Вы здесь

"Атмасферныя" мясціны сталіцы: жылы пасёлак трактарнага завода

Версия для печати

Ці ёсць у Менску месцы са "сваёй" атмасферай? Ці ёсць вуліцы ў нашым горадзе, якія б "пагружалі" чалавека ў пэўную эпоху? Ці засталіся ў нашым горадзе "выспы", якія могуць вырваць нас з будзённай мітусні і, падобна машыне часу, паставіць перад абліччам гісторыі? Такіх месцаў у Мінску, нажаль, няшмат. І тым каштоўней кожнае з іх: Верхні горад, Траецкае, Ракаўскае прадмесці. Да гэтага невялікага спісу прымыкае горад сталінскіх часоў, у прыватнасці жылы пасёлак трактарнага завода.

Першапачаткова гэтая зямля называлася "антоніеўскім урочышчам" і належала архіепіскапу мінскаму і тураўскаму. Пасля вайны тут з’яўляецца вялікая колькасць баракаў, часовых дамкоў, збудаваных прыезджымі вяскоўцамі і цыганамі. У канцы 1940-х распачынаецца масавае будаўніцтва жылых дамоў для працоўных трактарнага завода. На будоўлі працавалі пераважна ваеннапалонныя і інтэрніраваныя немцы (прымусова прывезеныя на працу з Германіі).

Сённяшнія жыхары гэтых дамоў, праўда, з некаторымі агаворкамі, хваляцца якасцю жылля, у чым, верагодна, ёсць заслуга "нямецкай якасці", а магчыма, і простае жаданне палонных у тыя пасляванныя гады "выкупіць віну", адбудоўваючы імі ж разбураны горад. Дзіўна, але ў тыя часы і нават дзесяцігоддзі пазней у савецкіх газетах не было ані слова пра "замежных" будаўнікоў, хоць іх колькасць (разам з тымі, хто будаваў завод) дасягала 5 тысяч чалавек. Заслуга ў будаўніцтве належала афіцыйна толькі савецкім грамадзянам – яна сапраўды была вялікай.

Мінскі трактарны завод пасля вайны становіцца будоўляй № 1 у рэспубліцы, будоўляй усесаюзнага значэння. Цікава, што ў канцы 1930-х на гэтым месцы ўжо былі ўзведзены некалькі ангараў для будучага авіязавода. Новая будоўля падпадала пад катэгорыю "ўзорнай", і ход працы заўжды быў навідавоку. Верагодна, таму і жылыя кварталы ствараліся з асаблівай стараннасцю. Гэтаму спрыяла важная ўстаноўка савецкага ўрада для горадабудаўнікоў:

"С самого начала восстановительных работ указания партии и правительства ориентировали строителей Минска на то, чтобы не просто воспроизвести город в прежнем виде, а... создать еще лучшие условия жизни населения"*.

У сацыялістычным грамадстве чалавек меў годныя ўмовы для жыцця ў адрозненне ад "буржуазнага захаду":

"Успешное осуществление реконструкции советских городов – яркое свидетельство превосходства социалистического строя над капиталистическим, советского градостроительства над буржуазным... Ярким примером западного градостроительства является система планировки Лондона. Подавляющая часть населения этого огромного города живет в трущобных кварталах, где гнездятся самые разнообразные болезни, где люди не видят света и зелени..."

Таксама неабходна было даказаць, што "в социалистическом Минске система жилой застройки... совершенно противоположна... характеру застройки кварталов дореволюционного Минска. При создании новых кварталов города строго соблюдаются такие важные санитарно-гигиенические правила, как нормальная плотность застройки и плотность населения, благоприятная ориентация зданий, а также максимальная инсоляция как самих зданий, так и участков благоустройства".

Зазірнем у дворык аднаго з кварталаў: вока здзіўляецца надзвычай вялікай прасторы паміж дамамі, якая, вядома ж, была б непрымальнай у "буржуазным Лондане". Тут сябе адчуваеш не менш як князем Радзівілам: вось двор твайго дома ў добрых паўгектара, а з яго можна выйсці ў парк або сквер і шыкоўна правесці там вольную гадзінку. Норма на плошчу зялёных насаджэнняў таксама выканана ўзорна: непадалёк ад пасёлка – вялізны парк 50-годдзя Кастрычніка (рэшткі прыроднага сасновага бору), з іншых бакоў раён агінаецца скверам, выцягнутым уздоўж канала, з вадаспадамі і ніцымі вербамі (верагодна, пазнейшага паходжання). І гэта ўсё, не ўлічваючы багатага на дрэвы бульвара, сквера (зараз на яго месцы будуецца царква) і значных зялёных насаджэнняў унутры пасёлка.

Самі кватэры таксама зроблены "для чалавека". У іх савецкі грамадзянін мог сапраўды горда ўзняць сваю галаву і расправіць плечы: вышыня столі гэта дазваляе. Акрамя таго, столь па краях аздоблена мінімалістычным рэльефным дэкорам. Па словах сучасных жыхароў, гэта вельмі цёплыя і сухія кватэры. Дарэчы, першапачаткова яны ацяпляліся печамі, што былі размешчаны ў падвалах і паліліся вугалем. Напамінам пра той час засталіся шырокія дымаходныя трубы – тыповая прыкмета старых кварталаў. Недахопам кватэр з’яўляюцца тонкія сцены. Справа ў тым, што гэтыя дамы сталі аб’ектам для будаўнічых эксперыментаў канца 1940-х: ішла кампанія па ашчаджэнні "традыцыйных" матэрыялаў: металу, цэменту, дрэва. Іх масава сталі замяняць на гіпс і кераміку. Зразумела, што за такой сцяной цяжка было трываць, калі суседзі "заводзілі" "Кацюшу" падчас святочных застолляў.

Зірнем на фасады дамоў: архітэктура таксама прэтэндуе на раскошу. Прычым дэкор можна сустрэць на будынках, якія стаяць у баку ад цэнтральных вуліц. Многія элементы аздобы перагукваюцца са сталінскім ампірам праспекта Незалежнасці. Мноства рэльефных грэчаскіх вазаў, вянкоў, пілястраў дае больш канкрэтную адсылку да антычнай архітэктуры. Нездарма старыя архітэктары Мінска ва ўспамінах адзначалі, што ў праектаванні дамкоў на Трактарным браў удзел Зіновій Розэнфельд – савецкі архітэктар, прызнаны майстар "рускага неакласічнага стылю", аўтар забудовы на Кутузаўскім праспекце ў Маскве, над якім узвышаецца знакамітая Трыумфальная арка. Вось і тут у першым доме па Стаханаўскай (з боку вул. Клумава) нас сустракае грозны Пасейдон з німфамі (гіпсавая ляпніна на парадным пад’ездзе).

Раскошнасць гэтых дамкоў – у безлічы лоджый, маленькіх вежачак, што навісаюць над рогам вуліц. Раскошнасць – і ў нязвыклай цішыні каля пад’ездаў. Нават у будні дзень тут можна прагульвацца па дварах з каляскай, не баючыся ані гулу машын, ані забруджанасці паветра. Дамы ўтвараюць вельмі замкнёную прастору. Зрэшты, такім жа замкнёным, зацішным з’яўляецца і ўвесь пасёлак адносна навакольных вуліц пазнейшага паходжання.

Раскоша пасёлка праявілася і ў транспартных магчымасцях. Па ціхіх вулачках быў пушчаны аўтобус, хоць з любой кропкі да прыпынку з вялікім наборам маршрутаў – не больш дзесяці хвілін хады. Але аўтобус, што падвозіць вас ледзь не да самага дому, – яркі прыклад сацыялістычнага клопату пра чалавека, які быў выкананы напоўніцу.

Кожная вуліца гэтага раёна чымсьці адметная. Алега Кашавога – гэта ранішні шпацыр працаўніка, які падымаўся на досвітку і бадзёра крочыў да "светлай будучыні": ужо з самага пачатку вуліцы пры ясным надвор’і яму адкрываліся ў перспектыве гіганцкія сацыялістычныя ордэны-ўзнагароды, што ззяюць на галоўным фасадзе завода. Затым вуліца пераходзіць у бульвар Трактарабудаўнікоў, пасля якога рабочы, адчуўшы гонар за сваю прафесію, перайшоўшы Даўгабродскую, па шырачэзнай алеі трапляў да прахадной завода-гіганта.

Чабатарова – адна з самых "атмасферных" вуліц, над якой навісаюць прычэпленыя на дрот ліхтары (як на вул. Карла Маркса). А кожны з дамоў, нягледзячы на тое што яны будаваліся па "тыпавых" праектах, мае свой характар, свае аблічча. Асабліва ўдала глядзіцца кантраст балконаў з цёмна-карычневага дрэва, што навісаюць над тратуарамі, і пастэльных жоўта-зялёных сцен дамоў. У гэтым сэнсе максімальны эстэтычны эфект дасягнуты ў дамку № 14, які глядзіцца не горш за камяніцу ў старым Кракаве. Уражанне ўзмацняе вялікая колькасць каванага дэкору і кветнікоў пад вокнамі.

Стаханаўская пачынаецца ад старога сквера, што прымыкае да чыгуначных шляхоў. Яна наскрозь працінае ўвесь жылы пасёлак. Менавіта на ёй размешчаны асноўныя грамадскія ўстановы, наяўнасць якіх мусіла задавальняць савецкага грамадзяніна: міліцыя, школа, паліклініка, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр... Такая колькасць падобных устаноў на адной вуліцы на невялікай адлегласці адна ад адной нагадвае "Сонечны горад" і яго шчаслівых жыхароў, дзе было ўсё і ўсё было побач. Зрэшты, не лішнім будзе ўзгадаць і "Горад Сонца" Томаза Кампанэлы, які стаў правобразам для савецкіх гарадоў (падрабязна гэтую ідэю разгледзеў Артур Клінаў у канцэптуальным фотаальбоме "Горад Сонца"). Ідэальны горад – гэта спалучэнне дзіцячай прастаты са зручнасцю і ўтульнасцю, калі "ўсё на сваіх месцах".

Дзіцячасць чакае вас і ў іншых закутках: збочыўшы са Стаханаўскай каля Вучнёўскага завулку, патрапіце да двух медзведзянят, што не могуць падзяліць цэбрык з мёдам (а можа, гэта таксама "берлінскі след"?). Крыху адышоўшы ўлева ў двары, сустрэнеце шкаляра-піянера, фарбу на якім час відавочна не шкадуе... У адным з двароў на дзіцячай пляцоўцы яшчэ нядаўна стаяла сапраўдная касмічная трохступенчатая ракета, гатовая падняць у вышыні кожнага, хто хоча "стаць касманаўтам, калі вырасце".

Як ужо згадвалася, жыллё прызначалася трактарабудаўнікам. Зразумела, тут утваралася адпаведная атмасфера "рабочага квартала", грубая, без прыўкрас. Але ў апошні час у кватэрах пачалі сяліцца моладзь і студэнты пераважна творчых спецыяльнасцяў, напаўняючы іх адпаведным духам. У адным з двароў – дрэва, спрэс завешанае кедамі. А каля дома па вул. Грыцаўца, 6, толькі ля галоўнага фасада – фантан са скульптурнай кампазіцыяй на антычную тэму. Можа, гэтаму раёну наканавана стаць мінскім "Ужупісам" ці "Тахелесам" – асяродкам нефармальнай моладзевай культуры, месцам жыцця і творчасці маладых мастакоў, музыкаў, літаратараў?..

Шчарбакова – вуліца з іншай атмасферай. Відаць, спахапіўшыся, што савецкі чалавек не можа жыць настолькі раскошна, у 1956 г. савецкі ўрад загадвае "тыпізаваць" праекты жылых дамоў для больш таннага будаўніцтва. На тэрыторыі ціхіх і прасторных дворыкаў паступова сталі з’яўляцца знакамітыя хрушчоўкі. З цягам часу працэс тыпізацыі і ашчаджэння рэсурсаў прыводзіць да знакамітых шэрапанэльных спальных раёнаў 1980-х. Менавіта дзякуючы ім герой "Иронии судьбы, или С легким паром!" знаходзіць сваё каханне. Але гэта хутчэй выключэнне з сумнага правіла: жытло для людской масы было не зусім прыдатным для жыцця чалавека. На падобных вуліцах чалавек пачынае блукаць з-за іх аднастайнасці, задыхацца ад нятворчай, бесперспектыўнай атмасферы.

Пасёлак на Трактарным – своеасаблівы "помнік" пад адкрытым небам цэлай эпосе. Гістарычныя назвы вуліц, фігурка піянера, "сталінкі" з іх "атмасфернымі" дворыкамі, і што найбольш важна, лёсы людзей, якія тут вырасталі, – усё гэта цяпер адзіны цэльны тэкст культуры, які неабходна цаніць і захоўваць, а ў перспектыве – надаць далейшае развіццё. Як экскурсавод заўважу, што савецкая спадчына, бадай, найбольш цікавіць замежных турыстаў у нашым горадзе. Я не за тое, каб дзеля гэтага ператвараць горад і гісторыю ў "савецкі" запаведнік. Але чаму б не захаваць падобныя унікальныя "выспы" найперш для сябе, а таксама – для цікаўных гасцей? Ці не прыспеў час, каб у спісе нашых гісторыка-культурных каштоўнасцяў былі і такія помнікі?

Магчыма, гэтае пытанне гучыць па-наватарску, але калі не адказаць на яго зараз, то потым можа быць позна. Неаднаразова ў прэсе агучваліся планы па зносе гэтага раёна (апошні раз – 11 лютага бягучага года ]]>www.news.tut.by/geonews/214776.html]]>), а таксама "сталінскага" раёна каля Опернага тэатра. Дарэчы, кварталы каля Опернага, якія з’яўляюцца найкаштоўнейшым дадаткам да архітэктуры самога тэатра, – тэма асобнага артыкула...

Нажаль, прагматызм, пасрэднасць і безгустоўнасць сёння, як і ва ўсе часы, спрабуюць узяць уладу над прыгажосцю ў свае нязграбныя рукі, хуткія на разбурэнне. Але хто абароніць маўклівы стары дом, як не самі яго жыхары або тыя, каму дадзена бачыць яго каштоўнасць? Толькі самім гараджанам вырашаць, што ў іх горадзе вартае дэмантажу, а што – уключэння ў спіс помнікаў. Хочацца верыць, што беларусы ўрэшце навучацца паважаць прыгожае, старое, густоўнае, хоць і мала выгоднае ў прагматычным сэнсе. І лёс жылога пасёлка на Трактарным – гэта яшчэ адзін шанец для падобнага навучання.

* Тут і далей – цытаты з кнігі М.С. Асмалоўскага "Минск: Практика советского градостроительства" (1952 г.)

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: 9 751
Гольшаны, пожалуй, единственное в Беларуси местечко, которое сохранило свое архитектурное лицо. Что ни дом — то бывшая мастерская, или лавка, или...
23.07.2003 / просмотров: 12 026
Один из древнейших городов Беларуси – Заславль – уже давно приковывает внимание специалистов из разных областей науки – археологии...
23.07.2003 / просмотров: 12 432
Мядельщина. Никакими словами не передать величие и красоту этого прекрасного уголка белорусской земли, воистину края голубых озер. Живописные берега...