Адвечнаму «спадарожніку» Мінска гораду Заслаўю ад пачатку шанцавала на фартыфікацыйныя збудаванні. Два разы за сваю доўгую гісторыю ён апынаўся на мяжы варагуючых дзяржаў. Спачатку ў далёкім Х ст., калі быў фарпостам паміж Кіеўскім і Полацкім княствамі, а пасля ў ХХ ст., калі стаў памежным пунктам Савецкай Беларусі перад «панскай» Польшчай. Кожная з гэтых эпохаў пакідала сваю адзнаку. З часоў Рагнеды тут захавалася гарадзішча «Замэчак» на ўскрайку горада, а пра савецка-польскую мяжу нагадваюць бетонныя доты, раскіданыя па ўсёй тэрыторыі горада.
Самай вялікай фартыфікацыйнай пабудове Заслаўя наканавана было з’явіцца ў досыць мірныя гады XVI ст., калі горад знаходзіўся ў цэнтры магутнай дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае. У народнай тапаніміцы гэтая фартэцыя носіць назву «Валы».
Гэтыя высокія земляныя ўзгоркі ў цэнтры Старога горада да сённяшняга дня ўяўляюць для беларускіх археолагаў вялікую таямніцу: калі дакладна ўзводзілася фартэцыя? Чаму яна мае такую незвычайную трапецыявідную форму? Як выглядаў замак да пераўтварэнняў канца XVI ст.? Для чаго выкарыстоўваўся падземны ход, знойдзены ў адным з валоў? Сітуацыю ўскладняе і тое, што культурны слой не аднойчы перакопваўся: кожны раз, калі жыхары горада павялічвалі вышыню вала, зямлю яны бралі з унутранай тэрыторыі. Шмат блытаніны ўнеслі і будаўнічыя працы XVII, ХХ стст.
Першыя даследчыкі ўвогуле лічылі, што менавіта на «Валах» жыла княгіня Рагнеда з сынам Ізяславам і летапісны «Ізяслаўль» размяшчаўся тут. Падставы для гэтага давалі знаходкі ХІ ст. і падзелены на дзве часткі глыбокай лагчынай унутраны падворак замка (пазней знівеліраваны), што нібыта сведчыла пра існаванне пасада і княжацкага замка.
Сучасныя даследчыкі ў гэтым пытанні разабраліся: Рагнеда ўсё ж жыла на «Замэчку», а «Валы» мясцовыя жыхары пачалі насыпаць, калі па невядомых прычынах закінулі паселішча Рагнеды і перабраліся на новае месца. Зрэшты, матывацыя перасялення была важкая: каля «Замэчка» працякае толькі невялічкая рачулка Чарніца, а новы замак паўстаў на беразе значна большай і «перспектыўнай» (упадае ў Бярэзіну) ракі Свіслач.
Знаходкі ХІ і пазнейшых стагоддзяў звязаныя менавіта з гэтым перасяленнем. Летапісы маўчаць пра новы горад на працягу ХІ стагоддзя. Археолагі выказваюць здагадку, што тут было спачатку неўмацаванае паселішча, якое да XII ст. займела свой невялікі замак на верхняй пляцоўцы, у 1127 г. спалены кіеўскімі князямі.
У XIV ст. горад трапляе на старонкі летапісаў па вельмі сур’ёзнай прычыне: вялікі князь Альгерд аддае Заслаўе свайму малодшаму брату Яўнуту, ад якога пайшло новае адгалінаванне дынастыі Гедымінавічаў – князі Заслаўскія (Жаслаўскія), якія шмат стагоддзяў будуць кіраваць заслаўскай зямлёй.
У часы Заслаўскіх замак разросся. Вышыня валоў вырасла з 4 да 5,5 м. Замкавы вал набыў форму трохкутніка (выяваў тагачаснага замка, відавочна, не захавалася, але беларускі археолаг Ю.А. Заяц, які на працягу 15 год праводзіў на заслаўскіх старажытнасцях археалагічныя раскопкі, высунуў менавіта такую версію), дзе на ніжэйшай пляцоўцы знаходзіўся пасад, а на вышэйшай – непасрэдна сам замак. У часе раскопак былі знойдзены ніжнія вянцы драўляных пабудоў, рэшткі печаў і невялікі адрэзак драўляных умацаванняў. Верагодней за ўсё, драўляная сцяна на той час стаяла непасрэдна на вале і замыкалася ўязной (таксама драўлянай) брамай.
Усё змянілася, калі ў першай палове XVI ст. Заслаўе перайшло да Глябовічаў. На той час у родзе Заслаўскіх засталіся толькі жанчыны, паміж якімі і былі падзеленыя ўсе ўладанні. Найбольшы кавалак Заслаўя належаў Ганне Фёдараўне, якая выйшла замуж за Яна Юр’евіча Глябовіча ў 1537 г. Ян Юр’евіч быў на той момант віцебскім ваяводам, толькі што вярнуўся з вайны з Маскоўскім княствам, дзе ўзначальваў пасольства на мірных перамовах. Сціпла хаваючы сваё рускае паходжанне (хутчэй за ўсё са смаленскіх баяраў), Глябовічы называлі сябе нашчадкамі літоўскага князя Манівіда і займалі відныя пасады ў дзяржаве. Сам Ян Юр’евіч стаў у рэшце рэшт вялікім канцлерам літоўскім. На той час яго галоўнай рэзідэнцыяй з’яўляўся Заслаўскі замак.
Глябовіч быў заклятым ворагам Мікалая Радзівіла Чорнага. І ў палітычных, і ў асабістых справах яны пастаянна аказваліся «па розныя бакі барыкадаў». Але менавіта іх сынам Яну Янавічу Глябовічу і Мікалаю Хрыстафору Радзівілу Сіротку было наканавана стаць заснавальнікамі новай фартыфікацыйнай традыцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім.
У пачатку XVI ст. у еўрапейскай фартыфікацыйнай навуцы пачынаюць адбывацца каласальныя змены. На працягу 100 год знешні выгляд і прынцыпы будаўніцтва крэпасцяў мяняюцца кардынальна. Звязана гэта было са значным паляпшэннем вогнепальнай зброі. Калі першыя еўрапейскія гарматы (часта зробленыя з дрэва) мала шкодзілі сярэднявечным замкавым сценам, то ў першай палове XV ст. былі вынайдзены новыя спосабы выплаўкі чугуна і парахавая зброя прымусіла моцна задумацца еўрапейскіх фартыфікатараў. У выніку паступовай эвалюцыі вежы замкавых сценаў выносіліся ўсё далей за лінію курціны і набывалі спачатку круглую, а пасля гранёную форму, пераўтвараючыся такім чынам у бастыёны. Сцены станавіліся ніжэйшымі, бо абстрэл з вышыні моцна зніжаў эфектыўнасць выкарыстання гарматаў. І што самае важнае, сцены пачалі ўзводзіць не з каменя ці дрэва, а з зямлі. Што цалкам лагічна, бо толькі земляны вал мог вытрымліваць артылерыйскі абстрэл таго часу. Прыдумалі і першымі выкарысталі гэтую сістэму італьянскія інжынеры ў першай палове XVI ст. Пазней вялікі ўнёсак у яе ўдасканаленне зрабілі галандцы. Адпаведна такую сістэму фартыфікацыі часта называюць новаітальянскай, стараітальянскай ці галандскай, у залежнасці ад велічыні бастыёнаў і памераў курціны.
Мікалай Радзівіл Сіротка распачаў будаўніцтва сваёй Нясвіжскай фартэцыі ў 1580-х гадах. У маладосці ён шмат падарожнічаў па Еўропе: спачатку некалькі год вучыўся, а пазней здзяйсняў паломніцтва ў Ерусалім і, відаць, там змог убачыць і ацаніць перавагі новай сістэмы абароны. Таму, вярнуўшыся на радзіму, пачаў узводзіць менавіта земляны насып у адрозненне ад сваіх апанентаў Кішак, якія на той момант будавалі ў Любчы замак яшчэ па класічных канонах.
Ян Янавіч Глябовіч таксама атрымліваў адукацыю ў Еўропе да 19 год. Магчыма, на ягонае разуменне фартыфікацыйных працэсаў паўплывала тое, што бацька быў набліжанай асобай да каралевы Боны Сфорцы – прадстаўніцы магутнага італьянскага роду. І хаця каралева Бона з’ехала на радзіму ў 1556 г., малы Ян яшчэ мог атрымаць некаторыя веды ад яе бліжэйшага акружэння.
Калі Глябовіч пачаў перабудоўваць сваю фартэцыю, дакладна невядома. Шмат у якіх даведніках прысутнічае інфармацыя пра тое, што пратэстанцкі збор на тэрыторыі замка быў узведзены ў 1557 г., а гэта значыць, што і фартэцыя пачала будавацца ў той жа час.
Але на той момант Глябовіч-бацька ўжо памёр (1549 г.), а Глябовічу-сыну было толькі 13 год, і ён, вядома ж, не мог распачаць такую грандыёзную будоўлю. Наступныя 20 год у жыцці Яна Янавіча былі насычаныя прыгодамі і пакідалі мала часу для гаспадарчых спраў. У 1563 г. ён удзельнічае ў абароне Полацка ад Івана Грознага (кіруе абаронай аднаго з участкаў), трапляе ў палон і некалькі год застаецца вязнем маскоўскага цара. Пазней Глябовіча абмянялі на рускіх баяраў і ён вяртаецца на радзіму, дзе актыўна ўдзельнічае як ва ўнутраных палітычных інтрыгах, так і ў далейшых баявых дзеяннях. Грунтуючыся на гэтых фактах біяграфіі, археолаг Ю. Заяц сцвярджаў, што будаўніцтва наўрад ці пачалося раней за 1580-я гады. Да таго ж поўнасцю сабраць у сваіх руках усе заслаўскія землі Глябовіч здолеў толькі ў 1583 г.
У любым выпадку працы, задуманыя Янам Янавічам, былі маштабныя. Як ужо адзначалася, старадаўняя замкавая гара яшчэ з ХІІ ст. мела выгляд трохкутніка. Але такая форма абсалютна не адпавядала новай італьянскай сістэме: заходні бок замка, які завяршаўся вострым вуглом, быў непрыдатны для будаўніцтва бастыёна, а гэта пагражала ўсёй сістэме абароны. Ян Глябовіч загадаў зрыць паўночны вал і пасунуць яго на некалькі дзесяткаў метраў бліжэй да Свіслачы, падраўняўшы таксама паўднёва-заходнюю сцяну. У выніку даўжыня заходняга вала моцна павялічылася, а плошча ўнутранай тэрыторыі вырасла на 0,6 га. Вырасла таксама і вышыня саміх валоў – ад 5,5 да 8–9 м. Зямлю для гэтага бралі з унутранай, высокай часткі замка. Менавіта таму ў 1980-х гадах археолагі знаходзілі ў верхніх пластах вала рэчы XII–XIII стст.
Памер фартэцыі стаў 188х166х
90х60 м і атрымаў выгляд трапецыі. Па кутах выраслі вялікія бастыёны чатырохвугольнай формы, а на паўднёвай і паўночнай курцінах – 2 паўкруглыя бастыёны, якія мусілі прыкрываць уязныя брамы і ўскладняць атаку на курціны.
Як сцвярджаў Ю. Заяц, ні бастыёны, ні курціны не былі абкладзены камнем. Каменнымі былі толькі верхнія пляцоўкі бастыёнаў і ўязныя брамы. Брамаў было дзве – на паўночным і на паўднёвым баку. Яны ўтваралі адзіную вось. Ад паўднёвай брамы і сёння захаваліся цагляныя рэшткі. У 1990-х гадах тут праводзіліся археалагічныя раскопкі, якія выявілі, што брама была хутчэй за ўсё двухпавярховай. На першым паверсе з кожнага боку ад уезду было па тры памяшканні (захаваліся фундаменты) памерамі 6х4 м. Што самае цікавае, археолагі знайшлі падземную галерэю, якая вяла ад брамы ўглыб вала і завяршалася праз некалькі дзесяткаў метраў выхадам на знешні бок у роў. Гісторык М. Ткачоў меркаваў, што гэта былi запасны падземны ход і замкавая турма. Але Ю. Заяц схіляўся да версіі аб дрэнажнай сістэме, бо памеры таго хода вельмі невялікія: вышыня 1,3, шырыня – 0,8 м.
Фартэцыю акружаў значны па памерах роў: яго шырыня з паўднёвага боку была больш за 25 м (цяпер гэты ўчастак яшчэ шырэйшы за кошт работ, праведзеных тут у савецкія часы). Магчыма, роў запаўняўся вадой са Свіслачы.
На ўнутранай тэрыторыі быў узведзены палац. Але, на жаль, ні архіўныя, ні археалагічныя крыніцы не даюць нам магчымасці даведацца, як ён выглядаў і нават дзе дакладна размяшчаўся.
А вось другі мураваны будынак на тэрыторыі замка дайшоў да нас у на дзіва цэлым выглядзе. Гэта цяперашняя Праабражэнская царква. Ян Янавіч Глябовіч, хутчэй за ўсё пад уздзеяннем Мікалая Радзівіла Рудага, пад чыёй апекай быў пэўны час, яшчэ ў маладосці перайшоў у пратэстантызм, таму будаваў не царкву і не касцёл, а кальвінскі збор.
Наконт знешняга выгляду храма даследчыкі таксама разыходзяцца. Большасць мяркуе, што высокая вежа-званіца была прыбудавана да храма ўжо ў XVII ст., калі ён перайшоў да каталікоў. Аднак ніякіх дакладных звестак пра гэта ў пісьмовых крыніцах няма, а археалагічныя не даюць падставаў казаць пра пазнейшую дабудову званіцы. Дарэчы, Ю. Заяц сцвярджае, што ўзровень зямлі вакол храма амаль на 2 м углыб – гэта будаўнічы друз пазнейшых перабудоваў. Ад пачатку будынак быў на 2 м вышэй.
Знешне храм атрымаўся вельмі лаканічным і ўзнёслым. Шматлікія байніцы на вежы рабілі яго часткай абарончай сістэмы замка. Аркатурны пояс, лучковыя вокны і скляпенні нагадваюць у гэтым у прынцыпе рэнесансным будынку пра гатычныя ўплывы пачатку XVI ст.
Узведзены Радзівілам Сіроткам Нясвіжскі замак на шмат стагоддзяў стаў галоўнай рэзідэнцыяй гэтага магутнага княскага роду. А вось заслаўскай фартэцыі быў наканаваны зусім іншы лёс.
Перад смерцю Ян Глябовіч напісаў у тэстаменце для жонкі: «каб яна дбала распачаты мною замак дабудаваць, каб назаўсёды памяць дзецям маім пакінула». Але калі зазірнуць у канец XVII ст., то высвятляецца, што большая частка замка ёсць ужо каталіцкім манастыром дамініканаў, прычым зафундаваным Сапегамі. Ад Глябовічаў тут не засталося ні знаку. Што прывяло да такіх радыкальных зменаў? Пісьмовых крыніцаў не хапае, каб узнавіць увесь ход падзей. Жонка Яна Янавіча з просьбай мужа справілася, здаецца, паспяхова – на пачатак XVII ст. замак быў даведзены да ладу. Але ў 1603 г. сын Яна Мікалай Янавіч Глябовіч перайшоў з пратэстантызму ў каталіцызм і праз пэўны час выгнаў са сваіх уладанняў кальвіністаў, а збор перадаў каталікам пад касцёл. Адбылося гэта найверагодней у 1626 г. Аднак дакладная дата невядомая. І хаця Мікалай не выканаў апошняга запавету свайго бацькі – заставацца ў евангельскай веры, шчыраванні Яна Янавіча моцна дапамаглі яго сыну: дзякуючы таму што на тэрыторыі заслаўскіх уладанняў быў замак, Мікалай здолеў атрымаць тытул графа, і фартэцыя стала цэнтрам Заслаўскага графства.
Пераломнымі ў жыцці замка сталі падзеі сярэдзіны XVI ст. У 1556 г. амаль уся тэрыторыя ВКЛ была акупавана маскоўскімі войскамі. Пісьмовыя крыніцы таго часу даюць пра гэта няшмат звестак, але тоўсты слой папялішча, адкрыты пры археалагічных раскопках, сведчыць, што замак хутчэй за ўсё спалены менавіта тады. Прычым мураваны палац і ўязныя брамы былі знішчаны дазвання. І цудам падаецца тое, што не быў пашкоджаны храм.
Пасля вайны Глябовічы палац не аднаўлялі, як і ўязныя брамы. Марнеў паціху і сам род. У 1676 г. апошняя прадстаўніца гэтай слаўнай фаміліі выйшла замуж за Казіміра Сапегу, і Заслаўе перайшло ў рукі да буйнейшых магнатаў Літвы. Сапегу хапала клопатаў з іншымі сваімі ўладаннямі, таму заходнюю палову замка ён папросту перадаў манахам-дамініканам, а ва ўсходняй размясціўся гаспадарчы двор, дзе ўладары бывалі вельмі рэдка. Ужо ў XVIII ст. фартэцыя поўнасцю перайшла ў рукі дамініканаў.
Так крэпасць стала манастыром.
Дамінікане развілі тут актыўную дзейнасць – пабудавалі манастырскі будынак перпендыкулярна паўднёвай сцяне храма і нават прарубілі ў сцяне дзверы, каб можна было наўпрост патрапляць з манастыра ў касцёл (дзверы гэтыя былі яшчэ ў XX ст.). Узвялі шэраг драўляных пабудоў на месцы былога палаца. Такім чынам, менш чым 100 год пабыўшы магнацкай рэзідэнцыяй, заслаўская фартэцыя больш чым на 150 год стала вялікім манастыром. Манахам хутчэй за ўсё былі даспадобы высокія земляныя сцены вакол кляштара, але за іх тэхнічным станам яны, відавочна, не сачылі.
Фартэцыя хоць і не іграла ўжо абарончай функцыі, але пэўную вагу ўсё ж мела. У другой палове XVIII ст. моцны шляхецкі род Пшаздзецкіх актыўна шукаў магчымасці набыць Заслаўе разам з манастыром-крэпасцю. Крэпасць зноў спатрэбілася, каб дапамагчы ў атрыманні графскага тытулу. Мара Пшаздзецкіх была рэалізавана, і Заслаўе ў другі раз стала цэнтрам графства.
Пасля паўстання 1831 г. манахаў-дамініканаў з храма выгналі і ў хуткім часе ён пераўтварыўся у праваслаўную царкву. Замкавая тэрыторыя стала проста храмавым падвор’ем, чым і застаецца да сённяшняга дня.
Высокая вежа царквы прыцягвае ўвагу ўсіх, хто трапляе ў горад ці праязджае міма. Многія ведаюць, што ад пачатку гэта быў пратэстанцкі храм. А вось самі валы слаба актуалізаваны ў свядомасці як мясцовых жыхароў, так і турыстаў. Далёка не кожны наведвальнік гэтага месца, гуляючы па высокіх валах, зможа разгледзець па вуглах абрысы магутных бастыёнаў, і толькі адзінкі ў стане ўбачыць рэшткі арыльёна ў заходнім куце фартэцыі. Будзем спадзявацца, што такая сітуацыя калі-небудзь зменіцца, бо як фартыфікацыйны помнік Заслаўская крэпасць – адзін з найбольш цікавых аб’ектаў у Беларусі…
Літаратура
1. Заяц, Ю.А. Заславль X–XVIII веков (Историко-археологический очерк). – Мн.: Наука и техника, 1987.
2. Заяц, Ю.А. Заславль в эпоху феодализма. – Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
3. Ляўданскі, А.Н. Архэолёгічныя раскопкі ў Заслаўі Менскай акругі // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кніга 5. Працы катэдры археолёгіі. Том 1. – Менск, 1928.
4. Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах. Т. 1. – Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009.
5. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. – Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993.
6. Ткачев, М.А. Замки Беларуси. – Мн.: Беларусь, 2007.
7. Трусов, О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI–XVII вв. Архитектурно-типологический анализ. – Мн., 1988.
8. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 1. – Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2005.
9. Zasław // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowia ´nskich. Tom XIV. – Warszawa, 1895.