жылінскі прапанавалі выяву анёла з мечам. Другі праект гэтага аўтарскага калектыву прадстаўляў Архангела Міхаіла з крыжам. Такія манументы досыць абстрактныя і універсальныя. Яны не нясуць на сабе адбітку часу і могуць быць прысвечаны любой падзеі. Толькі меч нагадвае пра тое, што падзея звязаная з вайной. Такое вобразнапластычнае вырашэнне помнікаўсімвалаў распрацоўваецца ў мемарыяльнай скульптуры даўно.
Шляхам выявы анёла пайшоў і аўтарскі калектыў у складзе скульптара В. Антановіча і архітэктараў Л. Курзянковай і Н. Мартынавай. Іх анёл выкананы з пэўнай доляй стылізацыі, што з’яўляецца эвалюцыйным момантам у беларускай скульптуры. Меч у руках анёла ўспрымаецца як абсурд – анёлу больш пасуе крыж. Можа, гэта не анёл, а крылаты геній вайны з мечам?
Аўтарскі калектыў у складзе архітэктараў А. Корбута, В. Дражына і скульптара Г. Буралкіна пасвойму трансфармаваў анёла, пакінуўшы толькі два крылы з крыжам пасярэдзіне. Гэтая кампазіцыя мае вобразнае вырашэнне і адрозніваецца ад усіх прапанаваных магутным уздзеяннем на прастору вакол помніка.
Да вышэйназванай тэмы можна далучыць і праект скульптара А. Тухто. Птушкі клінам падымаюцца ўверх, што сімвалізуе герояў, якія ператварыліся, як спяваецца ў вядомай песні, “в белых журавлей”. Памятны знак скульптар вырашыў у форме Георгіеўскага крыжа ў лаўровых вянках.
“Салдаты”
Гэтая тэма выразна пададзена ў праекце С. Аганава: каля праваслаўнага крыжа схіліў галаву самотны салдат рускай арміі.
Салдаты скульптара і архітэктара В. Занковіча адлюстраваны ў момант атакі, але ствараецца ўражанне, што яны быццам бы знаходзяцца ў танцы. Гэты праект адносіцца да помнікаўлозунгаў – кампазіцыя выканана ў традыцыях сацрэалізму.
Праца скульптара А. Арцімовіча і архітэктара А. Жылінскага ўяўляе сабой скульптуру салдата з узнятымі рукамі, які пасылае праклён вайне. Перспектыўнаю падаецца і прапанаваная імі кампазіцыя, асновай сюжэту якой з’яўляюцца бежанцы. Гэтая тэма, дарэчы, наогул мала распрацавана ў беларускай скульптуры. Аўтарскім калектывам прапанавана таксама кампазіцыя “Апалчэнцы” з выявай групы салдат. Памятны знак у двух варыянтах: салдацкі Георгіеўскі крыж умацаваны ў валуне і на вяршыні блока.
“Архітэктурныя” праекты
Да “архітэктурных” праектаў можна аднесці працу скульптара В. Слабодчыкава і архітэктара І. Марозава. Праўда, іх кампазіцыя ў выглядзе шара са скразнымі рэльефамі не мае канкрэтнай прывязкі да месца. Такі праект можа ўдзельнічаць у розных конкурсах.
Праект В. Занковіча ўяўляе сабой калону з двухгаловым расійскім арлом наверсе і тарчы з георгіеўскай стужкай унізе. Цікавая яго прапанова памятнага знака ў выглядзе выбуху. Трэба сказаць, што калона з двухгаловым арлом – добравядомая стылістыка ХІХ – пачатку ХХ ст., якая шырока выкарыстоўвалася ў Расійскай імперыі.
Аўтарскі калектыў у складзе скульптараў В. Мінко, А. Прохарава, А. Сарокіна прапанаваў праект (трэцяе месца) у выглядзе састаўленых шматлікіх крыжоў, што ўтвараюць арку. На яе вяршыні – салдат на каленях, ён пасылае праклён вайне. Тут спалучаюцца помніклозунг з помнікамсведкай. Знамянальна, што ён прысвечаны загінуўшым як з боку расійскай, так і германскай армій, – такі падыход да раскрыцця гэтай тэмы існаваў у міжваенны перыяд.
Другое месца аддадзена аўтарскаму калектыву ў складзе скульптара В. Калясінскага, архітэктара В. Бурава пры ўдзеле архітэктара Н. Абрашкевіч. Яны прапанавалі архітэктурны варыянт доўгатэрміновай комплекснай распрацоўкі ўсёй вызначанай тэрыторыі: стварыць алею ў гонар усіх гвардзейскіх злучэнняў, што бралі ўдзел у абароне горада, а ў цэнтры яе ўстанавіць рэльефы з выявай важнейшых эпізодаў абароны. Гэта помнікнапамін. Аўтарамі распрацаваны таксама знак з картай, на якой пазначаны аб’екты абароны горада. Скульптура ў гэтым праекце больш падпарадкавана архітэктуры. Прадугледжаны таксама музей у выглядзе кліна, які прабівае лінію абароны.
У апошні час у свеце ўсё больш назіраецца тэндэнцыя мінімальнага ўмешвання мастака ў пераўтварэнне ландшафту. Не трэба шмат хадзіць і па Смаргоні, каб убачыць, што ў горадзе засталіся “жывыя” сведкі вайны ў выглядзе нямецкіх дотаў, акопаў, іншых умацаванняў. Захаваліся таксама акопы баявых умацаванняў расійскай арміі.
У лесе побач з месцам, вызначаным для мемарыялу, знаходзяцца дзве фантастычна вялікія варонкі ад выбухаў на нямецкіх пазіцыях. Была тут і трэцяя, зараз засыпаная смеццем. Недалёка ад варонак бачыцца вяршыня засыпанага дота. Варонкі можна добраўпарадкаваць, дот “выцягнуць” з ямы, і яны зноў стануць помнікамісведкамі.
Помнікісведкі прысутнічаюць па ўсёй Еўропе. Яны дапамагаюць сучаснаму чалавеку дакрануцца да былых падзей, як быццам перажыць іх самому. Памятаю, як адзін расійскі турыст выскачыў з машыны, што праязджала каля савецкага дота на былой савецкапольскай мяжы. Потым ён яшчэ прасіў паказаць яму такія збудаванні. Помнікамнапамінам можа быць добра захаваны ландшафт, дзе праходзілі ваенныя падзеі, толькі трэба знайсці тактоўнае архітэктурнамастацкае вырашэнне. Мінулі часы, калі ў ідэалагічных мэтах будавалі гіганцкія манументы. Зараз яны, як, напрыклад, у Брэсцкай крэпасці, адзначаюць пэўныя тэндэнцыі ў развіцці савецкай архітэктуры і скульптуры. Сёння запатрабаваны помнікдакумент, помніксведка, які як нельга лепей гаворыць пра сваю эпоху. Гэтыя артэфакты больш каштоўныя, чым надуманыя фігуратыўныя манументы, трэба толькі іх падкрэсліць ці дапоўніць далікатнымі штрыхамі.
Хочацца спадзявацца, што унікальныя матэрыяльныя сведкі Першай сусветнай вайны будуць захаваныя для нашчадкаў, а мемарыяльны ансамбль паўстане вольным ад былых метафар і ідэалагічных штампаў.