Іспанія дала свету вялікіх геніяў – Гою і Далі ў галіне жывапісу, Лорку – у паэзіі, Гаўдзі – у архітэктуры.
Святло генія заўсёды непазнавальнае да канца. Чаму здарылася так, што ў канцы ХІХ стагоддзя ў Каталоніі, на паўночным усходзе Іспаніі, з’явіўся дойлід, які перавярнуў усе разуменні і погляды на архітэктуру? Сапраўды невядома. Канешне, Іспанія ў сваёй культурнай гісторыі злучыла не толькі традыцыі Еўропы, але і маўрытанскі (арабскі) пачатак. Вядома таксама, што паўднёвы еўрапейскі край, мяжа Францыі і Іспаніі, таксама мае нейкі асаблівы адбітак. Але ж?..
Так здарылася, што пры жыцці дойліда ведалі галоўным чынам толькі на радзіме – у Барселоне, сталіцы Каталоніі. Больш таго, на працягу ўсяго творчага жыцця ў яго быў па сутнасці адзіны замоўца – прамысловец Гюэль. Дзеля яго ствараліся цудоўныя палацы і паркі ў самой Барселоне. Антоні Гаўдзі-і-Карнэт імкнуўся вынайсці свой асаблівы стыль.
У еўрапейскай архітэктуры на той час расквітнеў стыль мадэрн, ці ар-нуво, ці сецэсіён, як яго па-рознаму называлі ў розных краінах. У гэтым стылі, пасля панаваўшых неакласікі ці эклектыкі, архітэктары ўпершыню пачалі ствараць нешта сапраўды новае. Ад дасканалай строгасці архітэктурная форма пачала плыць, узвівацца ўверх, падаць, заплятацца ў складаныя формы. І ўсё ж у звычайным стылі мадэрн гэта была перш за ўсё форма менавіта знешняя, нават арнаментальная, якая толькі ўпрыгожвала будынкі.
Гаўдзі ўпершыню “ўзарваў” пластыку сцяны – ужо ў будынку дома Міла яна паплыла, быццам жывая біялагічная субстанцыя. Сама канструкцыя імкнулася да свабоды.
А потым з’явілася ў Барселоне Саграда, якую Гаўдзі будаваў да канца свайго жыцця (памёр майстар у 1926 годзе).
Што сумясцілася ў архітэктуры гэтага храма ў гонар Святога Сямейства? Спачатку, гледзячы на велічны будынак, адчуваеш уплыў еўрапейскай готыкі. Цудоўныя вежы гатычных сабораў як бы клічуць у неба, а дэкор аплятае іх, сцены і брамы ўваходаў. Але гэта толькі на першы погляд. Калі вочы і душа адчыняюцца, то разумееш, як далёка архітэктар адышоў ад тых ці іншых канонаў. Вежы Саграды быццам выконваюць каменную сімфонію, у якой імкнецца да веры душа архітэктара. А муры сцен, аркбутаны і кантрфорсы гучаць сапраўдным акампанементам галоўнай тэме…
Цяжка знайсці ў сусветнай архітэктурнай спадчыне нешта блізкае да Саграды. Гэта фантастычны, мудрагелісты і вытанчаны мастацкі твор, закончаны ў кожнай дэталі, якія разам ствараюць уражальны агульны ансамбль.
На жаль, Саграда не была завершана аўтарам. Будаўніцтва сабора ідзе ўжо 100 гадоў – да сённяшняга дня. Гэтую працу працягваюць таленавітыя іспанскія дойліды і скульптары. Так, таленавітыя, толькi не геніяльныя… бо геній, як казаў паэт, “цяжарам помсціць за свой адыход”. Але Антоні Гаўдзі-і-Карнэт пакінуў нам не цяжар, а цудоўны і непаўторны твор – сабор Саграда Фамілія, які ўвасабляе архітэктуру будучыні…