Мінулае працягваецца ў будучыні.
Анры Бэргсан
Гэты артыкул не дыягназ і не прысуд. Гэта – нязменная пазіцыя калегі, якая мае права на існаванне. Аўтар гэтых радкоў яшчэ 21 год таму звяртаўся да тэмы аднаўлення Мірскага замка, засцерагаючы рэстаўратараў, якія толькі прыйшлі ў Мір: “Старажытны Мірскі замак, сведка стагоддзяў, увасабленне культурнай спадчыны, пераемнасці матэрыяльнага і духоўнага, тым больш ніяк не можа выглядаць новенькім, “з іголачкі”, сувенірным вырабам” (часопіс “Беларусь”, 1988, № 8, “Прашу слова”). Неабходна дадаць, што амаль адразу (праз 4 месяцы) на той артыкул адгукнуліся рэстаўратары Д.С. Бубноўскі і І.М. Чарняўскі і каменя на камені не пакінулі ад гэтай перасцярогі. Вось што пісаў, напрыклад, І.М. Чарняўскі:
“…папрок у жаданні аднавіць замак “наноў” наўрад ці можна ўспрымаць сур’ёзна” (часопіс “Беларусь”, 1988, № 12, с. 27).
Прайшоў немалы час з той палемікі. Давайце падсумуем некаторыя вынікі, паглядзім, ці было гэта сапраўды “сур’ёзна”.
Канцэнтравацца на тэарэтычных пытаннях падыходу да методык рэстаўрацыі або юрыдычных пытаннях аховы нашай культурнай спадчыны, лічу, няма патрэбы. “Пыл” венецыянскіх, афінскіх і вашынгтонскіх хартый, у якіх ідзе гаворка пра помнікі архітэктуры, наўрад ці праясніць сітуацыю, а можа, зробіць яе яшчэ больш цьмянай.
Давайце пагаворым пра відавочнае ў прамым сэнсе – пра бачны вобраз замка, якім успрымаюць яго нашы вочы ў трэцім тысячагоддзі ад Ражаства Хрыстова, праз тры дзесяцігоддзі ад пачатку рэстаўрацыі.
Тут неабходна адзначыць галоўнае ва ўласнай зыходнай пазіцыі: бачны вобраз архітэктурнага збудавання – надзвычай важны яго складнік. Часам ён можа быць нейтральны. Аднак ў архітэктурным асяроддзі гістарычна заўсёды больш цанілася тое, што пабудова сама распавядала пра сваю функцыю, прызначэнне. Вось, уявім, яскравы вобраз спартыўнага збудавання (Алімпійскі стадыён у Токіа), гэта – дзяржаўна-палітычны будынак (прэзідэнцкі палац у Мінску), а вось гандлёва-забаўляльны цэнтр (у Дзіснэйлэндзе). Кожны з іх мае сваё матэрыяльнае ўвасабленне і ўжо сілай таленту архітэктара вымяраецца дакладнасць ператварэння “ідэальнага” ў “матэрыяльнае”.
Дарэчы, у 60-я гады мінулага стагоддзя ў архітэктурнай школе Беларусі працаваў выдатны педагог Алег Уладзіміравіч Хадыка, які імкнуўся прывіць вучням менавіта адказнасць за ажыццяўленне гэтага “ідэальнага” ў сапраўдным дрэве, цэгле, шкле. Відаць, не ўсе зразумелі словы свайго настаўніка.
Што галоўнае ў ідэальна-мастацкай ідэі, закладзенай ў Мірскім замку, і што можа перадаць архітэктар-рэстаўратар, дакранаючыся да гэтых старажытных муроў? Безумоўна, сучаснае рашэнне не ёсць увасабленне ідэі “магнацкай велічы” альбо “абарончай моцы”. На першы план выходзіць знешні воблік збудавання, які нясе перадусім культурную функцыю. Звышзадача архітэктараў – не стварэнне байніц для стральбы з арбалетаў ці пішчаляў, а матэрыяльнае пераўтварэнне Ідэі Вялікага Помніка. Пераўтварэнне, разлічанае перш за ўсё на сузіранне твора мастацтва, які нясе ў сабе вялікі маральны, духоўны патэнцыял. Таму што, паводле слоў выдатнага філосафа Мікалая Бярдзяева, “…удушение созерцания есть удушение огромной части культуры” (“Судьба человека в современном мире”).
Паспрабуем пасузіраць пераўтвораную рукамі рэстаўратараў векавую спадчыну. Адноўлены страты сцен, вежаў, заштукатураны расколіны. Але штосьці тут не так! Даследчыкі архітэктуры, практыкі, тэарэтыкі мастацтва, мастакі заўсёды адзначалі адметную асаблівасць архітэктурнага вырашэння Мірскага замка. Манументальныя, лаканічныя формы вежаў і сцен упрыгожваў вытанчаны дэкаратыўны прыём: чырвона-карычневы, тэракотавы колер цаглянай кладкі дзівосна спалучаўся са светла-шэрымі атынкаванымі нішамі. У асобных месцах атынкаваныя паверхні займалі большую частку сцен і вежаў, і тады мастацкі эфект, набываючы большую свабоду, яшчэ мацнеў.
Што ж мы бачым сёння? Замест “жывой” паверхні атынкаваных частак – халодную акрылавую паверхню, яшчэ і пафарбаваную ў ружовы (!) колер. Калі д’ябальскі (а як яшчэ яго назваць?) намер зводзіўся да таго, каб знішчыць адну з галоўных мастацкіх адметнасцей замка, то ён удаўся цалкам!
Тут трэба прызнаць, што адзначаны архітэктурна-мастацкі прыём спалучэння чырвона-цаглянай муроўкі з белай атынкаванай паверхняй дэталяў – традыцыя прускай, польскай, прыбалтыйскай архітэктуры перыядаў готыкі і Рэнесанса. Іншая справа, што ў Міры гэты прыём, так бы мовіць, “аславянены” – ён не такі строгі і правільны і таму асабліва ўражвае. Але сёння замест глыбока ўбіраючых святло паверхняў, усталяваных паводле старых тэхналогій, мы бачым “пластмасавую пустэльню”. І замест таго, каб ганарыцца нашай відавочнай сувяззю з архітэктурай Паўночнай Еўропы і падкрэсліць яе, прыдумваем нешта незразумелае.
Безумоўна, перадача духу часу (“Geist der Zeit” – Гётэ) грае вялікую ролю ў архітэктурным увасабленні помніка. Яшчэ Тэафіл Гац’е ў ХІХ стагоддзі пісаў, што пры рэстаўрацыі дамоў у Парыжы ў фарбу дадаецца сажа – менавіта дзеля таго, каб адрадзіць паціну часу, а рускія ўсё фарбуюць калярова і нанова. Але ж гэта дэфект нашага эстэтычнага ўспрымання тады і сёння. Жаданне зрабіць ярка, страката – зусім не сведчанне мастацкага падыходу, а, наадварот, яго поўная адсутнасць. Як казаў Васіль Разанаў: “…мы построим всё с начала” (“Уединенное”).
Эстэтыка традыцыйнай беларускай архітэктуры – зусім не эстэтыка яркіх і стракатых спалучэнняў. Наадварот – гэта стрыманыя колеры, паўтоны, каларыт, блізкі да нацыянальнага ландшафту, прыроды.
Бясспрэчна, аднаўляючы выдатны помнік, мы павінны абавязкова памятаць, што яго выгляд сведчыць пра ўзрост, старадаўнасць. Па словах Д.С. Ліхачова, “реставратор не возвращает реставрируемое произведение к определенному моменту его жизни, что практически невозможно, а продлевает жизнь его в культурном аспекте” (“Поэзия садов”).
Архітэктурнае збудаванне складаецца не толькі з яго канкрэтна-матэрыяльнага вобраза, але ў значнай ступені з пейзажнага кантэксту, прасторавага асяроддзя, у якое візуальна ўключана. Неабходна адзначыць, што гэтая праектная задача пры рэстаўрацыі Мірскага замка зусім адышла ад колькі-
небудзь адказнага разумення працы з архітэктурнай спадчынай. Напрыклад, да помніка вядзе пешая дарожка з дзіўным вобразам “рэстаўраваных” сенажных блокаў. Архітэктары старэйшага пакалення добра памятаюць, што ў 1960–1970-я гг. у нас не было спецыяльнай тратуарнай пліткі. Таму даводзілася карыстацца баранавічскай, прызначанай для сенажных вежаў, – горкі ўспамін пра “цэкоўскія эксперыменты” з сельскай гаспадаркай. Увогуле, усе астатнія элементы добраўладкавання (агароджа, уваходны павільён, дарожкі) з’явіліся б выдатным дапаўненнем да любога парка адпачынку. Да любога, але не да парка, які абкружае “старыя вежы”. Ні знарочыстая форма, ні стыль, ні колер гэтых элементаў ніяк не ўлічваюць гістарычнае асяроддзе. Тут, як нідзе, патрэбны абсалютны “архітэктурны нейтралітэт”, безыменнасць асяроддзя, у якім галоўная ўвага павінна засяроджвацца на замку.
“Эстэтычна” пакутуе капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх. Гэты вытанчаны твор Р. Марфельда таксама згас пад слоем акрылу (а майстар наўмысна (!) скарыстаў у дэкоры прыём Мірскага замка: чырвоная цэгла – светла-шэры колер атынкавання). Вытанчаны лік Ісуса на мазаіцы цяпер “адышоў” у цень на фоне безгустоўна размаляванага геральдычнага картуша. Але ж менавіта гэтая дэталь сваёй далікатнай серабрыста-шэрай паверхняй (узор выдатнага ліцця) цудоўна дапаўняла архітэктурны аб’ём.
Тут варта звярнуцца да галоўнай зараз праблемы – патрабавання змяніць падыходы да рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры ў краіне. Гэтыя падыходы ўключаюць юрыдычныя, метадычныя, маральна-псіхалагічныя і нават філасофскія аспекты. І калі па першых групах праблем патрэбна руплівая праца спецыялістаў і дзяржаўных устаноў, абавязковае змяненне заканадаўства, то маральнасць і псіхалогія – гэта прэрагатыва грамадскай свядомасці, а не ўладаў. Неабходна нарэшце зразумець, што “…нетронутая поверхность древнего здания запечатлевает развитие человеческих идей, непрерывности истории и, таким образом, становится поучительной – даже более, она служит целям воспитания новых поколений, повествуя не только о стремлениях уже ушедших людей, но также и о том, что ожидает нас в грядущем…” (Моррис У. Архитектура и история).
Вынік сумны – мы атрымалі не выдатны помнік, а зроблены вельмі прафесійна камерцыйны аб’ект. На жаль, рыначная хваля-цунамі затапіла і нашы святыя месцы. Праекціроўшчыкі, рэстаўратары ўдумліва і паслядоўна скарысталі як раз галоўныя прынцыпы камерцыйнага мастацтва – стварэнне тавара ў каляровай, стракатай упакоўцы. Шкада, што спажывецкая мэта прыцягнуць увагу і спадабацца любым коштам замяніла духоўна-маральную – мэту раскрыцця вялікага помніка. Гэта не здзіўляе, бо зараз можна пабачыць па ТВ нават творы Ф.М. Дастаеўскага ці М.А. Булгакава, ператвораныя ў “мыльныя” серыялы…
Але ж не ў гэтым сапраўдная прырода мастацтва. І праз 21 год хочацца зноў і зноў нагадаць пра яе сілу, нават нягледзячы на відавочнае паражэнне…