Вы здесь

ЭСТЭТЫКА ДРЭВА

Версия для печати

Кожны будаўнічы матэрыял мае не толькі фізічныя, але і своеасаблівыя эстэтычныя ўласцівасці. Менавіта яны ўплываюць на той мастацкі вобраз, што стварае аўтар таго ці іншага праекта, працуючы з рознымі матэрыяламі. Векавы шлях, які прайшла гісторыя архітэктуры, – гэта таксама і шлях развіцця архітэктурна-будаўнічых матэрыялаў, спосабу іх апрацоўкі і выкарыстання. А яшчэ – эстэтычнай выразнасці, якая заўсёды залежала і залежыць ад узроўню тэхналогіі, месца ў канструкцыйных сістэмах будынка і не ў апошнюю чаргу ад нацыянальна-ментальных асаблівасцяў той ці іншай зямлі, метафізічнага разумення гэтага матэрыялу продкамі і нашчадкамі.

Славянскі свет – лясны свет. Яго існаванне і развіццё на абшарах Усходняй і Паўночнай Еўропы было цесна звязана з безупыннай барацьбой за адкрыццё, заваяванне прасторы. Гэтае адкрыццё азначала паступовую высечку лясоў, выпальванне зямлі, неабходнай для вырошчвання раслін, атрымання ўраджаю.

Лес пры гэтым становіцца ворагам і сябрам адначасова. Ён не дае прасторы, але дае цяпло, ежу і надзейны прытулак. Пра такі бяспечны прытулак піша, напрыклад, «Хроніка Літоўская і Жамойцкая», распавядаючы, што рабілі людзі літоўскія, калі прыходзіў вораг: «...в лесных яскинях ховалися, як в найлепшых скрынях» [1, л. 352].

Першыя дамы славян і балтаў – напалову зямлянкі, напалову шалашы, пакрытыя галлём дрэў. Менавіта лес дае першы будаўнічы матэрыял: «В районах Европы, где поселились, а затем создали свои государства славяне, дерево было не только типичным, но и излюбленным строительным материалом» [2, с. 35].

Таму гэты асаблівы, лясны свет быў галоўным у славянскім жыццёвым асяроддзі, а адносіны да яго вельмі паважлівымі, нават паклоннымі. Вось што піша, напрыклад, візантыйскі гісторык Пракопій Кесарыйскі: «Эти варвары еще в мое время почитали рощи и деревья. По своей варварской простоте они полагали, что деревья являются богом» [3, с. 80].

Адносіны старажытных славян да дрэва адлюстроўвае і той факт, што ў язычніцкія часы менавіта з дрэў рабілі капішчы – месцы паклону язычніцкім боствам, і нават самі ідалы былі драўлянымі. «...выходит каждый из них... чтобы подойти к длинному воткнутому [в землю] бревну, у которого [имеется] лицо...» – піша арабскі вандроўнік Ібн-Фадлан [4, c.70].

Прасачыць развіццё ментальнасці таго ці іншага народа – складаная справа. Але факт уплыву на гэты працэс прыроднага асяроддзя не выклікае сумнення. Так, магчыма, развівалася і ментальнасць беларуса: цясноты лясоў, неабходнасць упартай барацьбы за прастору – і разам з тым еднасць з лесам, дрэвамі, вяршыні якіх імкнуцца ў неба.

З часам тэхніка драўлянага будаўніцтва ўдасканальваецца: ад прымітыўных шалашоў (буданоў) чалавек прыходзіць да зрубнай тэхналогіі. Гэта сапраўды геніяльнае адкрыццё, якое змяніла жыццё і прайшло праз усю будаўнічую гісторыю славян (і не толькі славян!). Эстэтычная і ў той жа час канструкцыйная рацыянальнасць зрубнай тэхнікі і зараз з'яўляецца пэўным мастацка-інжынерным абсалютам. Даследчыкі налічваюць дзесяткі тыпаў разнастайных падоўжных і вуглавых драўляных злучэнняў [5, c. 44–46].

Адначасова са зрубам нарадзілася мастацкая выразнасць драўлянай сцяны: кожны рад бярвенняў мае свой адметны малюнак, адценне колеру. Ён непаўторны – і разам з тым адзіны, трывала аб’яднаны на гарызантальных і вуглавых злучэннях (мал. 1, а, б, в).

Важную ролю ў мастацкім адчуванні матэрыялу адыгрывае і апрацоўка дрэва: кожны з цяслярных інструментаў надае яму нешта сваё, адметнае, у ім знаходзіць аўтарскае выяўленне індывідуальнасць цесляра.

Такім чынам нараджаецца галоўная рыса эстэтыкі сялянскага асяроддзя – пры знешнім падабенстве хат кожная з іх непаўторная. Прыгажосць іх глыбока прыхаваная, і спазнанне яе патрабуе большай зацікаўленасці і часу ўспрымання гледачом. Не дэкаратыўнасцю разьбы ці гармоніяй фарбаў кранае эстэтыка сялянскага дома – яна кранае душу сапраўднасцю прыроднага матэрыялу, па-чалавечаму цёплага і адухоўленага. Гэта датычыць і матэрыялу пакрыцця дахаў – дранкі, гонты ці чароту, саломы (мал. 2, а, б).

 

Прыродны, «драўляны» свет з цягам часу паўстае ўжо ў апрацаваным, штучным выглядзе культурнага асяроддзя беларуса: дамоў, гаспадарчых прыбудоў, калодзежаў, агароджаў і розных рамесных і сельскагаспадарчых прыладаў (мал. 3, а, б, в).

Мал. 3. Дрэва прысутнічае ў сялянскім асяроддзі ў выглядзе калодзежа (а), гаспадарчых пабудоў і калёс (б), розных тыпаў платоў (в)

Але і язычніцкі, сакральны свет дрэва не губляецца. Толькі зараз ён увасабляецца ў хрысціянскіх святынях: крыжах, капліцах і каплічках, драўляных храмах, разбяных выявах Хрыста, Багамаці, апосталаў.

Крыжы выступаюць і паўстаюць як частка прыроды, але абагаўлёнай, якая выходзіць за межы штодзённага жыцця селяніна. Гэта тыя ж драўляныя паверхні, апрацаваныя цесляром, аднак яны маюць ужо іншы сэнс, які набліжае чалавека да Бога. Той жа сэнс надаецца таленавітымі майстрамі і драўляным фігурам, што складаюць архітэктурныя кампазіцыі капліц, каплічак і храмаў. Праз іх твары прасвечвае цеплыня вялікага Дрэва жыцця, якое прарастае ў людскіх думах і ніколі не знішчыцца (мал. 4, а, б, в, г).

Мал. 4, а, б, в, г. Выкарыстанне дрэва для стварэння сакральных аб’ектаў – крыжоў і скульптур з капліц

 

 

 

 

 

 

З часам тэхніка апрацоўкі дрэва і, галоўнае, канструкцыйны падыход становяцца больш складанымі. Услед за зрубнай распрацоўваецца каркасная тэхніка, якая дае магчымасць ствараць розныя формы і кампазіцыі драўляных пабудоў. Расце не толькі інжынерна-будаўнічае майстэрства – новая тэхналогія дае магчымасць адкрываць новыя галіны і напрамкі архітэктуры: «З дрэва ўзводзіліся не толькі сціплыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы, але і манументальныя збудаванні – сядзібы, палацы, ратушы, гандлёвыя рады, цэрквы, касцёлы, манастыры і г.д.» [6, c. 7].

Эстэтыка дрэва выходзіць ужо за межы традыцыйных яе ўласцівасцяў – фактуры, колеру, рытмаў бярвення. У сялянскае асяроддзе прыходзяць смелыя формы драўляных млыноў – тагачасны «хай-тэк». І калі знешне выгляд пабудоў застаецца традыцыйна лаканічным, то мудрагелістыя механізмы знутры – гэта сапраўдны шэдэўр народнай творчасці ў дызайнерскім (без двухкосся) вырашэнні (мал. 5, а, б, в, г). З’яўляюцца розныя кампазіцыйныя схемы, напрыклад яруснасць, якая асабліва ўражвае ў сакральных пабудовах: храмах, званіцах, капліцах (мал. 6, а, б). На змену «драўлянаму канструктывізму» прыходзіць, умоўна кажучы, «драўлянае барока» з яго двухвежавасцю храмаў, паўцыркульнымі або ламанымі формамі дзвярэй і вакон, ашалёўкай, якая «хавае» канструкцыю, і разьбою, што выкарыстоўваецца галоўным чынам у храмавых алтарах (мал. 7, а, б, в).

Мал. 5. Каркас з дрэва дазволіў выконваць ярусныя кампазіцыі званіц (а) і вежаў храмаў (б)

 

 

 

 

 

 

 

Мал. 6. Ветраны (а) і вадзяны (в) млыны з механізмамі (б, г)


 

 

 

 

 



Мал. 7, а, б, в. Развіццё тэхналогій дрэваапрацоўкі дазволіла выкарыстоўваць розныя формы і прыёмы ў драўляных пабудовах і інтэр'ерах

 

 

 

 

 

 

 

Апафеозам «новай драўлянай эстэтыкі» з’яўляюцца Радзівілімонты – выбітны твор Спампані, які дзіўным чынам часовай цыклічнасці вяртае драўляныя асновы антычнай архітэктуры. Іншая справа, што тут дрэва ўсё ж капіруе не само сябе ў старажытнасці, а каменныя формы больш позняга часу. І тым не менш... (мал. 8, а, б).

Мал. 8, а, б. Радзівілімонты – сапраўдны шэдэўр палацавай архітэктуры з дрэва

Дрэва і сёння застаецца галоўным нашым матэрыялам, хоць і не па распаўсюджанасці, а хутчэй па традыцыйнай прысутнасці ў негарадскім асяроддзі. Цікава, што на нашу сялянскую драўляную архітэктуру дзе-нідзе ўплывае масавая культура з яе стракатай каляровасцю, падыходам да свайго асяроддзя ў першую чаргу як да «святочнай прасторы». Гаспадары больш-менш умела фарбуюць фасады хат (мал. 9, а, б) ці робяць імітацыю фахверка ў катэджах. На жаль, сучасная тэхніка апрацоўкі дрэва ў выглядзе так званай ацыліндроўкі пазбаўляе матэрыял яго галоўных якасцяў і быццам апранае дамы ў нейкія ўніформы.

Што будзе далей? Зазірнуць у будучыню цяжка, але ўсё ж верыцца, што дрэва зноў прыйдзе ў архітэктуру, можа, ужо як рэдкі напаўкаштоўны матэрыял, але з яго традыцыйнымі эстэтычнымі каштоўнасцямі: цеплынёй, жывой непаўторнасцю колеру і малюнка фактуры – сапраўднай часцінкай прыроды, без якой няма жыццёвай прасторы.



Мал. 9, а, б. Сучасная тэндэнцыя – рознакаляровая афарбоўка дрэва

Лiтаратура

1. ПСРЛ. – Т. 32. – М.: Наука, 1975.

2. Дерево в архитектуре и скульптуре славян. – М.: Советский художник, 1987.

3. Древняя Русь в свете зарубежных источников: хрестоматия. Т. II: Византийские источники. – М.: РФСОН, 2010.

4. Древняя Русь в свете зарубежных источников: хрестоматия. Т. III: Восточные источники. – М.: РФСОН, 2009.

5. Сергачев, С.А. Белорусское народное зодчество. – Мн.: Ураджай, 1992.

6. Якімовіч, Ю.А. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся. XVII–XIX стст. – Мн.: Навука і тэхніка, 1978.


comments powered by HyperComments
Читайте также
02.09.2003 / просмотров: 14 939
Кажется, что синусоида развития архитектуры, пройдя свою нижнюю точку, медленно начала подниматься вверх. По крайней мере разговоры про кризис в...
02.09.2003 / просмотров: 12 250
Распад СССР, изменение политической системы, падение экономики привели к распаду всей действующей до 1992 г. системы проектирования. Даже Союз...
26.10.2003 / просмотров: 11 710
(статья публикуется по рекомендации члена редакционной коллегии журнала «Архитектура и строительство», д.т.н., профессора Пецольда Т.М...