Вы здесь

АРХІТЭКТУРА ПАГРАНІЧЧА

Вставала конструкцияхрамов армянских, связавшихЗапад с Востоком...Андрей Белый. Армения. 1928

Усход і Захад – гэтыя назвы бакоў свету ў гісторыі чалавецтва ператварыліся ў сімвалы супрацьлегласцяў розных цывілізацый, народаў і культур. І зараз, у перыяд так званай глабалізацыі, гэтая рознасць існуе ў выглядзе супрацьстаянняў паміж хрысціянскім Захадам і мусульманскім Усходам, якія адчуваюцца ў Еўропе і на Бліжнім Усходзе. Канфлікт прысутнічае і ў розных жыццёвых філасофіях: з аднаго боку, рацыянальны прагматызм жыхароў Захаду, з другога – фанатызм і самаахвярнасць людзей Усходу. Але за ўсім гэтым – доўгі гістарычны шлях развіцця розных светапоглядаў, культур, мастацтваў і архітэктур. І пазнаецца, адчуваецца ён лепей за ўсё на мяжы, на паграніччы паміж Еўропай і Азіяй, паміж Захадам і Усходам, калі ты можаш адначасова ўбачыць абодва бакі (гэта цікава яшчэ і таму, што наша Беларусь – таксама мяжа, пагранічча). Вось і прычына паехаць на Армянскае нагор'е ў Малую Азію...

Чалавецтва цалкам і кожная чалавечая асоба заўсёды імкнуцца да недасягальнага, непазнанага. І прычына гэтаму – вера ў тое, што там, у недасягальным месцы, ёсць нешта цудоўнае – шчаслівы свет, рай. Такім недасягальным раем у хрысціянскім свеце калісьці лічыліся вытокі вялікіх рэк Тыгра і Еўфрата, зямля паблізу Арарата, з якога, як кажа Біблія, пачалося другое (пасля патопу) жыццё чалавецтва. Тут, каля гэтых рэк, існавалі калісьці самыя першыя старажытныя дзяржавы: Шумер, Акад, Асірыя, Вавілон, хетская дзяржава і Урарту...

Калі ўвачавідкі бачыш клінапіс, зроблены больш за 25 стагоддзяў таму ля турэцкага (зараз) горада Ван, пачынаеш разумець глыбіню Часу і веліч крокаў Гісторыі (мал. 1). Менавіта тут, у вярхоўі Еўфрата, ля возера Ван знаходзілася дзяржава Урарту (IX–VI стст. да н.э.). Яе назва – таксама таямніца, бо лічыцца, што біблейская гара Арарат атрымала сваё імя ў выніку памылкавага перакладу з арамейскай мовы назвы дзяржавы Урарту. Старажытныя клінапісы, а іх у ваколіцах Вана некалькі, дзівяць графічнай выразнасцю і дакладнасцю кампазіцыі. А яшчэ зместам – на іх мы чытаем ганарлівыя словы цароў Асірыі, Персіі, Урарту – Саргона, Ксеркса, Менуа і Сардурі. І захаваліся яны выдатна, нягледзячы на 25–30-вяковы «ўзрост».

Таямнічая гісторыя і архітэктуры Урарту. Вось план унутрыскальных палацавых памяшканняў сталіцы – Тушпы (зроблены рускімі даследчыкамі на пачатку ХХ ст.) (мал. 2). А вось інтэр'еры гэтага скальнага комплексу (мал. 3). Тут ўражвае геаметрычная дакладнасць ў планіроўцы і апрацоўцы сцен памяшканняў. Архітэктура гэтай краіны задае нам шмат розных пытанняў. Захавалася, напрыклад, выява ўрартыйскага бога Хальдзі (вось вам і халдзеі!) з горада Мусасіра (VIII ст. да н.э.). Тут і трохвугольны франтон, і шэраг калон на фасадзе (мал. 4) – чым не продак грэчаскіх будынкаў?

Яшчэ больш пытанняў узнікае пры наведванні руін старажытнага горада Ані, які размешчаны на армяна-турэцкай мяжы з турэцкага боку. Анійскае армянскае царства існавала ў раннім сярэднявеччы, у IX–XI стст., і мела цудоўную архітэктуру, паходжанне якой звязана з Персіяй, Парфіяй, Рымам і Візантыяй. Важна, аднак, іншае: тут з сінтэтычнага сплаву розных будаўнічых эстэтык стварылася нешта надзвычайнае – тое, што пасля вывучэння ў канцы XIX – пачатку XX ст. прымусіла вучоных перагледзець погляд на паходжанне еўрапейскай хрысціянскай архітэктуры. Выдатны даследчык мастацтва Іозаф Стржыгоўскі (родам з Бяльска-Бялы) на пачатку ХХ ст. пісаў пра армянскія карані вежавых хрысціянскіх храмаў Грэцыі, Балкан і Русі, а таксама пра ўплыў армянскай архітэктуры на развіццё еўрапейскай готыкі і рэнесансу1.

Гэта ж сцвярждае і англійскі даследчык Эрнест Г. Шорт: «тое, што вежавы храм Арменіі быў фактарам у эвалюцыі хрысціянскай архітэктуры, здаецца, не выклікае сумненняў» (пераклад з англ. – А.С.)2.

І калі бачыш цудоўны кафедральны сабор у Ані (Х ст.) з яго сціплым лаканічным аб'ёмам і сапраўды манументальным, гатычным інтэр'ерам (мал. 5, 6), разумееш, што ў іх навуковых працах ёсць шмат ісціны. Скупасць формы ў экстэр'еры быццам маскіруе цуд архітэктурнай прасторы, якая адкрываецца кожнаму ўнутры будынка.

Здзіўленне выклікаюць і анійскія храмы-ратонды з іх смелым вырашэннем аб'ема – цыліндрычнай кампазіцыі (мал. 7, 8). Чысціня формаў, аднак, не шкодзіць ужыванню дэкаратыўных дэталяў у выглядзе вытанчаных плоскіх рэльефаў. Вось, напрыклад, дэкаратыўная рэльефная дэталь з кафедральнага сабора ў Ані (мал. 9). Здаецца, створана яна толькі ўчора таленавітым дызайнерам...

Пытанні пра ўзаемасувязі і ўзаемаадносіны культур заўсёды паўставалі ў гісторыі мастацтва і архітэктуры. Назвы «ўплыў» і «запазычанне» часцей за ўсё насілі негатыўны ці нават негатыўна-правакацыйны характар. На самой справе працэс узаемадзеянняў у развіцці культур з'яўляецца безумоўна станоўчым. Ён спрыяе развіццю мастацтва і архітэктуры кожнага народа. І на самой справе – хіба ганебна ўбачыць рысы заходнееўрапейскага храма ў Анійскім саборы ці абрысы італьянскага барока на беларускім небасхіле? Адмаўленне ад гэтых сувязяў ёсць праяўленне цемнаты і некультурнасці, бо развіццё культур розных народаў – гэта ўзаемаабагачальны працэс. У гэтым працэсе адбываюцца адкрыцці, у той ці іншай краіне ствараюцца новыя формы, але іх з'яўленне падрыхтавана ў тым ліку і натхненнем, якое прыходзіць з уражанняў ад чагосьці іншага, незвычайнага. Сапраўды, тут майстэрства архітэктара і навізна тэхналогій зліваюцца з унутраным светам майстра, які стварыўся ад убачанага і адчутага. Гэта добра разумееш, калі бачыш, напрыклад, мураваныя канструкцыі колішніх храмаў Ані. Тут прысутнічаюць і старажытнарымскія будаўнічыя ідэі – пустоты паміж цагельнымі квадрамі заліваюцца бута-бетонам (мал. 10).

У культурнай гісторыі кожнага народа заўсёды прысутнічае элемент узаемасувязі – у архітэктуры гэта можа быць творчасць замежных майстроў на нашай зямлі, ці вучоба сваіх у іншых краінах, ці ўвасабленне эстэтычных уражанняў ад убачанага там. Але галоўнае, што гэты працэс прыносіць станоўчыя вынікі, і ты разумееш, што меў на ўвазе Стржыгоўскі, калі пісаў, што ў «сваёй канцэпцыі храм Св. Сафіі ў Канстанцінопале чыста армянскі» (ук. сач., с. 46).

І разумееш таксама, што ўсё-такі не меў рацыі выдатны англійскі паэт Рэдз’ярт Кіплінг, сцвярджаючы, што «Захаду і Усходу ніколі не сысціся». Яны сутыкаліся і сыходзіліся, і сыходзяцца зараз у далёкай Малой Азіі і на нашай беларускай зямлі...

 

 

 

 

Читайте также
02.09.2003 / просмотров: [totalcount]
В начале июня в Минске состоится XVIII заседание Межправительственного совета по сотрудничеству в строительной деятельности стран СНГ по вопросам...
02.09.2003 / просмотров: [totalcount]
Национальные приоритеты Республики Беларусь в области территориального развития и градостроительства: – рациональное использование...
24.04.2006 / просмотров: [totalcount]
Сегодня состоялось официальное подведение итогов открытого международного конкурса на разработку архитектурной концепции Парка высоких технологий....