Вы здесь

АДНАЎЛЕННЕ СВЯТА-УСПЕНСКАГА САБОРА Ў ВІЦЕБСКУ

Напрыканцы 2011 г. на высокім беразе Заходняй Дзвіны, на Успенскай (былой Прачысценскай) гары былі завершаны рэстаўрацыйныя работы па аднаўленні аднаго з прыгажэйшых і велічных культавых будынкаў г. Віцебска – Свята-Успенскага сабора.

Прачысценская гара з даўніх часоў з'яўлялася адным з прывабных месцаў для ўзвядзення храмаў. Першыя звесткі аб будаўніцтве драўлянай праваслаўнай царквы ў гонар Прачыстай Богамаці тычацца 1406 г. На пачатку XVII ст. царква гэтая стала ўніяцкай, а побач з ёю пабудавана падвор'е Полацкага архіепіскапа. У 1708 г. яна згарэла ў час вялікага пажару, што ахапіў увесь горад. Праз 9 год тут была ўзведзена каменная царква, якая таксама згарэла ў 1722 г.

У 1743 г. манахі-базыльяне заклалі падмуркі новай каменнай царквы. Велічны храм у стылі позняга барока спраектаваў італьянскі архітэктар Іосіф Фантана ІІІ – дарэчы, многія прадстаўнікі гэтага знакамітага роду працавалі ў XVIII ст. у Рэчы Паспалітай.

Аднак з самага пачатку манахі-базыльяне сутыкнуліся з праблемай высокіх грунтовых вод, і ўзвядзенне храма было прыпынена. На працягу трох год будавалі дрэнажную сетку для збору вады. Для сцёкаў узвялі два цагляныя калектары. Адзін з іх выходзіў у заходнім напрамку на бераг Заходняй Дзвіны і быў у рост чалавека, што дазваляла прачышчаць яго ад наносаў і гразі. Гэтая асаблівасць спрыяла распаўсюджанню чуткаў пра падземны ход, які цягнуўся ад царквы пад рэчкаю на другі яе бераг.

Будаўнічыя работы завяршыліся ў 1785 г., і храм асвяцілі ў імя Успення Прасвятой Багародзіцы.

Царква – двухвежавая трохнефавая базыліка з трансептам. Бакавыя нефы павялічаны ў бакі і падзелены на дзве часткі, цэнтральны неф і трансепт утваралі ў плане крыж. Алтарная частка з паўкруглай апсідай была арыентавана строга на ўсход. Бакавыя вежы мелі тры ярусы. Паміж вежамі на галоўным фасадзе месціўся багата дэкараваны калонамі і пілястрамі ўваход у храм. Памеры ў плане складалі 15 сажняў (32 м) у шырыню і 24,5 сажня (52,2 м) у даўжыню. Вышыня будынка да ніза крыжоў – 45 м. Шырыня і даўжыня яго суадносяцца паміж сабой у "залатой прапорцыі". Такія ж суадносіны маюць і асноўныя архітэктурныя часткі храма.

Архітэктурны дэкор фасадаў складаўся з гарызантальных прафіляваных карнізаў і паяскоў, калон і пілястраў, нязначнай колькасці ляпніны. Па цэнтры галоўнага ўваходу і на бакавых фасадах трансепта – барочныя франтоны-шчыты, аздобленыя валютамі і пілястрамі. Усё гэта надавала храму велічны выгляд.

У 1799 г. царква манастыра базыльян была перададзена праваслаўным вернікам і атрымала новую назву – Успенскі сабор. У 1804 г. на ім выканалі некаторыя перабудовы ў модным на той час класічным стылі: замест барочных франтонашчытоў усталявалі трохвугольныя франтоны, на перакрыжаванні цэнтральнага нефа і трансепта з’явіўся цагляны барабан з паўкруглым купалам. Другая нязначная перабудова храма адбылася ў 1872 г. – у выніку дах купала стаў рабрыстым.

У такім выглядзе будынак Успенскага сабора праіснаваў да 1936 г., калі быў узарваны. Пазней на яго месцы пабудавалі вучэбны цэх станкабудаўнічага тэхнікума, што размясціўся ў памяшканнях базыльянскага кляштара.

Гараджане, неабыякавыя да лёсу роднага горада, заўсёды марылі пра аднаўленне храма – адной з асноўных святыняў Віцебска. І ў 90-х гадах XX стагоддзя час нарэшце прыспеў.

Першыя чарцяжы графічнай рэканструкцыі Успенскага сабора зроблены ў 1993 г. Была праведзена вялікая гісторыка-даследчая праца ў архівах Санкт-Пецярбурга і Мінска, вынікам якой стала гістарычная даведка, а таксама археалагічныя даследаванні рэшткаў падмуркаў страчанага храма.

На падставе атрыманых дадзеных у 1998 г. па ініцыятыве Віцебскага Епархіяльнага ўпраўлення (заказчык – аддзел па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў культуры Віцебскага аблвыканкама) малым дзяржаўным праектным прадпрыемствам "Віцебскпраектрэстаўрацыя" быў распрацаваны эскізны праект рэстаўрацыі Свята-Успенскага сабора, які прадугледжваў яго аднаўленне на перыяд 1872 г. – менавіта на гэты час захавалася найбольшая колькасць гістарычных матэрыялаў. Ён быў узгоднены ў 1999 г. у Камітэце па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Далейшая распрацоўка праектнай дакументацыі працягвалася ў праектным інстытуце "БелГПІ" г. Віцебска. Была зроблена каррэктура згаданага эскізнага праекта, у выніку якой у падвальнай частцы сабора запраектавана вялікая зала многафункцыянальнага прызначэння, а таксама размешчаны купель для водахрышчэння і іканастас. Былі выкананы комплексная рабочая дакументацыя і чарцяжы інтэр’ераў памяшканняў ніжняга паверха і асноўнага яруса.

Праект рэстаўрацыі з самага пачатку прадугледжваў выкарыстанне матэрыялаў, максімальна набліжаных да першапачатковых. Так, сцены храма, арачныя перамычкі над вокнамі і дзвярыма запраектаваны з паўнацелай глінянай цэглы. Сцены як звонку, так і ў сярэдзіне будынка планавалася атынкаваць, прафіляваныя карнізы і паяскі былі выцягнуты з тынкоўкі па драўляных шаблонах. Аднак не абышліся без сучасных матэрыялаў і тэхналогій. Так, усе скляпеннi выкананы з маналітнага жалезабетону. Капітэлі карынфскага ордэра, размешчаныя ў сярэдзіне храма, адліты з гіпсу, вонкавыя – з бетону.

Для ўпрыгожвання і аздаблення інтэр’ераў храма выкарыстоўваўся паліраваны мармур. Падлогі асноўных памяшканняў меркавалася зрабіць з паліраванага граніта. Была таксама выкарыстана пазалота для металічных капітэляў мурмуровых калон іканастаса на першым паверсе і ў ніжнім ярусе будынка. Дах асноўнага аб’ёму сабора запраектаваны з ліставой медзі.

Падрыхтоўчыя працы па аднаўленні храма распачаліся ў 1999 г., і зноў будаўнікі сутыкнуліся з праблемай высокіх грунтовых вод. Толькі калі быў зроблены дрэнаж усёй пляцоўкі, з’явілася магчымасць весці будаўніцтва без перашкод.

Аднаўленне храма стала ўсеагульнай будоўляй Віцебскай вобласці. Дапамогу аказвалі і па-за яе межамі. Так, дах цэнтральнага купала і шлемападобныя дахі на вежах зроблены і зманціраваны расійскай фірмай "Марыон" з Чалябінска. Яны прапанавалі сучасную тэхналогію вырабаў са сталі (пакрыццё – нітрыд тытану, гарантыя – да 100 год).

Такім чынам, Віцебск сам вярнуў сабе тое, што спрадвеку належала яму па праву. Заставалася толькі давесці да адпаведнага ўзроўню знешняе аблічча храма. Яркі рэльеф, багатае прыроднае асяроддзе, прылеглая гістарычная забудова – усё гэта патрабавала неардынарных, нетыповых рашэнняў. Паралельна з работамі на саборы горад працаваў над добраўпарадкаваннем вусця р. Віцьба, вуліц Пушкіна і Талстога. У выніку атрымаўся цікавы, надзвычайна архітэктурна і сэнсоўна насычаны комплекс.

Уся кампазіцыя мае ярка выражаны ярусны строй. Ніжні ярус – забудова вул. Талстога, жаночы манастыр Святой Роўнаапостальнай княгіні Вольгі, рэканструяваная падпорная сцяна, сярэдні – пешаходная галерэя па версе падпорнай сцяны і, нарэшце, верхні ярус – велічны Успенскі сабор і забудова вул. Крылова. Усе яны звязаны паміж сабой дзвюма лесвіцамі, кожная са сваім адметным рашэннем.

Лесвіца, што вядзе ад галоўнага ўваходу ў храм да ракі, сцелецца па рэльефу і амаль паўтарае старыя натоптаныя сцежкі, якія можна ўбачыць на фатаграфіях пачатку XX ст. Падымаючыся і спускаючыся па ёй, вы атрымліваеце асалоду ад велічных перспектыў Заходняй Дзвіны, Задзвіння, Кіраўскага маста.

Лесвіца, што вядзе ад вул. Талстога, завяршае перспектыву вул. Пушкіна і мае іншае архітэктурнае вырашэнне. Яна разбіта на два ўчасткі: першы – ад Талстога да пешаходнай галерэі, другі – ад галерэі да храма. Першы выкананы з паступовым рухам. Пры выхадзе яго на пешаходную галерэю маецца скругленая пляцоўка, абсталяваная месцамі для адпачынку, пад пляцоўкай арганізаваны памяшканні для дробнага гандлю. Вышэй галерэі лесвіца падпарадкоўваецца крутому рэльефу і ідзе "чаўночным" ходам. З яе таксама адкрываюцца цудоўныя віды – на вуліцы Пушкіна і Талстога, р. Віцьбу, драматычны тэатр, гатэль "Віцебск".

Успенскі сабор і прылеглая тэрыторыя ўжо сталі любімым месцам для наведвання вернікаў, жыхароў горада і турыстаў. Храм жыве сваім жыццём. Да яго ідуць людзі, тут здзяйсняюцца царкоўныя абрады, чалавек атрымлівае духоўнае акармленне.

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Давайте попутешествуем во времени, «пробежимся» по разным уголкам Земли и пристально вглядимся в свои родные места, полюбуемся и восхитимся...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Туризм – одно из наиболее динамичных явлений современного мира. В последнее время он приобрел колоссальные темпы роста и масштабы влияния на...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
В ряде стран Западной и Центральной Европы формируются природные парки регионального и местного значения, аналогов которым в Беларуси пока нет. Так...