1. Рэтраспекцыя развіцця замка з фартыфікацыямі
Гісторыя рэзідэнцыі князёў Радзівілаў непасрэдна звязана з гісторыяй Нясвіжа. Першае вядомае нам згадванне мясцовасці датуецца 1446 г., калі гэтыя ўладанні вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык (1427–1492) надаў Мікалаю Нямірычу. У 1492 г. Нясвіж пераходзіць да маршалка земскага, троцкага ваяводы Пятра Янавіча Мантыгірдавіча і яго нашчадкаў. У дакуменце ён вызначаецца як «curia» – абарончы двор.
На той час Нясвіж уяўляў сабою воласць у складзе двух двароў, адзін з якіх меў назву «палац», дзе былі будынкі касцёла з плябанню і карчмы. Яны размяшчаліся на «востраве».
Дзякуючы гандлю і размяшчэнню на гасцінцы з Слуцка і Клецка да Міра і Навагрудка пасяленне хутка пашыраецца.
Уласнасцю Радзівілаў Нясвіж стаў у 1513 г., калі яго ўладальніца Ганна з роду Кішкаў узяла шлюб з троцкім кашталянам Янам Радзівілам Барадатым. У 1533 г. Нясвіж перайшоў да іх сыноў – Яна і Мікалая «Чорнага» Радзівілаў, якія ў 1547 г. атрымліваюць тытулы князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі «на Алыцы і Нясвіжы».
У дакументах 1534 г. Нясвіж ужо мае назву «мястэчка». У тыя часы ён набывае значэнне важнага рэфарматарскага асяродка.
Існаванне ў Нясвіжы абарончага двара падкрэслівае той факт, што ў скарбовым рэестры за 1569 г., складзеным з нагоды перавозкі маёмасці з Нясвіжа ў Чарнаўчыцы, прысутнічае значная колькасць вайсковага начыння. На жаль, да гэтага часу не выяўлены архіўныя крыніцы, якія б пралілі святло на забудову Нясвіжа, што існавала з 1569 па 1658 г., калі быў складзены першы вядомы нам інвентар апісання Нясвіжскага замка.
З вялікай верагоднасцю гэтым абарончым дваром, ці «курыяй», магла быць змешчаная на першым плане гравюры Т. Макоўскага «Нясвіж» забудова, якая мае подпіс «Domus Capitanei» – «Дом старасты». На прастакутнай пляцоўцы знаходзяцца двухпавярховы палац з рызалітамі, культавае збудаванне, гаспадарчыя і жылыя пабудовы, двухпавярховыя вежы па кутах агароджы і парканам паміж імі, а таксама высокія дрэвы, якія шчыльна займаюць прастору двара і сведчаць аб яго старадаўнасці.
Магчыма, што маёмасць, якую ў 1569 г. перавозілі ў Чарнаўчыцы, знаходзілася ў гэтым двары, і ён па невядомых для нас акалічнасцях падлягаў разборцы. Верагодна, прычынай магла быць задумка будаўніцтва новага замка, да ажыццяўлення якой заставалася 14 год. Адказ на гэтае пытанне яшчэ чакае адкрыцця пэўных гістарычных крыніц. Адзінае можна сцвярджаць на падставе падрабязнай выявы забудовы замка, горада і прылеглага ландшафту, што Т. Макоўскі мог бачыць «Domus Capitanei» ў натуры альбо на мадэлі.
У гэтым выпадку мы маем магчымасць адказаць на шэраг пытанняў, якія ўзнікалі падчас аналізу архіўных крыніц з 1492 па 1600 г.:
- «востраў» – месца забудовы абарончага двара, вакол якога знаходзілася забалочаная мясцовасць поймы р. Уша;
- «палац» – двухпавярховы са стромкімі франтонамі і рызалітамі будынак;
- кальвінскі збор – культавая пабудова побач з палацам;
- карчма і плябань – збудаванні ў межах агароджы двара.
Пасля смерці Мікалая Радзівіла «Чорнага» ў 1565 г. яго ўладанні пераходзяць сынам. У 1577 г. у выніку падзелу Нясвіж атрымаў Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка», заснавальнік Нясвіжскай ардынацыі. Згодна з яе статутам, нясвіжскія ўладанні нельга было ні прадаць, ні закласці, і ў спадчыну яны павінны перадавацца толькі па мужчынскай лініі. Дзякуючы гэтаму на працягу 360 год – да 1939 г. – Нясвіж заставаўся радзівілаўскім радавым гняздом.
У 1586 г. горад атрымаў магдэбургскае права.
У архіўных крыніцах на сённяшні дзень мы не знайшлі ні дакладнай даты пачатку будаўніцтва замкавага комплексу, ні імя аўтара праекта. Адзіная інфармацыя – дзве захаваныя каменныя пліты з ідэнтычнымі надпісамі, умураваныя на фасадах будынкаў камяніцы і палаца. Адна больш старадаўняя, другая была ўсталявана падчас рэканструкцыі замка ў сярэдзіне ХVIII ст. Згодна з надпісамі на іх, замак закладзены Мікалаем «Сіроткай» 7 мая 1583 г.
На ўзгор’і, абмежаваным разлеглымі балотамі поймы р. Уша і безыменнага ручая, ствараецца грандыёзны па памерах і унікальны па архітэктурнай і інжынернай задумцы замкавы і гарадскі абарончы комплекс, у аснову якога закладзена філасофія мастацтва эпохі Рэнесанса. Трэба адзначыць, што для гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва Нясвіжскі комплекс уяўляе сабой выключны выпадак – на працягу звыш 400 год захаваліся аўтэнтычнымі культурны ландшафт, планіроўка, інжынерныя і архітэктурныя збудаванні, творы мастацтва.
Менавіта таму ў якасці аб’ектаў, што ўяўляюць найвышэйшую універсальную каштоўнасць, у 2005 г. Нясвіжскі ансамбль уключаны ў Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO.
Праектаванне і будаўніцтва Нясвіжскай фартэцыі адбываецца ў тыя часы, калі ў Еўропе пануе новы погляд на архітэктуру і сістэму інжынернага забеспячэння абарончых збудаванняў.
Вынаходніцтва ў першай палове XV ст. спосабу адліўкі чыгуна дае магчымасць вырабу з яго зусім іншай па якасцях зброі. Калі раней абароназдольнасць замкаў запяспечвалася фартыфікацыйнымі збудаваннямі ў выглядзе вежаў і муроў паміж імі, то разбуральная моц чыгунных гармат на лафетах патрабавала новых умацаванняў, здольных стварыць умовы для размяшчэння вялікай колькасці агнястрэльнай зброі і забеспячэння ёй максімальнай дальнабойнасці.
Вынаходнікам такіх ідэй быў германскі інжынер Альбрэхт Дзюрэр. Яго трактат «Кіраўніцтва да ўмацавання гарадоў, замкаў і цяснінаў» (1527 г., г. Ньюрэнберг) вайсковыя інжынеры выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці на працягу больш чым ста гадоў. Ідэі бязвежавых умацаванняў, у аснове якіх былі бастыёны і курціны, рэалізаваліся ў будаўніцтве італьянскіх (Верона) і швейцарскіх крэпасцяў (на р. Рэйне, Шафгаўзен), затым атрымалі ўдасканаленне ў Францыі і Нідэрландах. У архітэктуры фартыфікацыйных збудаванняў узнікае новая сістэма прапорцый, у якой законы гармоніі спалучаюцца з законамі статыкі.
Першымі, хто здзейсніў гэтыя навацыі на беларускіх землях, сталі Радзівілы. Спачатку ў Нясвіжы і на Біржах (зараз Біржай, Літва, 1586–1599 гг.), пазней такога кшталту замкі былі пабудаваны ў Ляхавічах, Алыцы, Жоўкве (Украіна).
Трэба адзначыць, што нават у выпадках, калі выкарыстоўваецца найноўшая заходнееўрапейская мадэль фартыфікацыі, абавязкова захоўваюцца мясцовыя традыцыі. Месца для замка выбіралася з улікам традыцыйных своеасаблівасцяў прыроднага ландшафту не на ўзвышшах, дзе будавалі сярэднявечныя замкі, такія як Полацк, Гародня, Навагрудак і інш., а ў поймах рэк і балот – Крэва, Ліда і г.д., дзе багна была надзейнай абаронай на працягу ўсяго года.
Нясвіжскі абарончы комплекс прынцыпова адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў тым, што тут не было раней пабудаваных замка і пасада, якія паступова рэканструяваліся ў залежнасці ад удасканальвання зброі. Ён узведзены па адзіным праекце на вольным месцы з улікам зброі на канец XVI ст.
Нам невядома прозвішча інжынера – аўтара праекта нясвіжскай мадэлі, але, безумоўна, гэта была асоба, якая дасканальна ведала тэорыю і практыку ўзвядзення самай сучаснай на той перыяд фартыфікацыі. Верагодна, ім мог быць запрошаны вайсковы інжынер, які толькі распрацаваў праект і выканаў мадэль, а яе рэалізацыю здзейснялі мясцовыя працаўнікі пад кіраўніцтвам геамайстроў і тапографаў, што працавалі на княжацкім двары. Сам князь выдатна ведаў гэты праект, аб чым сведчыць яго ліст, дзе ён дае парады будаўнікам Біржайскага замка.
Пацвярджэннем таго, што такая мадэль існавала, можа служыць гравюра Т. Макоўскага, якую мастак выконваў на падставе мадэлі. У гэтым выпадку можна растлумачыць некаторыя недакладнасці, такія як выява будынка арсенала, які на той час, згодна з інвентаром замка 1568 г., яшчэ заставаўся аднапавярховым і толькі пазней набыў выгляд, паказаны на гравюры.
Схема генплана
1. Першы пускавы комплекс
1.1. Уязная брама з вежай
1.2. Корпусы пры браме
1.3. Паўночна-ўсходняя галерэя
1.4. Паўднёва-заходняя галерэя
1.5. Заходні бастыён з прылеглымі курцінамі і абарончым ровам
2. Першая чарга другога пускавога комплексу
2.1. Камяніца з дазорнай вежай
2.2. Паўднёвая галерэя
2.3. Канюшня
3. Другая чарга другога пускавога комплексу
3.1. Палац
3.2. Усходняя галерэя
3.3. Арсенал
4. Трэці пускавы комплекс
4.1. Уязны мост
4.2. Ляднік, убудаваны ў вал
4.3. Абарончыя сцены і валы
4.4. Роў
4.5. Пандус
4.6. Гаспадарчыя збудаванні
4.7. Агароджа і брама з боку Замкавага става
4.8. Добраўпарадкаванне тэрыторыі знешніх земляных фартыфікацыйных збудаванняў
4.9. Шлюзы, што аб'ядноўваюць замкавы роў са ставамі
У склад Нясвіжскага абарончага ансамбля XVI ст. уваходзяць:
- штучна створаны навакольны ландшафт;
- бастыённая сістэма фартыфікацыі замка і горада;
- абарончыя збудаванні на замкавым дзяцінцы.
Штучна створаны навакольны ландшафт – гэта каскад ставоў на р. Уша ад усходняга да паўднёвага бакоў замка і става на безыменным ручаі з заходняга боку. З поўначы і паўночнага ўсходу на вялікай адлегласці заставаліся балоты. Так званая Слаўкоўская дамба са шлюзам утварылі Дзікі стаў, з якога праз яшчэ адзін шлюз напаўняліся абарончыя равы. Праз канал паміж дамбай і полем быў пабудаваны ўзвод – пад’ёмны мост. Другая дамба ад Слуцкай брамы да Новага месца ўтварыла Замкавы стаў (на ёй пабудавалі вадзяны млын), трэцяя на р. Уша – Піянерскі стаў. Чацвёртая, якая ў пісьмовых архіўных крыніцах мае назву «грэбля», спалучала горад і замак. Яна ўтварыла на безыменным ручаі каскад ставоў, што выкарыстоўваліся як рыбныя гадавальнікі. Потым на іх месцы сфармаваўся Бернардзінскі стаў – па назве кляштара, што знаходзіўся побач.
Такім чынам, былі створаны водныя перашкоды, якія не дазвалялі весці па замку абстрэл з гарматаў падчас варожай аблогі.
На жаль, у ходзе рэканструкцыі нясвіжскіх паркаў па праекце, распрацаваным інстытутам «Мінскпраект», вышыня шлюза на Слаўкоўскай дамбе была заніжана, у выніку чаго страцілася магчымасць самацёкам напаўняцца замкаваму рову. Шлюз у выглядзе дамбы зроблены непад’ёмным, што не дазваляе рэгуляваць узровень вады ў Дзікім ставе і забяспечваць яго ачышчэнне ад забруджвання і зарастання воднымі раслінамі. Аналагічная сітуацыя была створана і на астатніх дамбах. У падобных сітуацыях сучасным праекціроўшчыкам карысна было б ведаць і карыстацца тэорыяй і практыкай нашых прашчураў, дзе захоўваюцца традыцыі даўніны.
У аснову фартыфікацыйных збудаванняў закладзена амаль ідэальная мадэль бастыённага замка. Па знешнім перыметры абарончага акопа яе памеры складаюць 193х233 м.
У знешнюю лінію абароны ўваходзіць закрытая землянымі курцінамі дарога абапал акопа, дадатковы равелін насупраць уязнога моста і роў па знешнім краі равеліна.
Трапіць у замак з горада можна было па грэблі і пандусу, што вёў да ўзвода над акопам перад равелінам. Узвод на драўляным вале быў падвешаны на двух жалезных ланцугах і замыкаўся на ноч. Равелін з канца ў канец быў застаўлены кашамі, якія выконвалі функцыю парапетаў, а на куце змяшчалася вартоўня. У будынку для салдат мелася печ, дзе яны гатавалі ежу і пяклі хлеб.
Пры ўваходзе на мост праз замкавы абарончы роў знаходзілася драўляная брама з гзымсамі сталярнай работы і варотамі. На браме з аднаго боку былі ўсталяваны «табліцы» і разьбяныя гербы князя, з другога – распяцце, таксама разьбяное, і іншыя мастацкія ўпрыгожванні.
З другога боку моста, перад мураванай уязной брамай пабудаваны яшчэ адзін узвод на дубовых бэльках, сцягнуты жалезнымі брусамі і падвешаны на ланцугах. Калавароты, што «зацягвалі» мост, знаходзіліся ў праездзе брамы.
Абарончы роў па знешнім перыметры ўяўляў сабой прастакутнік са змешчанымі ў бок равелінаў па цэнтральных восях сіметрыі берагамі.
Падчас археалагічных даследаванняў былі выяўлены профіль і канструкцыі ўмацавання рэчышча і берагоў. Шырыня яго па верхнім узроўні вады складае ад супрацьлеглага берага да равелінаў 29 і да бастыёнаў 22 м.п., глыбіня – 3,2 м. Схілы акопа абараняліся ад спаўзання дубовымі гарбылямі, знізу і зверху замацаванымі ў шулы круглага сячэння. З вонкавага боку ад бермы да схаванай дарогі была ўзведзена падпорная сцяна з бута на вапнавай рошчыне і з цаглянай абмуроўкай фасада. Сцяна трымала грунт з трох бакоў, апрача паўднёва-ўсходняга, дзе ў адпаведнасці з тапаграфіяй месца вышыня берага складала каля 2 м. Берма была забрукавана на шырыню 1,4 м, паміж арыльёнамі – да 5 м, што дазваляла падчас аблогі схаваць там групу вайскоўцаў для вылазкі і контрнаступу. У раскапаным заходнім бастыёне на гласіс вядзе патаемны выхад праз падземны ход з замкавага дзяцінца да арыльёна.
Дзе першапачатова знаходзіўся выпускны шлюз на гэты час, мы дакладна не ведаем. На гравюры Т. Макоўскага выразна паказаны ручай з боку заходняга бастыёна ў напрамку замкавага става.
Каб інжынерныя канструкцыі абапал рова захоўваліся, акоп у мірны час заставаўся сухім, і толькі па дне яго будаваліся дамбачкі для вады ў гаспадарчых мэтах. Згодна з інвентаром 1658 г., у акопе былі калодзеж і лазня для вайскоўцаў.
Дарэчы, падчас расчысткі акопа высветлілася, што тут віруюць крыніцы, якія спрыяюць яго хуткаму зарастанню – асака прарасла літаральна праз некалькі месяцаў пасля ачышчэння.
Па знешнім перыметры бастыёны, курціны і арыльёны ўмацаваны падпружнай сцяной – гласісам. Гласіс трымаў грунт контрэскарпа, ніжняга вала і завяршаўся брустверамса стралецкай лаўкай у выглядзе прыступкі для вайскоўцаў з ручной зброяй і байніцамі для гарматаў. Бруствер прыкрываў ход па ніжнім вале – так званы валганг.
Да пачатку рэстаўрацыйных работ гласіс цалкам быў засыпаны зямлёй і рэшткамі ад мураваных абарончых збудаванняў, і аб яго існаванні сведчылі толькі архіўныя крыніцы XVII–XVIII стст. Мэтанакіраваныя археалагічныя даследаванні выявілі сцены вышынёй да 4 м. Фундамент мура заходняга бастыёна складзены з буйных валуноў да 0,8 м на вапнавай рошчыне (таўшчыня каля 1,95 м, глыбіня да 0,9 м). Канструкцыя фундаментаў гласіса паміж уязной брамай і бастыёнам – арачная з пралётамі ад 1,3 да 3,0 м, муроўка цагляная. Сцены і бруствер бутабетонавыя на вапнавай рошчыне з цаглянай абмуроўкай фасадных бакоў. Вышыня бруствера каля 1,4 м. Дарога забрукавана невялікімі палявымі камянямі. Шырыня яе 4,5–5 м на курцінах і ад 3,0 да 3,5 м на бастыёнах, вышыня сценаў дасягала 5,5 м.
На рагах бастыёнаў знаходзіліся кансольна выступаючыя за межы парапета вартавыя вежачкі. Сцены бастыёна ў гэтых месцах (даўжыня іх 47,0–47,5 м) састыкоўваліся пад кутом у 800.
Муры курцінаў і бастыёнаў спалучаліся праз арыльёны. З боку ўязной брамы выдатна захаваўся каземат заходняга бастыёна. Тыльныя сцены складзены з апрацаваных і шчыльна падагнаных блокаў пясчаніку. З боку брамы знаходзілася байніца, якая абараняла ўезд у замак і пляцоўку ўздоўж курціны. Ніжэй байніцы на ўзроўні глінабітнай падлогі захаваўся латок, часаны з пясчаніку – гэта можа сведчыць аб тым, што над казематам не было будынка альбо даху. Такія канструкцыі мы сустракаем на гравюрных выявах Ляхавічаў.
Вышэй кальцавой дарогі першага яруса фартыфікацыі быў узведзены другі, земляны насып вышынёй 7,3 м. Ён цалкам паўтарае форму першага ўзроўню. Падэшва знаходзілася на адной адзнацы з дзяцінцам, з якога на валы вялі сходы ў зоне паўночнага бастыёна і пандусы на астатнія бастыёны, па якіх падымалася зброя. На верхняй пляцоўцы курцінаў і бастыёнаў замацоўваліся засыпаныя каменнем кашы – так званы бруствер. Паміж імі – байніцы для гармат з вялікай дальнабойнасцю. Зброя на валы падымалася яшчэ і праз патаемную мураваную вертыкальную шахту, што спалучалася з верхнім падземным ходам.
Падчас археалагічных даследаванняў паўночна-ўсходняй курціны было ўстаноўлена, што валы насыпаліся гарызантальнымі пластамі шчыльна ўтрамбаванай гліны таўшчынёй 20–30 см. Схілы валоў дакладна вымяраліся і падразаліся, а потым абдзярноўваліся. Былі знойдзены рэшткі канструкцый драўляных накіроўваючых, па якіх выбудоўвалася геаметрыя насыпаў.
На дольняй пляцоўцы паўднёвай курціны, куды вядзе патаемны выхад ніжняга падземнага хода, знойдзены рэшткі драўлянага астрога, які захінаў месца, дзе маглі групіравацца вайскоўцы для вылазкі. На валах былі ўсталяваны «вінды» – пад’ёмныя механізмы для зброі.
У месцы спалучэння ўсходняга бастыёна і паўднёва-ўсходняй курціны адкрыта да апошніх часоў невядомая мураваная брама, якая забяспечвала праезд на дарогу першага яруса. За знешнімі варотамі брамы – узвод і мураваны з цэглы каземат, рэшткі якога выяўлены падчас археалагічных даследаванняў. З боку арыльёна пабудавана арка, відавочна, для замацавання кансольных блокаў і пад’ёму зброі на бастыён.
На верхнія пляцоўкі курцінаў апрача пандусаў і сходаў можна было трапіць непасрэдна з другога паверха пакояў князя, з камяніцы і паддашша арсенала – па драўляных мастках.
На дзяцінцы памерам 44х82,5 м уздоўж валоў месціліся збудаванні, якія забяспечвалі абароназдольнасць падчас доўгатэрміновай аблогі. Пляцоўка дзяцінца забрукаваная, рэшткі брукоўкі выяўлены ў час археалагічных даследаванняў.
У ходзе натурных даследаванняў была адкрыта унікальная інжынерная сістэма адводу атмасферных ападкаў з замкавай тэррыторыі XVI ст. – мураваныя з цэглы і перакрытыя скляпеннямі калектары, якія праходзяць пад будынкамі і фартыфікацыйнымі збудаваннямі і вядуць у акопы. У якасці перамычак выкарыстоўваліся часаныя блокі з пясчаніку. Гэта яшчэ раз сведчыць пра наяўнасць высокаадукаванага інжынера, здольнага выканаць геадэзічную трыангуляцыю да таго, як былі выкапаны равы, насыпаны валы і пабудаваны муры падпорных сцен і дамоў.
Першапачаткова трапіць у замак можна было праз адзіны ўваход – уязную браму. Чатырохпралётныя, з масіўнымі сценамі таўшчынёй да 2 м, з падпружнымі аркамі і крыжовымі скляпеннямі муры брамы выконвалі найперш абарончыя функцыі. Разам з тым архітэктура галоўнага фасада падкрэслівала рэлігійнасць, гонар і вайсковую доблесць гаспадара. Агульны выгляд элевацыі быў вырашаны ў форме класічнай трыумфальнай аркі.
На галоўным фасадзе, складзеным з блокаў пясчаніка, у цэнтры былі замацаваны латунныя літары IHS (Іісус Хрыстос Самарыцянін), побач барэльефы з выявамі Fortitudo (симвалічныя знакі мужнасці, доблесці і бясстрашнасці), на фрызе вялікімі літарамі выразаны надпіс па-лацінску, захаваныя фрагменты якога раскрыты з-пад тынкоўкі падчас рэстаўрацыйных работ.
У браме было пяць двухпольных дубовых варот. Першыя, што дадаткова захіналіся ўзводам, – масіўныя, дубовыя, абабітыя жалезным лістом, пафарбаваныя ў чырвоны колер і дэкараваныя каванымі кветкамі. Па баках брамы для адводу вады на жалезных кансолях размяшчаліся драконы з медзі.
За першымі варотамі ў арках бакавых сцен злева і справа знаходзіліся яшчэ двое для праезду на ўтоеную дарогу ніжняга яруса валоў.
Чацвёртыя вароты замыкалі першы пралёт, пятыя – апошні чацвёрты, які выходзіў на дзяцінец. За чацвёртымі варотамі змяшчаліся замацаваныя калавароты з процівагамі для «зацягвання» пад’ёмнага моста на ноч і падчас небяспекі, чатыры каганцыдля распальвання агню, камін для абагрэву, прыстасаванні для захоўвання зброі.
Вышэй чацвёртага пралёта была пабудавана квадратная ў плане, чатырох’ярусная, накрытая купалам з пазалочаным шарам і флюгерам гадзіннікавая вежа з «ганкам» (крытай аглядальнай пляцоўкай) на версе. За брамаю злева знаходзілася жытло гараднічага, за ім сходы на вал і двухпавярховы дом для вайскоўцаў. Далей – мураваны цэйхгаўз (арсенал) з двума варотамі, пяццю вокнамі з жалезнымі кратамі і двума франтонамі ад дзяцінца.
У будынку палаца месціліся ёмістыя склепы і стайня на 12 коней у курціне. Гэтыя памяшканні мелі печы і каміны і былі надзейна абаронены ад абстрэлу ў час аблогі. Побач, з паўднёвага боку, знаходзілася яшчэ адна стайня большых памераў, прыкрытая валамі.
Так званая камяніца з вежай-дазорцай вышынёй звыш 45 метраў мела аглядальны «ганак» пад купалам – для вартаўнікоў. Пад будынкам знаходзіліся склепы з асобнымі ўваходамі, вялікай печчу для прыгатавання ежы, тут захоўвалася правізія і размяшчаліся абаронцы. У рызалітах камяніцы выкапаны дзве студні, там жа пачынаюцца два мураваныя калектары, якія ідуць пад валамі ў роў.
Побач размяшчаліся ліцейня і дом пушкароў, за якім пад валам быў астрог. На час рэстаўрацыі захаваліся толькі адна сцяна з замураваным акенцам у каваных кратах і арка брамы.
З паўночна-заходняга боку дзяцінца знаходзіліся будынкі бровара, пякарні і яшчэ адной турмы. Мураваныя будынкі са скляпеннямі захаваліся да сённяшняга дня. Паміж домам пушкароў і броварам месцілася драўляная брама з варотамі, ад якіх пандус вёў на заходні бастыён.
На двары былі выкапаны дзве студні, адна насупраць уязной брамы, другая – каля драўлянай стайні.
Такім чынам, на пачатку XVII ст. Нясвіжскі замак уяўляў сабой лакальную абароназдольную, разлічаную на доўгатэрміновую аблогу цытадэль, якая магла змясціць не толькі вайскоўцаў, але і заможных жыхароў горада. Аб яго абароназдольнасці сведчыць той факт, што ён ніколі не быў захоплены штурмам, а толькі ў выніку падману ці капітуляцыі.
У адпаведнасці з інвентаром замка 1658 г., на фартыфікацыйных збудаваннях знаходзілася 28 буйных гармат, расстаўленых на валах, бастыёнах і скрытай дарозе ў байніцах мураванага парапета.
Падчас войнаў 1654–1667 гг. замак вытрымаў тры аблогі – у 1654, 1655 і 1660 гг. У гэты перыяд дадаткова пабудавалі часовыя драўляныя будынкі: тры стайні, тры «святліцы з каморамі», пякарню, кухню і інш. Каля кожнай вартавой вежачкі, узведзенай на рагу мураванай падпорнай сцяны на бастыёнах, з’явіліся пякарні для абслугоўвання варты.
З XVI ст. да нашых дзён захаваліся мураваны, перакрыты цыліндрычным скляпеннем арсенал у былым доме для вайскоўцаў каля ўязной брамы (ён знаходзіцца пад паўночна-заходняй курцінай з уваходам праз сені з дзяцінца) і два падземныя хады, таксама мураваныя і скляпеністыя. Адзін з іх ад заходняга кута дзяцінца выводзіць на пляцоўку каля канала з вадою, якую выкарыстоўвалі ў гаспадарчых мэтах падчас аблогі. Даўжыня яго лёхаў складае 44 м.п. Другі (даўжыня 31,5 м.п.) пачынаецца каля вонкавай сцяны былога дома пушкароў і выводзіць на скрытую дарогу. У ім выдатна захаваліся прафіляваны з натуральнага каменю партал і вертыкальная мураваная шахта, якая злучаецца з верхняй пляцоўкай заходняга бастыёна. Праз шахту і лёх можна было патаемна падымаць на валы зброю і неабходнае вайсковае начынне.
Замак мужна пераадольваў наступствы ваенных аблог 2-й паловы XVII ст. Інвентар, складзены 1 жніўня 1673 г., дае звесткі пра падзеі, якія адбыліся ў замку за час ад 1658 г., пашкоджанні ад войнаў і ўдакладняе некаторыя дадзеныя папярэдняга інвентара.
Так, на равеліне перад уязной брамай узвод падымаўся ўжо двума ланцугамі. Сам равелін зверху абведзены частаколам, на рагу вартавая вежачка. Будынак для вартавых складаўся з трох памяшканняў: сеняў, «белай» і «чорнай» ізбаў. Перад вялікім мостам на варотах з аднаго боку знаходзіўся герб князя ў цэнтры, з другога – разьбяное распяцце. Па баках дзве фігуры, маляваныя на дошках, і два разьбяныя ільвёнкі з паходнямі.
Дзяцінец забудаваны па ўсім перыметры. Паміж будынкамі палаца і камяніцы з’явілася паўднёвая галерэя. Злева ад брамы за домам гараднічага зроблены новыя, з балясінамі, сходы на вал, зверху і знізу пастаўлены дзверы. За сходамі – стайня і хлеўчык, за ім веснічкі на вал і мураваны цэйхгаўз са сходамі на паддашша, адтуль дзверы вялі на вал.
З другога паверха палаца быў арганізаваны пераход на ўсходнюю галерэю. Распор скляпенняў умацаваны пяццю жалезнымі прутамі. З тарца галерэі адны дзверы вялі на вал, другія – у парахавую вежачку. Яна, падобна на тое, была двухпавярховаю, з падвалам, які разам з першым паверхам перакрываўся скляпеннямі. Менавіта тут і захоўваўся порах.
Паміж камяніцай і выязной брамай на той час знаходзіліся наступныя пабудовы: драўляная атынкаваная трохсценка вазоўні на пяць фургонаў; белая з сенямі «ізба», таксама спераду атынкаваная, за ёю пад валам мураваны ход да рова; над ходам месціўся новапачаты будынак «для пушкароў»; былі «вялікія з дошак» вароты на вал. За паваротам справа знаходзіліся піваварная «ізба», бровар з кузняй, пякарня і турма.
На фартыфікацыйных збудаваннях вартавыя вежачкі на бастыёнах былі разбураны, валы падсыпалі, а каля падпорнай сцяны ў чатырох месцах размясціліся вымураваныя «падзямеллі» (казематы). У рове насупраць камяніцы выкапалі сажалку для развядзення рыбы.
За будынкам палаца на месцы разбуранай мураванай стайні падсыпалі вал.
На дамбе, што ідзе з горада ў замак, збудавалі новы мосцік.
У 1706 г. новыя, самыя буйныя разбурэнні нанеслі замку шведскія войскі. На працягу дзесяці дзён жаўнеры рабавалі, узрывалі абарончыя збудаванні, прымушалі жыхароў завозіць лес і паліць будынкі. Сляды гэтых пажарышчаў у выглядзе сажы на мурах захаваліся пад тынкоўкай да нашага часу. Пасля аднаўлення Нясвіжскі замак набывае палацавыя рысы.
Інвентар сярэдзіны XVIII ст. (на жаль, без даты і няпоўны) падае звесткі аб пераменах, што адбыліся ў замку на працягу амаль пяцідзесяці год.
Равелін перад мостам і ўзводы тут ужо не згадваюцца. Мост перад уязной брамаю ўпрыгожаны парэнчамі з балясінамі і тачонымі вазамі для кветак, над брамаю – радзівілаўскі герб разьбярскай работы.
У праездзе брамы ляжыць камень з надпісам, відавочна, яго захавалі пасля разбурэння самой брамы. Дарэчы, іншыя квадры блокаў пясчаніку ад брамы знойдзены намі пад тынкоўкай вонкавых сцен брамы і нават палаца, дзе іх выкарыстоўвалі ў якасці будаўнічага матэрыялу пры рамонтах мінулых стагоддзяў. Акрамя таго, некалькі блокаў паднялі з археалагічных раскопаў. На частцы камянёў захаваліся лацінскія літары ад былых надпісаў, т.зв. «табліц».
З боку дзяцінца, справа і злева ад брамы, у будынках месціцца «кардыгардыя» – ахова князя. У пакоях кафляныя печы і каміны. Падчас комплексных натурных даследаванняў былі знойдзены падлога з цэглы і рэшткі спалучаных паміж сабою печаў і камінаў, а таксама кафля – усё гэта адноўлена пры рэстаўрацыі. Дарэчы, тэхнічны прыём аб’яднання печы і каміна распаўсюджаны і ў іншых будынках замка, а ў палацы ён прымяняўся нават у XIX ст. Такі спосаб дазваляў з дапамогай каміна хутка абагрэць памяшканні і дзякуючы агульным з печчу дымаходам захаваць цяпло. У памяшканнях кардыгардыі ля печы-каміна размяшчалася ляжанка.
Да арсенала далучылі будынак капліцы, і іх аб’ём набыў выгляд, які мы бачым і сёння. Трапіць у пакоі арсенала можна было ўжо не праз вароты, а праз дзверы. Дарэчы, у інвентарах адсутнічаюць звесткі пра мураваны пераход паміж будынкамі арсенала і парахавой вежай, што існаваў у тыя часы. Магчыма, гэта было таемнае сховішча, пра якое, як і пра аналагічныя яму, інфармацыю не давалі.
«Старая стайня», альбо так званая «стайня пад валам», што размяшчалася з тыльнага боку палаца, таксама адноўлена.
Інвентар, складзены ў 1767 г., адлюстроўвае вынікі шырокамаштабных работ, якія праводзіў ў 1720–1762 гг. Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька».
Удакладняецца месцазнаходжанне брамы ў паўднёва-ўсходняй курціне: недалёка ад варот у стайню, што з тыльнага боку будынка палаца, – «мураваная брама ў вале». За ёю, над казематам першага яруса арыльёна пры ўсходнім бастыёне, пад’ёмны мост з ланцугамі і іншым начыннем.
Упершыню згадваецца падземны ход (ён называецца «працэсіяльны калідор»), які спалучаў арсенал і парахавую вежу і служыў для хрэснага ходу падчас літургій у капліцы. У памяшканні арсенала на другім паверсе ў скляпеннях за кратамі знаходзяцца адтуліны. У трохкутніку паміж сценамі ўсходняй галерэі і капліцы – лесвіца, якая вядзе ў арсенал на другі паверх.
У памяшканні арсенала на першым паверсе пад скляпеннямі стаялі два магутныя слупы – яны захаваліся па сённяшні дзень. Парахавая вежа ўжо адсутнічае (падмуркі яе выяўлены ў археалагічным раскопе). Таксама ў інвентары няма звестак пра дом для пушкароў, ліцейню, бровар, кузню, пякарню і турму побач з уязной брамаю. На іх месцы ўпамінаюцца памяшканні іншага прызначэння.
З паўночна-ўсходняга боку замка, па-за фартыфікацыйнымі збудаваннямі, месціліся гаспадарчыя пабудовы (вялікія стайні, кузні, парахавыя, карэтная майстэрня і інш.) і дамы для абслугі.
Пра буйныя інжынерныя працы, праведзеныя па ўмацаванні абарончых збудаванняў, сведчаць і іншыя архіўныя крыніцы. У час, калі з’явілася новая дальнабойная і больш разбуральная зброя, фартыфікацыйная мадэль набывае разгорнутую шмат’ярусную форму земляных умацаванняў, удасканаленую нідэрландскімі інжынерамі. З трох бакоў за межамі абарончага рова насыпаюцца прафіляваныя трохкутныя равеліны. Яшчэ адзін складанейшай формы равелін (рэдут) будуецца для абароны Слаўкоўскай дамбы. З паўднёва-ўсходняга боку раскопваецца курціна і арганізуецца дадатковы выезд з замка па пандусу ўздоўж усходняга бастыёна. Гэтыя збудаванні адлюстраваны на плане Нясвіжа XVIII ст. і на малюнку Ё. Пешкі. Апрача таго павялічваецца вышыня і шырыня бастыёнаў і курцінаў, у выніку чаго схаваная за парапетам мураванай сцяны дарога засыпаецца грунтам; перастае існаваць першы абарончы ярус.
У апошняй чвэрці XIX ст. на месцы фартыфікацыйных збудаванняў быў закладзены парк, які часткова існуе і сёння.
2. Методыка аднаўлення і асноўныя рэстаўрацыйныя рашэнні
Распрацоўка навукова-праектнай дакументацыі і вытворчасці рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на Нясвіжскім замку праводзілася ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных і нацыянальных нарматыўных і заканадаўчых прававых актаў у сферы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны, у аснову якіх пакладзена неабходнасць захавання ўсіх аўтэнтычных складовых частак аб’екта.
Вынікі комплексных навуковых даследаванняў дазволілі скласці паслядоўную рэтраспекцыю будаўніцтва і шэрагу рэканструкцый замкавага комплексу. Такім чынам, мы атрымалі дакументальна і фізічна абгрунтаваныя дакладныя звесткі пра працэсы трансфармавання пабудоў у сучасны стан па перыядах рэканструкцыі ад XVI да XX ст. З улікам гэтых дадзеных быў распрацаваны і рэалізаваны трохстадыйны праект, які прадугледжваў захаванне ўсіх адметных асаблівасцяў помніка: архітэктуры, планіроўкі, будаўнічых канструкцый, аздаблення фасадаў і інтэр’ераў, майстэрства выканання прац, – што разам стварае гісторыка-культурны ландшафт як асяроддзе непарыўнай повязі нашай мінуўшчыны і сучаснасці, а гэта значыць, і будучыні.
На падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і іканаграфічных звестак, фізіка-хімічных аналізаў будаўнічых матэрыялаў, вынікаў праведзеных зандажоў, шурфоў і археалагічных раскопак, гідрагеалагічнага вывучэння грунтоў і інжынернага абследавання будаўнічых канструкцый была распрацавана метадалогія кансервацыі, рэстаўрацыі і аднаўлення аб’ектаў замкавага комплексу.
Згодна з праектам, цалкам захоўваецца аб’ёмна-прасторавая і планіровачная структура помніка, якую ён набыў падчас перабудовы ў другой палове XVIII ст.
Ад пазнейшых напластаванняў і перапланіровак вызваліліся памяшканні, узведзеныя ў XVI ст.: арсенал, кардыгардыя, склепы палаца і камяніцы, каменныя парталы і дошкі з надпісамі, падземныя хады, печы, каміны.
Захоўваецца пасля ўмацавання канструкцый трохарачны мост, пабудаваны ў пачатку XX ст. Асфальтавае пакрыццё праездаў і дарожак, а таксама кветнік на дзяцінцы мяняюцца на каменную брукоўку.
Канцэпцыя рэнавацыі грунтовых і мураваных абарончых збудаванняў абумоўлена мэтазгоднасцю раскрыцця і экспанавання унікальнай фартэцыі XVI ст., засыпанай зямлёю ў XIX–XX стст., дзякуючы чаму яна ў вялікай ступені збераглася. Для здзяйснення гэтай ідэі быў абраны фрагмент абарончых умацаванняў – бастыён з прылеглымі курцінамі, дзе найбольш захавалася аўтэнтычных інжынерна-фартыфікацыйных канструкцый. Астатняя частка ўмацаванняў пасля завяршэння археалагічных раскопак была закансервавана: яе добраўпарадкавалі, адзернавалі схілы і ачысцілі абарончы роў. Усе закансерваваныя часткі фартыфікацыйных збудаванняў дакументальна зафіксаваны, і пры неабходнасці заўжды ёсць магчымасць іх раскрыць і далучыць да праэкспанаванага заходняга бастыёна.
Адноўлены Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс – гэта спалучэнне ў адзінае цэлае розначасавых стыляў, інжынерных рашэнняў, зменлівых мастацкіх густаў, арыентыраў і светапоглядаў ад эпохі Рэнесанса да Рамантызму.