Вы здесь

Пошукі архітэктурна-мастацкага вобраза сучаснага праваслаўнага храма Беларусі

Сёння, калі паўсюдна дамінуе канцэпцыя інтэрнацыянальнай архітэктуры, пры якой губляецца непаўторны каларыт кожнай краіны [4, с. 29], важным з'яўляецца захаванне і развіццё традыцый нацыянальнага дойлідства. У найбольшай ступені гэта актуальна ў дачыненні да сакральных пабудоў, што спакон веку з’яўляліся знакавымі сімваламі населеных месцаў.

Каля 20 гадоў таму ў Беларусі пачаўся новы этап праваслаўнага храмабудаўніцтва. Перад архітэктарамі паўстала задача аднаўлення згубленай пераемнасці шматвяковых традыцый будаўніцтва храмаў, перапыненага больш чым на 70 гадоў. У пэўнай ступені гэта паўплывала на стварэнне двух падыходаў пры праектаванні праваслаўных цэркваў, якія ўмоўна можна абазначыць як гістарычны і вынаходніцкі. Першы характарызуецца выкарыстаннем традыцыйных вобразаў, кампазіцый, дэкаратыўнага ўбрання і г.д.; другі – пошукам сучасных архітэктурна-мастацкіх вырашэнняў.

Разгледзім развіццё гістарычнага падыходу на прыкладзе аб’ектаў розных аўтараў, чыё імя атаясамляецца найчасцей менавіта з храмабудаваннем.

Творчасць М.М. Дзятко з 1989 г. і па сёння шчыльна звязана з праваслаўным будаўніцтвам і ўвасобілася ў бажніцах Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі. У 1991 г. пачалося праектаванне духоўнага комплексу ў Мінску па вул. Прытыцкага, ядро якога складаюць Свята-Еўфрасіннеўская царква (1993–1995 гг.) (фота 1) і храм у гонар абраза “Маці Божая Усіх Тужлiвых Радасць” (пачатак будаўніцтва 1995 г.). Архітэктура іх спалучыла ў сабе візантыйскія рысы, перадусім унутранае ўбранне, і аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю старажытнарускіх храмаў.

На ўладзіміра-суздальскай традыцыі грунтавалася стылістыка храма ў гонар абраза Божай Маці “Адшуканне загінуўшых” (1996–1998 гг.) па вул. Карастаянавай, Свята-Пакроўскай царквы (1997–2000 гг.) па пр. Пераможцаў (фота 2) у Мінску; Свята-Елісавецінскага храма (1998–2000 гг.) аднайменнага манастыра па вул. Выгоцкага ў пас. Навінкі і інш. Своеасаблівай архітэктурай вылучаецца ў гэтым комплексе храм у гонар абраза Маці Божай Дзяржаўнай (1999–2004 гг.) (фота 3), у якім спалучылася развіццё тэмы кароны як асноўнага формаўтваральнага элемента і цытат з візантыйскай, уладзіміра-суздальскай і рускай архітэктуры ХVІІ ст. Характэрнай аўтарскай рысай з'яўляецца прапарцыйна-дасканалая пабудова храмаў, скрупулёзная прапрацоўка дэкаратыўнага ўбрання.

Архітэктурная дзейнасць М.І. Лук'янчыка ў галіне праваслаўнай архітэктуры пачалася ў 1984 г. з рэканструкцыі Свята-Пакроўскай царквы ў в. Чыжэвічы Салігорскага р-на. У хуткім часе па яго праекце побач з ёю ўзводзіцца хрысцільная царква, вобразнае рашэнне якой грунтуецца на традыцыях драўлянай культавай архітэктуры, – падыход, якім архітэктар неаднаразова будзе карыстацца і ў далейшым, напрыклад храм у гонар Святой праведнай Сафіі Слуцкай (1996–2008 гг.) па вул. Казінца ў Мінску (фота 4) і інш. Адначасова выконваецца шэраг праектаў, у якіх аўтар пераасэнсоўвае архітэктурную праваслаўную спадчыну ХІХ – пачатку ХХ ст. Храм у гонар Раства Хрыстова ў в. Вялікае Сціклева Мінскага р-на (фота 5), Свята-Ушэсцеўская царква (1995–2000 гг.) у п. Фаніпаль Дзяржынскага р-на ўвасабляюць рэтраспекцыю рускай стылістыкі. Асаблівасцю творчага падыходу М.І. Лук'янчыка з'яўляецца зварот да традыцый беларускай драўлянай архітэктуры (ярусная кампазіцыя, гранёныя апсіды) і ўжыванне традыцыйных канструкцыйных рашэнняў (скляпенні з цэглы, у той час як большасць сучасных дойлідаў карыстаюцца ж/б маналітнымі канструкцыямі).

Калектыў ТДА “Мастак-сэрвіс” (архіт. А.М. Баравік, У.І. Гавазюк, У.З. Шапо) пры праектаванні Свята-Міхайлаўскага храма ў Наваполацку паставіў перад сабой задачу адраджэння мясцовай архітэктурнай школы. Была праведзена карпатлівая праца па вывучэнні страчанай спадчыны ў архівах Беларусі і Расіі. На падставе даследаванага матэрыялу і помнікаў, якія захаваліся, – Спаса-Праабражэнскага сабора ў Полацку, Свята-Міхайлаўскага ў Смаленску (аўтар іх – полацкі дойлід Іаан) – быў выкананы праект новай бажніцы (фота 6).

Пабудовы архітэктара Г.І. Чырвана, які звяртаецца да традыцый культавай архітэктуры Поўначы Расіі, вылучае стылістычнае адзінства. Свята-Троіцкая царква ў п. Бараўляны (будуецца), храм у гонар Раства Хрыстова ў п. Наваселле (2002 г.) Мінскага р-на (фота 7) характарызуюцца складанай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыяй, багата насычанай разнастайнымі архітэктурнымі элементамі, дасканалай распрацоўкай дэталяў будынка, актыўным выкарыстаннем эстэтычных якасцяў будаўнічых матэрыялаў (ліцавой цэглы, бутавай кладкі, тынкоўкі і інш.).

Паралельна з гістарычным не менш актыўна развіваецца вынаходніцкі падыход, у якім творча пераасэнсоўваецца спадчына культавага дойлідства, ствараюцца новыя архітэктурныя рашэнні, сугучныя сучасным эстэтычным прынцыпам, функцыянальна-прасторавай арганізацыі, канструкцыям. Багатая палітра вобразных вырашэнняў прысутнічае ў творчасці А.М. Гулякі: Свята-Міхайлаўская царква (1991–2004 гг.) у в. Новая Расна Камянецкага р-на вырашана ў стылізаваных формах архітэктуры другой паловы ХІХ ст. [3, с. 299]; Свята-Ганнінскі храм у в. Матыкалы Брэсцкага р-на (пачатак будаўніцтва 2004 г.) вылучаецца адмысловай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыяй цыліндрычных аб'ёмаў (фота 8); архітэктура царквы ў гонар абраза “Маці Божая Усіх Тужлiвых Радасць” (Брэст, пачатак будаўніцтва 2004 г.) шматпланавым размяшчэннем паверхняў сцен пераклікаецца з Свята-Духавым храмам (1982–1999 гг.) у Беластоку [6]; храм у гонар Святога апостала Лукі (1998–2006 гг.) у в. Лука Кобрынскага р-на (фота 9) спалучыў у сабе строгасць асноўнага аб'ёму і лёгкасць вітражнага запаўнення светлавога “барабана”. Няспынны пошук новых вобразаў і прыёмаў, ужыванне сучасных канструкцыйных рашэнняў (металічныя канструкцыі купалоў) – асноўныя рысы творчага крэда А.М. Гулякі.

Адмысловае ўвасабленне сучаснай сакральнай архітэктуры знаходзім у працах У.Ф. Даніленкі, якія адлюстроўваюць яго асноватворны прынцып: архітэктура Свайго часу на зямлі Свайго Народа [1, с. 72]. Першым аб'ектам стаў корпус трапезнай і нядзельнай школы пры прыходзе “Усіх Тужлiвых Радасць” па вул. Прытыцкага ў Мінску (1991–1993 гг.). З таго часу запраектавана і выканана вялікая колькасць разнастайных культавых аб'ектаў, але ўсе яны захавалі зададзены напачатку напрамак пошуку архітэктурна-мастацкага вобраза. “Геаметрычная” пабудова прасторавай кампазіцыі ансамбля прысутнічае ў эскізе праваслаўнага комплексу (1995 г.) у Старобіне Салігорскага р-на, праекце праваслаўнага комплексу ў Навагрудку (1999 г.) і інш., наватарская аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя, якая не мае аналагаў у праваслаўнай архітэктуры мінулага, – у Свята-Раства-Багародзіцкай царкве (1996–2000 гг.) у Салігорску (фота 10), Свята-Міхайлаўскім храме (1997–2002 гг.) у Жодзіне (фота 11). Усе пабудовы У.Ф. Даніленкі, нягледзячы на іх рознасць, аб'ядноўвае лаканічнасць і выразнасць іх архітэктурна-мастацкага вобраза, што склаліся ў добра пазнавальны аўтарскі почырк.

Л.В. Макарэвіч да тэмы праваслаўных храмаў упершыню звярнуўся ў 1990 г. – ён выканаў праект невялікай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы ў в. Святая Воля Івацэвіцкага р-на. Архітэктура яе грунтуецца на досведзе старажытнарускай культавай архітэктуры, якая атрымала сучаснае гучанне дзякуючы характэрным прыёмам: ступеньчатым пілястрам, што злучаюцца паміж сабой аркамі, і лаканічнаму дэкаратыўнаму ўбранню (фота 12). У наступных пабудовах палітра аўтарскіх архітэктурна-мастацкіх вырашэнняў пашыраецца: актыўна выкарыстоўваюцца кансольныя шматступеньчатыя арачныя завяршэнні, хвалепадобныя матывы на барабанах, стылізаваныя аркатурныя паяскі, прафіляваныя карнізы – усё гэта можна знайсці ў Свята-Фёдараўскім саборы Пінска (1992 г.) (фота 13). Няспынна вядзецца пошук новых аб'ёмна-прасторавых рашэнняў, дэкаратыўнага аздаблення: царква ў гонар Святых Жон Міраносіц у Баранавічах (будуецца); храм у гонар архістратыга Божага Міхаіла ў Бярозе (будуецца), дзе прысвячэнне храма начальніку нябесных сіл знайшло адлюстраванне ў шаломападобнай форме дзядзінца (фота 14).

Варта падкрэсліць, што вызначальнай рысай сакральных збудаванняў Л.В. Макарэвіча з'яўляецца гарманічнае спалучэнне традыцыйнага і сучаснага, увасабленне ідэі эвалюцыйнага развіцця праваслаўнай архітэктуры.

Разгледжаныя храмы ў большасці з'яўляюцца рэалізаванымі праектамі, хоць з улікам пэўных жыццёвых перыпетый першапачатковая задумка архітэктараў і пацярпела пэўныя змены. Для больш цэласнага разумення напрамкаў пошуку архітэктурна-мастацкага вобраза сучаснай праваслаўнай бажніцы разгледзім некалькі эскізных прац. Праект храма ў гонар Ціхвінскага абраза Маці Божай у Брэсце (фота 15) А.А. Андраюка вылучаецца адмысловай трактоўкай традыцыйнага пяцікупалля, дзе дамінуючай тэмай з'яўляецца імкненне ўвысь. Яно падкрэсліваецца спічастымі формамі асноўнага аб'ёму і вакон, вертыкальна развітымі гранёнымі купаламі. Пластычнае вырашэнне сцен, уваходныя элементы па-новаму трактуюць сімволіку полымя свечкі.

Пераасэнсаванне традыцыйных кампазіцый і прыёмаў культавай архітэктуры мінулага характэрна для пабудоў А.С. Трухіна ў Мінску. Гэта Свята-Георгіеўскі храм з адмысловым іканапісам, будынак якога гарманічна ўваходзіць у гарадскі ландшафт (фота 16); Свята-Богаяўленская царква з элементамі нацыянальнай культавай архітэктуры і пабудаваны храм у гонар Мінскага абраза Божай Маці, дэкараваны нацыянальным арнаментам (фота 17). Усе яны ствараюць самабытны вобраз беларускай праваслаўнай архітэктуры. Спроба адраджэння традыцый беларускага барока была зроблена Л.К. Шулаевым у праекце Свята-Успенскага храма ў Оршы, але не знайшла падтрымкі.

Названыя прыклады даюць уяўленне пра шматбаковасць пошукаў архітэктараў і багатую палітру прапанаваных вобразных рашэнняў, якія часта застаюцца нерэалізаванымі. Варта адзначыць, што вынаходніцкі падыход тэндэнцыю найбольшага распаўсюджання мае ў заходніх раёнах Беларусі, у той час як усходнім храмам уласцівы больш традыцыйныя вырашэнні.

Асобнае месца ў сучасным вопыце праваслаўнай архітэктуры займае народная творчасць, дзе ў якасці архітэктара часцей за ўсё выступае святар. Такая сітуацыя характэрна пераважна для вёсак і невялікіх гарадоў, дзе прыход не мае неабходных грашовых сродкаў для аплаты працы прафесіянала (Свята-Міхайлаўская царква ў в. Церахоўка Добрушскага р-на, фота 18). Сустракаюцца такія прыклады і ў буйных гарадах (хрысцільны храм пры Свята-Міхайлаўскім прыходзе ў Мінску). Пры дадзеным падыходзе можна вылучыць дзве асноўныя тэндэнцыі: першая – выкарыстанне мясцовых храмаў як першаўзораў (Свята-Пакроўскі храм ў в. Ганчары Лідскага р-на стаў правобразам для Свята-Елісееўскай царквы ў в. Мінойты, 1998 г.); другая – запазычанне вопыту іншых краін (зімовая царква ў в. Цялядавічы Капыльскага р-на, у якой актыўна выкарыстоўваюцца архітэктурныя матывы паўночнай Расіі, фота 19). Асаблівасцю заходніх раёнаў Беларусі з'яўляецца больш часты зварот да мясцовых традыцый, што, верагодна, звязана з іх лепшай захаванасцю, чым на ўсходніх тэрыторыях.

На падставе аналізу сучаснага вопыту праваслаўнага храмабудавання Беларусі ўмоўна можна вылучыць два этапы. Першы прыпадае на першую палову 90-х гадоў ХХ ст. і з'яўляецца пачаткам праектавання сакральных аб'ектаў. Пры выбары вобразнага вырашэння храмаў архітэктары ў большасці звярталіся да розных перыядаў расійскай культавай архітэктуры. У горадабудаўніцтве часта ігнаруюцца унікальныя якасці сакральных пабудоў і пляцоўкі для храмаў выдзяляюцца ў непрэзентабельных частках горада, шэраговай жылой забудове, нізінах, перыферыйных раёнах (напрыклад, храм у гонар абраза Божай Маці Уладзімірскай, 1991 г., Мінск). У пэўнай ступені такая сітуацыя абумоўлена адсутнасцю зарэзерваваных месцаў для гэтых аб'ектаў у генеральных планах гарадоў савецкага часу і інерцыйнай пазіцыяй ўлад да пабудоў культавага прызначэння. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя храмаў дадзенага этапа паўтарае пераважна гістарычныя прататыпы з невялікімі зменамі, якія абумоўлены сучаснымі канструкцыйнымі падыходамі. Дэкаратыўнае аздабленне спрашчаецца параўнальна з правобразам, што звязана са згубленай будаўнічай традыцыяй і недастатковай якасцю матэрыялаў.

Другі этап – канец 1990-х – 2008 г. Значнае распаўсюджанне набывае вынаходніцкі падыход, архітэктары выяўляюць большую смеласць у вобразным вырашэнні, храмы набываюць адметныя рысы сучаснасці. Для сакральных аб'ектаў выдзяляюцца лепшыя тэрыторыі, генеральнымі планамі рэзервуюцца належныя пляцоўкі (Свята-Крыжаўзвіжанская царква па вул. Ліпавая ў Мінску (в. Цна), якая праектуецца на месцы, што было прадугледжана ў генплане Мінскграда). Прасторавыя кампазіцыі духоўных цэнтраў часта ствараюць цэласныя архітэктурныя ансамблі (комплекс Свята-Раства-Багародзіцкай царквы ў Салігорску). Сучасныя будаўнічыя тэхналогіі і матэрыялы дапамагаюць рэалізоўваць адмысловыя аб'ёмныя рашэнні (выкарыстанне маналітных канструкцый дазволіла ў Свята-Еўфрасіннеўскай царкве (г. Івянец) стварыць арачны вітраж). Дэкаратыўнае аздабленне фасадаў сучасных храмаў характызуецца пераважна лаканічнымі рашэннямі, выкарыстаннем архітэктурных элементаў простых формаў (калоны, паяскі, пілястры, гзымсы і інш.) альбо поўнай іх адсутнасцю.

Падводзячы высновы агляду сучаснай праваслаўнай архітэктуры Беларусі з пазіцыі пошуку самабытнага вобраза, неабходна адзначыць некаторыя спрэчныя рашэнні:

– механічны перанос архітэктурных рашэнняў суседніх краін, якія дысануюць з мясцовымі традыцыямі і кліматычна-геаграфічнымі ўмовамі Беларусі;

– недастатковая ўвага да шматвяковых нацыянальных традыцый сакральнага дойлідства;

– выкарыстанне архітэктурна-мастацкіх рашэнняў, уласцівых грамадскім, жылым, прамысловым пабудовам, якія нiвеліруюць вобразную адметнасць храма (царква ў гонар абраза Божай Маці “Адшуканне загінуўшых” у в. Стаўбун Веткаўскага р-на, фота 20);

– ужыванне будаўнічых матэрыялаў з нізкімі эстэтычнымі якасцямі, такіх як сілікатная цэгла, асбеста-цэментныя лісты. Яны асацыіруюцца з таннымі часовымі пабудовамі, у той час як будынак храма ўвасабляе ў сабе ідэю вечнасці (Свята-Троіцкая царква ў в. Расна Дрыбінскага р-на, фота 21);

– вялікая колькасць цэркваў, пабудаваных уласнымі сіламі прыходу, мае недарэчныя вобразныя рашэнні і дыскрэдытуе будынак храма як увасабленне дасканаласці і прыгажосці (Свята-Успенская царква ў Маладзечне, фота 22).

Недасканаласці рашэнняў сучаснага храмабудавання абумоўлены шэрагам першапрычын: недахопам досведу праектавання і будаўніцтва храмаў; нявызначанай канцэпцыяй развіцця праваслаўнай архітэктуры; адсутнасцю нарматыўнай дакументацыі, зарыентаванай на раскрыццё нацыянальнай самабытнасці; недастатковай увагай да культавай архітэктуры ў працэсе падрыхтоўкі спецыялістаў; невялікімі фінансавымі магчымасцямі прыходаў. Вельмі небяспечнымі выглядаюць крайнія пазіцыі далейшага развіцця: цытаванне рашэнняў мінулага і ультрасучасныя падыходы. У першым выпадку мы апынімся ў замкнёным крузе гістарычных стыляў, што супрацьпастаўляецца ўсяму эвалюцыйнаму працэсу праваслаўнага дойлідства; у другім – рызыкуем атрымаць секулярызаваную архітэктуру без сувязі яе са сваёй духоўнай асновай [5, с. 20].

Рашэнне названых праблем створыць умовы для найлепшага развіцця праваслаўнага дойлідства Беларусі і паступовага фарміравання нацыянальнай школы, якая будзе годным адлюстраваннем духоўнага адраджэння нацыі, створыць непаўторны архітэктурны ландшафт нашай краіны.

Літаратура

1. Даниленко, В.Ф. Служить архитектуре / В.Ф. Даниленко // Архитектура и строительство. – 2004. – № 3. – С. 72–76.

2. Канон? Образ? Стиль? / Г. Лаврецкий [и др.] // Архитектура и строительство. – 2000. – № 6. – С. 4–7.

3. Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. давед. / А.М. Кулагін. – Мінск: БелЭн, 2007. – 656 с.

4. Православный храм ХХI века / И.И. Богомолов [и др.] // Архитектура и строительство России. – 2007. – № 7. – С. 27–35.

5. Сидорин, А.М. Современные проблемы воплощения храмовой идеи / А.М. Сидорин // Архитектура и строительство России. – 2008. – № 7. – С. 18–31.

6. Cerkiew s´w. Ducha, Bia?ystok // Diecezja Bia?ostocko-Gdan´ska Polskiego autokefalicznego kos´cio?a prawos?awnego [Electronic resource]. – 2002. – Mode of access: ]]>http://www.orthodox.bialystok.pl]]>. – Date of access: 28.11.2008.

Шчырую ўдзячнасць за дапамогу пры падрыхтоўцы артыкула аўтар выказвае А.А. Андраюку, У.І. Гавазюку, А.М. Гуляку, А.М. Баравіку, У.Ф. Даніленку, М.М. Дзятко, М.І. Лук'янчыку, Л.В. Макарэвічу, У.З. Шапо, Л.К. Шулаеву.

Фота аўтара, фота № 13 – У. Багданава.

 

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Давайте попутешествуем во времени, «пробежимся» по разным уголкам Земли и пристально вглядимся в свои родные места, полюбуемся и восхитимся...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Туризм – одно из наиболее динамичных явлений современного мира. В последнее время он приобрел колоссальные темпы роста и масштабы влияния на...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
В ряде стран Западной и Центральной Европы формируются природные парки регионального и местного значения, аналогов которым в Беларуси пока нет. Так...