Вы здесь

Армянскія храмы

Версия для печати

Найбольш значным архітэктурным тыпам будынкаў з пункту гледжання мастацкай выразнасці і канструкцыйнай дасканаласці заўсёды былі храмы. Чалавецтву патрэбна было стварыць (арганізаваць) форму асяроддзя, якая б увасабляла сувязь з нябеснымі сіламі, дзе чалавек выходзіў за межы штодзённага жыцця і ўзносіў малітвы да нябёсаў. Найперш гэта былі асаблівыя, адметныя прыродныя месцы, потым свяцілішчы, створаныя з дрэваў і каменняў, і нарэшце пабудовы, у якіх можна было праводзіць рэлігійныя абрады і тварыць малітвы. Дарэчы, мы ўжо і не памятаем, што і Парфенон, і Абу-Сімбел, і Пантэон – гэта перш за ўсё храмы.

Большасць будынкаў (палацы, дамы, крэпасці) стваралася дзеля канкрэтных матэрыяльных патрэбаў. А вось храмавая функцыя дазваляла дойлідам падыходзіць да вырашэння архітэктурных задач з большым духоўным (ідэальным) зместам. Храмы былі прэстыжнымі для архітэктараў і найбольш выразна сведчылі пра іх магчымасці і таленты.

Армянскія храмы як тып архітэктурна-канструкцыйнай пабудовы прайшлі доўгі шлях развіцця. Карані армянскай архітэктуры – у гістарычнай глыбіні як Усходу (Урарту, Персія), так і Захаду (Грэцыя, Рым). І зліцца ў ствол дрэва гэтыя карані змаглі толькі тут, на армянскай зямлі, бо памежжа (і геаграфічнае, і духоўнае) заўсёды нараджае надзвычайных нашчадкаў.

Матэрыял у Арменіі быў адвеку – цудоўны прыродны камень, канструкцыйныя прыёмы выкарыстоўваліся яшчэ з далёкіх асіра-вавілонскіх часоў, але патрэбна было нешта іншае, каб адбылося сапраўднае архітэктурнае сыходжанне гэтага цуда – сыходжанне з неба.

У аснове армянскай (як і беларускай) цывілізацыі ляжыць хрысціянская вера. Менавіта яна дала дойлідам магчымасць прыйсці да новых тыпаў будынкаў – новых не па планіровачных схемах (бо цэнтрычнасць была вядомая яшчэ урартам, а базіліка – рымлянам), але па Узнясенні, па выхадзе архітэктуры з зямлі і імкненні да неба. Армянскія храмы з’яўляюцца самым сапраўдным яднаннем формы і зместу. Калі бачыш іх, адчуваеш такі ўзровень, такую ступень архітэктурнай лагічнасці, пры якой адзін толькі камень муроў як бы ўвасабляе ўвесь будынак. Канструкцыйная геаметрычная яснасць квадраў расчляняе муры, дасягае абсалюту, але ў той жа час яна змяняецца сапраўдным жывапісным колерам, колькасцю адценняў, нават фактур “жывога” туфа.

Зачараванасць разам з камернасцю і манументальнасцю знешняга аблічча не ведае канца, і здаецца, ужо няма чаму здзіўляцца.

Але калі заходзіш у храм...

Осіп Мандэльштам калісьці напісаў, трапіўшы ў маленькую царкву Кармравор у Аштараку: “Встал на цыпочки и заглянул внутрь: но там же купол, купол! Настоящий! Как в Риме у Петра…”. Сапраўды, калі звонку архітэктурнае майстэрства ўражвае, дык апынуўшыся ў інтэр’еры армянскага храма, адчуваеш катарсіс – тое, што завецца духоўным ачышчэннем.

Магчыма, тут з самага пачатку існаваў пэўны намер: захаваць чыстую манументальнасць унутры, каб не прыцягваць зайздросных ворагаў. Вось тут і разумееш, чым наогул была архітэктура для армян у гістарычным мінулым – адзінай магчымасцю выратаваць армянскі дух, армянскую культуру ў варожым асяроддзі, бо кнігі спальваліся, а людзей папросту знішчалі. Захаваліся толькі святыя камяні…

Вядома, што ў нашым свеце нішто не бывае цалкам ізаляваным: прастора культуры розных народаў агульная – за межамі знаходзіцца толькі адсутнасць культуры. Але прыходзячы да армянскага храма, усё ж разумееш, што гэта і ёсць вялікі бясцэнны ўклад народа ў скарбніцу сусветнай цывілізацыі…


Мінск – Ерэван
Снежань 2008 г.

 

 

 

 

Читайте также
27.10.2003 / просмотров: 5 226
О чем речь? Любой разговор с моими коллегами о нынешней ситуации в белорусской архитектуре, о содержании нашего журнала неминуемо приходит к...
27.02.2004 / просмотров: 8 422
Темой нашего первого номера мы провозгласили вечерний город. Тема очень благодатная, “красивая” и яркая, и нам казалось, что недостатка в...
13.07.2004 / просмотров: 5 649
Программой нашей апрельской встречи в Хальденслебене (см. № 2 2004) была предусмотрена экскурсия по Берлину, целью которой являлась презентация...