Заказчык: КУП “Гомельрэстаўрацыя”
Генпраекціроўшчык: ТАА “Цэнтр па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый”
Навуковы кіраўнік: А. Кропатаў
Калектыў рэстаўратараў:
Галоўны інжынер праекта: А. Кондраль
Галоўны архітэктар праекта: А. Сухоцкі
Галоўны архітэктар праекта па інтэр’ерах: А. Малахоўскі
Архітэктары: У. Зайчанка, Т. Панамарова, І. Емельянава, А. Шырчанка
Канструктар: В. Сазонава
Спецыяльныя працы: М. Шарэйка
Фізіка-хімічны аналіз: Л. Усоская
3D-візуалізацыя: С. Безансон, І. Бутурля
Першае згадванне пра маёнтак Чырвоны Бераг адносіцца да 1528 г., калі ён належаў Аляксею Зянковічу. За тры стагоддзі ўладальнікі яго змяняліся некалькі разоў, і ў 1876 г. маёнтак набывае Міхаіл Сямёнавіч Гатоўскі, генерал-лейтэнант інжынерных расійскіх войск. Пасля 1898 г. Чырвоны Бераг у поўным складзе перайшоў да дачкі М. Гатоўскага
Марыі Міхайлаўны Паклеўскай-Казела (Kozie??owie-Poklewscy) і належаў ёй да ўсталявання савецкай улады.
Сядзіба размяшчалася на правым беразе р. Дабасна. Палац пабудаваны ў 1893 г., пра што сведчыць дата, выбітая на флюгеры эркернай вежачкі галоўнага фасада будынка.
У 2001 г. будынак сядзібнага дома (палац) унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца помнікам архітэктуры гістарызму (нямецкі неарэнесанс), неад’емнай часткай комплексу садова-паркавага мастацтва. На сённяшні дзень гэта адзін з самых унікальных аб’ектаў сядзібнай архітэктуры не толькі па сваім мастацкім і гістарычным значэнні, але і па ступені захаванасці ў параўнанні з іншымі аналагічнымі помнікамі ХІХ ст.
Інтэр’еры сядзібнага дома выкананы ў характэрнай для канца ХІХ ст. манеры – кожны “салон”, кабінет альбо зала мелі дэкарацыю і аздабленне ў вызначаным стылі. А. Урбаньскі, польскі даследчык, які ўпершыню ўвёў у навуковы зварот гістарычныя звесткі пра апісанне інтэр’ераў і фотаздымкі сядзібнага дома, адзначаў, што ў палацы меліся залы гатычныя, рэнесансныя, раманскія і арабскія ў стылі Альгамбра. Але, мяркуючы па рэштках ляпнога дэкору сцен і столі некаторых памяшканняў, аздаблення вокнаў і дзвярных праёмаў, а таксама камінаў, відавочна, што акрамя пералічаных стыляў у інтэр’еры прысутнічаюць ракако, маньерызм і ампір. На жаль, будынак на працягу амаль усяго ХХ ст. выкарыстоўваўся не па прызначэнні і перажыў перыяд агрэсіўнага адмаўлення ўсяго “буржуазнага”, у выніку чаго страчаны элементы інтэр’ера і фасада.
У найбольш поўным выглядзе захаваліся дэкарацыі вестыбюля і лесвічнай пляцоўкі, выкананыя ў гатычным стылі, памяшканне з паліхромнай кесаніраванай столлю, аздобленае ў раманскім стылі, а таксама зала ў стылі Альгамбра. Неабходна адзначыць, што са шматлікіх палацаў падобнага тыпу і стылю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, як і на ўсёй астатняй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, стыль Альгамбра быў адзначаны польскімі даследчыкамі толькі ў сядзібным доме Чырвоны Бераг.
Аўтарам праекта, паводле вызначэння мастацтвазнаўцы Н. Пятровіч, з’яўляецца акадэмік архітэктуры Віктар Аляксандравіч Шротэр (ням. Alexander Gottlieb Schröter, 1839–1901), расіянін нямецкага паходжання з Санкт-Пецярбурга. На момант пабудовы палаца ён быў ужо даволі вядомым і папулярным архітэктарам. Любімы стыль В. Шротэра – так званы цагляны, распаўсюджаны ў рацыянальнай архітэктуры Расіі апошняй трэці ХІХ ст. Просты і практычны сродак аздаблення фасадаў прыйшоў на змену недаўгавечнай тынкоўцы. Пры ўзвядзенні будынка муроўка пакідалася неатынкаванай альбо абліцоўвалася якаснай цэглай, а выкарыстанне паліхромнай цэглы і прыроднага каменя ўзбагачала мастацкія якасці архітэктуры. Масавае і таннае будаўніцтва разнастайных грамадскіх, жылых і прамысловых аб’ектаў спрыяла яго зацвярджэнню.
Менавіта ў гэтым стылі пабудаваны сядзібны дом у в. Чырвоны Бераг і асабняк самога В. Шротэра ў Санкт-Пецярбургу на беразе ракі Мойкі, 114, які ён узвёў прыкладна ў той самы час. У абодвух выпадках архітэктар выкарыстаў для аздаблення фасадаў строгую рустоўку “рэнесансных ліштваў” і гатычныя формы ў афармленні вокнаў, востракутныя франтоны і вежачкі, а таксама прыём асіметрычнасці фасадаў.
Праект рэстаўрацыі з прыстасаваннем помніка архітэктуры ХІХ ст. сядзібнага дома ў в. Чырвоны Бераг распрацаваны ў адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі сучаснай рэстаўрацыі. Галоўны прыярытэт у першую чаргу надаецца максімальнаму захаванню сапраўднасці помніка, галоўнай мэтай з’яўляецца захаванне аўтэнтычных канструкцый і дэталяў ляпнога дэкору, а таксама аднаўленне страчаных элементаў.
Фізіка-хімічнае даследаванне (Л. Усоская) паказала, што помнік мае пэўныя адметныя рысы. Так, для будаўніцтва падмуркаў выкарыстоўваўся глінабітны матэрыял, які садзейнічаў падтрыманню пастаяннага тэмпературнага рэжыму ў сутарэннях будынка. У інтэр’ерах уся паверхня ляпніны апрацоўвалася гарачай аліфай, у выніку чаго дасягаўся найвышэйшы эфект дыфузіі ўзмацняючага (клеючага) сродку. На столі залы, аздобленай у раманскім стылі, роспісы выкананы каляровымі лакамі па сусальным золаце. Ляпны дэкор цалкам зроблены з гіпсу. Дэкаратыўныя элементы фасада аздоблены пад натуральны камень пясковец. У спецыяльны склад раствору ўваходзілі цэмент, мармуровая мука і дробны, добра сартаваны кварцавы пясок. Усе дэкаратыўныя дэталі для трываласці выварваліся ў аліфе. Лесвіца, што вяла ў бальную залу, зроблена з пяскоўцу, а вітражы – з адмысловага каляровага наліўнога шкла. Плануецца, што каларыстыка некаторых памяшканняў будзе выканана ў адпаведнасці з вынікамі фізіка-хімічнага даследавання.
Зараз праводзіцца рэстаўрацыя інтэр’ераў сядзібнага дома, і хоць наперадзе яшчэ шмат працы, ужо можна казаць пра пэўныя вынікі. Адрэстаўравана некалькі залаў з частковым аднаўленнем страчанага ляпнога дэкору. У зале, аздобленай у стылі маньерызму, будзе зроблены мастацкі зандаж з мэтай прадэманстраваць цудам захаваную першапачатковую афарбоўку памяшкання. У двух памяшканнях прынята рашэнне па выніках натурных даследаванняў аднавіць страчаны ляпны дэкор. Пры рэстаўрацыі столі ў музычнай зале (у стылі французскага класіцызму) паўстала праблема з адной з музычных кампазіцый – “мюзеттай”, бо ад яе захаваліся толькі фрагменты. Сумесна з галоўным архітэктарам праекта рэканструкцыі інтэр’ераў А. Малахоўскім мы правялі пэўную даследчую працу па рэканструкцыі першапачатковага выгляду дадзенай кампазіцыі. Дзякуючы дапамозе спецыялістаў з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выява мюзетты была адноўлена.
Першапачатковае пакрыццё падлогі цалкам захавалася толькі ў бальнай зале і ў памяшканні з параднай лесвіцай, таму праектам (архітэктар Т. Панамарова) прадугледжана яе рэстаўрацыя пры дапамозе спецыяльнай тэхналогіі. У астатніх памяшканнях падлога будзе зроблена з матэрыялу, які па сваіх якасцях адпавядае яе першапачатковаму пакрыццю, – прынамсі, гэта мастацкі паркет з малюнкамі, падабранымі па аналогіях.
Асноўнай мэтай рэстаўрацыі фасадаў (архітэктар У. Зайчанка) стала захаванне аўтэнтычных элементаў і рэстаўрацыя тынкоўкі, якая павінна нагадваць натуральны камень.
Праектам прадугледжана максімальнае захаванне ўсіх аўтэнтычных дэкаратыўных элементаў, што ўпрыгожваюць сцены фасадаў. Казыркі над уваходам у будынак будуць рамантавацца на месцы, без дэмантажу. Элементы, не выкарыстаныя паўторна ў якасці аздаблення, плануецца перадаць ў фонд будучага музея ў якасці экспанатаў. Дэкаратыўныя элементы гаргуллі, што служылі вадасцёкамі, захаваліся фрагментарна, таму іх аднавілі ў сучасных матэрыялах (ЗАТ НВА “Эльвіра”). Акрамя таго, на атынкаваных дэкаратыўных дэталях фасада знойдзены элементы паліхромнага роспісу, якія патрабуюць дадатковага даследавання.
Будынак сядзібнага дома плануецца прыстасаваць пад музей “Свет беларускай сядзібы” (аўтар канцэпцыі А. Шырчанка). Актуальнасць стварэння яго ў Чырвоным Беразе абумоўлена, па-першае, тым, што палац з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю нацыянальнай значнасці і помнікам архітэктуры гістарызму, а таксама неад’емнай часткай комплексу садова-паркавага мастацтва. Па-другое, гэта прывабны аб’ект для наведвання турыстаў, турыстычны патэнцыял якога пакуль што не выкарыстоўваецца.
Музей “Свет беларускай сядзібы” ствараецца дзеля папулярызацыі культуры і архітэктуры Беларусі. Справа ў тым, што агульная колькасць гістарычных сядзіб у Беларусі налічвае сотні найменняў, аднак толькі адзінкі захаваліся ў добрым стане. Таму макеты-рэканструкцыі самых значных з іх, а таксама прыклады абсталявання могуць скласці добрую частку экспазіцыі такога музея. Пазітыўным момантам з’яўляецца месцазнаходжанне палаца на тэрыторыі Жлобінскага раёна, дзе праходзіць галоўны турыстычны маршрут Гомельшчыны, а менавіта Гомель, Лоеў, Рэчыца, Юравічы, Мазыр, Чачэрск, Ветка, Тураў.
Місіяй музея стане папулярызацыя і прапаганда культурнай спадчыны Беларусі на прыкладзе сядзіб ХІХ – пачатку ХХ ст., навукова-даследчая дзейнасць па іх вывучэнні, а таксама гістарычная інтэрпрэтацыя сядзібнага дома са стварэннем экспазіцыі, прысвечанай былым гаспадарам і архітэктару. Улічваючы высокую мастацкую і архітэктурную значнасць будынка, асноўным прадметам экспазіцыі стануць інтэр’еры канца ХІХ ст. з абсталяваннем кожнага памяшкання адпаведна з яго прызначэннем: кабінет, спальня, сталовая, більярдны пакой, бальная зала і г.д., а таксама аўтэнтычныя рэчы.
Ажыццяўленне праекта рэстаўрацыі з прыстасаваннем будынка сядзібнага дома пад музейную функцыю будзе спрыяць захаванню і навуковаму асэнсаванню помніка як аб’екта архітэктурна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, што ў сваю чаргу дазволіць стварыць канкурэнтаздольны турыстычны аб’ект.
Літаратура
1. Гістарычная даведка мастацтвазнаўцы Н. Пятровіч // Архіў ТАА “Цэнтр па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый”.
2. Urba´nski, A. Momente Kresowe. – Warszawa, 1929. – S. 97–99.
3. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. T. 1. – Wroc?aw; Warszawa; Kraków, 1991. – S. 86–89;
4. Николаева, Т.И. Виктор Шретер. Иероним Китнер. – Санкт-Петербург: Изд. дом “Коло”, 2007. – 400 с.