У беларускім дойлідстве гістарычна склаўся своеасаблівы жанр – брамы. Спецыфіка гэтага архітэктурнага феномену вымушае нас даследаваць яго генетычныя карані і паходжанне, яго развіццё, архітэктурную форму, асаблівыя рысы і сімволіку.
Разглядаючы архітэктуру як сістэму арганізацыі навакольнага асяроддзя (прасторы жыццядзейнасці), можна семантычна выявіць некаторыя яго тыпы, якія маюць асаблівыя якасці. Да іх адносяцца ўсе сітуацыі, калі прастора "змяняе" адзнаку: сваё – чужое, унутранае – знешняе, малое – вялікае, адкрытае – закрытае, і іх можна трактаваць семантычна як межавыя.
З пункту гледжання іх выкарыстання менавіта тут ажыццяўляецца пераход ад аднаго тыпу прасторы да другога, змяняюцца псіхафізічныя рэакцыі чалавека і ўнутраны (як свядомы, так і несвядомы) стан ягонага "Я". Да такіх межавых тыпаў традыцыйна адносяць уваходы-выхады з дому, двара, а таксама ўезды і выезды з паселішчаў.
Паходжанне розных тыпаў прасторы, безумоўна, бярэ пачатак у старажытнасці, калі ў працэсе эвалюцыі чалавек пераходзіў ад качавога (палеаліт) да аседлага (неаліт) стану жыцця. Менавіта тады прастора жыццядзейнасці замацоўвалася ў чалавечай свядомасці: маё жыллё, мой палетак, мая мясцовасць. Адначасова гэтыя тыпы асяроддзя адмяжоўваюцца ад тых, якія не кантралююцца чалавекам.
Значным уяўляецца працэс пераходу праз межавую прастору, перасячэнне нябачнай рысы, што існуе паміж рознымі тыпамі асяроддзя. Межавая прастора з часам пачынае ўвасабляцца матэрыяльна: дзверы, парог, акно, вароты – яны з'яўляюцца сродкам выхаду і разам з тым аховы (зачынення) ад знешняга свету.
Таксама адбываецца і нематэрыяльнае ўвасабленне перасячэння межавай прасторы – менавіта абрад пераходу са знешняга асяроддзя ва ўнутранае, ад варожага да неварожага.
Фарміруецца адначасова і матэрыяльная структура ўваходу і ягонае вобразнае вырашэнне. Любы ўваход-выхад мае 5 складнікаў: верх, ніз, бакавыя стаякі, дзверы і вароты.
Перасячэнне ніза (парога) – гэта ўжо абрадавае дзеянне, таму пад парог кладуць якую-небудзь рэч. Тое ж дзеянне адбываецца, калі грукаюць аб дзвярныя касякі. Магічнае значэнне надаецца спецыяльнай рэчы над дзвярным праходам – напрыклад, прыбітай падкове ці галінцы амелы. Гэта ўжо абярэгі, амулеты, і яны маюць магічную сілу, якая "аберагае" дом ці двор ад ворага [1].
Тое ж асаблівае значэнне мае выхад за межы свайго двара, бо тут чалавека сустракае "чужая прастора", якая можа несці небяспеку. Таму пры выхадзе творыцца малітва ці замова:
"Выхаджу я за варот,
Маць Прачыстая напярод,
Рызаю закрывае,
Ад усіх урагоў спасае" [2].
Гістарычны генезіс арганізацыі ўваходаў і ўездаў на Беларусі сфарміраваў устойлівы тып архітэктурна-канструкцыйнага і адначасова вобразна-сімвалічнага феномену – брамы. Безумоўна, паходжанне гэтага тыпу пабудовы звязана з архітэктурай уваходу ў жыллё – першавобразу многіх іншых тыпаў збудаванняў.
Наступны крок эвалюцыі архітэктурнага ўвасаблення ўваходу адбываецца тады, калі "прыватная прастора" чалавека пашыраецца і ўзнікае іншы тып межавога бар'еру – агароджа. Магчыма, спачатку гэта была агароджа вакол уласных двароў, але ў хуткім часе з’яўляюцца агароджы вакол старажытнаславянскіх калектыўных паселішчаў – гарадзішчаў. Пра распаўсюджанне гэтага тыпу паселішчаў сведчаць, напрыклад, старажытнаскандынаўскія сагі, у якіх, калі гаворыцца аб вандроўках па шляху "з вараг у грэкі", тэрыторыя Старажытнай Русі называлася Гардарыкі – ад слова garda (агароджа), г.зн. краіна агароджаных паселішчаў [3].
Уваходы ў старажытнае жыллё, двары і паселішчы можна назваць архетыпам, на аснове якога ўзнік і паступова выявіўся тыпалагічны рад брамавых пабудоў.
Такім чынам, можна канстатаваць, што брама – гэта архітэктурная форма спецыяльна ўвасобленага ўваходу ў агароджаную ці сімвалічна вызначаную прастору, што кантралюецца чалавекам ці грамадствам. Структурна брама ўключае ў сябе прастору самога камунікацыйнага калідора, абмежаваную матэрыяльнымі сродкамі з бакоў і зверху. Цікавая этымалогія слова "брама" (brama), якое, магчыма, паходзіць з агульнаславянскага дзеяслова "бороться", г.зн. "пераадольваць нешта" [4]. Гэта таксама ўказвае на форму брамы як асаблівага ахоўнага збудавання, якое павінна пераадольвацца. Брама быццам фарміруе рытм руху пешахода ці вазніцы: рух – спыненне, прыпынак – рух.
Паводле функцыянальнага прызначэння брамы падзяляюцца на дзве групы:
УТЫЛІТАРНУЮ – арганізацыя праходаў у агароджы; абарона, ахова, кантроль (у тым ліку збор мыта); усталяванне сістэм ізаляцыі (вароты, каліткі і г.д.).
ВОБРАЗНА-СІМВАЛІЧНУЮ – аб’ект і прастора абраду пераходу, малітвы, замовы; сродак абазначэння ўласнасці, стварэння асобага настрою, прэзентацыі.
Функцыянальнае выкарыстанне брамаў не лакалізуецца з тым ці іншым іх тыпалагічным відам. Яно можа быць змешаным: некаторыя гарадскія брамы мелі як функцыю аховы (нават каравульныя памяшканні), так і сакральную (капліца ў браме, выявы святога), напрыклад Вострая брама ў Вільні.
Архітэктура брамаў у сваім гістарычным развіцці таксама змянялася: ад замкавых уязных вежаў (Ліда, Крэва, Мір) да парадна-ўрачыстых гарадскіх варот (Слуцкая брама ў Нясвіжы). Можна сказаць, што адбывалася паступовая эвалюцыя ад прамых утылітарных прызначэнняў і функцый да сімвалічных. Але заўсёды існаваў асноўны генетычны сэнс гэтай архітэктурнай пабудовы – быць арганізаваным бар'ерам паміж асяроддзем рознага семантычнага прызначэння, таму захавалася архітэктурна-эстэтычная задача – падрыхтаваць чалавека да пераходу ў іншую прасторавую сітуацыю па камунікацыйнаму калідору.
Кампазіцыйна брама можа ўключацца ў архітэктурны ансамбаль з асноўным будынкам (палац, сядзіба, храм), але гэта не агульнае правіла. Тым не менш важным з'яўляецца менавіта размяшчэнне брамаў у матэрыяльна-камунікацыйнай і візуальна-камунікацыйнай звязцы з асноўным будынкам палаца, храма ці сядзібы. Падыходы да брамы і яе пазіцыя адносна галоўнага будынка часта спецыяльна спланіраваны, каб адкрыць архітэктуру адразу, як толькі мы праходзім праз яе. Што ж датычыцца стылістычнай і кампазіцыйнай сувязі з агароджай, то яна магла існаваць і не існаваць. У некаторых выпадках брама стваралася наогул як самастойная пабудова, падкрэсліваючы сваё кампазіцыйнае прызначэнне (мал. 1, 2).
Брамы, якія вялі да сядзібаў, што размяшчаліся ў глыбіні паркаў, ствараліся такім чынам, каб зрабіць іх часткай паркавага ансамбля. Пры ўваходах арганізоўваліся адкрытыя пляцоўкі (курданёры) ці прысады дрэў з вертыкальнымі кронамі (мал. 3).
Асаблівасць архітэктуры брамаў заключаецца і ў тым, што межавая прырода дазваляе далучаць іх да розных тыпаў асяроддзя – паркавага, гарадскога, сялянскага, адкрытага, закрытага і г.д.*
Архітэктурная стылістыка брамаў адпавядае пэўным этапам развіцця беларускай архітэктуры: замкавая готыка, рэнесанс, барока, класіцызм, гістарызм, мадэрн. Аднак агульнай тэндэнцыяй з'яўляецца ўзаемасувязь і спалучэнне стыляў.
Традыцыйна робіцца архітэктурны акцэнт на бакавыя элементы брамаў: слупы, калоны, пілоны і г.д. Гэта, з аднаго боку, выклікаецца канструкцыйнымі патрабаваннямі – замацаваннем на бакавых канструкцыях палотнаў варот, з другога – гэта частка самога сімвалічнага прызначэння брамы. Бакавыя акцэнты ствараюць агульны вобраз "вартавых" уваходу. Таму слупы вельмі выразна руставаліся, на іх "насаджваліся" шары ці шпілі (мал. 4, 5). Нярэдкія прыклады выкарыстання скульптурных выяў ільвоў, якія таксама "ахоўвалі" ўваходы. Сімуляцыя абароны прыводзіла да таго, што брамы вырашаліся ў выглядзе псеўдазамкавых вежаў-пілонаў. Гэта адначасова адпавядала ідэям рамантызму ў архітэктуры паркаў, дзе знаходзіліся сядзібныя дамы (мал. 6).
Палацавыя брамы часта ўключалі ў сваю кампазіцыю геральдыку ўладальнікаў у выглядзе картушаў, што замыкалі аркі ўваходаў, ці вытанчаных каваных дэталяў, якімі аздабляліся храмавыя і могілкавыя тыпы брамаў (мал. 7–9).
Варта адзначыць, што аркі – найбольш устойлівая форма, у якой арганізоўваліся ўваходы. Само слова "арка" на санскрыце азначае "нешта прамянеючае", і гэта выдатна падкрэслівае першародны сімвалічны сэнс уваходу [7]. У язычніцкія часы ўваход меў яшчэ адно прызначэнне – сустрэчы з сонцам, сонечным боствам. Магчыма, першымі прататыпамі арак былі мегалітычныя пабудовы – дальмены, вакол якіх ладзіліся абрады сустрэч з сонейкам.
У архітэктуры беларускіх брамаў выкарыстоўваліся як паўцыркульныя, так і стрэльчатыя (псеўдагатычныя) аркі. Апошнія былі асабліва распаўсюджаны ў ХІХ стагоддзі, што таксама падкрэслівала іх "псеўдазамкавы" рамантычны характар (мал. 10, 11).
Нярэдка брамы вырашаліся ярусна, асабліва ў храмавай архітэктуры (падыходы да царквы, касцёла, кляштара). Пры гэтым другі ярус выкарыстоўваўся як званіца; у ім магла размяшчацца рэлігійная сімволіка: абраз, скульптура. Гэта таксама нагадвала пра неабходнасць тварыць малітву ў існуючай межавай зоне, падрыхтавацца да кантакту з сакральнай зонай храма (мал. 12).
У канцы XIX – пачатку ХХ стагоддзя ў будаўніцтве брамаў шырока ўжывалася ліцавая і фасонная цэгла, што часта стварала эстэтычны кантраст з асноўным будынкам таго ці іншага комплексу.
Чароўна выглядаюць невялікія ліхтарыкі (бельведэрчыкі) над брамкамі перад вясковымі храмамі ці могілкамі. Гэты тып сялянскіх брамаў асабліва цікавы, таму што тут ствараліся сапраўдныя творы мастацтва. Іх архітэктура іншы раз абсалютна індывідуальная і своеасаблівая. Архітэктурная форма пры гэтым не адпавядае строга таму ці іншаму архітэктурнаму канону, яна імправізыйная і кожны раз непаўторная, што гаворыць пра таленавітасць мясцовых майстроў (мал. 13–15).
Высновы
1. Архітэктурная арганізацыя ўваходаў увасабляе ідэю межавай прасторы, праз якую ажыццяўляецца пераход ад аднаго тыпу асяроддзя да другога.
2. Брамы маюць як утылітарнае, так і вобразна-сімвалічнае значэнне, звязанае з іх паходжаннем і семантыкай.
3. Архітэктура брамаў з'яўляецца асаблівым традыцыйным жанрам у гісторыі беларускай архітэктуры.
Літаратура:
1. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч. – Мн.: Беларусь, 2006. – С. 70–71, 136–137, 366–367.
2. Замовы. – Мн.: Бел. навука, 2000. – С. 47.
3. Древняя Русь в свете зарубежных источников: хрестоматия. Т. V. Древнескандинавские источники. – М.: РФСОН, 2009. – С. 37.
4. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т. Т. 1. М.: Астрель. АСТ, 2003. – С. 206.
5. Сардаров, А.С. История и архитектура дорог Белоруссии. – Мн.: Выш. школа, 1978. – С. 19–22.
6. Сардаров, А.С. Путетворение: история и культура белорусских дорог. – Мн.: Бел. навука, 2009.
7. Kramrish, S. Pusan. in Journal of American Oriental Society. – Vol. 81. № 2. 1981. – Р. 104–122.
* Аўтар лічыць магчымым падкрэсліць менавіта тое, што брамы з'яўляюцца часткай спецыфічнага дарожнага асяроддзя [5, 6].