Вы здесь

МЕНСКI ЗАМАК: СТРАЧАНАЯ СПАДЧЫНА

Стоячы каля выхаду са станцыі метро "Няміга", азіраючы вакол сябе невыразны газон, шырокі праспект і амаль што крамлёўскія яліны, цяжка паверыць, што пада мною знаходзіцца архаічны горад – Менскае замчышча. Вельмі незвычайна пісаць пра яго пасля нумара "АіС", цалкам прысвечанага Мірскаму замку. Адразу прадчуваецца кантрастны прыём, нават бінарная апазіцыя:

Мірскі – адрэканструяваны на 100% і Менскі – закапаны глыбока пад зямлю;

Мірскі – візітоўка краіны, турыстычны аб'ект № 1, выява якога ўпрыгожвае грашовую банкноту, і Менскі, на месцы якога адсутнічае нават памятная шыльда;

Мірскі – прыгожая, але пуставатая на гістарычныя падзеі "цацка" і Менскі – невялікая пляцоўка, якой кепска ад той колькасці гістарычных падзей, што тут адбываліся;

Мірскі – прыватнаўласніцкая феадальная рэзідэнцыя і Менскі – дзяржаўная вайсковая крэпасць, "камунальная" маёмасць на працягу ўсёй сваёй гісторыі;

Мірскі – муравана-цагляны гігант, у якім пазнаецца позняя готыка і вытанчаны рэнесанс, і Менскі – дрэваземляныя зрубныя ўмацаванні, ад якіх патыхае тысячагадовай архаікай...

Гэты спіс можна было б працягваць, але не ў гэтым нашая мэта. Менскі замак – яскравы прыклад таго, як можна літаральна закапаць пад зямлю сваё мінулае. Як жа так сталася, што ад замка, з якога пачынаецца гісторыя беларускай сталіцы, засталіся толькі "рожкі ды ножкі" – паўгнілое дрэва, схаванае пад тонамі зямлі?..

Пачнем ад сівых часоў, калі продак наш толькі ўладкоўваўся на гэтым месцы, што выгадна лягло каля гандлёвай "жылкі" – транзітнага шляху з варагаў у грэкі, са Скандынавіі – на поўдзень Еўропы.

Умацаваны горад Менск, як, магчыма, ужо ведае чытач, першапачаткова знаходзіўся не на берагах Нямігі і Свіслачы. Меньск, або Менеск, быў заснаваны прыкладна ў X ст. за 17 км адсюль на рацэ Мене, ад якой і атрымаў сваю назву ("мена" на адной з балцкіх гаворак азначае "маленькая рака"). Гэтае старое, добра захаванае гарадзішча і цяпер можна пабачыць, праехаўшы 7 км ад мінскага аўтарынка "Малінаўка" ў бок вёскі Азярцо.

Доўгі час гэты горад быў адным з цэнтраў дрыгавічоў – славянскага племені, чыя кроў і па сёння цячэ ў жылах этнічных беларусаў.

"Кормячыся" ад Дняпроўска-Нёманскага воднага гандлёвага шляху, паселішча патрапіла пад кантроль і ўплыў кіеўскіх сюзерэнаў. У той жа час на гэтыя землі прэтэндавалі палачане і іх неўтаймоўны князь Усяслаў Полацкі (1029(?)–1101), пра якога хадзілі дзіўныя чуткі: празывалі чарадзеем і ваўкалакам, перашэптвалі адзін адному, што за адну ноч з Кіева ў Полацк, ваўком абярнуўшыся, дабягае. Гэты князь усё ніяк не хацеў мірыцца з кіеўскім панаваннем. Таму і паводзіў сябе досыць разняволена: то на Пскоў нападзе, то Ноўгарад спаліць. У выніку аб'яднаныя войскі паўднёва-рускіх князёў – каб адпомсціць Усяславу – напалі на той "Менск-на-Мене", знішчылі яго дашчэнту, пазабівалі мужчынаў і забралі астатніх жыхароў у палон. Усяслаў не паспеў на дапамогу гораду, але прыняў бой, сустрэўшы варожыя войскі на берагах Нямігі. "Высвятленне адносінаў" адбылося ранняй сцюдзёнай вясной 3 сакавіка 1067 года, пра што потым будуць узгадваць летапісы, называючы бітву адной з найбольш жорсткіх у тую эпоху. Князь Усяслаў пасля доўгіх баёў пацярпеў паразу, але здолеў уцячы з берагоў рачулкі, назва якой на балцкай гаворцы азначае "бяссонне"...

Ці то "бяссонная" Няміга не дала заснуць гэтаму месцу, ці то сам Усяслаў прынцыпова не хацеў мірыцца з такой ганьбай, але ўжо прыкладна праз дваццаць год на месцы гэтай бітвы, каля сутокі Нямігі і Свіслачы, ён загадвае будаваць новы Менскі "град" – умацаваную крэпасць. Ад першых укладзеных лагаў і папярэчынаў, перасыпаных на кожным ярусе зямлёй, ад некалькіх зрубленых дамоў для княскага намесніка і яго дружыннікаў пачынаецца гісторыя сённяшняй сталіцы. Горад ужо тады стаў другім па значэнні пасля Полацка ў княстве, а крыху пазней, пры князю Глебе1, – цэнтрам удзельнага Менскага княства.

Профiль вала Менскага замка з абарончай сцяной i забароламi 
(выдзелены цёмным на фоне профiльнай выявы брамы) [2]

...Мы і сёння можам дакрануцца да самых першых драўляных маставых, унутрывальных драўляных канструкцый, рэштак дамоў, у якіх жылі княскія намеснікі, ваяры, купцы, рамеснікі... Вынырнем з ямы археалагічнага раскопу – і вакол зашуміць сучасная еўрапейская сталіца, з тымі ж купцамі і рамеснікамі, толькі на новы лад, замільгацяць кіслотнымі, штучнымі колерамі дамкі Траецкага… Але што яны ў параўнанні з дрэвам чорна-цвілістага колеру, якое вытыркаецца з вільготнай зямлі на глыбіні добрых дзесяці метраў раскопу?..

...Абарончыя валы, што акружылі новае паселішча у 1070–1080-я гг., знаходзіліся крыху наводдаль ад сучаснай Свіслачы. Няправільны авал умацаванага гарадзішча займаў тэрыторыю той самай зялёнай лужайкі каля выхаду з метро (гэта быў край горада), шырыню сучаснага праспекта Пераможцаў, кранаў тэрыторыю жылога дома з крамай "Алеся".

Спачатку былі збудаваны ўнутраныя драўляныя канструкцыі валоў шырынёй 15 м: прадольныя бярвенні (лагі) перасцілаліся папярочнымі бярвеннямі (накатамі). Кожны слой лагаў і накатаў перасыпаўся зямлёй, затым, калі канструкцыя дасягала 5,8 м, яе засыпалі зямлёй – і такім чынам утвараўся вал вышынёй у 6 м.

Новы, умацаваны "град Менскі" амаль адразу быў выпрабаваны на трываласць: у 1085 г. горад атакаваны Уладзімірам Манамахам, цяпер ужо ў якасці помсты князю Усяславу за яго напад на Смаленск. Магчыма, узяцце горада Манамахам і падштурхнула менчукоў праз адносна невялікі час (прыкладна 20–30 гадоў) удасканаліць сваю крэпасць: валы, як і іх унутраныя драўляныя каркасы, былі пашыраны да 20–25 м і сталі вышэйшымі яшчэ на 2 м. Шырыня валоў дазваляла надбудаваць зверху драўляныя парканы (агароджы) вышынёй у 3 м, якія завяршаліся забароламі – баявымі паўадкрытымі пляцоўкамі.

Як устанавілі археолагі, у адным месцы (у праёме вала, пакінутым для брамы) драўляныя шчыты не вытрымалі і вал абсыпаўся на гарадскую маставую, перад гэтым пакладзеную каля ўязной брамы. Маставую ўжо не расчышчалі – новую насцілалі па версе. Гэтая, пакуль яшчэ бязвінная дробная акалічнасць – не аднаўляць старое, а будаваць на яго парэштках, – містычным чынам праз вякі і пакаленні ператворыцца ў сапраўдную загану – гістарычнае бяспамяцтва.

Актавая пячатка з выявай Глеба Менскага"Помози Боже рабу твоему Глебови" 

А пакуль горад, абаронены валамі і парканам агульнай вышынёй у 11–12 м, быў гатовы "ашчэрыць зубы": тры з пяці вялікіх нападаў на Менск у XII ст. былі адбітыя, у двух выпадках горад быў захоплены, але чужынцам даводзілася тыднямі трымаць аблогу пад высачэзнымі гарадскімі сценамі. Ды і самі мінчукі не збіраліся сядзець ціха: у выніку ваенных паходаў Глеб Менскі далучыў да ўдзельнага Менскага княства некаторыя прыдняпроўскія землі і гарады, што заканамерна выклікала канфлікт з Кіевам.

Менавіта кіеўляне і прыходзілі да менскай брамы падчас узгаданых нападаў XII cт. Гэтую самую браму тройчы прыходзілася адбудоўваць па-новаму.

Менская брама, рэшткі якой дагэтуль знаходзяцца ў зямлі, уяўляла сабой умацаваны фарпост, убудаваны ў структуру землянога вала. Структура самога будынка ўключала ў сябе полыя клеці, невялікія ўнутраныя памяшканні, што цягнуліся па два бакі ўздоўж тунэлепадобнага праезда. Вышыня брамы была роўнай вышыні ўсёй астатняй дрэва-земляной агароджы (11–12 м). Наверсе яна была таксама абсталявана забароламі – баявымі пляцоўкамі, надбудаванымі над клецямі. На думку некаторых даследчыкаў, на другім ярусе магла знаходзіцца царква, што было вельмі характэрна для падобных гарадскіх брамаў гарадоў Старажытнай Русі.

Рэшткі старажытнага Менска. Раскопкі 2009 г.

...Мінулі стагоддзі, і менская брама з валамі паступова губляла свае абарончыя функцыі, ператваралася ў пазнавальны элемент гарадской архітэктуры. Сам горад у XV–XVІ стст. шырока раскінуўся на прылеглыя берагі Свіслачы і Нямігі. Побач шумеў Ніжні рынак (каля сучаснага моста праз Свіслач), гараджане забудоўвалі схілы Траецкай гары (раён Опернага тэатра), а замкавыя валы акрамя старой брамы ўжо мелі некалькі новых праёмаў для праезду. Горад жыў па новых законах маладой літвінскай дзяржавы, жыхары Менска, атрымаўшы магдэбургскія вольнасці (права на гарадское самакіраванне), актыўна ўтваралі прафесійныя цэхі, лілі зброю, выраблялі гадзіннікі, займаліся залатарствам, шылі адзенне і абутак, ляпілі гліняны посуд, апрацоўвалі скуры і... ды шмат чаго яшчэ. Замак, старажытны дзяцінец, заставаўся рэзідэнцыяй княскага намесніка і месцам размяшчэння вайсковага гарнізона. Са сваіх кроўных усе гараджане мусілі выплочваць "пенязі" на ўтрыманне дзяржаўнага замка, на будматэрыялы для яго рамонту, пастаўляць хлеб для вайскоўцаў і авёс для іх коней. Хронікі гэтага часу ўзгадваюць разбуральны напад на Менск князя Свідрыгайлы ў час міжусобнай барацьбы за ўладу (1434 г.), а праз 70 год – татарскі набег на горад, які, аднак, не закрануў замак; трыма гадамі пазней – амаль месячная аблога Менска войскам Міхала Глінскага, мяцежнага паўстанца з мясцовай шляхты... Замку "шчасціла". Нават рускія, здзяйсняючы рэйды ў гэты край у 1-й палове XVІ cт., спусташалі толькі менскія ваколіцы, пакідаючы горад некранутым. Вось і думай сабе што хочаш, але незадоўга да гэтых падзей, у 1500-м, як кажа царкоўнае паданне, на водах Свіслачы насупраць замка цудам з'явіўся абраз Божай Маці, які быццам бы прыплыў супраць плыні па Дняпры і Бярэзіне з самога Кіева, захопленага татарамі. Абраз быў урачыста пастаўлены ў замкавай царкве і атрымаў назву Менскай Божай Маці (сёння старажытную рэліквію можна ўбачыць у Свята-Духавым кафедральным саборы ў Верхнім горадзе). Але божая ласка – таксама да часу, і ўжо ў 1547 г. горад і замак дашчэнту знішчаны страшэнным пажарам, які неаднойчы потым узгадваўся летапісцамі. Невядома, ці былі пасля пажару адноўлены замкавыя ўмацаванні. Вядома толькі, што ў будынках на Замчышчы з 1581 г. праходзілі пасяджэнні Трыбунала ВКЛ (Галоўнага суда), які пастаянна месціўся ў Вільні-сталіцы, а ў Менску і Наваградку – пачаргова – адбываліся выязныя сесіі. Аднак пра абарончы патэнцыял самога Менскага замка, яго валоў і брамы можна меркаваць па падзеях "Невядомай вайны" 1654–1667 гг. Рускія афіцэры ў сваіх дакладах, дасыланых цару Аляксею Міхайлавічу з захопленага горада, адзначалі, што "в Менску острогу покрепить немочно, потому что, государь, в Менску острогу нет ни худова, ни доброва" (гаворка вялася аб тым, каб на аснове старых менскіх "осыпей" (валоў) збудаваць новую крэпасць для рускіх салдат)2.

Вызваліўшыся ад трохгадовай рускай акупацыі, горад стаяў у папялішчы: "места Менскае знесена до основы, мещане збегли хто куды"3.

Брама дзяцiнца Менска XII–XIII стст. Графiчная рэканструкцыя Ю.А. Заяца Менскае гарадзiшча. Язэп Драздовіч, 1920 г. 

Але і аднавіўшы горад, гараджане не здолелі зрабіць высноваў з падзей рускай акупацыі: сам замак, а таксама новыя абарончыя бастыёны, якімі Менск быў абведзены ў сваіх тагачасных межах, не ўтрымліваліся гараджанамі ў належным стане. Хронікі паведамляюць пра канфлікты паміж дзяржаўнай уладай, якая патрабавала догляду дзяржаўнага замка, і гараджанамі, якія актыўна "асвойвалі" абарончыя аб'екты, бастыёны і валы, разбуралі, забудоўвалі іх і прыстасоўвалі пад свае надзённыя патрэбы. У выніку тыя ж рускія афіцэры, што вярнуліся сюды зноў у 1770-я гг. (і цяпер – надоўга), адзначалі ў данясенні імператрыцы непрыдатнасць і запушчанасць тутэйшых умацаванняў (верагодна, гэта тычылася і Замчышча). Расійскія горадабудаўнічыя планы 1790-х гг. ужо прадугледжвалі правядзенне новай вуліцы праз Замчышча, пашырэнне праёмаў у валах. І вось праз дваццаць год мясцовыя жыхары, старанна засвойваючы нязвыклыя для іх мяккія гукі ў словах "царь", "челядина" і "орёл", сваімі ж рукамі руйнавалі рэшткі старажытных валоў, збудаваных прадзедамі, расчышчалі іх пад новыя праекты чужынскай губернскай адміністрацыі. Малюнкі Язэпа Драздовіча трапна перадаюць атмасферу гэтага месца і ў больш познія часы: руіны і ламачча, архітэктурная драбяза як знак здрабнення саміх мясцовых людзей...

Абрыў Замкавай гары. Язэп Драздовіч, 1920 г.


Нават войны XX ст., нямецкія бамбардзіроўкі 1941-га не былі такімі лёсавызначальнымі для Замчышча, як уласны выбар саміх мясцовых жыхароў. Ужо падчас аднаўлення савецкага Мінска ў 1950-я гады самыя апошнія фрагменты Замчышча былі зрэзаны. Горад распланавалі так, што калі б раптам тут з’явіліся мясцовыя прывіды з гарадскіх легендаў, то яны доўга блукалі б у пошуках колішніх вуліц Мясніцкай і Замкавай, Ніжняга рынка… Я і сёння не раю табе, дарагі чытач, хадзіць па той Замкавай, што знаходзіцца за гасцініцай "Юбілейная": да Замчышча ўсё адно не прыйдзеш, а калі сур'ёзна суадносіць назву вуліцы з тым, што яе акружае, то і розумам пахіснуцца можна...

Менскае замчышча ("Менск-на-Мене") сёння. Менавіта гэты краявід мінскія экскурсаводы паказваюць гасцям беларускай сталіцы, распавядаючы пра пачатак яе гісторыі.

 

 

***

Сёння на Замкавай

Лёс майго горада, яго старажытнага Замчышча – гэта сімвалічная ілюстрацыя таго эксперыменту, які быў пастаўлены над грамадствам краіны (не без згоды саміх мясцовых жыхароў) у XIX–XX стст.: "выразалі" ў свядомасці сектар памяці. Але ў 2000-я гады гістарычная памяць стала паступова вяртацца змучанаму катаклізмамі мінчуку. Узнікла ідэя адкрыцця і музеефікацыі пачарнелых ад часу дрэваземляных канструкцый, што мірна дагніваюць у раёне станцыі метро "Няміга". Быў распрацаваны праект рэканструкцыі Менскага замчышча, які з-за сваёй празмернай "муляжнасці", гістарычнай несапраўднасці быў сур’ёзна раскрытыкаваны грамадскасцю. Што ж, такі шырокі розгалас пытання сведчыць аб тым, што памяць вяртаецца да жыхароў "места Менскага". Але хочацца, сапраўды хочацца, каб сённяшняя гарадская адміністрацыя ўсё-такі прыслухалася да сваіх суграмадзянаў, якія настойліва просяць грунтоўна дапрацаваць гэты праект. Важна знайсці агульную мову, бо ў гісторыі звычайна бывала так: калі гараджане не знаходзілі згоды паміж сабой, хтосьці самы прадажны з іх ціхенька перадаваў ключы ад брамы вузкавокім "гасцям", што аблогай стаялі пад сценамі. А чужынец – што яму ваш дзядоўскі дом і бацькоўскія вулачкі? Яму – абы толькі ўтыркнуць свой шкло-бетонны чэлес у самым цэнтры "рэсурснага" business-place, напляваўшы на мясцовую архітэктуру і традыцыі, і смактаць, смактаць, смактаць свае працэнты... І вось ужо ляціць друз ад старых гарадскіх камяніц – гэта расчышчаюцца пляцоўкі пад чарговыя недарэчныя "высоткі-пеналы", а да манастырскіх келляў у Верхнім горадзе пракладаюць камунікацыі – для будучых казіно і бараў. Ці не варушацца там у зямлі косткі князя Глеба і яго бацькі Усяслава? Ці ведалі яны, што так усё абернецца? Што па зрубленым імі горадзе праз тысячу год будуць абыякава таптацца... самі ж яго жыхары?..

1Глеб Менскі – сын князя Усяслава Чарадзея, княжыў у Менску ў 1101–1119 гг.

2 Беларускі архіў. Т. 3. – С. 184–185 (цыт. па: [2, с. 60]).

3 Цыт. па: [1, с. 288].

Літаратура

1. Баравы, Р. Менск // Энцыклапедыя ВКЛ: У 3 т. Т. 2. – Мн., 2006. – С. 285–288.

2. Заяц, Ю.А. Оборонительные сооружения Менска XI–XIII вв. – Мн., 1996. – 78 с.

3. Минск старый и новый / Авт.-сост. В.Г. Воложинский; Под ред. З.В. Шибеко. – Мн., 2006. – 272 с.: илл.

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Гольшаны, пожалуй, единственное в Беларуси местечко, которое сохранило свое архитектурное лицо. Что ни дом — то бывшая мастерская, или лавка, или...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Один из древнейших городов Беларуси – Заславль – уже давно приковывает внимание специалистов из разных областей науки – археологии...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Мядельщина. Никакими словами не передать величие и красоту этого прекрасного уголка белорусской земли, воистину края голубых озер. Живописные берега...