Ва ўсім свеце архітэктары, увасабляючы свае думкі і памкненні ў канкрэтных збудаваннях, выкарыстоўваюць метал як канструкцыйны, функцыянальна-дэкаратыўны ці проста дэкаратыўны матэрыял, без якога сёння немагчыма нават уявіць будаўніцтва. Яго кладуць у бетон, з яго робяць каркасы будынкаў, дахаў, розныя камунікацыі і ўмацаванні.
Канструкцыйны метал звычайна схаваны і не нясе дэкаратыўнай функцыі, хіба што аўтар-архітэктар наўмысна задумвае адкрыць яго і паказаць чалавечаму воку.
У розных архітэктурных стылях, такіх, як мадэрн, канструктывізм, хай-тэк, постмадэрн, прысутнічаюць металічныя канструкцыі ў чыстым выглядзе (фермы, стойкі, балкі). Дэкаратыўнасць ім надаюць шматлікія клёпкі, балты, тэхналагічныя вузлы, элементы ферм. Пры ўдалых рашэннях архітэктара метал самадастатковы і выразны: Эйфелева вежа, палац Жоржа Пампіду ў Парыжы, масты Санкт-Пецярбурга...
Значную ролю як у інтэр’еры, так і экстэр’еры любога збудавання адыгрываюць функцыянальныя архітэктурныя элементы. Традыцыйна ў Еўропе балконныя і лесвічныя агароджы, аконныя краты, брамы, шыльды, фантаны, ліхтары, ветранікі выконваліся з металу кавалямі і ліцейшчыкамі.
Забыўшыся на час, можна гадзінамі любавацца цудоўнымі ўзорамі брамаў, шыльдаў, балконных агароджаў у Празе, Вільні і іншых старых гарадах Еўропы. Увесь гэты металічны дэкор горада сплятаецца ў адзінае цэлае з архітэктурнымі і скульптурнымі помнікамі, ствараючы асаблівы, унікальны малюнак, нараджаючы невытлумачальна прыцягальную атмасферу. Здавалася б, зусім нязначныя дэталі з’яўляюцца неабходнымі складнікамі гарадскога ансамбля.
Аўтары заўсёды вельмі тактоўна і арганічна ўводзілі метал у агульную кампазіцыю будынкаў і вуліц. Стылёвая прадуманасць, адсутнасць перагрузу, маштабнасць у выкарыстанні металічных дэкаратыўных элементаў сведчаць аб высокім прафесіяналізме як архітэктараў, так і мастакоў — майстроў-металістаў.
Беларусь развівалася ў рэчышчы еўрапейскай культуры, ствараючы пры гэтым свае традыцыі і адметнасці ў гэтай галіне. На прыкладзе гістарычнага цэнтра Гродна, у культавых, адміністрацыйных і жылых забудовах бачна, якую вялікую ролю канструкцыі з металу адыгрываюць у агульным каларыце горада і кожнага будынка паасобку. Але, на жаль, казаць у першую чаргу патрэбна пра тое, што аўтэнтычныя металічныя элементы падчас рэканструкцый і капітальнага рамонту гістарычных будынкаў назаўсёды страчваюцца. Больш таго, існуюць прыклады, калі на пачатку будаўнічых работ яны бясследна знікаюць, а ў выніку з’яўляюцца новыя, абсалютна ў іншых стылістыцы і тэхналогіі. А гэта значыць, што гістарычны воблік будынка змяняецца, назаўсёды губляючы свой каларыт. Так адбылося з дамамі на вуліцах К. Маркса, 6, 25; Кірава, 7, 9; Сацыялістычнай, 43 і інш.
Нярэдка на гістарычных будынках з’яўляюцца новыя дэкаратыўныя элементы і пры гэтым абсалютна не ўлічваюцца пэўныя патрабаванні. Напрыклад, у мінулым годзе пры правядзенні рамонтных работ на бакавым фасадзе езуіцкага (Фарнага) касцёла — помніка XVII стагоддзя быў разабраны дадатковы ўваход. Замест яго новыя ўваходныя дзверы выкананы з металу, стылёва, з вытрыманымі адпаведна часу і архітэктуры будынка патрабаваннямі, а вось агароджа пляцоўкі перад уваходам зварана з трубы і шэрагу прасцейшых валют. Падобныя канструкцыі яўна дысаніруюць у гістарычным асяроддзі, збядняюць яго, робяць больш прымітыўным. На жаль, такіх агрэхаў у гістарычным цэнтры Гродна і іншых беларускіх гарадах шмат, і пакуль што тэндэнцыі на іх выпраўленне не бачна.
Вельмі хацелася б ачысціць гістарычныя цэнтры ад безгустоўнага металу. Няхай яго лепей будзе няшмат, але ён павінен стылёва адаптавацца да асяроддзя. У той жа Празе ці Берліне новыя металічныя элементы не адрозніш ад старажытных. У нас жа там, напрыклад, дзе павінен быць мадэрн, можа з’явіцца класіка ці ўсходняя вязь.
У Савецкім Саюзе, у тым ліку ў БССР, мастацкае кавальства знаходзілася ў заняпадзе — традыцыі старых майстроў былі практычна страчаныя. На тое існуе шмат прычын, але гаворка зараз аб іншым. З перабудовай, з прыходам у эканоміку прыватнага сектара, з масавым будаўніцтвам катэджаў патрэба ў выкарыстанні металадэкору яўна ўзрасла, адчыніліся новыя майстэрні і фірмы, якія займаюцца металам у архітэктуры. У адным толькі Гродне такіх майстэрняў налічваецца некалькі, падобнае назіраецца і ў Мінску, іншых гарадах Беларусі. Кожная з іх мае свой адметны падыход да выкарыстання металічных канструкцый у архітэктуры. І галоўнае ў такой сітуацыі — знайсці звязку паміж ведамі архітэктара і майстра, каб актыўны па сваёй прыродзе метал не сапсаваў інтэр’ер ці экстэр’ер сучасных збудаванняў. Металічныя элементы патрабуюць глыбокіх ведаў, культуры, кругагляду. Майстар абавязаны граматна абгрунтаваць свой выраб. Гэтага патрабуе і мастацтва, і час.
Сучасны металадэкор шматгранны і шматфункцыянальны. Ільвіная яго частка выкарыстоўваецца для аздаблення катэджаў банальнымі атрыбутамі. Брамы, агароджы, балконы, казыркі, краты на вокнах, лесвічныя агароджы і г.д. — традыцыйныя па сваёй функцыі. Але з’явіўся яшчэ адзін напрамак металадэкору — чыста дэкаратыўны, які дазваляе мастаку максімальна раскрыцца, па-сапраўднаму выказацца на практыцы. Тут не існуе функцыянальных рамак і стылёвых шор. Перш за ўсё гэта ўвасабляецца ў такіх аб’ектах, як кавярні, рэстараны, шматлікія салоны, клубы і інш. Атрыбуты іх выглядаюць, як правіла, незвычайнымі і нетрадыцыйнымі: скульптуры, дэкаратыўныя кампазiцыi, аздабленне нішаў і вуглоў, запаўненне прасторы і імітацыя розных неметалічных рэчаў і матэрыялаў. Вось толькі некалькі прыкладаў такіх месцаў: боўлінг-клуб “Сфера”, рэстаран “Гудвін”, салоны моды “Сохо”, “Бронкс” у Мінску, галерэя “Тызенгаўз” у Гродне.
Будзем спадзявацца, што такiх цiкавых і незвычайных аб’ектаў будзе з’яўляцца больш, i гэтая надзея выклiкае творчы аптымiзм.