Вы здесь

ГЕТМАНСКАЯ ЗАЛА: РЭКАНСТРУКЦЫЯ ІНТЭР’ЕРА

Дзе цішыня па шуме доўгім урачыста
Лягла на залаў радзівілаўскіх абшары,
Там у мурах, што дзён старых хаваюць чары…
Уладзіслаў Сыракомля

 Гетманская зала разам з некаторымі іншымі заламі 3-га паверха належыць да адноўленай прасторы Нясвіжскага замка. Яна ўяўляла сабой надзвычай каштоўныя, але дрэнна захаваныя часткі замкавага комплексу, дзе пры гэтым прысутнічала дастаткова архіўных і натурных дадзеных для іх рэканструкцыі. Узнаўленне інтэр’ера праводзілася з улікам наяўных гістарычных ведаў пра прызначэнне і аздабленне пакояў падобнага кшталту. Галоўная мэта рэканструкцыйных мерапрыемстваў – максімальнае набліжэнне да першапачатковага выгляду сярэдзіны XVIII ст.

Планы замка XVIII–XIX стст., падрабязныя апісанні паўднёвай галерэі ў архіўных дакументах і дадзеныя натурных даследаванняў ілюструюць рэтраспекцыю яе будаўніцтва і рамонтаў. У цэлым будынак захаваў стылявую, аб’ёмна-планіровачную і канструкцыйную структуру, закладзеную ў сярэдзіне XVIII ст. Праектам рэстаўрацыі прадугледжвалася захаванне сфармаванага на гэты перыяд вырашэння.

Паўднёвая галерэя была ўзведзена да 1650 г. і злучыла заходнюю вежу палаца з камяніцай. У 1740–1750-я гг. яе перабудавалі, з’явіўся 3-ці паверх, аналагічны плану 2-га, а ўвесь корпус пашырыўся ў два разы. Фундатарам генеральных аднаўленчых працаў быў князь Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька», які ўладарыў у Нясвіжы з 1724 па 1762 г. (мал. 1). У гэты час экстэр’ер замка прымае стылявыя рысы барока. У інвентары канца 1750-х гг. згадваецца, што на 3-м паверсе знаходзіцца Партрэтная зала князёў Радзівілаў з 11 вокнамі.

У 1762 г. ардынацыю прыняў Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку», які, аднак, па палітычных прычынах вымушаны быў пакінуць Нясвіж аж да 1778 г. Адразу па вяртанні ён прыступіў да аднаўлення замка, моцна пашкоджанага ад вайсковых уварванняў. У 1780–1784 гг. праводзіліся вялікія працы па дэкараванні залаў на 2-м і 3-м паверхах. Пазней памяшканні галерэі прыйшлі ў запусценне, вокны другога святла заклалі цаглінамі. У пачатку XX ст. ніжэй замураваных верхніх праёмаў з’яўляецца бетонавае перакрыцце. Пасля пажару ў студзені 2002 г. металічныя бэлькі прагнуліся, і перакрыцце страціла нясучую здольнасць, у сувязі з чым было прынята рашэнне аднаўляць залу з двухсветлавым вырашэннем згодна з яе першасным выглядам.

Унутранае аздабленне Гетманскай залы да нашых часоў не дайшло. У якасці аналагаў выкарыстоўваліся натурныя і тэарэтычныя даследаванні і прыведзены ў іх архіўны і іканаграфічны матэрыял наступных помнікаў: замак Радзівілаў у Біржах (Літва), замак Радзівілаў у Бялай (Бяла Падляска, Польшча), замак Радзівілаў у Шыдлаўцы (Польшча), касцёл Божага Цела, Ратуша, Слуцкая брама ў Нясвіжы, Уяздоўскі замак (Варшава, Польшча).

Гетманская зала сімвалізуе славу і дзяржаўную вагу Радзівілаў у вайсковай сферы. Падобнага кшталту рэпрэзентатыўныя памяшканні былі характэрны для ўсіх тагачасных магнацкіх рэзідэнцый. Асобна варта адзначыць, што неверагодна заможныя Радзівілы ніколі не лічылі сябе ні грамадзянамі Рэчы Паспалітай, ні Расійскай імперыі, але ўдзельнымі манархамі. Толькі ўласнага войска яны мелі да 10 тыс. чалавек. Таму зразумела, што абсалютная большасць геральдычных выяваў у замку не дзяржаўныя, а фамільныя. Варта нагадаць, што ў тагачаснай Рэчы Паспалітай магнаты фармальна мелі столькі ж правоў, як зусім бедная «шарачковая» шляхта. У краіне юрыдычна не прызнаваліся княжацкія і графскія тытулы, і для падкрэслівання сваёй адметнасці і выключнасці шырока выкарыстоўваліся найперш «службовыя» званні. Іх нават было прынята купляць або ў горшым выпадку хаця б спасылацца на продка, што меў які-небудзь чын. Гетманская зала Несвіжскага замка прэзентавала не толькі рыцарскае высакародства і доблесці Радзівілаў, але і доўгатэрміновую палітычную ўплывовасць роду на самых высокіх пасадах – гетманаў вялікіх і польных, кіраўнікоў узброеных сілаў усяго Вялікага Княства Літоўскага (мал. 2).

Аўтар гістарычных даследаванняў Т. Бернатовіч адзначае, што падчас візіту Станіслава Панятоўскага ў Нясвіж (1784 г.) да яго пакояў праходзілі праз «sal˛e hetma´nsk ˛a» – залу, у якой кароль абедаў і дзе знаходзілася партрэтная галерэя гетманаў літоўскіх. Таму зала носіць яшчэ адну назву – Партрэтная. Інвентар, складзены пасля смерці Караля Станіслава Радзівіла ў 1791 г., удакладняе, што ў Гетманскай зале размяшчалася 27 партрэтаў гетманаў літоўскіх у поўны рост. Іншая дэфініцыя, пададзеная там жа, – зала Вішнявецкіх, у звязку з чым згадваюцца партрэты князёў роду Вішнявецкіх, з прадстаўнікамі якога Радзівілы мелі некалькі шлюбных сувязяў. Да таго ж фундатар аднаўлення, падчас якога над паўднёвай галерэяй і з’явіўся 3-ці паверх з Гетманскай залай, М.К. Радзівіл у 1725 г. ажаніўся з Ф.У. Вішнявецкай. Гэта знайшло адлюстраванне ў аздабленні пакояў і прадметах побыту, такіх, напрыклад, як роспіс з выявай падвойнага «шлюбнага» герба дзвюх фамілій над галоўнай лесвіцай палаца, металічны камінны шчыт з рэльефам такога ж сюжэту і інш. Каштоўнасць гэтага саюза, відавочна, была настолькі высокай і ганаровай для ўладара замка, што спалучаны на адным полі герб Радзівілаў-Вішнявецкіх з’яўляецца нават на тымпане франтона галоўнага фасада палаца – самым знакавым месцы размяшчэння інсігній гонару і ўлады яго гаспадароў.

Падчас аднаўлення Радзівілам замка яго родзіч па жонцы М.С. Вішнявецкі (мал. 3), разам з якім у 1741 г. яны прадухілілі стварэнне канфедэрацыі супраць караля, з’яўляўся вялікім гетманам літоўскім (пасля смерці Вішнявецкага Радзівіл атрымаў яго пасаду). Гэты факт дадаткова пацвярджае, што назвы залы – Гетманская і Вішнявецкіх – маюць лагічныя нагоды для спалучэння ў разглядаемы перыяд.

На падставе вышэйсказанага можна высунуць гіпотэзу, што на пэўнай частцы гетманскіх роставых партрэтаў адлюстраваны вялікалітоўскія военачальнікі з роду Вішнявецкіх. Але гэта яшчэ чакае далейшых вышукванняў спецыялістаў у сферы мастацтвазнаўства і гісторыі.

Праектам прадугледжана размяшчэнне ў рэканструяванай зале роставых партрэтаў, іканаграфія якіх дакладна вядомая на сённяшні дзень.

Перад пачаткам праектных працаў праводзіліся натурныя даследаванні. У выніку зандажоў дадаткова пацвердзілася паслядоўнасць будаўніцтва, былі зафіксаваны познія закладкі і перабудовы. Паўднёвы фасад адлюстроўвае сляды шматразовых пераробак. Адзначаны пазнейшыя закладкі ваконных праёмаў, якія носяць бессістэмны характар. У зандажах перакрыцця паміж 2-м і 3-м паверхамі выяўлены канструкцыі, захаваныя з XVIII ст. (бэлькі, абапертыя на вонкавыя муры; лагі; некалькі тыпаў каваных цвікоў). У працэсе рэстаўрацыі драўлянае перакрыцце ўмацавалі. Праектам асобна адзначана, што пры разборках, расчыстках ад напластаванняў і ўстаноўцы рыштаванняў неабходна працягваць фізіка-хімічныя даследаванні на прадмет выяўлення жывапісу – разбіваць паверхні на квадраты і пачаргова здымаць напластаванні ў межах сеткі. Аднак у Гетманскай зале слядоў роспісаў не зафіксавалі. Таксама было ўстаноўлена, што муроўка сценаў, скляпенняў, нішаў і адкосаў праводзілася і тынкавалася вапнава-пясчанаю рошчынаю, як і ў замку ў цэлым. Таму ў працэсе рэстаўрацыі паўсюдна выкарыстоўваўся не цэментны, а вапнава-пясчаны матэрыял, у тым ліку і для муроўкі.

Аздабленне сценаў складаецца з прафіляваных філёнак, карнізаў, панеляў, плінтусаў, налічнікаў і інш. У XVIII ст. сцены, якія раней звычайна бялілі вапнаю, пачалі абшываць раздзеленай на плоскасці драўнінаю і пакрываць тканінамі (мал. 4). Вось што піша Адам Мальдзіс: «Абіўка ў панскіх пакоях была… з купленага адамашку – гэты лічыўся самым шыкоўным... выглядаў прыгожа, асабліва калі сцены былі густа залатым галуном абшытыя. Колер адамашку быў розны: пунсовы, зялёны, жоўты, блакітны; якога колеру была абіўка, такія ж і фіранкі на вокнах, і крэслы, і канапы, усё ў адным колеры». Менавіта гэты прынцып стаў узорам для аздаблення сценаў Гетманскай залы, а таксама тэкстылю на вокнах і мэблі.

Выбар колеравай гамы дастаткова традыцыйны для барочных інтэр’ераў і абумоўлены наяўнасцю шэрагу ўзораў, а таксама законамі стылю: у аздобе парадных памяшканняў XVIII ст. пераважаюць яркія, насычаныя адценні. За аснову для афармлення Гетманскай залы была прынята гама двухколеравага штандара, выяўленага сярод вайсковых рэгалій пры раскрыцці фрэскавых роспісаў на сценах камяніцы ў 2008 г. (мал. 5). Гэта дадаткова падкрэслівала прысутнасць характэрных для Радзівілаў інсігній вайсковай улады і славы. Да таго ж у інвентары пры апісанні Гетманскай залы ўзгадваюцца зялёныя дзверы. Гэтая дэталь інтэр’ера вельмі рэдка адрознівалася па колеры ад драўлянай абшыўкі ўсяго памяшкання.

На панелях і дэсюдэпортах Гетманскай залы прадстаўлена так званая арматура – барэльефныя выявы вайсковага абсталявання, якія выкарыстоўваліся ў архітэктуры ў якасці дэкору (мал. 6, 7). За прататып узяты вышэйзгаданыя роспісы з камяніцы, а таксама з параднай лесвіцы палаца, пры гэтым паўтораны тыя самыя дэталі і нават асобныя кампазіцыі (мал. 8). Таксама выкарыстаны графічныя выявы (суперэкслібрысы, гравюры) з замкавай бібліятэкі, барэльефы з маёнтка Радзівілаў у в. Вялікая Ліпа.

На франтальнай сцяне над дзвярыма, што вядуць у камяніцу, размешчаны вялікі паліхромны картуш з выяваю спалучанага герба Радзівілаў-Вішнявецкіх, які з’яўляецца паўтарэннем адной з вядомых уласных пячатак Францішкі Уршулі Радзівіл (мал. 9). Пячатка зараз знаходзіцца ў Варшаве (мал. 10). Каляровае вырашэнне картуша прынята згодна з гістарычнымі паліхромнымі рэканструкцыямі і знойдзенымі ў замку аўтэнтычнымі выявамі «шлюбнага» герба, з абавязковай арыентацыяй на кананічнае апісанне ў гербоўніках.

У большасці выпадкаў у XVIII ст. замоўцаў такога комплекснага твора, як палац, і ў прыватнасці парадная зала, надзвычай цікавіла прэзентацыя іх асабістых этычных, сацыяльных, палітычных поглядаў. Акцэнт робіцца на змест. Варта памятаць, што ва ўсе часы дэкор – з’ява не толькі фармальна-стылістычная, але і сацыяльная, у дадзеным выпадку гэта яго палацавы тып з адхіленнямі ад тэндэнцый агульнага стылю ў бок прэферэнцый да густу і пажаданняў уладальнікаў-магнатаў. Князь Міхал Казімір Радзівіл цаніў вынікі мастацкай дзейнасці як пэўны кшталт гістарычнай дакументацыі, калі на першы план выходзіць візуальная канстатацыя дзеяння, факта з гісторыі сям’і. Відавочна, што пакой, настолькі сэнсава нагружаны, як зала Гетманская-Вішнявецкіх-Партрэтная, прэзентаваў нашчадкам цэлы шэраг такіх сімвалаў (першавытокі іх адлюстраваны ў назвах залы), матэрыялізаваных у канкрэтныя прадметы аздаблення. Тут урачыста суіснуюць адзнакі вайсковай славы і супольнага быцця дзвюх вялікіх фамілій таго часу. Адбываецца лагічная для XVIII ст. інтэрвенцыя рэгалій у малюнак столі, якая згодна з традыцыйнымі прыёмамі эпохі выканана з пазалочанай ляпнінай і распісаным плафонам (мал. 11, 12). У Нясвіжскім замку архітэктурнай часткай такіх столяў займаўся княжацкі дойлід Казімір-Антоні Здановіч.

Першаўзорам для ўзнаўлення і інтэрпрэтацыі манументальных роспісаў плафона столі Гетманскай залы з’явіўся ілюзіяністычны жывапіс з галоўнай лесвіцы палаца і сценаў камяніцы. Таксама тут прысутнічаюць геральдычныя выявы, звязаныя як з Радзівіламі, так і Вішнявецкімі (мал. 13). Згодна з інвентарамі, манументальныя роспісы былі ва ўсіх інтэр’ерах паўднёвай галерэі, на столі 3-га паверха выконваліся па тынку.

Падлога аднаўлялася паводле добра захаваных арыгінальных фрагментаў дубовага паркета, знойдзеных у пакоях замка, у адпаведнасці з патрабаваннямі XVIII ст. – у парадных памяшканнях, як правіла, клалі наборныя паркетныя падлогі з разнастайных пародаў каштоўнай драўніны. Дубовы шчытавы мастацкі паркет індывідуальнага выканання быў пакладзены па аналогіі са знойдзенай у замку канструкцыяй па драўляных лагах.

Ніводны парадны палацавы інтэр’ер не абыходзіўся без дзвярэй і вокнаў. Абследаванне выявіла, што сталярныя вырабы 3-га паверха познія – яны з’явіліся, калі ў замку працаваў санаторый, і падлягалі замене. Дзверы, вокны і скабяныя вырабы аднаўляліся на аснове захаваных узораў, аналагаў і дадзеных інвентароў.

Для запаўнення праёмаў выкарыстоўваліся дзвюхстворкавыя філёнчатыя драўляныя дзверы з пазалочанымі рэльефамі. У парадных пабудовах XVIII ст. палотны з дошак на шпонках саступаюць месца філёнчатым створкам, асновай канструкцыі якіх служыць жорсткая абвязка. Яна патрабуе добра падагнаных і складаных кутовых злучэнняў; цяслярная праца змяняецца сталярнай (мал. 14).

Для будаўнічай культуры мінулага характэрны адхіленні ад ідэальнай геаметрычнай формы, індывідуальнасць трактоўкі кожнай асобнай дэталі. А паколькі ў працэсе жыцця будынка адбыліся некаторыя натуральныя для муроў дэфармацыі, кожны ваконны праём у Гетманскай зале меў свае, адрозныя ад іншых габарыты. Для іх паводле праекта была выканана адпаведная колькасць індывідуальных вырабаў з высакаякаснай драўніны дуба, якія адпавядаюць параметрам аўтэнтычнай сталяркі, а таксама тыповым вокнам XVIII ст., дзе вялікія праёмы (2 м і болей у вышыню) звычайна маюць крыжападобнае чляненне плоскасці шырокай абвязкай на дзве створкі (мал. 15). Акрамя гэтага тонкія гарбылькі падзяляюць аконнае запаўненне на роўныя прастакутнікі, адпаведныя фармату шкла. Да канца стагоддзя, пакуль ва ўжытку былі толькі дробныя кавалкі шкла, яны ўтваралі даволі частую сетку. Таксама ў XVIII ст. слюдзяныя ваконніцы хутка выцясняюцца шклянымі. Рашэнне выкарыстаць для аднаўлення празрыстае шкло грунтуецца на канкрэтным дакуменце – распараджэнні суперінтэнданту Налібокскай гуты Федзяркевічу даставіць маёру і каменданту Мазарыні 20 скрынак «белага шкла для замкавых вокнаў».

Печы і камін аднаўляліся на аснове дадзеных комплексных навуковых вышукванняў і аналагаў з замка. Дзве печы з глазураваных кафляў з рэльефным дэкорам мелі прататыпам захаваныя замкавыя печы на 2-м паверсе палаца. Базавыя элементы – каляровыя кафлі – узяты з шэрагу вырабаў, знойдзеных пры раскопках, часткова фрагментаваных, часткова адшуканых у непашкоджаным стане. За аснову колеравай гамы прынята гама паліхромнай кафлі з выяваю арла на халодным шэрым фоне (мал. 16). Вялікі камін зроблены са стуку, паверхня яго імітуе фактуру мармуру – шырока распаўсюджаны мастацкі прыём, з дапамогай якога выкананы выбітны дэкор Белай бальнай залы, іншыя каміны, а таксама фрагментарна алтары і надгробкі ў нясвіжскім касцёле Божага Цела (мал. 17). Правобразам геаметрычных прапорцый, стылістычнага і сюжэтнага вырашэння з выкарыстаннем вайсковай арматуры паслужыў вялікі стукавы камін з люстэркам з замка ў Жоўкве, створаны за часам уладарання там Міхала Казіміра Радзівіла. Заднік (душнік) топкі каміна аздоблены металічным шчытом з выяваю спалучанага герба Радзівілаў-Вішнявецкіх, што, з аднога боку, цалкам адпавядае традыцыйным спосабам зладжвання камінных топак, з другога – агульнай сюжэтнай скіраванасці дэкора залы.

Каштоўнасць мінулага залежыць ад мноства пераменных. Напрыклад, статус арыстакрата як нішто іншае павязаны на старажытнасці і доўгатэрміновай уплывовасці яго роду, па гэтай прычыне магнатам і шляхце заўсёды быў уласцівы падвышаны інтарэс да мінулага. Напэўна, сёння кожнаму зразумела, што замак у Нясвіжы ад пачатку свайго стварэння быў і застаецца сведкам і адначасова пацвярджэннем доўгай, складанай і цікавай гісторыі гэтых земляў і яе жыхароў, нашчадкамі якіх мы з’яўляемся. Пакуль усведамляецца гэтая пераемнасць, мінулае не з’яўляецца састарэлым ці адчужаным, яно застаецца трывалым апірышчам для будучыні. А пераемнасць, як вядома, найбольш дзейсная там, дзе наступныя артэфакты адлюстроўваюць захаваныя рэлікты. Рэканструкцыя Гетманскай залы ажыццяўлялася з мэтай вярнуць некалі страчанае сведчанне вайсковай доблесці і славы на карысць упэўненай памяці пра іх.

 

 

 

 

Читайте также
02.09.2003 / просмотров: [totalcount]
Приказом министра архитектуры и строительства в 1999 г. была утверждена проектно-техническая документация серии Б1.020.1-7 [1], а институт "...
06.03.2005 / просмотров: [totalcount]
Архитектура — сложная, многогранная система организации среды, в которой взаимосвязаны функциональные, технические, эстетические начала, на...
07.03.2005 / просмотров: [totalcount]
Основной вид арматуры для производства железобетона в строительной индустрии СССР до 90-х годов прошлого века был освоен на металлургических заводах...