Вы здесь

Былое Лошыцы... Знікае?

Калі мы гаворым пра архітэктуру не толькі як пра будаўніцтва дамоў, а менавіта як пра стварэнне асяроддзя, – выдатна разумеем, што няма нічога лепшага, чым асяроддзе прыроднае. Ва ўмовах сучаснага горада прырода цэніцца яшчэ больш, а дакладней, вышэй за ўсё. Аднак тут паўстаюць пытанні: што лічыць за прыроду – стракатыя клумбы нашых сквераў, вертыкальнае азеляненне, якога ўжо нават і зашмат, ці чэзлыя прысады ўздоўж аўтамабільных магістраляў?

Мяркую, сапраўдную прыроду можна асэнсаваць і адчуць толькі як цэласны арганізм, як комплекс прыродных кампанентаў, якія ўспрымаюцца ўсімі нашымі органамі і пачуццямі: ад вачэй да далоняў і... душы.

Менавіта такі куток у самым урбаністычным целе Мінска шмат дзесяцігоддзяў уяўляў сабою Лошыцкі парк. Гараджан прыцягвае яго багатае на таямніцы гістарычнае мінулае, яго сядзібная архітэктура. І ўсё ж галоўным у Лошыцы – мілым зачараванні вачэй – заўсёды было тое, што яна з’яўлялася зборам цудоўных краявідаў. Тут было ўсё, што ўражвае ў сапраўдным пейзажным парку: курціны і кулісы, дамінанты і баскеты, экзоты і салітэры. У Лошыцкім парку “жылі” нават сапраўдныя руіны – капліцы і млына, якія многія гады вабілі мастакоў, фатографаў, творчую моладзь і проста насельнікаў Мінска. Людзі ішлі сюды не толькі каб уздыхнуць лягчэй “на прыродзе”, але і па рамантычныя мроі, што ахіналі іх, калі яны спускаліся да рачнога чароту, уздымалі ў захапленні вочы на квітнеючую магнолію, прыціскаліся тварам да сапегаўскага 500-гадовага дуба, накіроўваліся да млына ці да сажалкі, дзе быццам з’яўляецца прывід колішняй гаспадыні гэтай сядзібы...

Лёс Лошыцы турбуе… Тое, што робіцца зараз – а тут разгарнуліся вялікія будаўнічыя працы, – можа “паспрыяць” таму, што ў выніку глабальных пераўтварэнняў мы атрымаем не ўзор утульнага рамантычнага пейзажнага парка, а яшчэ адзін ЦПКА – сацыялістычны парк культуры і адпачынку. Толькі замест гіпсавых піянераў будзе бліскацець рэклама “Кока-колы” – розныя па выгляду, але адзіныя па сутнасці ідэалы масавай культуры.

Калі вялікія англійскія майстры XVIII ст. Браун, Кент і Рэптан працавалі над стварэннем пейзажных паркаў, яны добра разумелі, што натуральнае прыроднае асяроддзе нашмат лепей, чым самыя складаныя і правільныя архітэктурныя формы. Беларуская прырода не горш за англійскую, а, можа, у чымсьці і багацейшая. Тое, што яна з дапамогай нашых колішніх калег-архітэктараў уяўляе сабой у Лошыцы, не мае кошту. Гэта сапраўдны цуд, які дазваляе кожнаму з нас, праехаўшы некалькі прыпынкаў на тралейбусе, апынуцца ў казачным свеце. Не ведаю, што лепшае можна стварыць узамен існуючага... Хіба толькі надоўга захаваць гэтую прыгажосць…

Здымкі Лошыцкага парка зроблены ў сакавіку гэтага года. Апошнія?..

 

 

 

 

 

Армэн Сардараў


 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Давайте попутешествуем во времени, «пробежимся» по разным уголкам Земли и пристально вглядимся в свои родные места, полюбуемся и восхитимся...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Туризм – одно из наиболее динамичных явлений современного мира. В последнее время он приобрел колоссальные темпы роста и масштабы влияния на...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
В ряде стран Западной и Центральной Европы формируются природные парки регионального и местного значения, аналогов которым в Беларуси пока нет. Так...