Варта адзначыць, што станаўленне рэстаўрацыйнай справы, ператварэнне яе ў асобную, спецыфічную па метадах вядзення работ і спосабах дасягнення вынікаў галіну адбываліся цягам дастаткова доўгага перыяду. Выпрацоўка методыкі і тэарэтычнага яе абгрунтавання ішла шляхам “спробаў і памылак”, праз крытыку рамантычнай рэстаўрацыі, усведамленне заганнасці стылістычных аднаўленняў, што спрыяла пераходу да новых тэарэтычных канцэпцый. Такім чынам, быў выпрацаваны адзін з важнейшых сучасных прынцыпаў гэтага віду дзейнасці: у помніку дапушчальны толькі мінімальны аб’ём замен і дапаўненняў пры строгай абгрунтаванасці любых узнаўленняў.
Зрэшты, нельга не ўлічваць некаторыя рэаліі, што вызначалі і працягваюць вызначаць работу на гістарычных аб’ектах. У сваіх дзеяннях спецыялісты заўсёды кіруюцца сацыяльным заказам, які пастаянна мяняецца ў залежнасці ад грамадскага ўяўлення аб вартасці помніка. Напрыклад, архітэктар-рамантык пачатку мінулага стагоддзя, прафесійна цалкам задавальняючы заказ сваёй эпохі, не мог мець багатага досведу сучаснага рэстаўратара, які (хацелася б верыць!) паслугоўваецца ў сваёй практычнай дзейнасці немалым пералікам дакументаў, што з’явіліся ў перыяд ад пачатку 1930-х да другой паловы 1990-х гг. і вызначаюць прынцыпы правядзення работ на помніках архітэктуры і горадабудаўніцтва (як мінімум Афінскай, Венецыянскай, Еўрапейскай архітэктурнай, Вашынгтонскай хартыямі, Нарскім дакументам аб аўтэнтычнасці).
Сёння асабліва дыскусійным з’яўляецца пытанне цэласнага аднаўлення помнікаў, што пярэчыць выпрацаваным міжнароднай супольнасцю прынцыпам адносін да культурнай спадчыны. Вяртанне да некаторых, здавалася б, забытых прынцыпаў работы на гісторыка-культурных каштоўнасцях прыводзіць да думкі, што стаўленне да архітэктурнай спадчыны праходзіла зусім не лінейным, ці, лепш сказаць, не паступальным шляхам развіцця. Магчыма, цяпер узнікаюць новыя чыннікі ў ацэнцы грамадскай вартасці помнікаў старасветчыны. У такім разе можна чакаць зменаў у прынцыпах аховы і аднаўлення спадчыны. Зрэшты, небеспадстаўным будзе меркаванне адносна жыццёвасці ў грамадскай свядомасці некаторых вартасных крытэрыяў мінулага і іх уздзеяння на тэорыю і практыку рэстаўрацыі.
Усё гэта можна было б прыняць за аб’ектыўны працэс, калі не ставіць пытанне пра ступень разумення працэсаў у рэстаўрацыйнай сферы і, у больш шырокім сэнсе, сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў цэлым. Тут важным з’яўляецца веданне шляху, які прайшла рэстаўрацыйная практыка, тэарэтычных і метадычных пастулатаў, што ўздзейнічалі на яе, станавіліся вызначальнымі і на пэўных этапах змянялі адзін адно. Пры гэтым нельга забывацца, што пазіцыя рэстаўратара фарміруецца ва ўзаемасувязі з заказчыкам, рознымі коламі культурнай грамадскасці.
Вяртаючыся да першапачатковай думкі, што з’явілася асновай пададзеных тут разважанняў, з пэўнай доляй трывогі даводзіцца канстатаваць: у сферу аховы спадчыны і рэстаўрацыі прыйшло новае, шматлікае пакаленне спецыялістаў, перш за ўсё праекціроўшчыкаў і вытворцаў, якія ніколі раней гэтым відам дзейнасці не займаліся і, адпаведна, не маюць належнай тэарэтычнай, метадычнай, прававой і практычнай падрыхтоўкі. Усе яны маюць сталы вопыт працы ў канкрэтных праектных і вытворчых прадпрыемствах з даўняй спецыялізацыяй, зусім не звязанай з рэстаўрацыяй. Сёння ж ніякімі прававымі і тэхнічнымі актамі ўдзел у выкананні работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях фактычна не абмяжоўваецца. Дзейнічае абсалютна прымітыўнае правіла рынку: хто выканае работу хутчэй і з меншымі затратамі. Пра якасць і эстэтычна-мастацкія вартасці гаворка ідзе зусім не ў кантэксце захавання адметных характарыстык гістарычнага помніка. Распаўсюджаным становіцца тэзіс кшталту: калі металадахоўка або металапластыкавая сталярка дапасуюцца да сучасных катэджаў і, галоўнае, дыхтоўна выглядаюць, то чаму такія матэрыялы не могуць быць скарыстаныя на камяніцы XVIII ці XIX ст.? Варта аднойчы паспрабаваць – і спыніць выкарыстанне на гістарычных аб’ектах цэменту, дробнапамернай пліткі, тынкаванне сцен па арматурнай сетцы (ці мала якія прыёмы ў арсенале сучасных будаўнікоў!) становіцца амаль немагчымым. Асабліва калі такія дзеянні падмацоўваюцца яшчэ адным “забойным” меркаваннем: маўляў, калі б нашы папярэднікі мелі ўвесь гэты набор матэрыялаў і будаўнічых прыёмаў, то не прамінулі б іх скарыстаць. Толькі далей гэту думку чамусьці ніхто не працягвае: вядома, не мелі, таму і не скарысталі, а дзейнічалі ў межах тагачасных традыцый, якія мы, іх наступнікі, павінны вывучыць, захаваць і перадаць будучым пакаленням. У гэтым і ёсць адзін з фундаментальных прынцыпаў аховы спадчыны.
Важным у сферы рэстаўрацыйнай дзейнасці з’яўляецца стаўленне заказчыкаў, спецыялістаў і ў цэлым грамадства да дакладнасці аднаўляемай формы і захавання аўтэнтычнага матэрыялу аб’екта. У другой палове XIX ст. расійскімі рэстаўратарамі (Беларусь на той час тэрытарыяльна ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі) быў зроблены акцэнт на паўтарэнне архітэктурна-прасторавай будовы, або, як тады называлі, іканаграфію помніка, але ўласна матэрыял, а напачатку і дэтальны малюнак формы, не разглядаўся як унікальны і непаўторны. Сустракаліся выпадкі, і ў першай палове стагоддзя дастаткова часта, калі зберажэнне старасвецкага помніка не звязвалася нават з захаваннем яго іканаграфіі. Лічылася дастатковым выкарыстаць месца, дзе знаходзіўся гістарычны будынак, – і новы, узведзены там, набываў значэнне “помніка старажытнасці”.
Найбольш характэрным такое ўзнаўленне было для культавых пабудоў, што вынікае з традыцыі сакральнага мастацтва, у якім сапраўднасць – гэта паўтарэнне формы рэліквіі. У архітэктуры “асвячэнне” новага збудавання адбывалася праз старажытнасць яго іканаграфіі. Царква ж пасля рэстаўрацыі павінна была выконваць свае ранейшыя функцыі, што замінала пошуку і аднаўленню першапачатковых прыкмет помніка, абумоўленым неабходнасцю захаваць створаныя за перыяд яго існавання прыдатныя ўмовы для адпраўлення службы.
Такі падыход назіраўся ў дачыненні да рэстаўрацыі не толькі царкоўных, але і грамадзянскіх пабудоў. Пошук кампрамісу паміж заказчыкам і прафесійным грамадствам прыводзіў да стварэння стылёвага адзінства будынка. Важнай умовай з’яўлялася фарміраванне вобраза, пры якім аб’ект ствараў цэласнае мастацкае ўражанне. Пры гэтым адной з асаблівасцей рэстаўрацыі культавага будынка было яго аднаўленне як цэльнага архітэктурнага збудавання, якое ацэньвалася па эстэтычных крытэрыях архітэктурных традыцый, адпаведных перыяду выканання рэстаўрацыйных работ. А гэта вяло часам да свядомага адступлення ад дакладнай рэканструкцыі першапачатковага аблічча. У грамадскай свядомасці XIX ст. яшчэ не было выразнага падзелу паміж сакральнай і дакументальнай, або, па тагачаснай тэрміналогіі, археалагічнай, вартасцямі культавых пабудоў.
Прыблізна такі ж стылістычны падыход выкарыстоўваўся і ў дачыненні да помнікаў фартыфікацыйнага мастацтва. Страчаныя элементы абарончых сцен адбудоўваліся на падставе добра ўсім вядомага ўзору – Маскоўскага Крамля. З гэтай прычыны замест пашкоджаных мерлонаў на Кітайгародскай сцяне ў Маскве або на частцы каменных плітняковых сцен крэпасці ў Пскове былі выкананы зубцы на “манер Крамлёўскіх”1. Для пачатку ХІХ ст. у такой жа ступені характэрным было ўвядзенне пры рэстаўрацыі старадаўніх збудаванняў сучасных архітэктурных матываў, найперш класічных. Так, у 1816 г. інжынер-палкоўнік К. Сусалін прапанаваў частку круглых вежаў Смаленскай крэпасці завяршыць купаламі замест існаваўшых састарэлых шатроў, а прафесар Акадэміі мастацтваў К. Тон у 1837 г. запраектаваў завяршэнне пскоўскай Смердзевай вежы ў выглядзе высокага бельведэра са шпілем. Прыблізна ў гэты ж час распаўсюджваецца ідэя ўвядзення “гатычных” матываў, якія, лічылася, падкрэслівалі старажытнасць і нацыянальную самабытнасць старарускіх помнікаў2. Каб знізіць кошт работ пры ўзвядзенні новых збудаванняў або іх частак, дапускалася змена не толькі знешняга выгляду, але і габарытаў.
Разам з тым ужо ў апошняй чвэрці XIX ст. стылістычнае адзінства помнікаў культавай архітэктуры пачынае прызнавацца неабавязковым, а ў шэрагу выпадкаў і бессэнсоўным з-за немагчымасці выяўлення яго дакументальнай вартасці. Адначасова з другой паловы XIX ст. назіраецца імкненне забяспечыць аўтэнтычны характар помніка старасветчыны, у тым ліку ўсіх яго частак, незалежна ад перыяду стварэння. Пры гэтым рэстаўратары пачынаюць імкнуцца не толькі да захавання іканаграфічнай формы аб’екта, але і матэрыялаў, з якіх ён быў зроблены. Дэструктаваны матэрыял часам мяняўся на новы, але аналагічны арыгінальнаму. Усё гэта сведчыла пра значную змену адносін да помніка ў грамадстве3. Паяднанне вартасцей аўтэнтычнай формы і аўтэнтычнага матэрыялу вяло да прызнання непаўторнасці гістарычнай сутнасці аб’екта як адзінага цэлага. У 1880-я гг. расійскія рэстаўратары пачалі трактаваць замену матэрыялу як крайнюю меру. Такая замена дапускалася толькі пры дастатковым абгрунтаванні, а новыя элементы павінны былі дакладна адпавядаць першапачатковаму арыгіналу. У прафесійным асяроддзі ўсталявалася адмоўнае стаўленне да беспадстаўных рэканструкцый і прызнавалася, што лепш пакінуць руіну недатыкальнай, чым правесці недакладную рэстаўрацыю. Хоць, трэба прызнаць, на той час падобныя падыходы насілі хутчэй выключны характар.
Адзін з найбольш паказальных прыкладаў такой выключнасці – работы на Барысаглебскай (Каложскай) царкве ў Гродне. Перад пачаткам іх выканання ў 1894 г. узнікла спакуса поўнай яе рэстаўрацыі, што зыходзіла з памкнення аднавіць аблічча старажытнай царквы, стварыць цэласнасць мастацкага вобраза і тыпу збудавання, як гэта разумелася пэўнымі коламі грамадства, далёкімі ад праблем захавання спадчыны. Аднак гіпатэтычны, абсалютна нічым не падмацаваны падыход да выканання работ быў адхілены на карысць дакументальнай вартасці старажытнага помніка архітэктуры. Паўторна пытанне цэласнага аднаўлення Каложы было ўзнята ў 1899 г. гродзенскім генерал-губернатарам, які накіраваў праект рэстаўрацыі і каштарысы на адрас Імператарскай археалагічнай камісіі. У адказе адзначалася, што рэстаўраваць Барысаглебскую царкву больш-менш прыдатным спосабам немагчыма з прычыны поўнай адсутнасці матэрыялаў адносна яе першапачатковага выгляду. Любы праект, падрыхтаваны па вобразе аналагічных цэркваў, будзе мець адвольныя пабудовы формаў і прывядзе да скажэння помніка. ІАК (у пэўнай ступені адпаведнік сучасным органам аховы спадчыны) прапанавала абмежавацца ўжо выкананымі рамонтнымі работамі, якія дастаткова забяспечылі захаванасць старажытнага аб’екта4.
Азiраючыся на стагоддзе назад, калі ні на ўнутрырасійскім узроўні, ні ў міжнароднай практыцы захавання спадчыны яшчэ не існавала колькі-небудзь распрацаваных метадычных матэрыялаў і тэарэтычнага іх абгрунтавання, адчуваеш павагу да прафесійнай грамадскасці, якая паступова падышла да разумення вартасці помнікаў старасвеччыны ва ўсіх яго праявах: знешняе аблічча, характар пабудовы інтэр’ера, элементы аздобы, гістарычныя напластаванні, канструкцыі, будаўнічыя матэрыялы розных перыядаў.
Чамусьці ў сённяшняй практыцы сустракаюцца спробы, няхай і неўсвядомленыя, вярнуцца да прыёмаў, дапушчальных у першай палове ХІХ ст. Але ж яны паступова, па меры назапашвання ведаў і пераасэнсавання вартасці помніка даўніны, адыходзілі як непрымальныя з-за іх неналежнага дакументальнага абгрунтавання. Памятнай з’яўляецца дыскусія, распачатая прыхільнікамі ўсталявання над будынкам тэатра оперы і балета ў Мінску купала, якога не было нават і ў экскізных накідах І. Лангбарда. Сустракаюцца выпадкі, напрыклад, абмеркавання магчымасці “аднаўлення” ранейшых цагляных скляпенняў з… гіпсакартону або “рэстаўрацыі” ляпніны метадам адліўкі дэкаратыўных элементаў у формах і прыклейвання на ачышчаныя ад арыгіналаў месцы. Усё гэта з арсеналу ўжо забытай за больш чым стагоддзе “стылістычнай рэстаўрацыі” і метадаў зніжэння кошту аб’екта.
Напэўна, настала пільная патрэба навучыцца ўсім удзельнікам рэстаўрацыйнага працэсу гаварыць на адной мове – мове дакументаў, якія цягам дзесяцігоддзяў выпрацоўваліся прафесійнай супольнасцю. У краінах, дзе яны з’яўляюцца кіраўніцтвам да дзеянняў, дасягнуты значныя поспехі ў справе аховы спадчыны, а стан іх архітэктурнага набытку прыводзіцца ў якасці прыкладу для пераймання і выклікае непадробнае захапленне. Адной з асноўных прычын гэтых дасягненняў можна назваць безумоўнае забеспячэнне прафесійнага падыходу да арганізацыі работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях, які прайшоў паслядоўны шлях эвалюцыйнага станаўлення.
Першым крокам у вызначэнні прынцыпаў захавання і рэстаўрацыі архітэктурнай спадчыны стала прыняцце Афінскай хартыі, падрыхтаванай ўдзельнікамі IV кангрэсу Міжнароднай асацыяцыі сучасных гарадоў, што адбыўся ў 1933 г. у Афінах. У дакуменце падкрэслена думка аб неабходнасці фарміравання аблічча гарадоў ў суаднясенні са старажытнымі помнікамі. Афінская хартыя з’явілася рэакцыяй на імклівую мадэрнізацыю гарадскога асяроддзя.
У новых умовах пасляваеннага перыяду паўстала неабходнасць паглыбіць і канкрэтызаваць выпрацаваныя ў першай палове 1930-х гг. прынцыпы аховы спадчыны. Гэта задача вырашалася ўдзельнікамі І і ІІ кангрэсаў архітэктараў і тэхнічных спецыялістаў па гістарычных помніках, якія праходзілі ў 1957 г. у Парыжы і ў 1964 г. у Венецыі.
У падрыхтаваных на парыжскім пасяджэнні дакументах захаванне помнікаў дэкларавалася пад дэвізам “Захаваць, але не рэстаўраваць”, адзначалася неабходнасць каардынацыі іх аховы з новай забудовай. Паводле заключэння Парыжскага кангрэсу, частковая рэстаўрацыя дапускаецца пры трох умовах: 1) калі стан помніка вымушае прыняць такую меру; 2) калі добра вядомы першасны выгляд помніка як ансамбля, так і ў дэталях; 3) калі рэстаўрацыя не цягне за сабой якіх-небудзь шкодных наступстваў.
Спецыялісты аховы спадчыны не выступалі супраць новага ў старым асяроддзі. Аднак новае павінна быць падпарадкавана старому і ўзгоднена з ім. Суіснаванне новага са старым можа быць ажыццёўлена з улікам адпаведнасці наступным прынцыпам: дасягнення аб’ёмна-прасторавай сувымернасці і суладдзя колеру і матэрыялаў; вытрымлівання агульнага характару забудовы, што яшчэ называюць забеспячэннем прынцыпу так званага кантэкстуалізму.
На Венецыянскім кангрэсе гэта палажэнне было пашырана патрабаваннем зберагчы акружэнне помніка. Тым самым яго ўдзельнікі разглядалі помнік не асобна, а разам з бліжэйшым атачэннем. Другі кангрэс прыняў 13 дакументаў, якія аказалі вялізны ўплыў на развіццё тэарэтычнага, заканадаўчага і практычнага накірункаў у справе аховы культурнай спадчыны. Важнейшым з іх стаў тэкст Міжнароднай хартыі захавання і рэстаўрацыі помнікаў і выдатных мясцін,
альбо Венецыянскай. У гэтым дакуменце сфармуляваны тэарэтычныя прынцыпы і прапановы, якія датычаць кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў, правядзення археалагічных раскопак. Адна з важнейшых высноў Венецыянскай хартыі зводзіцца да выслоўя: “Рэстаўрацыя спыняецца там, дзе пачынаецца гіпотэза”. Гэтым падкрэслівалася дапушчальнасць рэстаўрацыі ў выключных выпадках, калі яна прадыктавана неабходнасцю зберажэння помніка. Аднак рэстаўрацыйныя работы не павінны парушаць старых субстанцый, падставай для прыняцця праектнага рашэння на іх выкананне могуць быць толькі дакументальныя крыніцы. Усялякія прыўнясенні ў аб’ект спадчыны павінны залежаць ад архітэктурнай кампазіцыі і вызначацца характарам перыяду іх стварэння.
Напластаванні розных эпох неабходна захоўваць. Узноўленыя часткі павінны гарманічна спалучацца з помнікам, адрозніваючыся, аднак, ад аўтэнтычных, каб рэстаўрацыя не фальсіфікавала мастацкі і гістарычны вобраз аб’екта. Абавязковай умовай работ па рэстаўрацыі, кансервацыі і археалагічных даследаваннях павінна быць іх падрабязнае дакументальнае афармленне з вельмі пажаданай публікацыяй гэтых матэрыялаў.
Прынцыпы Венецыянскай хартыі атрымалі далейшае развіццё ў рэкамендацыях ЮНЕСКА 1976 г., дзе звярталася ўвага на небяспеку універсальнасці метадаў будаўніцтва, што можа прывесці да стварэння адзінавобразнага акружэння ва ўсім свеце.
Працягам Венецыянскай стала Міжнародная хартыя па ахове гістарычных гарадоў, прынятая ў 1987 г. у Вашынгтоне, што і дало ёй назву Вашынгтонская хартыя. Яна развівае некаторыя палажэнні рэкамендацый ЮНЕСКА 1976 г. адносна аховы гістарычных або традыцыйных ансамбляў і іх ролі ў сучасным жыцці.
У Вашынгтонскай хартыі ахова гістарычных гарадоў разглядаецца ў якасці мер, неабходных як для іх абароны, кансервацыі і рэстаўрацыі, так і пастаяннага развіцця і гарманічнага прыстасавання да сучаснага жыцця.
Ахова гістарычных гарадоў і кварталаў можа быць дзейснай, калі стане неад’емнай часткай адзінай палітыкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця і будзе ўлічвацца ў тэрытарыяльных і горадабудаўнічых планах усіх узроўняў.
Вартасцямі, якія падлягаюць ахове, з’яўляюцца: а) форма горада, што акрэсліваецца сеткай вуліц; б) суадносіны розных гарадскіх прастораў – забудаваных, свабодных і занятых зялёнымі пасадкамі; в) форма і выгляд пабудоў (унутры і звонку), якія вызначаюцца структурай, аб’ёмам, стылем, маштабам, матэрыяламі, колерам і дэкорам; г) сувязі горада з яго атачэннем – прыродным або створаным чалавекам; д) розныя функцыі горада, набытыя ім у ходзе развіцця.
У Вашынгтонскай хартыі звернута ўвага на шматдысцыплінарныя даследаванні, якія папярэднічаюць планаванню аховы гістарычных гарадоў. Планы аховы складаюцца на аснове аналізу археалагічных, гістарычных, архітэктурных, тэхнічных, сацыялагічных і эканамічных дадзеных. Павінны прадугледжвацца таксама ўсе неабходныя юрыдычныя, адміністрацыйныя і іншыя меры. Зберажэнне гістарычных гарадоў і кварталаў, пастаяннае ўтрыманне будынкаў у належным тэхнічным стане, паляпшэнне ўмоў пражывання грамадзян складае адну з асноўных мэтаў іх аховы.
Новае будаўнітва ў гістарычным асяроддзі павінна ўлічваць існуючую прасторавую забудову, найперш ансамблевую. Важным фактарам належнай арганізацыі работ у старасвецкім горадзе з’яўляецца шырокае інфармаванне грамадскасці.
Апроч названых важнейшых нарматыўных і метадычных міжнародных дакументаў шырокую вядомасць маюць Нарскі дакумент аб аўтэнтычнасці аб’ектаў спадчыны, Фларэнційская хартыя аб зберажэнні гістарычных садоў, Еўрапейская архітэктурная хартыя. Для Беларусі і суседніх краін немалаважнымі ў арганізацыі мерапрыемстваў па ахове спадчыны з’яўляюцца Нерынгская рэзалюцыя 1997 г., якая датычыць комплекснага захавання гістарычных гарадоў, і Рыжская хартыя 2000 г., прысвечаная гістарычным рэканструкцыям. Абодва дакументы падрыхтаваны спецыялістамі аховы спадчыны Беларусі, краін Балтыі і Украіны з удзелам экспертаў ІКАМОС і ІККРОМ. Іх выпрацоўка абумоўлена пошукам шляхоў вырашэння праблемы страчаных аб’ектаў спадчыны, якія на гэтых тэрыторыях масава зніклі ў ходзе ваенных дзеянняў або з прычыны непрадуманых рашэнняў адносна перабудоў населеных пунктаў і перайначання тэрыторый.
Міжнародныя метадычныя дакументы іграюць істотную ролю ў станаўленні і развіцці нацыянальнага заканадаўства па ахове спадчыны, методыкі правядзення рэстаўрацыйных работ на помніках даўніны. Следаванне іх палажэнням сведчыць пра гатоўнасць грамадства забяспечыць безумоўнае захаванне гістарычнага кантэксту помнікаў даўніны і разумення іх у якасці важнейшых дакументальных сведчанняў мінулага, якое павінна быць перададзена наступным пакаленням ў нязмененым стане. Гэта акалічнасць з’яўляецца асабліва актуальнай з улікам далучэння Рэспублікі Беларусь да шэрагу канвенцый ЮНЕСКА, якія на міжнародным узроўні вызначаюць пытанні аховы і выкарыстання культурнай і прыроднай спадчыны. Улічваючы неабходнасць трымацца міжнароднага кантэксту ў гэтай сферы дзейнасці, доктар архітэктуры, прафесар кафедры архітэктуры і гісторыі урбаністыкі Маскоўскага архітэктурнага інстытута, адзін з вядучых экспертаў ІКАМОС, аўтар грунтоўнага заключэння па намінацыі “Архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі роду Радзівілаў у Нясвіжы”5 Н.А. Душкіна, выказваючыся адносна размяшчэння сучасных немаштабных аб’ектаў у гістарычным асяроддзі г. Нясвіжа і сучасных спробаў “аднавіць” Каложскую царкву, зазначыла: “В рамках реставрационной теории и международных реставрационных принципов такой подход недопустим и неминуемо будет связан с исторической и архитектурной фальсификацией. Беларусь ратифицировала конвенцию ЮНЕСКО о Всемирном культурном и природном наследии, в которой определены важнейшие подходы к сохранению культурного наследия. Эта доктрина распространяется не только на памятники Всемирного наследия, а определяет высокие стандарты консервации и реставрации в стране в целом” (вылучана мною. – І.Ч.). Пры гэтым неабходна памятаць, што паводле пункта 2 артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” устаноўлены прыярытэт міжнародных дакументаў, падпісаных нашай краінай.
1 Щенкова, О.П., Скопин, В.В. Становление методики реставрации крепостных сооружений в XIX – начале XX в. // ]]>http://art-con.ru/node/1164]]>, с. 4.
2 Тамсама. С. 3.
3 Баталов, А.Н. Отношение к достоверности формы и подлинности материалов в русской реставрационной практике второй половины XIX в. // ]]>http://art-con.ru/node/1163]]>, с. 7.
4 Тамсама. С. 10–11.
5 Аб’ект уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА у ліпені 2005 г.